“Беларусы заўсёды трошкі спазняюцца”, – не раз за час экскурсіі, прысвечанай сотай гадавіне абвяшчэння БНР, скажуць урбаніст Ірына Лаўроўская і краязнаўца Ігар Бараноўскі. Магчыма, вы таксама хацелі трапіць на гэтую ўнікальную прагулку, але – зноў жа такі – спазніліся.

Спецыяльна для вас Natatnik падгледзеў і падслухаў, дзе шукаць сляды першай беларускай дзяржаўнасці ў нашым горадзе.

Месца: касцёл Святога Крыжа

Асоба: Кастусь Каліноўскі

Ірына Лаўроўская

Які Кастусь Каліноўскі ў 1918 годзе? Слушна, герой антырасійскага вызвольнага руху на момант абвяшчэння незалежнасці БНР ужо 54 гады як знаходзіўся ў магіле, куды яго раней часу паклалі, клапатліва зняўшы папярэдне з шыбеніцы, мураўёўскія жаўнеры.

Аднак урбаніст Ірына Лаўроўская ўсё-такі пачала размову з асобы Каліноўскага не выпадкова. БНР не паўстала знянацку і на пустым месцы – яна выспявала ў тым ліку праз дзейнасць асоб, што раней выказваліся пра незалежнасць. Газета “Мужыцкая праўда”, якую выдаваў Яська-гаспадар з-пад Вільні, друкавала артыкулы са светлымі марамі пра сваю краіну, а нумары з гэтымі допісамі тагачасныя берасцейцы знаходзілі якраз на адзначаным месцы – ля касцёла Святога Крыжа.

Месца: руіны Белага палаца ў Брэсцкай крэпасці

Асобы: Аляксандр Цвікевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі

Белы Палац

У Берасці прыйшоў канец першай сусветнай вайне. Яшчэ з канца 1917 года тут горача спрачаліся пра ўмовы міру і пра новы ўклад свету. Побач з вялікімі дзяржавамі за стол перамоваў удалося сесці дэлегацыі толькі што абвешчанай Украінскай народнай рэспублікі. Беларусы з абвяшчэннем сваёй дзяржаўнасці спазняліся, і нешматлікая дэлегацыя ад Рады Усебеларускага з’езда не змагла трапіць сюды ў афіцыйнай якасці. Аляксандр Цвікевіч і Сымон Рак-Міхайлоўскі ўсё-такі прыехалі ў Берасце ў складзе ўкраінскай дэлегацыі і перадалі немцам мемарандум з патрабаваннем захаваць Беларусь цэласнай у яе этнаграфічных межах. Прадстаўнік германскага ўрада сказаў, што беларусы і тут спазніліся: дамова аб міры гатовая, яе засталося толькі падпісаць. Беларусаў ігнаравалі.

Пра гэта сведчыў і канчатковы акт Берасцейскага міру, падпісаны ў Белым палацы 3 сакавіка 1918 года, па якім Беларусь падзялілі паміж трыма краінамі. “Цвікевіч і гаварыў пасля ў Мінску пра тое, што калі ігнаруюць усю нашу гісторыю, мы проста мусім сказаць, што мы незалежныя. Вось так была абвешчана незалежнасць Беларусі”, – кажа Ірына Лаўроўская.

Месца: Брэсцкі мясакамбінат

Асоба: Станіслаў Булак-Балаховіч

Мясакамбінат

Мала хто ведае, што адно з ключавых берасцейскіх прадпрыемстваў часткова размяшчаецца ў першым крэпасным форце, названым у гонар падаўляльніка паўстання 1863 года графа Берга.

У 1920 годзе ў “Графе Бергу” яшчэ не рабілі мясных сервілатаў. Форт заставаўся вайсковым аб’ектам, куды на фармаванне накіраваўся Асобны атрад БНР пад кіраўніцтвам генерала Балаховіча.

Станіслаў Булак-Балаховіч – беларус з Браслаўшчыны, які паспеў за свой век паваяваць і за бальшавікоў, і за белых, а калі ва ўсіх расчараваўся, вырашыў дапамагаць маладым краінам. Спачатку ягоны атрад змагаўся за незалежнасць Эстоніі, а напрыканцы 1919 года генерал звярнуўся да ўраду БНР з просьбай прыняць яго войска на службу бацькаўшчыне. БНР свая армія абсалютна не зашкодзіла б, толькі фінансаў яе ўтрымліваць не было. Тады генерал папрасіў дапамогі ў свайго земляка Юзафа Пілсудскага. Так асобны атрад БНР увайшоў у склад саюзнай арміі і пазней прыняў актыўны ўдзел у польска-савецкай вайне.

