Раней усе імкнуліся пераехаць з вескі ў горад: і магчымасцей там больш, і жыццё актыўней. Але апошнім часам можна назіраць зусім іншую карціну: ў старыя вёскі павадзіліся пераязджаць маладыя жыхары. Гэтым матэрыялам мы распачынаем серыю артыкулаў пра берасцейскіх даўншыфцераў, якія мэтанакіравана выбіраюць жыццё ў весцы як альтэрнатыву «бетонным джунглям».

Вёска Зянькі знаходзіцца далёка ад буйных камунікацый: сюды нельга даехаць на цягніку, а аўтобус прыязджае только два разы на тыдзень. Некалькі гадоў таму тут заселенымі заставаліся ўсяго некалькі хат. Вёска павольна вымірала, але раптам усё змянілася. Сёння гэта адна з тых вёсак раёна, дзе можна назіраць прырост насельніцтва: за апошнія некалькі гадоў тут нарадзілася шасцёра дзяцей.

Да вёскі вядзе пясчаная дарога, на якой пасля зімы лёгка можна загразнуць. Нас сустракае брэхам сабака – вялікая чорная Альфа. Так яна паведамляе гаспадарам пра гасцей.

Собака, пёс

Іна з мужам Алегам і маленькім сынам Яраславам пераехала ў Зянькі не так даўно. «Нас каронавірус сюды вярнуў канчаткова», – кажа яна.

«Я пакуль дайду – усе вершы вывучу»

У вёсцы Зянькі наша гераіня нарадзілася і пражыла першыя 15 год. Маці пераехала ў Брэст, калі Іна была зусім малая.

Мама ўвесь час працавала правадніком, таму мяне не забірала. Плюс уладкоўвала асабістае жыццё, маладая была. Мяне нарадзіла ў 18 год. Таму баба мяне больш выхоўвала, чым мама. У той час я была адзіным у Зяньках дзіцём.

Іна Хоміч

Тут Іна хадзіла ў школу: восем кіламетраў пешшу! Для сучасных дзяцей гэта падаецца немагчымым, але Іна ўспамінае тыя часы з пяшчотай.

Школу я вельмі любіла. Бывала, прачынаюся і адчуваю, што мне горла баліць. Таму стараюся з бабай не размаўляць, каб яна не засякла і дома не пакінула.

Дарога да школы займала больш за гадзіну. За гэты час можна было і катоў па дарозе пазбіраць, і дамашку зрабіць.

кот

кот

Вершы я вучыла вельмі каларытна: па дарозе дадому. Выглядала дзіўна: ідзе дзіця і нешта сабе пад нос бубніць. А я пакуль дайду – усе вершы вывучу, каб час не губляць, – усміхаецца Іна. – Таму мяне запомнілі як нейкую дзівачку.

Школу, у якой вучылася Іна, ужо даўно закрылі, таму куды пойдзе зусім яшчэ маленькі Яраслаў, яны з мужам пакуль не вырашылі.

Хацелі беларускамоўную школу для яго, але ў раёне засталося такіх толькі дзве. І абедзве далёка. І невядома, ці не закрыюць іх да таго часу…

«Каб чайнік вады закіпяціць, трэба бойлер абрубаць»

У жыхароў Зянькоў ёсць дзве асноўныя праблемы: дарога і электрычнасць. Пра дарогу яшчэ Ініна баба плакала: вясной сюды не магла праехаць нават аўталаўка, і старой жынчыне прыходзілася хадзіць у суседнюю вёску за прадуктамі. Зараз сітуацыя трошкі выправілася, дарогу падсыпалі, але пасля дажджу тут усе роўна можна загразнуць. А з электрычнасцю яшчэ горш.

Яна (электрычнасць) пастаянна адрубаецца. Сёння Алег пыласосіў, то прыйшлося цёплую падлогу выключаць. А часам яшчэ і бойлер трэба абрубаць, каб чайнік вады закіпяціць. Электрычнасць пастаянна туды-сюды скача. А калі будзе больш дамоў з тымі ж бойлерамі, дык электрычнасць будзе адрубацца пастаянна, – кажа Іна. – Але калі будзе больш заселеных хат, хучэй усё зробяць.

Олег

Жыхары сабраліся і напісалі калектыўны зварот. Ім паабяцалі, што падстанцыю памяняюць, а ў бліжэйшыя гады і ўсё астатняе.

