Англійскаму генералу Картону дэ Віярту так спадабалася на Палессі, што ён вырашыў там пасяліцца. Маёнтак дэ Віярту падарыў Караль Мікалай Радзівіл. Сам генерал паміж войнамі апрацоўваў зямлю ды дзівіўся палешукамі, пра што пісаў у сваіх мемуарах. Распавядаем цікавую гісторыю дэ Віярта, якога па праве называюць салдатам-вар’ятам — настолькі ён любіў ваенныя дзеянні.
Картон дэ Віярт нарадзіўся ў арыстакратычнай сям’і ў Бруселі 5 траўня 1880 года, быў старэйшым сынам адваката і магістрата Леона дэ Віярта і Эрнестыны Верцыг. Раннія гады правёў у Бельгіі і Англіі, а ва ўзросце 6-ці гадоў па разводзе бацькоў пераехаў у Каір, дзе ягоны бацька працаваў адвакатам і дырэктарам Каірскіх электрычных чыгунак. У Егіпце Картон дэ Віярт навучыўся размаўляць па-арабску.
Ва ўзросце 11 гадоў, будучы каталіком, дэ Віярт быў адпраўлены ў рыма-каталіцкую школу-інтэрнат у Англіі, па заканчэнні якой ён паступае ў адзін з найстарэйшых каледжаў Оскфардскага ўніверсітэта, Бэйліял-каледж. Але ў 1899 годзе пачынаецца Другая англа-бурская вайна на афрыканскім кантыненце, канфлікт Брытаніі супраць даўніх нідэрландскіх каланістаў (бураў). 19-гадовы Картон дэ Віярт кінуў вучобу для ўдзелу ў вайне на баку брытанскай арміі, на прызыўным пункце ён запісаўся падробленым імем і заявіў што яму 25 гадоў. Як пазней згадваў сам дэ Віярт, для яго тады не мела значэння, за каго ваяваць, і калі б яго не ўзялі ў брытанскую армію, ён бы ваяваў за бураў, бо проста хацеў ваяваць. У першым жа баявым сутыкненні ён атрымаў раненні ў жывот і ў пах, пасля чаго быў шпіталізаваны. Пасля таго, як у войску даведаліся пра сапраўдны ўзрост і асобу юнака, яго адправілі назад у Англію.
Бацька раз’юшыўся, калі даведаўся, што сын кінуў вучобу, аднак у выніку ўсё ж дазволіў застацца ў войску. У 1901 годзе дэ Віярт быў ўзяты ў Імператарскую лёгкую конніцу і зноў прыняў удзел у баях у Афрыцы. Атрымаў званне другога лейтэнанта 4-га Драгунскага гвардзейскага палка і быў пераведзены на службу ў Індыю, бо англа-бурскай вайна скончылася ў 1902 годзе. Пасля таго, як яго полк быў пераведзены ў Паўднёвую Афрыку ў 1904 годзе ён атрымаў званне лейтэнанта і прызначаны ад’ютантам галоўнакамандуючага брытанскіх войск у Афрыцы сэра Генры Гілд’ярда.
Картон дэ Віярт у 1904 годзе, Індыя.
Раненне ў англа-бурскай вайне выклікала жаданне дэ Віярта ўзмацніць фізічную падрыхтоўку, ён рэгулярна бегаў, шпацыраваў і займаўся спортам, лёгкія абавязкі ад’ютанта давалі яму магчымасць часта гуляць у пола, якое ён палюбіў. Толькі ў 1907 годзе Картон дэ Віярт прысягнуў на вернасць каралю Эдварду VII, стаўшы падданым Вялікабрытаніі, дагэтуль ён быў грамадзянінам Бельгіі. У 1908 годзе ён ажаніўся з графіняй Фрэдэрыкай Фугер фон Бабенхаўзен, якая паходзіла з знатнага роду нямецкіх банкіраў. У пары нарадзіліся дзве дачкі. Картон дэ Віярт і дагэтуль меў добрыя сувязі ў еўрапейскіх палітычных колах, ягоныя стрыечныя браты стануць прэм’ер-міністрам і сакратаром караля Бельгіі. Да Першай сусветнай вайны ён шмат падарожнічае па Еўропе, а сувязі дазваляюць адпачываць у добрых загарадных маёнтках Цэнтральнай Еўропы. У 1910 годзе дэ Віярту было прысвоена званне капітана.
