Гурт Relikt выпусціў свой шосты студыйны альбом, змяніў назву і едзе ў тур па Беларусі. Напярэдадні канцэрта ў Берасці, паразмаўлялі з салістам Уладзімірам Казловым пра музыку, беларускую мову і «Дрэва жыцця».
Распавядзі пра апошні альбом? Чаму так доўга, у нас жа шмат народных песень?
Наш любiмы занятак, акрамя стварэння музыкi, — даваць канцэрты. Разам са слухачамі ў адпаведны момант станавіцца адзіным цэлым, яднацца праз гук. Гэта самае прыемнае, што можа існаваць. І з гадамі выступаў становіцца ўсё болей, нібыта снежны ком, які немагчыма спыніць. А для запісу і стварэння новага матэрыялу ўсё ж хочацца трошкі прыпыніцца, добра і грунтоўна падысці да канцэпцыі. Таму пакуль мы спыняем снежны ком музычных падзей, і нібыта кажам свету: «гэй, зараз нам трэба болей часу», праходзіць шмат месяцаў, а можа і гадоў.
Гэта сапраўды так, у беларусаў шмат народных песень, але мы выбіраем толькі тыя, якія 100% будуць кранаць у момант праслухоўвання і выканання нас саміх, і, адпаведна, нашых сяброў, слухачоў. Зразумела, такіх спеваў у фальклоры вялікая колькасць, але калі мы будзем ствараць альбом на 30-40 песень, гэта музыка проста раздавіць нас сваёй прыгажосцю, таму што матэрыл вельмі эмацыйны.
Кожны новы альбом даецца ўсё складаней?
Гэта так і не так адначасова. Чым болей вопыту мы набываем на нашым музычным шляху, тым больш гэты вопыт перашкаджае лёгка і пасрэдна падысці да напісання песень, мы больш адказна зараз глядзім на сваю музычную ролю, на свой уплыў, на тое, што мы пакінем пасля сябе. Але з іншага боку гэтыя жыццёвыя і музычныя досведы дазваляюць нам рабіць амаль ўсё, што мы пажадаем. У альбоме «Дрэва жыцця» мы вельмі проста сказалі сабе, што нам не страшна калі слухачы якія чакаюць ад Relikt кампазіцый на 10-15 хвілін будуць расчараваныя.
Мы абіраем тую форму, якую хочам. Гэта працяг нашага эксперыменту з музыкай, гэта працяг нас саміх, і мы вельмі шчаслівыя крочыць па музычнай дарозе з тымі хто кажа «хлопцы, рабіце, што хочаце, мы вас падтрымаем і будзем побач». Таму што, шчыра кажучы, маршруты творчасці складана спрагназаваць, і што будзе пасля «Дрэва жыцця», які фармат музыкі будзе намі абраны невядома.
Квіткі на канцэрт Relikt у Берасці
Вы самі ездзіце ў беларускія вёскі ці бераце гатовыя запісы ў фалькларыстаў?
На жаль, мы не шмат выязджаем у рэальныя экспедыцыі да сталых людзей, якія ў памяці трымаюць музычны кавалачкі песень. У працы над новым альбомам нам дапамагала Алена Ляшкевіч. І мы вельмі удзячныя ёй за гэтую дапамогу.
Што наогул думаеце пра беларускую фальклор? Няма адчування, што ўсё забываецца занадта хутка і хутка нічога не застанецца, акрамя кніг?
Для нас разумела, што змены гэта істотная якасць часу, а зараз наогул усе падзеі чалавецтва набіраюць хуткасць. Таму вядома, што шмат чаго знікае і забываецца, перацякае адно ў адно, а нешта абсалютна непрадказальна новае з’яўляецца. Мова — жывая істота, якая змяняецца разам з чалавекам. Мова нашых продкаў больш сугучна гармоніі чалавека з прыродай. І таму гэта так важна разумець, што пакуль мы існуем тут, нам трэба паважаць месца, дзе мы жывем, месца якое натхняе на новыя здзяйсненні. Мы безумоўна павінны помніць мову якой размаўлялі продкі, каб пераймаць іх шматвяковы вопыт жыцця і любоў да наваколля і да саміх сябе.
Ці ёсць любімая песня на апошнім альбоме?
Справа ў тым што з кожнай песняй у нас свае блізкія спецыфічныя адносіны, падыход вельмі інтымны. Калі песня з’яўляецца на свет, мы яе адпускаем, і яна, як маленькі чалавечак, існуе асобна. У песні сваё жыццё, яна будзе сустракаць шмат людзей, хтосьці яе палюбіць, будзе слухаць некаторы час, потым яны разыйдуцца, а, магчыма, будуць побач да канца. А вось цікава, якая песня трапіла ў сэрца вам?
Я люблю дзяўчыну, якая плача. А колькі канцэртаў ўжо запланавалі і адыгралі ў Беларусі з «Дрэвам жыцця»? Вас запрашаюць у іншыя краіны з сольнымі канцэртамі? Усё ж вельмі складана прасоўваць беларускую мову ў песнях на іншую аўдыторыю.
Вядома, што мы зробім усё залежнае ад нас, каб максімальная колькасць людзей пачула гэты альбом. І у Беларусі, і за мяжой, дзе нас ужо чакаюць з новай праграмай. Ніхто нам ніколі не казаў, што распавядаць гісторыі на той мове якую мы абралі будзе проста. Мы нарадзіліся ў час, калі амаль усе размаўляюць на расейскай мове, але паглядзіце што адбываецца! Нам пашансавала зараз жыць у час, калі людзі мяняюць сваю свядомасць, кожны другі на вуліцы лічыць, як крута і жыццёва неабходна размаўляць, выкарыстоўваць і падтрымліваць беларускую мову! Таму нічога складанага няма, будзе час, калі ўсе забудуць што была іншая мова акрамя беларускай.
