Ленін з першага погляду не вельмі адрозніваецца ад іншых палескіх вёсак: дагледжаныя дамы, звілістыя дарогі і звычайны цэнтр з крамай, школай, поштай. На гэтым усё падабенства заканчваецца. У Леніне адны з самых незвычайных яўрэйскіх могілак XVI стагоддзя. А надпісы на старадаўніх драўляных мацэвах (надмагіллях) дагэтуль не могуць прачытаць. Natatnik расказалі: ці ёсць сувязь у мястэчка з правадыром рэвалюцыі Леніным; што тут шукаюць яўрэі з Ізраіля, ЗША, Францыі; і ці праўда, што шмат гадоў таму ў вёсцы былі сінагогі, касцёл, фотаатэлье, футбольная каманда і ансамбль мандалін. 

Каб даведацца, чым дыхае любая вёска, трэба зазірнуць у краму. Там то дакладна ведаюць, дзе знайсці старажылаў, хто найлепшы апавядальнік і якія месцы тут самыя каларытныя. Адлегласць ад Брэста да Леніна Жыткавіцкага раёна няблізкая – больш за 300 кіламетраў, з Мінска ехаць крыху менш – 220. І мы ўжо на месцы. У краме нават не трэба нічога тлумачыць, адразу відаць: не мясцовыя. Пасля кароткай нарады жанчыны раяць:

– Вам трэба ехаць да Людмілы Танені. Лепей за яе ніхто не раскажа. 

На доме Людмілы Міхайлаўны два вялізныя лебедзі, яркае сонца з дрэва, пад акном – цюльпаны. Яна якраз займаецца гаспадаркай, калі мы заходзім. 

 – Пачакайце хвілінку, вазьму ключ ад музея, – жанчына адразу ж пагаджаецца на гутарку. Пазней стане зразумела: яна ўвесь час водзіць экскурсіі для гасцей, збірае ўсё пра Ленін, кіруе школьным музеем і вядзе перапіску з тымі, для каго вёска стала гістарычнай радзімай продкаў. 

Версіі ўзнікнення Леніна: ад рэвалюцыянера – да прыгожай легенды

Людміла Таненя раней выкладала гісторыю ў мясцовай школе, цяпер – сусветную мастацкую культуру, а яшчэ яна галоўная ў школьным музеі. Ён не зусім звычайны: у цэнтры вёскі стаіць дом, гэта і ёсць краязнаўчы музей. Яго адкрылі ў 1986 годзе. 

Людміла Міхайлаўна палкая, расказвае адну цікавую гісторыю – тут жа выдае іншую. Яна настолькі захопленая сваёй справай, што незаўважна для сябе мы ўжо самі шпацыруем з ёй па Леніне 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Але трэба ўсё ж такі пачаць з гісторыі мястэчка. Чаму яго так назвалі?

– Наша вёска адзіная, якая мае такую назву. Ёсць Леніна, Ленінскі, але Ленін – толькі ў нас. Першы кіраўнік музея, цудоўны настаўнік, перапісваўся з усім светам, з дзецьмі збіраў работы Леніна, кнігі на розных мовах. Ён хацеў давесці: Ленін узяў псеўданім ад нашага населенага пункта. Гэта адна з версій, але дакументальна нічым не падмацавана. Нібы нашы вясковыя яўрэі ездзілі на канферэнцыю ў Мазыр і сустрэлі там Леніна. Пасля гэтага ён замест Ульянава пачаў падпісвацца Леніным, – гісторыю мястэчка Людміла Таненя расказвае ў першым пакоі музея. Тут жа на сцяне – прыгожая легенда аб узнікненні Леніна, у ёй шмат кахання і трагедыі. 

 – Менавіта да гэтай версіі я больш схіляюся. Паводле легенды ў нашых мясцінах жыў вельмі злы пан, ні птушкі не спявалі, ні дзеці не смяяліся. Прыйшоў час жаніцца, узяў ён дзяўчыну з суседніх мясцін. Калі ў пана з жонкай нарадзілася дзяўчынка Лена, маладая жонка цяжка захварэла. Перад смерцю яна папрасіла служанку дагледзець дзіця. Дзяўчынка вырасла, пакахала простага хлопца Алеся. Але бацька быў супраць іх шлюбу. Алеся кінулі ў яму са звярамі, а Лена ўтапілася ў рацэ Случ. У памяць аб светлым каханні маёнтак, які павінен быў перайсці Лене, вырашылі так назваць. Чый? Ленін, – пераказвае легенду Людміла Таненя. – Дарэчы, у дакументах 1568 года мястэчка ўжо ўпамінаецца з такой назвай – Ленін. У той час вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст перадаў яго ва ўладанне Юрыю Юр’евічу Слуцкаму. 