Першая сусветная вайна
Але багемнае жыццё капітана заканчваецца з пачаткам Першай сусветнай вайны ў 1914 годзе, ён вяртаецца да свайго любімага занятку – ваенных дзеянняў. Картон дэ Віярт быў накіраваны ў Брытанскі Самалілэнд, дзе нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць Вялікабрытаніі ўзняў рэлігійны лідар Мухамад Абдала Гасан. Дэ Віярт быў камандзіраваны ў Вярблюджы корпус Самалілэнда. У часе атакі на форт ворага ў Шымбер Бэры капітан атрымаў двайное раненне ў твар, страціўшы вока і частку вуха. За гэту атаку ён быў узнагароджаны Ордэнам за заслугі.
Вярблюджы корпус Самалілэнда, 1913 год.
Даказаўшы на медыцынскай камісіі сваю здольнасць працягваць ваяваць без вока, у лютым 1915 года ён накіроўваецца ў Францыю, дзе ўдзельнічае ў баявых дзеяннях на Заходнім фронце, па чарзе камандуе трыма пяхотнымі батальёнамі і брыгадай. Калі ён атрымаў моцнае раненне ў руку, а лекар не пагадзіўся выдаляць пальцы на полі бою, загадаўшы рабіць аперацыю ў шпіталі, Картон дэ Віярт адарваў параненыя пальцы і працягнуў удзел у баі, аднак у выніку праз гангрэну страціў руку па локаць. Ён яшчэ сем разоў атрымліваў раненні на вайне, быў паранены ў чэрап, шчыкалатку, сцягно, нагу і вуха. Пасля раненняў ён адправіўся ў дом апекі, каб паправіць здароўе. За мужнасць у баі, у 1916 годзе ён быў узнагароджаны найвышэйшай вайсковай узнагародай Вялікабрытаніі – Крыжам Вікторыі. Першую сусветную вайну Картон дэ Віярт скончыў у званні часовага брыгаднага генерала.
Паміж 1914 і 1918 гадамі.
Польская місія
Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны Картон дэ Віярт быў накіраваны брытанскім урадам у Польшчу як член Брытанскай вайсковай місіі. Польшча ў выніку распаду Расійскай імперыі і вайны здабыла незалежнасць і была ў стане вайны з Украінай, Літвой, Савецкай Расіяй і мела пагранічныя канфлікты з Чэхаславакіяй. Неўзабаве дэ Віярт узначаліў місію. Мэтай місіі было дапамагчы Польшчы адстаяць незалежнасць і паспрыяць з пастаўкамі зброі. Таксама дэ Віярт хацеў арганізаваць мірнае пагадненне паміж Украінскай Дырэкторыяй і Польшчай, аднак не меў поспеху. У часе знаходжання ў Польшчы Картон дэ Віярт займеў сувязі з маршалам Юзафам Пілсудскім і іншымі вярхамі польскай палітыкі. У час дзеяння місіі дэ Віярт паспеў патрапіць у авіакатастрофу, самалёт упаў на тэрыторыі, якую кантралявала Літва, у выніку чаго ён кароткі час быў у палоне. Падчас Варшаўскай бітвы ў жніўні 1920 года бальшавіцкія войскі напалі на цягнік брытанскай місіі, дэ Віярт зладзіў абарону, а сам адстрэльваўся з пісталета, выпаў з цягніка на хаду, але хутка заскокнуў назад. Польшча ўзнагародзіла генерала найвышэйшай вайсковай узнагародай краіны Virtuti Militari.
Начальнік польскай дзяржавы Юзаф Пілсудскі (у цэнтры) з прадстаўнікамі замежных вайсоквых місій, 1919 год. Картон дэ Віярт сядзіць праваруч ад Пілсудскага.
