У вёсцы Наўгольнае Любанскага раёну — адна вуліца і 11 дамоў. Гэта калі па мапе. Калі прыехаць сюды і глянуць на ўласныя вочы — будзе меней. Тых, у якіх засталіся людзі, — яшчэ меней. «Там адна жанчына старэнькая жыве, тут жанчына памерла, сын яе прыехаў з Ленінграда, мама мая з братам, дзве дачы — і усё, больш нікога няма, усе на кладбішчы у Заельным», — пералічвае суседзяў Антаніна. «З дачнікамі мо пяць хат і будзе», — кажа 63-гадовы мужчына, які прадстаўляецца Віцем. «Чатыры чалавекі, што жывуць пастаянна ды дачнікі», — лічыць Марыя — тая самая вясковая жыхарка, да якой дасылаюць усе на вёсцы, бо яна ўсё ведае і памятае, а яна шчыра пытаецца: «А што ж я вам, дзеткі мае, раскажу?»  

Мы прайшліся па дварах і паразмаўлялі з апошнімі жыхарамі вёскі Наўгольнае (хаця на рускамоўных шыльдах, кажуць, яна была і Навгольное, і Наугольное, і Навугольное — як толькі ні перакладалі гэтую назву).  

«Малако купляем у аўталаўцы — белае і белае«

Хаты, у якіх яшчэ жывуць людзі, бачыш адразу. І дом, і зямля побач выглядае больш ці менш дагледжана — растуць кветкі ці то гародніна або зеляніна; ляжаць рэчы. Вось і тут на цвіку на  драўляным фасадзе дома акуратна вісіць кажух. Але ж памыляемся — тут ужо ніхто не жыве.   

— Нікога тут няма, памёр даўно, а рэчы так і засталіся, — раскажа пасля Віця, калі будзе праводзіць нас па вёсцы.

Віктару — 63, але прадстаўляецца ён менавіта Віцем. Хударлявы мужчына з’яўляецца на вялікім двары, за якім хапае яшчэ пустой зямлі.

— Тут каго хочаш дзяржы — месца хватае, — скажа ён пасля пра гаспадарку і гэтыя прасторы. —  Але хто тую казу даіць будзе? Аўталаўка прыйшла — купіў малака. Белае і белае, хаця не тое малако, канешне.

Уся гаспадарка Віктара, як і большасці жыхароў Наўгольнага, — толькі куры. Калі быў яшчэ малым, у вёсцы на яго памяці было каля 20 хат і 17 кароў. Ні крамы, ні школы тут не было. У школу хадзілі ў суседнюю вёску.

— Тры класы былі ў суседнім Заельным — гэта паўтара кіламетры. А пасля ўжо ў Яменск хадізілі — кіламетраў дзевяць, — прыгадвае дзяцінства мужчына.

У Наўгольным Віктар нарадзіўся, жыў у дзяцінстве і маладосці, пасля з вёскі з’ехаў, а некалькі гадоў таму вярнуўся, каб даглядаць маці. Цяпер ёй 93 гады. Мы размаўляем на двары і праз адчыненае акно чуваць, як гучна ў пакоі размаўляе тэлевізар. Калі жанчына выходзіць на вуліцу, на незнаёмых людзей каля хаты яна ніяк не рэагуе. Гучна вітаемся, але маці не чуе, кажа Віктар. 

Раней мужчына працаваў трактарыстам.

— Куды ж ад маці? — адказвае на пытанне, ці працуе дзе цяпер. — Нада даглядаць, пакарміць. Так і жывём.

Каб пакарміць маці ды есці самому, у Віктара ёсць агарод, а два разы на тыдзень прыязджае аўталаўка. Агарод Віктара —  гэта бульба, агуркі, памідоры і «ўсё, што расце».   

—Тое-другое, сам калупаю, бо няма ж каму болей.

Пытаюся, ці не прадае гародніну. Віктар іранічна смяецца, 

— Каму яно нада што? Каб быць фермерам, я не варты. А так — што з’еў, што выкінуў. Глаўнае, што сваё ёсць, ціха ды спакойна.  

Побач з домам дагарае распаленае вогнішча. 

— Гэта каб ваду нагрэць ці пасціраць што, — тлумачыць Віктар і распавядае, як праходзяць яго дні на вёсцы. — Пакуда есці навару ды курэй накармлю (вунь бегаюць) ды і ў тэлевізар — во і ўвесь дзень. 