Ленін у 30-я гады: 55 крам, фотаатэлье, прыватная школа, заапарк

Людміла Міхайлаўна з тых суразмоўцаў, якім можна не задаваць пытанні. І калі не спыніць, займальны аповед пра Ленін можа доўжыцца не адзін дзень. Жанчына тут нарадзілася, вырасла, а ў 2000 годзе вярнулася на радзіму і з тых часоў «варушыць гісторыю». Паразмаўляўшы з гасцямі з усяго свету, якія да пандэміі пастаянна сюды прыязджалі, паехала ў Ізраіль. Хацела пабачыць краіну на свае вочы, каб лепей яе зразумець.

– Да вайны ў Леніне жылі каля шасці тысяч чалавек, а тэрыторыя была польскай. Чаму гэта мястэчка стала яўрэйскім? Людзей высылалі на ўскраіны за межы цэнтральнай часткі Расійскай імперыі – у асноўным у Беларусь і Украіну. Так яны тут асядалі, і аказалася, што яўрэяў у Леніне стала больш, чым беларусаў, – распавядае Людміла Міхайлаўна.

Цяпер вёска – звычайны аграгарадок, найлепшыя часы якога засталіся ў мінуўшчыне. Калі раней у школе вучылася 600 чалавек, цяпер – 62, моладзь з’язджае, застаюцца старыя. А амаль сто гадоў таму тут віравала жыццё!

 – Як бы я хацела на машыне часу апынуцца ў той даваеннай вёсцы. Млею, хачу ўбачыць гэты гістарычны перыяд, – дзеліцца з намі настаўніца. 

Мы падыходзім да карты Леніна, якую з памяці намалявалі яўрэі, якія з’ехалі. Яны запомнілі імёны і прозвішчы сваіх, а беларусаў – не. Таму жыхары некаторых дамоў падпісаныя «Міхаіл Гоман, Глухі, Іван Дурны, Кулінка і Аўдоцця, Матрона». 

 – Яўрэі — людзі майстравыя. Уявіце, тут было 55 крам, іх называлі «лаўка». Што там толькі не прадавалі! А яшчэ ў мястэчку месціліся шавецкія майстэрні, ламбард, два фотаатэлье, тут шылі цудоўныя жаночыя і мужчынскія капялюшыкі. А якія булачкі пяклі! Мая бабка на ўсё жыццё запомніла гэты пах, казала, ён стаяў па ўсёй вёсцы. Апроч гэтага тут былі праваслаўныя цэрквы, касцёл, дзве сінагогі, прыватная яўрэйская школа і дзяржаўная. Мне пашанцавала: паспела заспець старажылаў і перагаварыць з імі. Дык вось, яны расказвалі, нягледзячы на тое, што ў школах вучыліся беларусы, палякі, яўрэі, украінцы, адносіны паміж усімі былі добрымі. Жылі дружна, адзіны момант – веравызнанне: у суботы да яўрэяў прыходзіў рабін, да палякаў – ксёндз, а да беларусаў – бацюшка. 

Месца, дзе стаяла царква

– На карце паказана: у вёсцы былі жаночы і мужчынскі бераг. Як гэта?

– Так, было возера, а ў жанчын і мужчын свае берагі для адпачынку. Вы толькі ўявіце: граў ансамбль мандалін, на лодках плавалі людзі. Эх, вось бы хоць дзянёк прайсціся па Леніне таго часу! І гэта ж не ўсё, што было ў мястэчку: яшчэ ўласная футбольная каманда, ліпавая алея, бярозавая, яловая і сквер. Чамусьці гэтае месца вясковыя завуць «звярынец». Калі паднімалі звесткі па Ленін, аказалася, нездарма. На гэтым месцы шмат гадоў таму быў заапарк, дэндрапарк, а ў ім дзве сажалкі з лебедзямі. Вось расказваю вам, а ў галаве ніяк не ўкладваецца, што ўсё гэта было, – уздыхае Людміла Таненя. – А яшчэ Ленін славіўся сваім заводам. Мясцовую чарапіцу адпраўлялі ў Францыю, накрывалі ёю дахі дамоў, на чарапіцы было пазначана «Ленін, Мінская губерня».

