Мінула 29 гадоў з таго часу, калі ў сярэдняй школе №26 горада Берасця з’явіўся першы беларускі клас. Сёння гэта ўжо гісторыя. Ніна Чарановіч, якая працавала ў гэтай школе ў беларускіх класах, дзеліцца сваімі ўспамінамі.

Ніна Чарановіч, Нина Черенович

Першы беларускамоўны клас

— Раскажыце, калі ласка, гісторыю стварэння першага класа з беларускай мовай навучання.

— Ініцыятарам стварэння беларускага класа была сябрына «Край». У яе ўваходзілі настаўнікі, мастакі, выкладчыкі вышэйшых устаноў, такія знакамітыя паэты, як Мікола Пракаповіч, Алесь Каско, Алег Мінкін… Адным словам, вельмі цікавыя людзі. Таму па пятніцах я кідала ўсе свае справы і ляцела на сход сябрыны, каб паслухаць вершы нашых паэтаў, абмеркаваць палітычныя падзеі ў краіне, прыняць удзел у агульных нашых справах. Да нас на агеньчык завітваў Уладзімір Андрэевіч Калеснік. Яго можна было слухаць гадзінамі! Такі быў цікавы чалавек. Запрашалі мы і кандыдатаў у дэпутаты, каб задаць ім 1000 пытанняў і зразумець, хто з іх варты нашай падтрымкі. Мы вярталі гараджанам нашы народныя святы Купалле, Калядкі…

А ў 1988 годзе Мікола Пракаповіч разам са сваім аператарам — ён тады працаваў на берасцейскім тэлебачанні — пайшлі ў народ з апытаннем, ці ёсць патрэба ў беларускіх школах? Рэакцыя людзей была станоўчая. Таму студэнты беларускага і рускага аддзяленняў тады яшчэ педагагічнага інстытута пайшлі па хатах размаўляць з людзьмі. Многія падтрымлівалі ідэю беларусізацыі, ды і смельчакоў аддаць дзіця ў беларускі клас аказалася чалавек 15. Але ў школах бацькам адказвалі, што ніякіх беларускіх класаў няма. А пагалоска дайшла ўжо і да сталіцы пра тое, што ў Берасці адкрываецца беларускі клас.

І што зрабiла ўлада?

— Яны проста абвясцiлi адзін з набраных класаў беларускім! Тым, хто не хоча вучыцца ў гэтым класе, далі права яго пакінуць. Засталося 18 чалавек. Гэта быў 1988 год.

Вам не перадаць, якія мы былі шчаслівыя! Гэтых дзетак мы любілі ўжо толькі за тое, што яны былі!

Беларускі клас

— Клас адкрыўся раптоўна. Ці ўсё было гладка?

— Мы позна атрымалі сшыткі і кніжкі. Не было наглядных і метадычных дапаможнікаў. Але ўсе цяжкасці ўспрымаліся намі як «узнагарода» першапраходцам. Мы былі шчаслівымі аптымістамі.

«Дзеці былі пад пастаянным прыцэлам журналістаў»

— Адказнасць за лёс дзяцей узяла школа. Ініцыятары стварэння беларускага класа адышлі ўбок?

— О, не! Гэта былі тыя шчаслівыя часы, калі ўлада разумную ініцыятыву падтрымлівала, а не адштурхоўвала. Ніхто нікому не перашкаджаў, як у пазнейшыя гады: сюды не пушчаць, туды не пушчаць. Было неяк вольна, пахла дэмакратыяй.

Сам Алесь Каско чытаў нам вершыкі! А мастак Мікола Маеўскі падарыў свае карціны. Алег Мінкін передаў нам яшчэ ў рукапісе чытанку для дзяцей. Адзел культуры падарыў школе бібліятэчку беларускіх кніжак. Не забываліся на нас выкладчыкі і студэнты беларускага педінстытута. Валянціна Мароз (сёння яна доктар філалагічных навук, прафесар), якая ўзначальвала сябрыну «Край», праз Беларускае радыё і тэлебачанне зрабіла нам запісы казак, песень, фальклору і заўсёды адгукалася на нашы просьбы.