Віктар шчыра не разумее, што цікавага можа быць у вёсцы, каб пра яе нехта пісаў.

— Чаго тут цікавага? Старыкі ўжо нікуды не дзвінуць, а маладыя паразбягаліся — во і ўся з’ява. Усё проста. Куды ўжо мая маці паедзе? Дажывае свой век. Дажывуць яна ды Марыя (кажа пра суседку — рэд.) — і ўсё, зраўняюць тут усё з зямлёй. Сумна — эта панятна, а што зробіш?

У Віктара ёсць два сыны — хлопцам 27 і 30 гадоў. Адзін працуе трактарыстам, другі — зваршчыкам. Жывуць яны ў гарадскім пасёлку. 

— Ды і я туды паеду. Маці во дагляджу толькі — і да іх паеду. А што я тут адзін буду рабіць? Дамы параскідаюць пасля тыя, што асталісь. 

Вёска Наўгольнае
Вёска Наўгольнае
Вёска Наўгольнае
Вёска Наўгольнае
Вёска Наўгольнае

«У школу ездзілі на кані»

Між іншым, у размове Віктар прыгадвае, што тут жа, у вёсцы, праз колькі дамоў, жыве ягоная сястра Тоня. Антаніне Іванаўне, кажа ён, «ужо пад 70».

— Яна старэйшая, гэта я самы маладзенькі, — кажа Віктар, пакуль ідзем да сястры. — Не ведаю, ці дома яна.

Віктар шырока расчыняе дзверы, гучна вітаецца і тлумачыць: яна не чуе. Праз праблемы са слыхам Антаніна Іванаўна крыху саромееца. 

— Ой, а чаго ты да мяне прывёў? — пытаецца ў брата. 

Антаніна кажа, што ў госці да суседзяў не ходзіць з той жа прычыны: «А куды я пайду, калі не чую нічога?» Па тэлефоне жанчына размаўляе па гучнай сувязі.

Антаніна 28 гадоў адпрацавала ў бухгалтэрыі ў калгасе, цяпер яна на пенсіі. Муж памёр 14 гадоў таму. Часам да яе прыязджае з Любані сын з дзецьмі.

— Прыязджаюць, пагуляюць — і паехалі. А ты, мама, хочаш работай, а хочаш — гуляй, — трохі ўсміхаецца яна. — Телевізар уключу пагляджу ды далей сяджу.

Антаніна і прыгадвае сваё дзяцінства.

— Маё дзяцінства няплоха праходзіла: мама-папа жывыя былі. Мы з сястрой у адном классе вучыліся дзесяць гадоў. Тады з нашай вёскі пяць дзяўчат хадзілі ў адну школу ў Яменск — недзе 8 кіламетраў адсюль. На веласіпедах ездзілі, а зімой нас падвозілі на кані.

«Дзеці кажуць: адна твая работа — куры«

Марыя жыве ў Наўгольным, бадай, болей за ўсіх, з кім мы размаўляем. Прыехала сюды з суседняй вёскі Пласток, калі ёй было каля 20. Цяпер жанчыне 85.  

Выйшла замуж, і падарыў бацька гэту хату, — распавядае Марыя. — Ужо зусім я баба старая, мае дзеці на пенсіі, двое засталося, а было чацвёра ўсяго. Чалавек мой памёр — ужо 29 гадоў я жыву адна. Дачка жыве ў Любані, дык яна амаль кожны дзень да мяне прыязджае.

Да жанчыны прапаноўваюць схадзіць ледзь не ўсе суседзі, бо яна дакладна ўсё ведае. Марыя гучна смяецца, шмат усміхаецца, жартуе, часта паўтарае «дзеткі вы мае», але ж раптам у размове кажа:

— Я ўжо ўсё прашу бога: забяры мяне, хваціць, ужо сваё адгаравала, к мужыку хочацца! А дзеці мае кажуць: сядзі, пакуль сядзіцца. Дзеці памагаюць, што гаварыць — зімой і дроў наносяць і ў хату, і пад плотам складуць, каб блізка было цягаць. Я, каб не яны, не жыла б тут, паехала б да дачкі ў Дзяржынск. 