Міжваенны час на Палессі
Па заканчэнні вайны генерал працягвае кіраваць місіяй, а па згортванні місіі вырашае застацца ў Польшчы. Тым часам, пасля гібелі ў баях ва Украіне Давыд-Гарадоцкага ардыната Станіслава Вільгельма Радзівіла, ягоныя землі атрымлівае ў спадчыну сын Караль Мікалай Радзівіл. Уладанні памерам 155 тысяч гектараў зямлі Караля Мікалая былі ў Заходняй Беларусі, якая ў выніку польска-савецкай вайны і Рыжскага міру 1921 года адышла да Польшчы. Генерал Адрыян Картон дэ Віярт меў сяброўскія стасункі з Каралем Мікалаем, і той запрашае яго агледзець сваю маёмасць.
Караль Мікалай Радзівіл, 1933 год.
Як піша ў сваіх мемуарах дэ Віярт, ён з Каралем Мікалаем паехаў цягніком да Лунінца, адкуль на вясковых фурманках за трыццаць міль прыбыў у сядзібу Радзівіла ў Манькавічах. Паводле Віярта, краіна мела прыгажосць дзікай раўніны з бязмежнымі лясамі, азёрамі і рэкамі, якія цягнуліся ў далячынь, таксама гэта быў дом для ўсіх відаў птушак, і ён адразу закахаўся ў яго. Ён сказаў Радзівілу, што калі ў ваколіцах знойдзецца якое-небудзь добрае прыдатнае месца, ён бы хацеў яго заняць. Цераз некалькі месяцаў Радзівіл ізноў запрасіў генерала ў Манькавічы, дзе сказаў што адпаведны маёнтак месціцца ў сарака мілях і да яго можна дабрацца толькі па вадзе. Яны прыбылі на маленькі востраў сярод Пінскіх балот і лесу, дзе стаяў адзін невялікі драўляны дом. Дэ Віярт адразу ж зразумеў, што гэта тое, што яму падыходзіць, ды спытаў у Радзівіла пра цану арэнды, на што той пакрыўдзіўся і сказаў што маёнтак даецца яму абсалютна бясплатна. Так брытанскі вайсковец стаў арандатарам маёнтка Простынь на рацэ Льва, усяго за некалькі міль ад граніцы з БССР. У далейшым брытанец крыху палепшыў свой сядзібны дом, якім выступаў колішні дом ляснічага, а таксама пабудаваў дом для прыслугі. Прыслугай Віярта былі прывезеныя іншаземцы, агулам 5 чалавек.
Картон дэ Віарт у Простыні, 1927 год.
Тут вайсковец паглыбіўся ў спакойнае вясковае жыццё. Віярт згадваў, што зямля тут прыдатная для ворыва настолькі, каб даць чалавеку толькі самае неабходнае, але не больш. Генерал заняўся земляробствам як хобі і апрацаваў дастаткова зямлі для сваіх патрэб, таксама ён быў вялікімі аматарам палявання і прысвяціў успамінам пра паляванне на Палессі цэлы раздзел у кнізе сваіх успамінаў. Штогод узімку дэ Віярт вяртаўся дамоў у Англію на 3 месяцы, каб перасядзець моцны холад.
Сядзібны дом у Простыні.
Вось як згадваў брытанец насельніцтва гэтых зямель: «Жыхары Прыпяціх балот – беларусы, а таксама сумесь рускіх і палякаў, але калі ў селяніна спытаць, ён рускі ці паляк, то ён адкажа: “Ні той, ні гэты, я тутэйшы”. Толькі вельмі невялікі адсотак сялянства меў якую-небудзь адукацыю, хоць гэты адсотак імкліва павялічваўся, пакуль Гітлер не спыніў яго. У першыя мае часы ў Простыні большасць сялян былі непісьменнымі, ніколі не бачылі цягніка і не жадалі з’язджаць са сваёй зямлі». Аднойчы дэ Віярт бачыў, як селянін рабіў педыкюр сякерай, таксама яго захапляла майстэрскае ўменне палешукоў кіраваць чаўнамі на балотах.