Беларускі клас

Я светла ўспамінаю Уладзіміра Базана (ён рабіў калядныя маскі і памагаў распрацоўваць навагоднія касцюмы) і Міколу Засіма, якіх ужо няма з намі. Удзячна Ірыне Лаўроўскай, Людміле Татарчук. А колькі зрабіў для беларускіх класаў берасцейскі Янка Купала, наш цудоўны паэт і чалавек Мікола Пракаповіч! Гэта ён ладзіў для малых першыя Калядкі, а пазней здымаў перадачы, калі мы трошкі падраслі і самі сталі акцёрамі. Да яго я звярталася за дапамогай, калі пісала сцэнары свят для дзетак, бо я далёка не філолаг (скончыла механіка-матэматычны факультэт БДУ). Пасля яго правак я ведала, што сцэнар можна смела адсылаць у часопіс «Пачатковая школа», каб унесці і наш уклад у беларускую скарбонку. Усе гэтыя выдатныя людзі не шкадавалі для дзетак свайго вольнага часу і працавалі на голым энтузіязме!

Беларускі клас, Каляды

— Стварэнне беларускага класа паўплывала на саму школу? Адбыліся нейкія змены?

— Нашы дзеці, а значыць і школа, былі пад пастаянным прыцэлам журналістаў. Мы прывыклі да гасцей з радыё, тэлебачання, газет. Шматлікія дэлегацыі наведвалі нас. На базе школы праходзіў абласны семінар для загадчыкаў гарадскога і раённага аддзела адукацыі. Мы радушна сустракалі слухачоў інстытута ўдасканалення настаўнікаў, праводзілі раённае метадычнае аб’яднанне выхавацеляў груп падоўжанага дня. Ды ці ўсё ўзгадаеш! І заўсёды нашы маленькія беларусы былі ў цэнтры ўвагі.

Дзякуючы тагачаснаму дырэктару Мікалаю Рыгоравічу Барсуку, сёння, амаль праз 30 гадоў, можна ўбачыць прыгожа размаляваны блок 6-годак з казачнымі героямі. Беларускі клас быў асабліва прыгожы. Мы вучыліся пад наглядам самога Скарыны! Яго постаць з’явілася на задняй сцяне класа. Нам было ўтульна і цёпла.

Францыск Скарына, беларускі клас

Тады ж вырашылі стварыць этнаграфічны музей. Дырэктар даў машыну, і мае сваякі з Ляхавіцкага і Нясвіжскага раёнаў загрузілі нас будучымі экспанатамі. Большасць музейных экспанатаў — з маёй роднай хаты. Звычайна ў музеі нічога нельга кранаць. Наш жа музей быў асаблівы! Мы ў ім жылі! У нас стаялі кросны, на якіх можна ткаць. Мы вучыліся там плесці саломку, макрамэ. Праводзілі нашы святы, конкурсы, развучвалі народныя гульні, вадзілі карагоды. Складалі тэксты экскурсій і самі праводзілі іх для дзетак з нашай і іншых школ. Любы цікаўны мог наведаць наш музей.

Нехта можа скажа: «Вось беларускі клас і абавязкова ж — лапці!». Мы не забываліся на мінулае, але і ішлі ў нагу з часам. Нашы дзеткі першыя ў школе пазнаёміліся з кампутарам. І ці не першыя сталі вывучаць англійскую мову.

— Якія дзеці вычуліся ў класе?

— Самыя звычайныя. Іх ніхто знарок не падбіраў. Класы фармаваліся па тэрытарыяльнаму прызнаку. І бацькі іх былі самыя звычайныя людзі. Некалькі чалавек з інтэлігенцыі, у асноўным рабочыя. Потым у беларускія класы прыводзілі сваіх дзетак і ўнукаў самі настаўнікі 26 школы, выкладчыкі інстытутаў, людзі адметныя не толькі ў асяродку Берасця, але і рэспублікі.

«Да 1995-га мы кожны год набіралі па два беларускія класы»

— Мы ўжо ведаем гісторыю стварэння першага беларускага класа. А ці былі ў яго паслядоўнікі?

— Старанні школы і грамадскасці не прайшлі дарэмна. На другі год бацькі ўжо самі аддавалі дзяцей у беларускі клас. Іх назбіралася 25 чалавек. Кожны год адкрывалася па класу.

