Вёска Харабровічы ў Дзятлаўскім раёне ніколі не была вялікай: адна вуліца, у найлепшыя часы – 25 хат. Але для мясцовых гэта быў цэлы свет, “дзе вёска спявала ды гуляла”. Яны нават падзялілі яе на два ўмоўныя раёны: тыя, хто жыў за гарой, сталі “загоранскімі”, астатнія – “вясковымі”. Тут спраўлялі шумныя вяселля, доўгачаканыя Калядкі, адзначалі Вялікдзень. Зараз пра ўсе падзеі ў Харабровічах прынята гаварыць у мінулым часе. Усе жыхары ўжо пенсіянеры, а з вялікіх падзей – прыезд аўталаўкі і паход у лес у грыбы. Natatnik прагуляўся па вёсцы і даведаўся, што трымае людзей у месцы, якое хутка знікне з карты.
Калі ехаць па дарозе з Дзятлава, то здалёку Харабровічы робяць падманлівае ўражанне: за дрэвамі тырчаць дахі дамоў. Таму тут жа малюецца карцінка: гэта звычайная вёска, дзе мясцовыя збіраюцца абмеркаваць апошнія навіны каля крамы, на лаўках сядзяць бабулі, а дзеці раз’язджаюць на роварах. Мы збочваем з дарогі і трапляем у зусім іншы свет – свет вёскі, якая памірае. На ўездзе да вялізнага дрэва прыхіліўся скрыўлены стары крыж, хаты выглядаюць так, быццам іх пакінулі і сышлі, але звонкі брэх сабакі ў двары кажа пра адваротнае. У Харабровічах яшчэ ёсць жыццё.
– Добрага дня! – насустрач нам ідуць мясцовыя жыхары Мікалай і Сяргей.
Яны, канешне, здзівіліся, што да іх прыехалі чужынцы. Нетутэйшыя сюды не зазіраюць: дарога ў Харабровічах тупіковая і ўпіраецца проста ў лес. Слова за слова – і Мікалай ужо становіцца нашым гідам па вёсцы. Вельмі эмацыйны, ён разбаўляе свае гісторыі жартамі і смехам. І ты ўжо сам не заўважаеш, як пачынаеш глядзець на вёску яго вачыма. З маркотнай шэрай карцінкі яна ператвараецца ў яркую і самабытную.
«На вуліцы зіма, -36 градусаў марозу, а мы гулялі вяселле»
– На зіму ў вёсцы засталося шэсць чалавек. Самаму маладому жыхару – 65 гадоў, найстарэйшаму – 98, – расказвае Мікалай Ерамейчык, калі мы адпраўляемся блукаць па Харабровічах.
Старыя хаты, зачыненыя на замок хлявы, яблыні, пакрытыя мохам… Дэкарацыі зменяцца з надыходам вясны: прыедуць дачнікі, высадзяць агароды і пачнуць хадзіць у лес у грыбы.
– Я сам жыву з жонкай у Слоніме, але прыязджаю сюды вельмі часта, бо цешча, якой ужо 93 гады, не хоча жыць у горадзе. А мне тут так добра! – гаворыць 67-гадовы Мікалай Мікалаевіч. – Першы раз убачыў Харабровічы ў 1980 годзе (мужчына родам з вёскі Акачы Слонімскага раёна. – Заўв.), калі жаніўся мой брат. Зіма, -36 градусаў марозу, снегу было столькі, што аўтобус не змог праехаць. Яго неяк выцягнулі трактарам. Вяселле гулялі два дні, быў і гармонік, і барабан. У адной хаце паставілі сталы, у другой зладзілі танцы.
Гэта цяпер у Харабровічах цячэ павольнае жыццё, але раней тут ведалі толк у тым, як весяліцца. Мікалай вядзе нас да аднаго з дамоў і паказвае вялікі стол, які прымацаваны проста да сцяны. Як толькі ў хаце намячалася свята, стол здымалі і ўсталёўвалі пасярод яе.
– Раней жа не было тамады, а быў сват – вясёлы і гаваркі чалавек. Толькі селі за стол, а ён ужо кажа: “Наліваем за маладых!” Я і сам шмат разоў гуляў за свата, – усміхаецца Мікалай Ерамейчык. – Ведаеце, якія найлепшыя прысмакі былі на стале? Мяса ды сала. Людзі спецыяльна гадавалі кабана для вяселля, каб пасля яго закалоць.