Рака Льва і сядзіба ў Простыні.
Па далучэнні Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе маёнтак быў нацыяналізаваны, розныя артэфакты генерала трапілі ў музейныя фонды савецкай Беларусі, аднак былі згублены за часамі нямецкай акупацыі.
Простынь на польскай міжваеннай карце і на спадарожнікавым здымку ў наш час. Пра ранейшую сядзібу цяпер нічога не нагадвае. Тэрыторыя прылягае да заказніка Альманскія балоты.
Другая сусветная вайна і пенсія
Напярэдадні нападу Германіі на Польшчу Картон дэ Віярт узначаліў адноўленую брытанскую вайсковую місію, у межах якой сустракаўся з польскім галоўнакамандуючым Эдвардам Рыдзам-Сміглым. Разумеючы слабасць палякаў дэ Віярт прапанаваў адцягнуць польскія войскі за раку Віслу, на што тыя не пагадзіліся. Але менавіта паводле парады брытанскага генерала Польшча выратавала флот, часці флоту пакінулі Балтыйскае мора і ў далейшым зрабілі значны ўклад для войск саюзнікаў на моры.
Пасля таго, як польскі супраціў аслаб, Картон дэ Віярт эвакуіраваў брытанскую місію з Варшавы разам з польскім урадам. У часе адступлення яны ледзь не былі адрэзаны савецкімі войскамі, таксама па дарозе канвой быў атакаваны Люфтвафэ, у часе чаго была забіта жонка аднаго з яго памочнікаў. 21 верасня з фальшывым пашпартам генерал выбраўся з Румыніі.
У красавіку 1940 года Картон дэ Віярт быў прызначаны кіраваць аб’яднанымі англа-французскімі сіламі ў бітве за Транхейм у Нарвегіі. У 1941 годзе ён быў прызначаны кіраўніком брытана-югаслаўскай вайсковай місіі. Гітлер рыхтаваўся ўварвацца ў Югаславію, і ёй была патрэбна дапамога саюзнікаў. Але ў часе палёту місіі ўжо не першы раз дэ Віярт трапіў у авіякатастрофу, адмовілі рухавікі самалёта і ён прызямліўся на падкантрольнай фашысцкай Італіі тэрыторыі Лівіі, удзельнікі місіі трапілі ў італьянскі палон. Генерал пяць разоў спрабаваў уцячы з турмы для высокапастаўленых афіцэраў, аднойчы ён 8 дзён удаваў сябе за італьянскага селяніна. Але знешнасць 62-гадовага вайскоўца без рукі, вока і з мноствам раненняў і шнараў, а таксама няўменне гаварыць па-італьянску выдавалі яго. У жніўні 1943 года італьянцы выкарысталі дэ Віярта для перамоў з брытанцамі аб выхадзе з вайны, ён быў вызвалены і адправіўся ў Англію.
Аднак на гэтым прыгоды генерала не скончыліся. Ён удзельнічаў у Каірскай канферэнцыі ўвосень 1943 года, а пасля быў накіраваны Чэрчылем прадстаўніком Брытаніі ў Кітаі. У 1945 годзе Картон дэ Віярт становіцца кавалерам Ордэна Брытанскай імперыі.
Каірская канферэнцыя 22–26 лістапада 1943 года. Картон дэ Віарт стаіць крайні справа. Сядзяць (злева направа): генералісімус Чан Кайшы, прэзідэнт ЗША Франклін Рузвельт, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Уінстан Чэрчыль і спадарыня Чан Кайшы.
Дэ Віарт пайшоў на пенсію ў 1947 годзе, прысвяціўшы рэшту жыцця напісанню мемуараў і сваім хобі. У 1951 годзе, па смерці першай жонкі, ён ажаніўся другі раз і пасяліўся ў Ірландыі, у графстве Корк. Памёр герой войнаў і шматлікіх прыгод, а таксама колішні насельнік беларускага Палесся, у 1963 годзе ва ўзросце 83 гадоў у Ірландыі, пахаваны там жа.
Картон дэ Віарт у Каіры.