Беларускі клас

26 студзеня 1990 года прынялі закон аб мовах, дзе гаварылася, што беларуская мова — дзяржаўная. Пасля прыняцця закону беларусы адчулі сябе больш упэўнена. І жадаючых вучыцца па-беларуску адразу паболела. Яны ўжо не змяшчаліся ў адзін клас. І ў 1991/92 навучальным годзе мы ўжо набралі два першыя класы з беларускай мовай навучання. 19 верасня 1991 года змянілі сімволіку, бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» сталі дзяржаўнымі. А самая ўплывовая падзея на прыняцце рашэння аб мове навучання адбылася 8 снежня 1991 года, калі было падпісана Белавежскае пагадненне і Савецкі Саюз перестаў існаваць. Бацькі адчулі, што будзе свая дзяржава, свая мова. То чаму ж дзіця не аддаць у беларускі клас? Да 1995-га мы кожны год набіралі па два беларускія класы. І гэта ўсё без прымусу, па жаданню бацькоў.

Думаю, калі б у тыя часы дзяржава абвяшчала не беларускія класы, а беларускія школы, — пратэсту не было б. Яшчэ больш гладка ўсё выходзіла б. І гэта выглядала б больш сур’ёзна, па-дзяржаўнаму. Бо, скажу шчыра, беларускія класы ў рускамоўных школах — гэта не той шлях. Гэта нагадвае нейкія рэзервацыі для карэннага насельніцтва. Але калі ты не маеш нічога, то рады і гэтаму. А радавацца было чаму.

Я і сёння ўспамінаю ўсіх сваіх выхаванцаў з пяшчотай, з замілаваннем, я чую іх галасочкі, якія так хораша шчабечуць, нібы птушаняткі, па-беларуску, і бачу іх жвавыя вочкі, якія хочуць хутчэй спазнаць гэты вялікі свет! Жыццё ў нас віравала! Нашы дзеткі здаваліся мне нейкімі асаблівымі, незвычайнымі, як усё роўна мова на іх так уздзейнічала! Гэтая таямніца і сёння мной не раскрыта. Многія настаўнікі ўспамінаюць не толькі першы беларускі клас, але ўсе беларускія класы з цеплынёй і лічаць іх адметнымі. І я тыя гады лічу самымі шчаслівымі ў маім жыцці. Гэта быў час, калі хацелася працаваць, ствараць, калі ты не адчуваў стомы, не думаў пра грошы, ты жыў светлай ідэяй!

Але за светлай паласой, заўсёды насунуцца шэрыя хмары…

«Людзям стала зразумела, што беларусізацыя будзе згортвацца»

— Што адбылося?

— У 1994 годзе адбыліся выбары прэзідэнта, а 14 мая 1995-га прайшоў зневажаючы для беларусаў рэферэндум, дзе разглядалі пытанні пра прыданне рускай мове роўнасці з беларускай, змену сімволікі… Закідвалі ў кожную скрынку паперку, дзе было паказана, дзе ставіць птушачкі. «Если ты за порядок в республике, если тебе не нужна буза, в двух последних вопросах зачеркивай против, во всех остальных зачеркивай за». Выбаршчыкі ішлі галасаваць з гэтай паперкай і дакладна перамалёўвалі. Канешне, былі і тыя, хто лічыў, што беларуская мова не патрэбная, марыў пра вяртанне Савецкага Саюза. Яны і сёння ёсць.

Вось так удумацца ў словы «прыданне рускай мове роўнасці з беларускай» — гэта ж суцэльны падман! Якой роўнасці? Ці ж мела столькі правоў беларуская мова, колькі мела руская? Кепска, калі нешта будуецца на нахабнай хлусні.

Рэферэндум

Стала ясна, што такія паняцці, як роўнасць моў, справядлівасць, талерантнасць, становяцца немоднымі. Насядала агрэсіўная савецкая большасць са сваім «прадсядацелям». Дзе ж тут выжыць роднай мове з яе інтэлігентнасцю, калі да ўлады дарваліся галодныя ваўкі са сваімі непамернымі апетытамі? Яны не бачылі свайго народа. Для іх краіна была як плацдарм для ўзлёту ў Крэмль. Там ім было маслам намазана. І я вось думаю, як жа важна, каб дзяржаўныя пасады займалі людзі з дзяржаўным мысленнем, а не пакорныя прыкарытнікі. А то адзін з глузду з’едзе і ўсе пад ім розум губляюць…

Дык вось, наступілі чорныя дні для беларускай нацыі. Людзям стала зразумела, што беларусізацыя будзе згортвацца.

