Цяжка сустрэць палескую вёску ці горад, дзе б не жыла хаця б адна баптысцкая сям’я. Пра Кобрын і Альшаны і казаць не прыходзіцца. Нават афіцыйная статыстыка аблвыканкама, якая не ўлічвае місіянерскіх пунктаў і не лічыць вернікаў па галовах, паведамляе пра 90 зарэгістраваных на тэрыторыі вобласці абшчын. (Для параўнання каталіцкіх цэркваў 64, праваслаўных — 388).
Такім чынам, рэлігія евангельскіх хрысціян-баптыстаў даволі распаўсюджаная. Але нашы веды пра яе рэдка заходзяць далей павярхоўнага “яны не кураць, не п’юць і нараджаюць шмат дзяцей”. Давайце знаёміцца.
Хто яны?
Баптызм – гэта галіна пратэстантызму. Дакладней, неапратэстантызму, бо яна паўстала не ў перыяд еўрапейскай Рэфармацыі XVI стагоддзя, а ў XIX — пачатку XX, калі Еўропу і Амерыку паглынуў новы пратэстанцкі бум. Пастар рэфарматарскай царквы і бібліяфіл Андрэй Паўлючык кажа, што пратэстантызм другой хвалі – пяцідзесятніцтва, адвентызм, баптызм, харызматычны рух і іх разнавіднасці – выразна адрозніваўся ад сярэдневечнага даступнасцю.
‒ Калі казаць пра тых традыцыйных пратэстантаў, то праблема, чаму яны не распаўсюдзіліся і не захаваліся, палягае ў тым, што яны выкарыстоўвалі польскую і нямецкую мову ў набажэнствах, не рабілі нічога, каб да іх прыядналіся сяляне. Гэта былі такія высокія гульні. Больш позні пратэстантызм быў прасцейшы і таму хутчэй прыжыўся, стаў народным, — падкрэслівае Андрэй.
З пералічаных неапратэстанцкіх плыняў Беларусі і канкрэтна берасцейскага Палесся першымі дасягнулі менавіта евангельска-баптысцкія кірункі. Адбылося гэта на стыку мінулага і пазамінулага стагоддзяў. Расійская Імперыя не надта ўхваляла новыя рэлігіі, а вось у міжваеннай Польшчы 20-30-х баптысцкія суполкі развіваліся хутка і плённа.
Дарэчы, слова “баптыст” паходзіць ад грэцкага дзеяслова “акунаць”, і паказвае на ключавую асаблівасць гэтай рэлігійнай плыні – прымаць хрост у свядомым узросце, акунаючыся цалкам у ваду, як гэта калісьці зрабіў Хрыстос.
Канкрэтны прыклад
У адным толькі Лунінецкім раёне, па хуткіх падліках пастара Паўла Канановіча, каля дзвюх дзясяткаў пратэстанцкіх цэркваў. З іх — 8 баптысцкіх. Хутка адзначыць стагоддзе існавання і суполка евангельскіх хрысціян-баптыстаў у Лахве. Павал Канановіч, які кіруе тутэйшай паствай, распавядае, што першы вернік у іх з’явіўся пасля першай сусветнай вайны – мясцовы чалавек, які перахрышчаным вярнуўся з нямецкага палону. Нягледзячы на насцярожанасць кансерватыўных палешукоў, кола прыхільнікаў новай веры няўхільна расло, і ўжо ў канцы 1920-х паўстала пытанне пра будаўніцтва малітоўнага дома. Які і з’явіўся ў 1931 годзе.
‒ Абшчына адзін час налічвала да ста чалавек. А так 50-70. Асабліва шмат людзей прымала хрышчэнне пасля вайны і пасля распада СССР. Цяпер крыху зацішша, але мы верым, што будзе абужэнне зноў, — кажа Павал Канановіч.
Самыя ўрачыстыя сходы ў Лахвенскім малітоўным доме – па нядзелях. Пакуль дарослыя славяць Бога праз спевы, чытанне вершаў і пераказ «сведчанняў» – гісторый, як хто прыйшоў да веры і як яна дапамагае ў жыцці, жонка пастара Ніна Канановіч дае дзецям біблейскія ўрокі. Яны разам вучаць вершы, спрабуюць іх тлумачыць, у сшытках робяць практыкаванні на замацаванне тэмы.
З выразных візуальных адрозненняў баптысцкага сходу ад праваслаўнай ці каталіцкай службы – адсутнасць ікон, абрадаў і тэкстаў малітваў. Пастар на такім сходзе выступае ў ролі мадэратара, ён нават апрануты ў звычайны дзелавы касцюм.
Малітвы таксама ёсць, але гаворацца ў вольнай форме. Вернік выказвае падзякі за нейкія канкрэтныя рэчы і просіць аб рэчах не менш канкрэтных. Дзяўчаты на нядзельнай школе, напрыклад, у першую чаргу дзякавалі за снег, хоць настаўніца параіла дапоўніць малітву больш грунтоўнымі падзякамі.
Чалавек на караблі
Жанчыны старэйшага веку, 30-х гадоў нараджэння, распавядаюць дэталёвыя і цікавыя гісторыі пра сваіх бацькоў – першых баптыстаў гэтай мясцовасці, а таксама пра сябе, каму таксама нялёгка было крочыць праз традыцыю, а на пэўным гістарычным этапе і закон.