У Берасце ў сакавіку 1920 года прыбыло каля 700 жаўнераў Балаховіча. Іх размясцілі часткова ў казармах Паўночнага гарадка, часткова ў крэпасці, часткова ў форце “Граф Берг”. У нашым горадзе беларускі атрад набіраўся моцы і прырастаў колькасна. Таму берасцейцы могуць ганарыцца горадам як месцам фармавання прафесійнага беларускага войска – першага ў новай гісторыі.

Месца: Балахоўскія могілкі

Асоба: Станіслаў Булак-Балаховіч

Балахоўскія могілкі

Вайна забірае шмат ахвяраў. У гэтым лёгка ўпэўніцца на Балахоўскіх могілках, размешчаных прама пасярод гаражнага кааператыва на Рэчыцы. Гаражы па прыкладзе стадыёна “Лакаматыў” падмялі пад сябе частку акропаля, але нейкую частку пакінулі нашчадкам, да якіх пакуль усё яшчэ не вельмі стасуецца суправаджальны прыметнік “удзячныя”.

Па падліках Ігара Бараноўскага, на ацалелай частцы вайсковых могілак знаходзіцца каля 500 пахаванняў часоў польска-савецкай вайны, частка з іх – братэрскія. Лакацыя могілак абумоўліваецца блізасцю да вайсковага лазарэта, які ў сваю чаргу суседнічаў з фортам “Берг”.

Няцяжка здагадацца, што ў савецкі перыяд нашай гісторыі месца пахавання ворагаў Савецкага Саюза не надта шанавалася. Ігар Бараноўскі прыгадвае, што могілкі ўяўлялі сабой адну вялікую сметніцу, з перакуленымі і пабітымі надмагіллямі. Упарадкаваннем тут заняліся толькі ў 90-х гадах па ініцыятыве палякаў. “Усё было занядбана, бо тут пахаваныя тыя, хто ваяваў з бальшавікамі. Далучыцца да расчысткі нават у пачатку 90-х было, скажам так, смелым крокам”, – кажа Ігар Бараноўскі, які да той расчысткі якраз-такі далучыўся.

Месца: дзіцячая паліклініка №1

Асоба: Аляксандр і Іван Цвікевічы

Шпіталь

Былы чыгуначны шпіталь, дзе фельчарам працаваў бацька Аляксандра і Івана Цвікевічаў. Сям’я жыла тут жа, на тэрыторыі шпіталя. Абодва фельчаравыя сыны пакінулі значны след у гісторыі краіны.

Іван Цвікевіч працаваў лекарам, сімпатызваў сацыялістам, а калі ў Савецкай Беларусі развярнулася беларусізацыя, канчаткова перайшоў на бок новай улады. Пераехаў у Мінск і актыўна ўключыўся ў грамадскую дзейнасць: пісаў падручнікі, уваходзіў у Наркамат аховы здароўя і нават узначальваў медычную секцыю Інбелкульту.

Ягоны брат Аляксандр Цвікевіч, якога мы ўжо ведаем як неафіцыйнага дэлегата на берасцейскіх мірных перамовах, прытрымліваўся іншых поглядаў. Па прафесіі ён быў адвакатам і бараніў інтарэсы людзей не толькі ў прыватных выпадках, але і на буйных форумах. На Усебеларускім з’ездзе, напрыклад, ён прадстаўляў інтарэсы бежанцаў. Пасля абвяшчэння БНР ён будзе адной з ключавых яе фігур, займаючы пасады то міністра юстыцыі, то міністра замежных спраў, то кіраўніка ўраду ў эміграцыі.

На жаль, ён таксама павёўся на палітыку беларусізацыі ў Савецкай Беларусі і паехаў туды, дзе хацеў быць карысным. У Менску ён аказаўся ўсяго на год пазней за брата Івана. А вось расстраляюць яго, наадварот, на год раней, у 1937-м.

Акрамя чыгуначнага шпіталя, з імем абодвух Цвікевічаў звязаны таксама будынак “старога” корпуса БрДУ імя Пушкіна. Будучыя беларускія дзеячы наведвалі яго, калі тут размяшчалася мужчынская гімназія.

