Цяжка сустрэць палескую вёску ці горад, дзе б не жыла хаця б адна баптысцкая сям’я. Пра Кобрын і Альшаны і казаць не прыходзіцца. Нават афіцыйная статыстыка аблвыканкама, якая не ўлічвае місіянерскіх пунктаў і не лічыць вернікаў па галовах, паведамляе пра 90 зарэгістраваных на тэрыторыі вобласці абшчын. (Для параўнання каталіцкіх цэркваў 64, праваслаўных — 388).

Такім чынам, рэлігія евангельскіх хрысціян-баптыстаў даволі распаўсюджаная. Але нашы веды пра яе рэдка заходзяць далей павярхоўнага “яны не кураць, не п’юць і нараджаюць шмат дзяцей”. Давайце знаёміцца.

Калектыўныя спевы

Хто яны?

Баптызм – гэта галіна пратэстантызму. Дакладней, неапратэстантызму, бо яна паўстала не ў перыяд еўрапейскай Рэфармацыі XVI стагоддзя, а ў XIX — пачатку XX, калі Еўропу і Амерыку паглынуў новы пратэстанцкі бум. Пастар рэфарматарскай царквы і бібліяфіл Андрэй Паўлючык кажа, што пратэстантызм другой хвалі – пяцідзесятніцтва, адвентызм, баптызм, харызматычны рух і іх разнавіднасці – выразна адрозніваўся ад сярэдневечнага даступнасцю.

‒ Калі казаць пра тых традыцыйных пратэстантаў, то праблема, чаму яны не распаўсюдзіліся і не захаваліся, палягае ў тым, што яны выкарыстоўвалі польскую і нямецкую мову ў набажэнствах, не рабілі нічога, каб да іх прыядналіся сяляне. Гэта былі такія высокія гульні. Больш позні пратэстантызм быў прасцейшы і таму хутчэй прыжыўся, стаў народным, — падкрэслівае Андрэй.

Андрэй Паўлючык
Андрэй Паўлючык

З пералічаных неапратэстанцкіх плыняў Беларусі і канкрэтна берасцейскага Палесся першымі дасягнулі менавіта евангельска-баптысцкія кірункі. Адбылося гэта на стыку мінулага і пазамінулага стагоддзяў. Расійская Імперыя не надта ўхваляла новыя рэлігіі, а вось у міжваеннай Польшчы 20-30-х баптысцкія суполкі развіваліся хутка і плённа.

Дарэчы, слова “баптыст” паходзіць ад грэцкага дзеяслова “акунаць”, і паказвае на ключавую асаблівасць гэтай рэлігійнай плыні – прымаць хрост у свядомым узросце, акунаючыся цалкам у ваду, як гэта калісьці зрабіў Хрыстос.

Абрад хрышчэння
Абрад хрышчэння ў баптыстаў. З архіву ЕХБ в. Лахва

Канкрэтны прыклад

У адным толькі Лунінецкім раёне, па хуткіх падліках пастара Паўла Канановіча, каля дзвюх дзясяткаў пратэстанцкіх цэркваў. З іх — 8 баптысцкіх. Хутка адзначыць стагоддзе існавання і суполка евангельскіх хрысціян-баптыстаў у Лахве. Павал Канановіч, які кіруе тутэйшай паствай, распавядае, што першы вернік у іх з’явіўся пасля першай сусветнай вайны – мясцовы чалавек, які перахрышчаным вярнуўся з нямецкага палону. Нягледзячы на насцярожанасць кансерватыўных палешукоў, кола прыхільнікаў новай веры няўхільна расло, і ўжо ў канцы 1920-х паўстала пытанне пра будаўніцтва малітоўнага дома. Які і з’явіўся ў 1931 годзе.