Таццяна Раковіч прыйшла ў малітоўны дом у 50 год, трываючы варожае супрацьстаянне мужа: “Канечно, яму там тыкалі друзья, шо ў цябе жонка баптыстая і ты ідзе ў баптыстые – табе не дадуць ні піць, ні курыць. Так он быў проціў гэтае веры”, — з сумам кажа жанчына.
Затое ажыўляецца, калі прыгадвае бацьку, які ў іх сям’і памяняў веру першым. У 20-х гадах ён паехаў на заробкі ў Аргентыну, і па дарозе пазнаёміўся з баптыстам з суседняга Столінскага раёна.
‒ І ехаў он на караблі, оні ж тада плылі 28 дней… І от, гаворыць, вышаў я на палубу, ну чытае чалавек кніжку. Эта была Біблія. “Дайце мне пачытаць”. І он ужо пашоў работаць іменна з гэтым веруюшчым чалавеком.
Пяцігадовая праца ў шахтах хутка падарвала здароўе палешука. З Буэйнас-Айраса ён вярнуўся з туберкулёзам і Бібліяй, сімвалам яго новага рэлігійнага статуса. Праўда, не сказаць, каб маці Таццяны была ад гэтага ў захапленні: вера не дазваляла галаве сямейства красці нават у пазнейшым калгасе, калі ўсе вакол жылі па прынцыпе “усё вакол калгаснае, усё вакол маё”.
Хоць дзесяць штрафаў
З бацькоў усё пачалося і ў 84-гадовай Ганны Канановіч. Яе маці Хрысціну па даносе рэпрэсавалі ў сталінскія часы. Чалавекам яна была рэлігійным, ведала на памяць шмат малітваў, рэгулярна наведвала праваслаўную царкву. Але паназірала ў побыце за суседкамі-пратэстанткамі, ды і наважылася на нялёгкі ў вёсцы, дзе ўсе адзін у другога навідавоку, крок змены рэлігіі. Замужняя Ганна спрабавала была вярнуць маці на шлях сапраўдны, але марна.
Не прайшло шмат часу, як Ганна ўжо раілася з мужам: “Павло, ты знаеш шчо, а шо коб пошоў побачыў у той баптысцкі дом? – Ганно, а ты шчо, не чула, шо там робіцца? – А шчо? – Ты не чула, шо завешваюць окна да шчо хоч робяць? – Кобы так робілось, моя мама нікагда туда не пашла б!”. У рэшце рэшт у малітоўным доме апынуліся ўсе, уключна з Ганніным мужам, які стаў пастаянным удзельнікам сходу пасля першага ж наведвання. Канановічы прынялі хрост патаемна і першыя гады не знаходзіліся ў афіцыйных спісах. Гэта было выклікана савецкім патрабаваннем, каб да суполкі далучаліся толькі людзі, што наведваюць сходы не менш за тры гады.
Савецкі перыяд увогуле адклаўся ў памяці вернікаў з асаблівай яснасцю. Камуністычная ідэалогія змагалася з любой рэлігіяй, але «секты» пільнаваліся яшчэ больш заўзята. Ганна Канановіч расказвае і пра збітага школьным начальнікам малодшага сына, які не пагаджаўся даць слова не наведваць малітоўны дом. Апавядае і пра штрафы, якія ўвесь час маячылі над вернікамі, калі яны адважваліся браць з сабой на сходы дзяцей. А таксама званкі нядобразычліўцаў у міліцыю, як толькі да іх прыходзілі ў госці суседзі-адзінавернікі і яны разам пачыналі спяваць. Заканадаўча гэта прыроўнівалася да адпраўлення культу ў несанкцыянаваным месцы. Не абыходзілася і без такіх абсурдных даносаў:
‒ Подалі туда в школу вжэ. Это ж, кагэ, дзеці за печ’ю вучаць урокі, воны к столу не пустаюць дзяцей. Это хто ж то перадаў учыцелям! Гэтыя учыцеля прыяждаюць к нам, зразу: “Павел, дзе твое дзеці вучаць урокі?”. А он кагэ: “От стол, от тажэрачка. Кнігі аднаго, другога”. Поглядзелі, поглядзелі, нічого не сказалі, забралісь пашлі. Значыць шчо? Обман!” – прыгадвае Ганна Канановіч.
Але за стагоддзе супольнага жыцця традыцыйныя хрысціяне ўсё ж навучыліся прымаць пратэстантаў больш цярпіма. Баптыстаў паважаюць за цвярозы лад жыцця і імкненне трымаць высокае маральнае аблічча. Хоць вясковыя булдосы часта лічаць іх вар’ятамі, бо хто ж іначай па сваёй волі адмовіцца ад гарэлкі?
Сёння ў Лахве і яе ваколіцах баптыстаў няшмат. Але і людзей увогуле няшмат, дзякуючы няўхільнай міграцыйнай тэндэнцыі. Моладзь з’язджае і далучаецца да шматлюдных гарадскіх цэркваў.
Так што евангельскія хрысціяне-баптысты пакуль не збіраюцца станавіцца чырвонакніжкай рэдкасцю.
Здымкі аўтаркі і з архіва Лахвенскага малітоўнага дома ЕХБ