Месца: Граеўка, вуліца Лінейная

Асоба: Адам Трыпус

Вуліца Лінейная

У доме нумар 34 па вуліцы Лінейнай дажываў свой век яшчэ адзін відны дзеяч, настаўнік і біёлаг Адам Трыпус. Яго імя звязана з беларускім антыпольскім рухам, які пачаўся, як толькі наша інтэлігенцыя зразумела, што і ў новай польскай дзяржаве з беларусамі ніхто не лічыцца.

Польскія ўлады не маглі пакінуць такога чалавека выхоўваць дзяцей у культурных цэнтрах Заходняй Беларусі – Вільні ці Гародні. Гэтак ён аказваецца спачатку ў Ратайчыцах, пасля ў Берасці. Сям’я вандруе па кватэрах і дамах, а ў 50-я абжываецца ў гэтым ціхім завулку.

Пасля трагічнай смерці Адама Трыпуса ў 1965 годзе яго духоўную спадчыну захоўвала дачка Ірына, якая паказвала, сярод іншага, і перададзены бацькам значок з Пагоняй. Трымаць у хаце падобную антысаветчыну пасля ўз’яднання Беларусі маглі толькі людзі, для якіх яна сапраўды шмат значыла.

Месца: псіха-неўралагічны дыспансер

Асоба: Лукаш Дзекуць-Малей

Дыспансер

У напаўразбураны асабняк Ягмінаў пратэстанцкі прапаведнік і настаўнік са Слоніма Лукаш Дзекуць-Малей засяліўся ў канцы 1921 года. У падвале будынка пачалі праводзіцца рэлігійныя сходы, спевы, а таксама разгарнулася дзейнасць “Беларускай хаткі”. Па словах Ігара Бараноўскага, “Хатку” ўвогуле можна лічыць першай праявай беларускага нацыянальнага жыцця ў нашым горадзе.

У Берасці Дзекуць-Малей сканцэнтраваўся менавіта на асветнай і рэлігійнай дзейнасці, да прыкладу, займаўся перакладам Евангілля на беларускую мову. Але яшчэ да пераезду Лукаш таксама прыклаў руку да функцыянавання БНР, толькі не на цэнтральным, а мясцовым узроўні. У 1918-м ён быў павятовым камісарам, у абавязкі якога ўваходзіла ствараць ніжэйшыя органы ўлады і міліцыю. Пасля займаўся арганізацыяй беларускага школьніцтва.

Што да гасцявання ў доме Ягмінаў, то яно было стратэгічна важным, але не бясхмарным, як апавядае Ірына Лаўроўская. Дом у самым сэрцы горада прыцягваў як новых вернікаў, так і ваяроў за старыя хрысціянскія рэлігіі. Аднойчы (а мо і неаднойчы) пратэстантам давялося выклікаць паліцыю, каб абараніцца ад агрэсіўных гараджан, якія прыйшлі адпомсціць “хрыстапрадаўцам”.

Месца: Трышынскія могілкі

Асоба: Адам Трыпус

Трышынскія могілкі

Пра магілу Адама Трыпуса на Трышынскіх могілках ведаюць многія. Бадай, можна нават казаць пра традыцыю штогадовага ўшанавання памяці берасцейца, што страціў жыццё пры нявысветленых абставінах. Магілу ледзь не згубілі за новымі пахаваннямі, але пазней шчасліва знайшлі і грамадой да 90-х угодкаў БНР паставілі помнік.

Але закончылася экскурсія ў другім месцы могілак – ля помніка рэпрэсаваным. Досыць сімвалічна і вельмі не выпадкова, улічваючы, што многія дзеячы БНР спынілі жыццё менавіта як ахвяры палітычных рэпрэсій.

Як Аляксандр Цвікевіч, збалелыя вочы якога пазіралі на нас з фота следчай справы.

Як многія іншыя, хто не толькі марыў пра незалежнасць, але і імкнуўся да гэтага.

Экскурсія БНР
Экскурсія БНР
Экскурсія БНР
Экскурсія БНР
Экскурсія БНР
Экскурсія БНР

Іна Хоміч, фота аўтаркі

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

 
 
Подписаться
Уведомление о
guest
0 Комментарий
Inline Feedbacks
View all comments