Музыкі прэзентавалі свой «нежывы» сінгл «Усе песні спетыя» у бары Coyote. Арганізавала выступ прома-суполка «Зала чакання». Як гэта было – у рэпартажы Natatnik.

Апошні раз магілёўскае трыа выступала ў Берасці мінулай восенню. Музыкі ўдзельнічалі ў зборным канцэрце супраць смяротнага пакарання «Рок за жыццё». Прайшло менш за паўгады, і, падобна, берасцейцы не надта зсумаваліся па гурту. На Akute прыйшло не так шмат слухачоў, як нядаўна на Стыльскага. Дый тыя паводзілі сябе стрымана, асабліва напачатку канцэрта.

Дзяўчат перад сцэнай музыкам атрымалася ўзбадзерыць пасля першых двух песен.

— Дзяўчаты такія вясёлыя, бо пасля 8 сакавіка. А хлопцы побач з імі – невясёлыя, — філасофскі заўважыў Рома Жыгараў.

Але відавочна, што прайшлі тыя часы, калі пра Akute жартавалі, маўляў, гэта гурт для дзяўчынак-падлеткаў. Публіка пасталела разам з артыстамі, а дарослым і сур’ёзным людзям быццам бы сорамна трэсці галавой пад гітарныя рыфы.

Музыкі і пачалі з вядомых і энэргічных песен: «Іголкі», «Павольна», «Бегчы». Тыя, хто не скакаў, прыслухоўваліся да тэкстаў — а яны ў Akute фірмова змрочныя.

Фота: Зміцер Пылыпіў

— …то пакуль што толькі на разлуку так шанцуе нам, так шанцуе нам… — пяе Стас Мытнік.

— А нам – шанцуе на сустрэчы! – усміхаецца Рома Жыгараў.

Але адпаведны настрой ужо панаваў – на клуб нібы апусціўся туман меланхоліі.

— Цяпер будзе наша любімая песня, – зрабіў анонс Стас.

Музыкі ўдарылі па струнах – «О Божа мой».

— Мы працягваем наш вечар дэкаданс-тэрапіі, – трапна заўважыў Рома.

Тым не менш, сумна не было. Магутны гук, экспрэсіўныя музыкі, камерная атмасфера, інтэлігентная публіка – атрымаўся своеасаблівы, але варты наведвання канцэрт. Нагодай для яго стаў новы сінгл гурта «Усе песні спетыя». Новы трэк артысты прад’явілі ўжо добра разгарачаным слухачам. Гэта «нежывая» песня: яе музыкі запісалі цалкам у электронным гучанні. Як потым напаўжартам прызналіся, сінгл стаўся вынікам сінтэзатарных вопытаў Стаса Мытніка, які захапіўся новым інструментам. Песню берасцейская публіка прыняла цёпла і з энтузіязмам, падтрымаўшы памкненні музыкаў да эксперыментаў.

Музыкі падзякавалі берасцейцам і на гэтым свой выступ скончылі. Пасля прайшла аўтограф-сесія, падчас якой з Akute зрабілі шмат сэлфі на тэлефоны.

Фота: Марта Мартынюк

Дарэчы, у 2018 годзе гурт плануе выдаць свой пяты альбом. У ім музыкі абяцалі захаваць свой стыль. Але, мяркуючы па апошнім сінгле, акрамя моцных барабанаў і сакавітых бас-гітар прыхільнікаў чакаюць электронныя сюрпрызы.

Больш фота у нашай суполцы.

Подписаться
Уведомление о
guest
0 комментариев
Inline Feedbacks
View all comments