удаўніцтва малітоўнага дома. З архіву ЕХБ в. Лахва
Будаўніцтва малітоўнага дома. З архіву ЕХБ в. Лахва

‒ Абшчына адзін час налічвала да ста чалавек. А так 50-70. Асабліва шмат людзей прымала хрышчэнне пасля вайны і пасля распада СССР. Цяпер крыху зацішша, але мы верым, што будзе абужэнне зноў, — кажа Павал Канановіч.

Самыя ўрачыстыя сходы ў Лахвенскім малітоўным доме – па нядзелях. Пакуль дарослыя славяць Бога праз спевы, чытанне вершаў і пераказ «сведчанняў» – гісторый, як хто прыйшоў да веры і як яна дапамагае ў жыцці, жонка пастара Ніна Канановіч дае дзецям біблейскія ўрокі. Яны разам вучаць вершы, спрабуюць іх тлумачыць, у сшытках робяць практыкаванні на замацаванне тэмы.

Урок
Канверт

З выразных візуальных адрозненняў баптысцкага сходу ад праваслаўнай ці каталіцкай службы – адсутнасць ікон, абрадаў і тэкстаў малітваў. Пастар на такім сходзе выступае ў ролі мадэратара, ён нават апрануты ў звычайны дзелавы касцюм.

Малітвы таксама ёсць, але гаворацца ў вольнай форме. Вернік выказвае падзякі за нейкія канкрэтныя рэчы і просіць аб рэчах не менш канкрэтных. Дзяўчаты на нядзельнай школе, напрыклад, у першую чаргу дзякавалі за снег, хоць настаўніца параіла дапоўніць малітву больш грунтоўнымі падзякамі.

Верш
Комар
мужчыны

Чалавек на караблі

Жанчыны старэйшага веку, 30-х гадоў нараджэння, распавядаюць дэталёвыя і цікавыя гісторыі пра сваіх бацькоў – першых баптыстаў гэтай мясцовасці, а таксама пра сябе, каму таксама нялёгка было крочыць праз традыцыю, а на пэўным гістарычным этапе і закон.

Таццяна Раковіч прыйшла ў малітоўны дом у 50 год, трываючы варожае супрацьстаянне мужа: “Канечно, яму там тыкалі друзья, шо ў цябе жонка баптыстая і ты ідзе ў баптыстые – табе не дадуць ні піць, ні курыць. Так он быў проціў гэтае веры”, — з сумам кажа жанчына.

Затое ажыўляецца, калі прыгадвае бацьку, які ў іх сям’і памяняў веру першым. У 20-х гадах ён паехаў на заробкі ў Аргентыну, і па дарозе пазнаёміўся з баптыстам з суседняга Столінскага раёна.

‒ І ехаў он на караблі, оні ж тада плылі 28 дней… І от, гаворыць, вышаў я на палубу, ну чытае чалавек кніжку. Эта была Біблія. “Дайце мне пачытаць”. І он ужо пашоў работаць іменна з гэтым веруюшчым чалавеком.

Пяцігадовая праца ў шахтах хутка падарвала здароўе палешука. З Буэйнас-Айраса ён вярнуўся з туберкулёзам і Бібліяй, сімвалам яго новага рэлігійнага статуса. Праўда, не сказаць, каб маці Таццяны была ад гэтага ў захапленні: вера не дазваляла галаве сямейства красці нават у пазнейшым калгасе, калі ўсе вакол жылі па прынцыпе “усё вакол калгаснае, усё вакол маё”.

Еўдакія Комар, Таццяна Раковіч і Таццяна Гаргун на прыступках малітоўнага дома
Еўдакія Комар, Таццяна Раковіч і Таццяна Гаргун на прыступках малітоўнага дома

Хоць дзесяць штрафаў

З бацькоў усё пачалося і ў 84-гадовай Ганны Канановіч. Яе маці Хрысціну па даносе рэпрэсавалі ў сталінскія часы. Чалавекам яна была рэлігійным, ведала на памяць шмат малітваў, рэгулярна наведвала праваслаўную царкву. Але паназірала ў побыце за суседкамі-пратэстанткамі, ды і наважылася на нялёгкі ў вёсцы, дзе ўсе адзін у другога навідавоку, крок змены рэлігіі. Замужняя Ганна спрабавала была вярнуць маці на шлях сапраўдны, але марна.