Раней аўтобус хадзіў чатыры разы на дзень, цяпер двойчы на тыдзень
Менавіта на тым вяселлі, якое гулялі ў -36 градусаў, Мікалай убачыў будучую жонку Міраславу. Праўда, тады маладыя людзі весяліліся ў кампаніі іншых каханых. Прайшоў час – і яны сустрэліся ў Гродне, дзе Міраслава працавала поварам, а Мікалай вучыўся на кіроўцу.
– Прыйшоў да яе хаты ды і кажу: “Коля з Акачоў хоча пабачыць Міру. Пайшлі ў кіно”, – так заляцанні да Міраславы скончыліся вяселлем.
Як прыгадвае Мікалай, у 80-я гады ў Харабровічах было шмат моладзі. І прыводзіць прыклад: тады чатыры разы на дзень хадзіў аўтобус Слонім – Казлоўшчына, які заўсёды быў запоўнены пасажырамі. Гэта цяпер да вёскі амаль не дабрацца: рэйс выконваецца двойчы на тыдзень. Але нават у найлепшыя часы транспарт ніколі сюды не заязджаў. Людзі выходзілі каля суседніх вёсак і далей ішлі пешшу.
– Тады ў Харабровічах было так чыста і прыгожа, усе хаты дагледжаныя. А пасля старэйшыя людзі пачалі паміраць, моладзь – раз’язджацца, ніякай перспектывы ў калгасе не было, – у голасе Мікалая з’яўляюцца ноткі суму.
І раз’язджаліся хто куды: ад маленькай вёскі да Слоніма – 28 км, да Дзятлава – 30 км, а да Гродна – 190 км.
У Харабровічах была васьмігадовая школа, а настаўнікі жылі на кватэры
Наш праваднік па Харабровічах называе сябе вясковым хлопцам. Кажа, любоў да вёскі прыйшла не з узростам, яна была заўсёды. Як толькі пачнецца сезон грыбоў, мужчына знікае ў лесе, хоць сам ні лісічак, ні баравікоў не есць.
– Чаго толькі ў нас няма! Бабкі, чырвончыкі, рыжыкі, лупякі – гэта мы так маслякі называем, – пералічвае Мікалай Ерамейчык.
За размовамі пра мінулае мы падышлі да ўмоўнага цэнтра вёскі. Раней тут была панская сядзіба, а потым на яе месцы з’явілася васьмігадовая школа. Сюды на заняткі прыходзілі дзеці з суседніх вёсак: Вайневічаў, Петрашулевічаў…
– Дзяцей было столькі (амаль 200 чалавек), што нават настаўнікі жылі ў Харабровічах на кватэры, здымалі жыллё. А вось там была школьная пляцоўка, – паказвае на зараснікі Мікалай. – З таго боку – майстэрня, з іншага – возера. Зімой дзеці гулялі ў хакей, напрыклад, мая жонка і кума стаялі на варотах. А з гэтай горкі каталіся на санках.
У найлепшыя часы ў вёсцы было 25 хат, і ў іх пражывала амаль 150 чалавек (па перапісе насельніцтва ў 1897 годзе). Але для мясцовых гэта быў вялікі свет, які падзялілі на два раёны: тыя, хто жыў за гарой, сталі “загоранскімі”, астатнія – “вясковымі”.
Як на Калядкі па ўсёй вёсцы веснічкі кралі
За час нашай прагулкі па Харабровічах прырода быццам замерла: не чуваць ніводнага гуку, голасу птушкі ці ветру. Цяжка ўявіць, што раней тут гучалі песні, дзіцячы смех, гармонік.
– На Шчодрыка збіраліся хлопцы і дзяўчаты, забава – скрасці ў каго веснічкі. Грузіш іх на санкі і адвозіш куды-небудзь за вёску. Тут жа ўсё грымела ў ноч з 13 на 14 студзеня! А раніцай людзі выходзілі на вуліцу – у каго няма плота, у каго – веснічак. Хадзілі, шукалі. Весела жылі, – у гэты момант Мікалай пераносіцца ў тыя цёплыя ўспаміны і сам змяняецца ў твары.