Яшчэ адным з мінусаў жыцця ў вёсцы сям’я называе адсутнасць культурнага жыцця, але хутка выпраўляюцца: «Калі табе не хапае культуры – проста робіш культуру».

Праблемы ёсць і з інтэрнэтам, а менавіта з яго адсутнасцю. Стацыянарны інтэрнэт сюды правесці немагчыма, а мабільны не заўсёды добра працуе.

Мы тут на мяжы пакрыцця, і таму абедзве сеткі прасядаюць. Нейкую сур’ёзную рабочую сустрэчу я б не рызыкнула прызначаць анлайн. А так фільм паглядзець хапае.

Инна Хомич

Але па коштах жыццё у вёсцы атрымліваецца нават таннейшым за жыццё ў горадзе. Самае дарагое – электрычнасць.

Самае вялікае, колькі мы заплацілі, гэта 90 рублёў. Зіма была халоднай і таму набегла дзесьці каля 800 кВт: бойлер, падлога… – падлічвае Іна. – А ўвогуле мы плацім толькі за электрычнасць і за вываз смецця. Зімой за кватэру мы хутчэй за ўсё плацілі б больш.

«Мы проста гараджане на вёсцы»

Да дэкрэтнага адпачынку Іна працавала рэдактаркай часопіса «Наша гісторыя» і паралельна займалася ткацтвам. Зараз сумяшчаць ткацтва з гадаваннем малога цяжка, таму ткацкі станок – кросны – стаіць на верандзе. Іна расказвае, што калісьці ў вёсцы ўсе ткалі. Напрыклад, бабіна цётка, калі была старой, нават прыходзіла ў Зянькі і хадзіла ад хаты да хаты, каб ткаць. Сёння пра гэта б сказалі «тчэ на замову».

Зараз найбліжэйшая ткачыха, якая жыве ў Зяньках, – гэта баба Гандзя. Старэнькая бабулька, якой толькі споўнілася 89 гадоў, дапамагае Іне ў яе рамястве: то кросны заправіць, то нейкім лайфхакам навучыць. Але сама не тчэ – рукі ўжо не тыя. Бачна, як цяжка ёй трымаць саматканыя дыванкі, якія мы папарасілі паказаць.

Баба Гандзя

ковры самотканые

У яе проста такі талент! – ускідвае рукі Іна. – На яе посцілкі паглядзець – гэта проста шэдэўр! І дыванкі ў яе такія, што калі яна іх засцілае – здаецца, што яны проста купленыя.

Але баба Гандзя каштоўнасці гэтай прыгажосці не разумее.

Раней гэта ўсё рабілася пад прымусам… А цяпер у крамах такі выбар, а людзі чамусьці вяртаюцца да гэтага. Старым жыхарам не зразумела, што гэта штучны тавар, які мае вялікі кошт.

Не разумеюць старажылы вёскі і таго, чаму Іна з мужам і дзіцём пераехала з кватэры ў Брэсце ў старую паўмёртвую вёску. Спачатку нават выказвалі меркаванне, што сям’я тут не застанецца. Але прайшоў час і зараз пра гэта ніхто асабліва не ўспамінае.

– Але мы самі не вельмі ўспрымаем, што мы нейкія там вясковыя, – кажа Іна. – Калі жывеш, разумееш, што менталітэт у цябе ўсё роўна змяніўся. Нават калі паглядзець на адносіны да жывёл. Хто з вяскоўцаў будзе везці да ветэрынара жывёлу? А тыя ж прышчэпкі! У нас усе жывёлы з прышчэпкамі, з пашпартамі. А сабака вось у нас! Альфа спіць у хаце. Мы ёй будку пабудавалі – катэдж проста – а яна там толькі адзін раз спала.

  Можа гэта і ёсць новая генерацыя вяскоўцаў?

А так і ёсць! Усе, хто калісьці з’ехаў, зараз проста гараджане на вёсцы. Шляхта такая! (смяецца) Але нам падабаецца тут жыць. Гэта непараўнальна з горадам у адчуванні свабоды!