Ансамбль мандалін

Гісторыя адной фатаграфіі 

Звесткі пра роднае месца Людміла Міхайлаўна шукае ўсюды. Часамі яны прыходзяць вельмі нечакана. Неяк у вёску прыехалі чарговыя госці з ЗША, хацелі больш даведацца пра зямлю, дзе нарадзіліся іх продкі і адкуль мусілі з’ехаць.

– Дакладна так жа, як цяпер, праводжу экскурсію ў музеі для Аўнэра Яная. Падыходзіць ён да гэтай фатаграфіі, – настаўніца паказвае на чорна-белы здымак мужчыны. – Вочы Аўнэра акругляюцца, хапае мяне за рукі, нешта хутка гаворыць. Аказваецца, на фота яго прадзед Аўнэр Голуб. Калісьці ён жыў у Леніне, а прозвішча іншае, бо на іўрыце «голуб» гучыць як Янай. Яшчэ да вайны ў мястэчку былі тры хвалі эміграцыі. Так Аўнэр паспеў з’ехаць, пазней пасяліўся ў Ізраілі. Цераз шмат гадоў паводле аповедаў сям’і, фатаграфіях мы змаглі зрабіць яе радавод. Наш госць з ЗША таксама хацеў ведаць пра гісторыю сваіх родных, таму прыляцеў у Беларусь. Ён хадзіў па вёсцы, знаёміўся з людзьмі, пытаўся ў іх. А ў лятунках хацеў аднавіць ансамбль мандалін. Штосьці пайшло не так, не атрымалася. У выніку гэты ансамбль з’явіўся ў Амерыцы. Аўнэр у знак падзякі, што мы захавалі фатаграфію прадзеда, падарыў нашай школе камп’ютарны клас і пяць гадоў аплачваў абслугоўванне абсталявання. 

Аўнэр Янай

Фотастужку расстрэлу яўрэяў змагла выкрасці супрацоўніца атэлье і вывезці ў Канаду 

За расповедам пра заможны Ленін даваеннага часу наша суразмоўніца пераходзіць да самага страшнага часу для мястэчка – ваеннага. У той час гэта была польская тэрыторыя і, як гаворыць настаўніца гісторыі Людміла Таненя, з пачаткам вайны яўрэяў тут стала больш. У Леніне праходзіла граніца, тут спыняліся тыя, хто бег з Брэста, Лунінца. Быў разбіты лагер бежанцаў. 

– Калі акупавалі Ленін, стварылі гета, яно было агароджанае калючым дротам. Маладых і здаровых людзей забіралі ў Ганцавічы ў працоўны лагер. У адзін з такіх адбораў патрапіў Барыс Ліўшыц разам з бацькам. Ён змог збегчы, а бацьку паранілі. Барыс туляўся па свеце, ажаніўся ў Разані, пазней сям’я пераехала ў Ізраіль. Я сама паехала ў госці да яго, каб пагутарыць, паглядзець рукапісы, – Людмілу Таненю не бянтэжыць адлегласць, калі яна ведае: у іншым горадзе яе чакаюць сведкі гістарычных падзей у мястэчку. – Колькі яўрэяў з Леніна выжыла пасля вайны, ніхто не скажа. Такіх звестак няма. Хто выжыў, разышліся па свеце. 14 жніўня 1942 года ўсіх яўрэяў у гета сабралі а 5-й раніцы, вывелі на горку, распранулі і расстралялі. Немцы ўсё фатаграфавалі, а пазней аднеслі плёнку ў фотаатэлье. Адна з супрацоўніц, Фаіна Лазебнік, змагла яе выкрасці і вывезці ў Канаду. 

Ніхто шмат гадоў не ведаў, што з той ямы ў 1942 годзе выратаваліся тры чалавекі. Высветлілася выпадкова: у часе візіту ў Ленін госця Рэйчэл з ЗША распавяла мне, што яе мама змагла ацалець

Фота з выкрадзенай фотастужкі

За кожным фота ў музеі – трагічная, страшная гісторыя чалавека. Для Людмілы Міхайлаўны гэта таксама асабістая гісторыя: у часе вайны спалілі брата і сястру яе маці. Мястэчка было выпалена дашчэнту. Ад яго цяпер засталіся невялікая частка алеі і тры чырвоных дамы. Адзін з іх быў троннай залай, сягоння гэта гараж і лясніцтва. 