А на фестывалі ўжо атрымалі запрашэнні ў 2020? Ці ёсць мара дзесьці адыграць?
Так, запрашэннi на фестывалі ўжо ёсць. А што тычыцца мары дзесці зайграць, дакладных назваў не прывядзем, але вельмі хочацца выступаць на замежных фестывалях з найбольшай колькасцю людзей, каб адчуць энергетыку вялікай колькасці шчырых сэрцаў, і распавесці ім нашыя гісторыі, сказаць, што мы ёсць, у нас свая гісторыя краіны, прыязджайце да нас і паглядзіце, як прыгожа!
Ці выступілі б у якой-небудзь вёсцы для мясцовых бабуль? І наогул, вы прыязджалі потым у вёскі, дзе бралі песні, і паказвалі бабулям іх у вашай апрацоўцы?
Безумоўна, мы выступалі у маленькіх мястэчках і вёсках. Гэта заўжды самыя кранальныя моманты, таму што слухачы не распешчаныя выступамі невядома якой якасці музыкаў. Яны успрымаюць музыку як ёсць. Калі спяваеш, і граеш прыгожа — гэта ім падабаецца, калі абы што, дык зразумела — не! Нам не сорамна казаць, што у вёсках нас заўсёды ўспрымаюць вельмі цёпла, гэта так. У планах ёсць зноў зладзіць серыю канцэртаў у маленькіх гарадах і вёсках.
Як сумяшчаеце з працамі? Ці ўжо ўсе звольніліся?
Зразумела, што хочацца займацца толькі музыкай, але дагэтуль не атрымалася. Мы ўпэўненыя, што гэта пытанне часу. Праца ў іншым месцы толькі падштурхоўвае хутчэй прыйсці да таго, каб займацца гуртом. Для нас гэта самае грунтоўнае.
Ці можна займацца ў Беларусі выключна рок-музыкай і есці бліны з ікрой? Як думаеш, чаму?
Можна! Але паглядзі, як ты ставіш пытанне?! Што для чалавека галоўнае, есці бліны з ікрой, а гэта пра грошы, ці займацца толькі рок-музыкай, а гэта пра справу, якая робіць чалавека шчаслівым. Вось сам і абяры, што галоўнае. Наш выбар відавочны, і гэта робіць нас тымі, хто мы ёсць. Якасць альбома «Дрэва жыцця»- прамое пацверджанне. У Беларусі магчыма ўсё! На жаль, у нас пакуль не самы вялікі рынак, каб цэлы год ездзіць па гарадах і выступаць. Нам трэба пашыраць геаграфію за мяжой, але жыць тут.
Ці не думаеце запісаць нейкую песню з папулярным беларускім выканаўцам? Вось, Макс Корж у сябе ў вёсцы з бабуляй адпачывае, думаю, што падкінуў бы і песень, і сам з задавальненнем заспяваў з вамі?
З кожным годам мы ўсё больш здзяйсняем свае мары і атрымліваем водгукі ад топавых музыкаў свету. Рабіць фіт, каб зрабіць фіт — гэта не справа. На альбоме «Дрэва жыцця» ёсць песні, дзе спяваюць музыкі, якія падкрэслілі сабой творчую задумку, толькі дзеля такога трэба рабіць супрацоўніцтва.
Ці будуць кліпы на песні з новага альбома?
Мы плануем! Абавязкова! Гэта вельмі цікавая, але складаная праца — падкрэслiваць музычную лінію відэашэрагам. Даць магчымасць слухачам яшчэ больш паглыбіцца ў Relikt.
Ці запрашаюць за акіян? Чытаў, што вельмі добра ўспрынялі крытыкі ваш стары альбом. І добры прыклад з Старым Ольсам ёсць.
Мы чакаем прапаноў! Нам пісалі, што чакаюць там, але оферу мы не атрымлівалі. Людзі вельмі цёпла ўспрымаюць нашу музыку, не гледзячы на тое, што не ведаюць беларускую мову. Гэта шмат пра што кажа. Але каб на сто адсоткаў разумець “песенную” творчасць, усё ж трэба ведаць пра што ідзе гаворка ў творы. Магчыма, калі-небудзь мы заспяваем і на англійскай мове, чаму не? Гэта ў нас таксама вельмі крута атрымаецца, мы ўпэўненыя.
Што вы самі слухаеце?
Зараз такі час, што складана абмежавацца нечым адным, а з іншага боку казаць, што мы слухаем усё «ад джазу да металу» — банальна. Дарэчы, уплывы на нашу творчасць лёгка чытаюцца ў музыцы гурта, ці здолее нехта разгадаць?
Перайменаванне гурта — для лепшага пошуку ў гугле?
Гэта персанальнае. Калі казаць проста, дык зараз не трэба даказваць сабе, што Re1ikt з «1» таму, што ён адзін такі.
Запытаюся і пра шрыфт са статута ВКЛ, які стаў галоўным ў новым лагатыпе гурта. Гэта такая даніна гісторыі Беларусі? Палітычная пазыцыя?
Гэта спроба звярнуць увагу людзей і сваю ўласную да гісторыі.
Вы ўжо працуеце над новым альбомам? Ці ёсць песні, якія запісаныя, але пакуль адкладзеныя?
Мы не пакутуем ад адсутнасці творчага матэрыялу, але хочам даць сабе крыху часу, каб з’явілася нешта новае ўнутры нас саміх, а пасля перанясем гэта ў музыку.
Фота з суполкі Relikt у ВК