— І так сталася?

— Так. Пасля рэферэндума ўсё пайшло на спад. Замест двух набіралі адзін клас, а пасля і ўсё сышло на не.

— Да рэферэндума, акрамя як у 26-й школе, былі беларускія класы?

— Была цудоўная нацыянальная мастацкая гімназія №3 з беларускай мовай навучання. Там дырэктарам у 1993-1998 гадах была Валянціна Мікалаеўна Верамяюк. Пасля рэферэндуму зацікаўленыя ў знішчэнні беларускай мовы хуценька арганізавалі сход. А прычыну заўсёды ж можна знайсці. Вось яна «Прычына»: бацькам цяжка дапамагаць дзецям рыхтаваць дамашняе заданне. А то, можна падумаць, яны такія грамацеі ў рускай мове! Пад такую прычыну чамусьці не трапіла англійская мова, матэматыка, хімія і іншыя прадметы, цяжкія для авалодвання бацькамі. І толькі матчыну мову зрабілі цяжкім грузам…

Абавязкова прыгадаю Валянціну Куксу, якая працавала ў садку на беларускай мове. Шкада, няма яе ўжо разам з намі. Добрая і таленавітая жанчына была. Задаю сабе пытанне і не знаходжу адказ: «Чаму для яе выхаванцаў не адкрылі беларускі клас?»

Памяць ужо сцірае ўспамін пра нейкі бацькоўскі бунт ці то ў 25, ці то ў 30 школе супраць мовы. Радыё гэту праблему падняло, як сцяг. А потым паразважаўшы, узялі інтэрв’ю ў мяне. Я без заклікаў ціха гаварыла, як я лёгка авалодала польскай і украінскай мовамі, бо ведала беларускую, як у Швецыі размаўляла па-беларуску і швед мяне разумеў на 95 адсоткаў (у яго жонка была славенка і ён вывучыў яе мову), як цудоўна мяне абслугоўвалі ў літоўскай краме і пра сваё захапленне жанчынай на касе, якая віртуозна пераходзіла з літоўскай на рускую, а пасля з польскай на беларускую. А мы? Для чаго мы ідзем у школу? Каб нават не ведаць свайго?

Пасля бацькі тэлефанавалі на радыё і ізноў жа абураліся, што не далі гэты запіс раней. Бо паводзілі б яны сябе зусім іначай.

«Беларус і яго душа — мова — на мяжы вымірання»

— Мінула 10 гадоў.

— Беларускія класы працягвалі сваё жыццё. У рэстаране «Папараць-кветка» наша сябрына наладзіла вечар для выпускнікоў нашага калісьці першага беларускага класа і іх бацькоў, каб сказаць дзякуй, за тое, што яны былі, за тое, што давалі нам адчуваць сябе беларусамі, за надзею…

Беларускія класы

Гэта быў шчымлівы развітальны вечар… Нашы дзеткі ішлі ў свет, у якім дзяржава ператваралася на вачах з роднай матулі ў мачыху…

— На ваш погляд, ці можна зараз змяніць сітуацыю і што для гэтага трэба?

— Сённяшняя трагічная моўная сітуацыя створана дзяржаваю, ёй яе і змяняць. Нават самы шчыры беларус не здольны супрацьстаяць дзяржаўнай махіне, тым больш, што не створана ў нас грамадзянская супольнасць, якая магла б прымусіць дзяржаву змяніць свае неабачлівыя паводзіны. Беларус і яго душа — мова — на мяжы вымірання. Эліта гэта бачыць. Апошнім часам я назіраю, як шмат рускамоўных людзей рэзка пераходзяць на беларускую мову, спрабуючы яе ўратаваць. Самыя ўпартыя бацькі працягваюць змагацца за адукацыю на роднай мове, трацячы свае сілы і нервы. І сёння ў школе №29 горада Берасця ёсць беларускі клас з 5 вучнямі — маленькая кропелька ў моры. Веру: на моры падымуцца хвалі і ўзыдзе сонейка, і зайграе вясёлка, і беларус зразумее — перш-найперш беларус павінен належаць свайму народу.

У нас ўсё яшчэ будзе! Надзея памірае апошняй.

Фота: Таццяна Гапеева, прыватны архіў Ніны Чарановіч, газета «СБ»