Кажа, у вёсцы было два самыя значныя святы – Каляды і Вялікдзень.
– На другі дзень Вялікадня збіраліся музыкант і 5-7 галасістых мужыкоў. Бралі з сабой кош, ішлі па чарзе да мясцовых: “Можна ў вашу хатку зайсці? Можна вам песню святую праспяваць?”
Мікалай падыходзіць да пустога дома, становіцца насупраць акна і пачынае спяваць: “Велик святой нам день настал, со славой с гроба воссиял. Христос Господь нам вечный свет! Христос воскрес! Христос воскрес!”
– Людзі слухалі, а пасля клалі ў кошык яйкі, сала, бутэльку самагонкі. Калі ўсю вёску праходзілі, садзіліся дзе-небудзь на вуліцы, елі, выпівалі і расходзіліся па хатах, – працягвае расказваць Мікалай Ерамейчык.
«У Харабровічы прыперла бура пад назвай “каханне”»
Цяпер з забавак у вёсцы – прыезд аўталаўкі і паход у лес у грыбы. Але для нашага гіда тут усё асаблівае – паветра, вада, лес, крыніцы. Былі часы, калі ў Харабровічах нават фарэль рукамі лавілі.
Мабыць, тут – у вёсцы, што памірае, – застаюцца толькі тыя, хто памятае найлепшыя яе часы, хто да яе прывязаны ўспамінамі. Інакш як растлумачыць, што за апошнія гады ў Харабровічах купілі толькі адну хату? Астатнія дажываюць свой век, некаторыя і зусім зніклі, пакінуўшы пра сябе памяць у выглядзе старога яблыневага саду і кустоў хрызантэм.
Нечакана на дарогу выходзіць адзін чалавек, потым другі, трэці. Амаль уся вёска ў зборы? А што здарылася?
– Гляджу ў акно, нейкая дэлегацыя ідзе. Што за свята такое? Па вёсцы людзі ходзяць! – смяецца мясцовая жыхарка Алена Канстанцінаўна, апісваючы наш прыезд, бо па Харабровічах чужыя не разгульваюць. – Вось і выйшла паглядзець, хто гэта.
Алена – тая самая адзіная «загоранская», якая жыве за гарой. А яшчэ яна самая маладая жыхарка ў вёсцы – жанчыне ўсяго 65.
– Пяць гадоў таму купіла тут хату за 150 даляраў, – Алена расказвае пра свой пераезд з іншай вёскі. – Нейкая бура занесла сюды. Бура пад назвай “каханне”. Прыперліся з сужыцелем і от сядзім тут. У Харабровічы ж ні даехаць, ні выехаць, толькі вясна ды лета выратоўваюць, а яшчэ грыбы ды ягады. За сезон на лісічках можна зарабіць 500-700 рублёў. Побач не толькі грыбныя мясціны, але і ягадныя: шмат маліны, чарніц, суніц.
– Як вам жывецца ў доме, побач з якім няма суседзяў – толькі лес?
– Падабаюцца мне цішыня і спакой, паветра чыстае. Калі сюды пераехала, перастала хварэць. Як паеду ў горад да дзяцей, максімум тры дні вытрымліваю, кажу ім: “Вязіце назад у вёску”. У горадзе адразу ціск падымаецца, не магу я там, – прызнаецца Алена, а ў гэты час каля яе ног трэцца шэры кот Пушынка.
Прыгадваючы мінулае, апошнія жыхары ўздыхаюць: не думалі яны, што аднойчы іх шумная вёска стане бесперспектыўнай і будзе паміраць.
– Праз некалькі гадоў тут нікога не застанецца. Ну хто сюды паедзе? Гэта ж глухамань, гарады далёка, і нічога побач няма. А вось дзікім жывёлам тут добра, козы ды кабаны ходзяць, ім у вёсцы раздолле, – адзначае Мікалай Ерамейчык. – Прыязджайце да нас летам. Выходзіш у дзевяць вечара, а салаўі так заліваюцца! Я вось аддзіраю лісцік з бярозы і падпяваю ім. Так добра становіцца! У любых абставінах чалавек павінен імкнуцца жыць…
Natatnik