Инна Хомич

«Гэта наша будучыня: жыць за горадам»

Калі Яраслаў толькі нарадзіўся і мая мама зразумела, што мы збіраемся павезці яго ў вёску, яна была ў шоку. Не чакала гэтага, – кажа Іна. – Хвалявалася «а раптам да ўрача?». Ага, канешне, такога хворага дзіцёнка нарадзілі, што трэба кожную гадзіну ўрачу паказваць. А праз тыдзень яна змірылася.

Адлегласць ад горада не асноўнае, пра што трэба турбавацца. Большай праблемай з’яўляецца праца – на вёсцы яе проста няма. Па меркаванні Іны, дазволіць сабе тут жыць можа толькі фрылансер, якому ўсё роўна, адкуль працаваць. У іншых выпадках трэба шукаць вёску бліжэй да горада. Добры прыклад – Чарнаўчыцы, якія зараз практычна ўсе забудаваны берасцейцамі.

Я лічу, што гэта, насамрэч, наша будучыня – жыць за горадам, а працаваць у горадзе. Таму што гэта камфортна. А жыць у кватэры – гэта не камфортна, якой бы ўтульнай яна не была, – кажа Іна. – Ды і мы не такія ўжо даўншыўцеры. Мы не завялі вялікую гаспадарку, авечак у нас няма, кароў таксама. Уся наша гаспадарка – гэта чатыры каты і сабака.

деревня

Заводзіць гаспадарку сям’я і не хоча. І часам Іну цягне ў горад пабачыцца з сябрамі, наведаць якую выставу.

– Я цалкам не верыла да канца, што мы пераедзем. Алег усё казаў, а я слухала і думала, што мы тут будзем наездамі. А атрымалася наадварот: наездамі мы там.

«Зынкы»

Пакуль мы размаўлялі, маленькі Яраслаў увесь час ціхенька гуляўся з забаўкамі. Але ўсё калісьці павінна скончыцца: дзіцёнак запатрабаваў шпацыр. Адмовіцца нельга, таму гаспадары выдалі нам пару гумовых ботаў – наш гарадскі абутак зусім не падыходзіць для шпацыру па зянькоўскаму бездарожжу – і вырашылі правесці экскурсію па вёсцы.

Зяньки

Звяртаем увагу на стэнд. На ім – гістарычная мапа Зянькоў. Некаторых хат ужо няма – пры адступленні немцы падпалілі вёску. Але кожная хатка з любоўю падпісаная «по-своёму». Нават назва Зянькоў пазначана як «Зынкы».

Было цікава назіраць, як на адкрыцці людзі назвы чыталі і смяяліся, – усміхаецца Іна. – Я даўно пачала гэта запісваць. У Брэсце дзесьці вісіць першая хэнд-мэйд мапа, потым бабу Гандзю з бабай Маняй прыцягнула да гэтага – яны больш памятаюць. А зараз гляджу і думаю: столькі ўсяго яшчэ не запісалі. Але 3D-мадэль нашай вёскі ёсць нават на гугл-мапе.

Дом Инны на карте

Побач са стэндам – смеццевыя кантэйнеры. Вельмі нязвыклы атрыбут для вёсак. Гэта таксама заслуга сям’і і… старшыні сельсавету.

 У нас вельмі добры старшыня. Гэта чалавек, які менавіта робіць, а не толькі кажа. Напрыклад, мы яму тэлефануем каб запытаць, куды можно звярнуцца, каб расчысцілі дарогу. А ён адказвае: вы ўжо патэлефанавалі куды трэба. І ў той жа дзень ці на наступны ўсё вырашаецца”.

Зяньки

«Мяне ўсё задавальняе»

Пасля некалькіх гадзін размовы ў нас у саміх з’яўляецца жаданне купіць дом у Зяньках альбо побач і пераехаць з шматпавярховіка ў сваё жытло: столькі магчымасцей адкрываецца. Аднак пытаемся, ці не бывае ў Іны жадання вярнуцца ў Брэст: ну павінна ж яно час ад часу ўзнікаць?

Ну, я не ведаю. Нават не ўяўляю, пры якіх абставінах. Можа так здарыцца, што у Брэсце спатрэбіцца мая прысутнасць, але пакуль не, не хачу. Мяне ўсё задавальняе. І Алега, як я бачу, таксама.

Фота Ілья Шамілаў

Подписаться
Уведомление о
guest
0 комментариев
Inline Feedbacks
View all comments