З Леніна вязуць зямлю, ручнікі і варэнне 

Да пандэміі кожны год 14 жніўня ў Леніне збіраліся яўрэі з усяго свету, каб ушанаваць памяць родных, пахадзіць па роднай зямлі. У нашай суразмоўніцы шмат гісторый, як праз пакаленні людзі пачыналі цікавіцца мястэчкам сваіх продкаў. Пры жыцці не ўсе гатовы былі гаварыць пра вайну, пачуўшы пытанні, плакалі. Таму часам унукі і праўнукі маюць зусім малыя звесткі аб сваіх дзядулях, бабулях, але ёсць вялікае жаданне даведацца больш. 

 – Больш за ўсё нашчадкаў прыязджае з Ізраіля, ЗША, Францыі і Германіі, – удакладняе гісторык. – У ізраільскім горадзе Халон выхадцы з Леніна стварылі зямляцтва, прывезлі з нашага мястэчка туды зямлі, а яшчэ выдалі кнігу памяці. Хтосьці, пераехаўшы ў іншую краіну, прасіў пахаваць яго ў Леніне. Аднак сям’я вырашыла: з Ізраіля ў Беларусь няма магчымасці так часта лятаць, каб даглядаць магілу. 

– Наколькі моцна ва ўнукаў і праўнукаў адгукаецца нешта ўнутры, калі яны ўпершыню прыязджаюць у Ленін? Бо тут не іх дом. 

– Вельмі адгукаецца, адразу пранікаюцца любоўю да мястэчка. Хтосьці заходзіць у лес, становіцца на калені, цалуе зямлю і плача. Пры гэтым сам тут не жыў, але ягоныя бацькі. Бо гэты лес карміў яго продкаў. Мне вельмі падабаецца гутарыць з нашымі гасцямі, яны ўсе цікавыя! Напрыклад, адзін мужчына пайшоў на месца, дзе некалі стаяў дом сям’і, зайшоў да суседзяў, паглядзеў на кароў, свіней, вельмі яго зацікавілі беларускія закаткі. Яму ў падарунак далі варэнне, тканыя ручнікі, вырабы з саломы. Так было столькі слёз і эмоцый! 

Яшчэ запомнілася пара старых пад 80 гадоў, вельмі хацелі пакаштаваць мясцовай ежы. Ім тут жа насмажылі дранікаў, налілі самагонкі. За гутаркай высветлілася: яны дагэтуль памятаюць дзіцячую гульню «Кую-кую ножку, паеду ў дарожку». 

Некаторыя звозяць з сабой зямлю з Леніна ў мяшэчку, але абавязкова у часе візіту заходзяць на мясцовыя яўрэйскія могілкі XVI стагоддзя. Мы таксама ідзём туды з Людмілай Міхайлаўнай. Выглядаюць яны загадкава і пры гэтым незвычайна. Кажуць, у Еўропе толькі два месцы, дзе захаваліся драўляныя мацэвы (надмагіллі). Адно з іх – перад нашымі вачыма. Выходзіць, гэта адзінае месца, якое нагадвае: некалі тут жылі, працавалі, адпачывалі яўрэі. 

– Нашы госці ўвесь час спрабуюць прачытаць, што напісана на мацэвах. Але разабраць не могуць, – кажа гісторык, калі мы разглядаем драўляныя надмагіллі. 

Ім 150 гадоў і яны ўжо не ў найлепшым стане, але па-ранейшаму працягваюць заставацца славутасцю Леніна. Некалькі гадоў таму ў мястэчка прыязджалі чорныя капальнікі: шукалі золата, відаць, палічыўшы, калі вёска была заможнай, значыць, у зямлі нешта засталося з тых часоў. Настаўніца кажа, што ўсе спробы не маюць сэнсу. 

 – Самі мясцовыя, вядома, знаходзілі царскія чырвонцы. Але гэта было даўно. Калі у часе вайны вёску спалілі, пазней дамы адбудоўвалі ўжо на гатовым падмурку, на месцы старых хат. Калі нешта і ёсць, хутчэй за ўсё, ужо закапана пад дамамі. І, вядома, не трэба нічога шукаць на могілках. Яўрэяў хаваюць у саванах, а ў іх кішэняў няма. 

Але не магчымае золата, якое знаходзіцца пад зямлёй, цікавіць Людмілу Міхайлаўну. Ёй хочацца, каб зноўку родныя выхадцаў з Леніна сталі прыязджаць у мястэчка. З іх аповедамі і сямейнымі фатаграфіямі ў гісторыка больш шанцаў узнавіць жыццё яўрэйскага мястэчка І больш шанцаў аб’яднаць выхадцаў, дзе б яны не былі, злучыць іх гісторыю ў адну. Вялікую, трагічную і важную. 

Natatnik

Подписаться
Уведомление о
guest
0 комментариев
Inline Feedbacks
View all comments