На шляху Брэст – Гродна ў мястэчку Падароск Ваўкавыскага раёна ўвагу вандроўнікаў заўсёды прыцягвае цікавая цагляная агароджа са слупамі-шапачкамі, якія нагадваюць капялюш Гендальфа. Мы зазірнулі на тэрыторыю маёнтка Падароск, каб даведацца, як праходзіць прыватная рэстаўрацыя і чым тут будуць здзіўляць турыстаў.

Музей беларускай шляхты

Каля цэнтральнага будынку – палаца Бохвіцаў – нас сустрэў дырэктар аб’екта Юры Меляшкевіч і запрасіў на экскурсію ў музей беларускай шляхты. Экспазіцыя пакуль часовая, але з дапамогай расповеда вымалёўваецца разуменне, хто такі шляхціч, і адразу хочацца адшукаць у сваіх сямейных архівах прыналежнасць да нейкага славутага роду ВКЛ.

Подороск, Юры Меляшкевіч, Падароск

— Экспазіцыя музея апісвае жыццё шляхціча ад нараджэння да скону. Метафарычна мы звязалі гэта з гісторыяй шляхты на Беларусі: як яна ўтварылася як клас, як яна развівалася і знікла. Шляхецтва паўстала ад баярскага саслоўя, але ў адрозненні ад баяр шляхта магла ўплываць на палітычнае жыццё ў краіне. Яны ўдзельнічалі ў соймах, маглі выбірацца альбо выкупаць дзяржаўныя пасады і адпаведна гэта давала ім больш правоў, — распавядае Юры.

У першай залі мы бачым шляхецкія гербы найбуйнейшых родаў, якія ў розны час валодалі маёнткам Падароск. Першымі ўласнікамі былі Клочкі (1505 год), пасля маёмасць перайшла да Дольскіх, з канца 17 ст. тут гаспадараць Грабоўскія (пры іх палац з драўлянага перабудаваны на цагляны), потым Пухальскія, Чачоты, апошнімі ўласнікамі ў 19 ст. сталі Бохвіцы.

Другая заля нагадвае нам пра мірнае суіснаванне розных канфесій на тэрыторыі Беларусі. На макеце прадстаўлена мястэчка Ізабэлін недалёка ад Падароска з класічнай планіроўкай — усе храмы вакол цэнтральнай гандлёвай плошчы. Вось сінагога (захавалася да сёння), касцёл (згарэў у 1941 годзе), а гэта кальвінскі збор (зараз там каталіцкі касцёл) і ўніяцкая царква (зараз праваслаўная). Храмы часцей за ўсё фундаваліся са сродкаў уласніка маёнтка.

Адзін з пакояў нагадвае нам салон – тагачасную пляцоўку для культурніцкіх сустрэч. У такіх пакоях ладзілі літаратурныя і музычныя вечарыны, абмяркоўвалі палітычнае жыццё, а таксама тут адбывалася самапрэзентацыя рода. Салоны былі напоўненыя партрэтамі продкаў, якія дэманстравалі гістарычную значнасць роду. У 18-19 стагоддзі шляхта стварыла той культурны скарб, якім мы карыстаемся да сёння. На сценах мы бачым паэта Адама Міцкевіча, каралеву Бону Сфорцу, Мікалая Радзівіла Чорнага, некалькі неапазнаных асоб.

Подороск
Подороск
Подороск
Подороск
Падароск, Подороск
Подороск

У музеі ёсць экспазіцыя, прысвечыная вайсковай славе. Шляхта не плаціла падаткаў, бо лічылася, што іх вайсковая служба – плата крывёю на полі боя. Ёсць пакой, дзе Юры распавядае пра выбітных шляхцічаў-асветнікаў Васіля Цяпінскага, Сымона Буднага, Іпацея Пацея, Казіміра Семяновіча, Максімільяна Рыла і Францыска Скарыну (дарэчы ён быў сынам купца, а не шляхціча). Ёсць макеты маёнткаў розных выбітных родаў: драўляныя сядзібы Касцюшкі і Міцкевіча, палац Умястоўскіх ў Жамыслаўлі (копія палаца ў варшаўскіх Лазенках), вялізны па тэрыторыі палац Храптовічаў у Шчорсах. У адной з заляў сядзіць фігура Напалеона Банапарта. У 19 стагоддзі ў яго гонар назвалі не толькі торт, але і дзяцей (напрыклад, Напалеон Орда).

— Для нашай шляхты Напалеон быў станоўчым героем, бо з ім былі звязаныя спадзевы на адраджэнне ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Пасля вайны шляхта прысвячала яму ў сваіх палацах асобны пакой, дзе збіраліся рэчы і мэбля тых часоў у стылі ампір. У Падароску мы таксама адновім пакой Напалеона, бо ведаем, дзе ён знаходзіўся па плане, — распавядае Юры побач з незвычайнай фігурай Напалеона.

За чорнай шторай хаваецца чорны пакой, які сімвалізуе фамільную капліцу. У шляхты была іншая філасофія стаўлення да смерці: «Я жыву, пакуль мяне памятаюць.» Адсюль пайшло шанаванне сваіх продкаў, вывучэнне гісторыі сваёй сям’і, напісанне мемуараў. У шляхетнай сям’і заўжды быў чалавек, які вёў архіў, фіксаваў падзеі і збіраў дакументы, а потым на падставе гэтай інфармацыі выдавалася кніга.

Подороск
Подороск
Подороск
Подороск
Подороск

Смерць самой шляхты як саслоўя пачынаецца ў 19 стагоддзі пасля падзелу Рэчы Паспалітай.