малітва на баптысцкім сходзе
Малітва на баптысцкім сходзе

Не прайшло шмат часу, як Ганна ўжо раілася з мужам: “Павло, ты знаеш шчо, а шо коб пошоў побачыў у той баптысцкі дом? – Ганно, а ты шчо, не чула, шо там робіцца? – А шчо? – Ты не чула, шо завешваюць окна да шчо хоч робяць? – Кобы так робілось, моя мама нікагда туда не пашла б!”. У рэшце рэшт у малітоўным доме апынуліся ўсе, уключна з Ганніным мужам, які стаў пастаянным удзельнікам сходу пасля першага ж наведвання. Канановічы прынялі хрост патаемна і першыя гады не знаходзіліся ў афіцыйных спісах. Гэта было выклікана савецкім патрабаваннем, каб да суполкі далучаліся толькі людзі, што наведваюць сходы не менш за тры гады.

Вяселле ў абшчыне. Здымак з архіву ЕХБ в. Лахвы
Вяселле ў абшчыне. Здымак з архіву ЕХБ в. Лахвы

Савецкі перыяд увогуле адклаўся ў памяці вернікаў з асаблівай яснасцю. Камуністычная ідэалогія змагалася з любой рэлігіяй, але «секты» пільнаваліся яшчэ больш заўзята. Ганна Канановіч расказвае і пра збітага школьным начальнікам малодшага сына, які не пагаджаўся даць слова не наведваць малітоўны дом. Апавядае і пра штрафы, якія ўвесь час маячылі над вернікамі, калі яны адважваліся браць з сабой на сходы дзяцей. А таксама званкі нядобразычліўцаў у міліцыю, як толькі да іх прыходзілі ў госці суседзі-адзінавернікі і яны разам пачыналі спяваць. Заканадаўча гэта прыроўнівалася да адпраўлення культу ў несанкцыянаваным месцы. Не абыходзілася і без такіх абсурдных даносаў:

‒ Подалі туда в школу вжэ. Это ж, кагэ, дзеці за печ’ю вучаць урокі, воны к столу не пустаюць дзяцей. Это хто ж то перадаў учыцелям! Гэтыя учыцеля прыяждаюць к нам, зразу: “Павел, дзе твое дзеці вучаць урокі?”. А он кагэ: “От стол, от тажэрачка. Кнігі аднаго, другога”. Поглядзелі, поглядзелі, нічого не сказалі, забралісь пашлі. Значыць шчо? Обман!” – прыгадвае Ганна Канановіч.

Ганна Канановіч і Таццяна Гарун на нядзельным сходзе
Ганна Канановіч і Таццяна Гарун на нядзельным сходзе

Але за стагоддзе супольнага жыцця традыцыйныя хрысціяне ўсё ж навучыліся прымаць пратэстантаў больш цярпіма. Баптыстаў паважаюць за цвярозы лад жыцця і імкненне трымаць высокае маральнае аблічча. Хоць вясковыя булдосы часта лічаць іх вар’ятамі, бо хто ж іначай па сваёй волі адмовіцца ад гарэлкі?

Сёння ў Лахве і яе ваколіцах баптыстаў няшмат. Але і людзей увогуле няшмат, дзякуючы няўхільнай міграцыйнай тэндэнцыі. Моладзь з’язджае і далучаецца да шматлюдных гарадскіх цэркваў.

Так што евангельскія хрысціяне-баптысты пакуль не збіраюцца станавіцца чырвонакніжкай рэдкасцю.

Хор

Здымкі аўтаркі і з архіва Лахвенскага малітоўнага дома ЕХБ

Подписаться
Уведомление о
guest
0 комментариев
Inline Feedbacks
View all comments