Кажуць: сядзі — адна твая работа — куры, глядзі курэй. Але сяджу-сяджу і ўсё адно хочацца нешта рабіць. Як параблю — дык ноч не сплю — рукі баляць, ногі баляць. Яны кажуць: трэба табе быў той гарод? Трэба, кажу, канешне, трэба.

Дзень Марыі пачынаецца даволі позна па вясковых мерках — а 8-й раніцы.

— А што мне? Як была маладая, то ўставала і ў 5! Дзяцей адправіць у школу, мужа на работу, сама рабіла — 27 гадоў пошту насіла. У Пластку брала і за 9 кілометраў на лісапедзе ездзіла. Так што хапіла той жанчыне, — кажа пра сябе Марыя. — Вы паглядзіце на мае рукі, яны ўжо дзяржаць нічога не могуць, адрабіла сваё ўсё.

вёска Наўгольнае
вёска Наўгольнае
вёска Наўгольнае
вёска Наўгольнае
вёска Наўгольнае

Марыя скардзіцца, што вёска аджыла сваё. Але ж, хоць і засталося тут літаральна некалькі чалавек, жыць тут нястрашна. 

— Дык а чаго мне баяцца? Толькі што клён той? — смяецца Марыя і скардзіцца на вялізнае дрэва, што расце насупраць яе дома. — Божа-божа, не дай бог ён жахне! Упадзе на хату, тут жа правады, хай бы яны ўжо павалілі гэты клён! Ніхто к нам не едзе, глухая дзярэўня, аджыла ўжо сваё. Толькі машына, што прадукты возіць, прыязджае два разы — у аўторак і суботу.

Бачыце, як мы жывём, у лесе: усё зарасло. Не знаю, як тут жыць дальшэ, скора ваўкі пабягуць. Сразу была харошая дзеравенька: і людзі былі харошыя, а цяпер усе павыміралі. На маёй памяці тут тры пажары было. Згарэў сусед мой і там во хата згарэла, а там паз’зджалі, паўміралі.

«Жыла б да зімы тут, у Мінску няма чым дыхаць» 

Яшчэ адна Марыя — з катэгорыі дачнікаў. Жанчына прыязджае ў вёску ў маі і жыве тут да халадоў. Кажа, каб быў жывы муж, то засталіся б мо і на зіму. Пра мужа Марыя кажа з вялікім каханнем, пра ўсё вакол — з любоўю. Вельмі цёпла прыгадвае бацькоў мужа, добра адгукаецца пра ўсіх суседзяў, ласкава звяртаецца да сабакі. 

— Мусенька, пожалуйста, давай в гараж, моя хорошая девочка, — Иди моя миленькая, — закрывае сабаку, каб запрасіць нас у дом і тлумачыць. — А то запустить она вас запустит, но вот потом может и не выпустить.

Пасля спякоты на вуліцы ў доме Марыі прыемная прахалода. На верандзе пад столлю сушацца маленькія перчыкі — іх любіць есці адзін з унукаў, што прыязджае да бабулі. Каля печы — палын. Марыя кажа, што павесіла, бо, здавалася, дапаможа ад мух і вос — не спрацавала, але выглядае па-вясковаму прыгожа.    

У доме ўсе засталося таксама ж, як і было дзесяцігоддзямі: стаіць шафа, высокія металічныя ложкі, на якіх спалі бацькі мужа, вісіць ручнік, які вышывала свякроў. 

вёска Наўгольнае
вёска Наўгольнае
вёска Наўгольнае
вёска Наўгольнае
вёска Наўгольнае

— Мужа сюда очень тянуло и всех троих наших сыновей сюда тянет. В детстве бабушка с дедушкой их очень любили. Они вместе и  коров пасли, и сено заготавливали, и  «на бурачки» ходили, пололи. Бабушка и дедушка — это были золотые люди.

У гэтым доме нарадзіўся ды вырас муж Марыі. Пазнаёміліся яны ўжо ў Мінску. А калі ажаніліся, то пачалі ездзіць у госці да бацькоў мужа.

— У меня родителей не было, и я приняла свекровь за вторую маму, — шчыра распавядае Марыя. — Поэтому меня сюда тянет, второй отчий дом. Здесь такой уголочек — тишина, нет машин. Вот я поехала в Минск — там нечем дышать, хотя и живу в Минске.

Natatnik

Подписаться
Уведомление о
guest
0 комментариев
Inline Feedbacks
View all comments