— Як толькі землі ВКЛ увайшлі ў склад Расейскай Імперыі, пачаўся «разбор шляхты». Дваранства ў Расеі складала ўсяго 1% насельніцтва, а на нашых землях лічба даходзіла да 10%. Пасля разбору дробную шляхту пераводзілі ў саслоўе альбо сялянаў, альбо мяшчанаў. Каб пацвердзіць свае шляхецкія карані, патрэбна было прадставіць адпаведныя дакументы. Гэта спарадзіла хвалю фальсіфікацый, таму што ў архівах за грошы з задавальннем фабрыкавалі выпіскі з актавых кнігаў, — працягвае Юры.

Для Заходняй Беларусі «канчатковае вырашэнне шляхецкага пытання» было звязана з прыходам бальшавікоў у 1939 годзе. Прадстаўнікоў адрозных ад іх сацыяльных груп нават называлі «бывшие люди». Маёмасныя класы патрапілі пад масавыя рэпрэсіі: дэпартацыі, арышты, вязнення ў лагерах альбо растрэлы. Апошні ўласнік маёнтка Падароск Раман Бохвіц таксама трапіў у турму НКУС у Беластоку, там яго след і губляецца…

Пакой сімвалізуе лёсы гэтых людзей, якія выпархнулі са сваіх радавых гнёздаў. У лепшым выпадку яны паспелі сабраць чамаданы і выехаць у замежжа, у горшым – у вагонах былі вывезеныя ў Сібір ці Казахстан. Так была пастаўлена кропка ў гісторыі беларускай шляхты.

Подороск

Напрыканцы аповеду Юры падзяліўся ідэяй павесіць люстэрка на ўваходзе ў палац, каб кожны чалавек, які заходзіць у музей, пабачыў у адлюстраванні прадстаўніка беларускай шляхты:

— Шляхта – гэта не проста саслоўе, гэта стан душы, узровень культуры чалавека. На сённяшні дзень беларусы могуць стаць спадкаемцамі вялізнага пласта гісторыі і культуры, толькі ад нас залежыць, ці будзем мы карыстацца гэтым.

Новы ўласнік і лёс палаца

Сёння тэрыторыя маёнтка Падароск знаходзіцца ва ўласнасці расейскага бізнэсоўцы Паўла Падкарытава. Ён выкупіў маёнтак на аўкцыёне ў 2012 годзе за 120 тысяч даляраў. Павал нарадзіўся ў Расеі, але яго бабуля з Віцебскай вобласці шмат у чым паўплывала на яго выхаванне. Першы раз ён выправіўся ў вандроўку па Беларусі ва ўзросце 42 год, калі зацікавіўся сваімі каранямі і беларускай мовай. Калі бізнэсоўца пабачыў Падароск, то захапіўся ідэяй стварыць тут музей беларускай шляхты. Павал разумее, што гэта вялізная забытая старонка нашай гісторыі можа паўплываць на выхаванне будучых пакаленняў беларусаў.

З таго часу ён укладае свае асабістыя сродкі, каб гэты комплекс набыў належны від. Замест часовай экспазіцыі ў палацы будуць выстаўленыя прадметы антыкварыяту 18-19 стагоддзяў, з большага аўтэнтычныя экспанаты з прыватная калекцыі Паўла. Таксама ў галоўным будынку будзе памяшканне для правядзення канферэнцый і прастора для каворкінга.

Комплекс з рэстаранам і спа-салонам

Іншыя будынкі на тэрыторыі комплекса паступова таксама выкупаліся. Для кожнага з іх у канцэпцыі праекта прызначана свая функцыя. Будынак, дзе размяшчалася «пажарка», ператворыцца ў гатэль на 27 чалавек. У былой афіцыне будзе рэстаран з вялікай заляй на 40 чалавек, а ў двухпавярховай прыбудове зробяць 2 нумары: шлюбны і для сваякоў маладых. У гістарычных скляпеннях размесцяцца сігарны і віскарны пакоі. Насупраць палаца хочуць аднавіць альтанку і аранжарэю з ліманарыем. На месцы закансерваванай стайні плануецца спа-салон з басейнам, хамамам, рымскай тэрмай і фітнэс-заляй.

У рэстаўратараў заўжды ўзнікае пытанне, на які перыяд часу аднаўляць будынкі?

— Паводле крыніц мы ведаем, што палац у Падароску спачатку быў драўляным, далей ён быў меншым, чым зараз, (бакавыя крылы і другі паверх дабудаваныя пазней), яшчэ пазней палац упрыгожылі порцікамі і зрабілі дадатковыя вокны. На якім жа перыядзе мы зробім стоп-кадр? І так з кожным будынкам на тэрыторыі, усе іх трэба сінхранізаваць. Мы навукова даследуем мясцовасць, прымяняем сучасныя тэхналогіі і атрымліваем аўтэнтычнае – гэта і ёсць сучасная рэстаўрацыя. Раней гэтыя комплексы жывіла сельская гаспадарка і вытворчасць навокал, цяпер палацы жывуць па-іншаму: яны фінансуюцца нейкім заможным чалавекам, які атрымлівае прыбыткі ад іншага бізнэсу, а для рэстаўраваных аб’ектаў распрацоўваюцца новыя схемы, якія дазволяць комлексу эканамічна існаваць на тым, што ён мае.

Подороск
Подороск
Подороск
Подороск
Подороск

Калі хочаце трапіць у музей маёнтка Падароск, загадзя напішыце ім у інстаграм, інакш можна пацалаваць замкнёныя дзверы, і вазьміце ліхтарык. А па дарозе можна зазірнуць у Ружаны і Косава ці выбраць нейкі з нашых маршрутаў па закінутай Беларусі, дзе ёсць яшчэ 2 сядзібы Бохвіцаў.

Подписаться
Уведомление о
guest
0 комментариев
Inline Feedbacks
View all comments