Калі стаяць на высокім беразе Прыпяці ў Юравічах, што ў Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці, адчуваеш, як сціскаецца час. Тут сышліся дзве розныя цывілізацыі: першабытны свет паляўнічых на мамантаў і свет еўрапейскага барока. Юравічы — гэта не проста вёска на карце, а адно з самых старажытных паселішч на тэрыторыі Беларусі (не так даўно лічылася найстаражытнейшым).

Пачатак усяго: 26 тысяч гадоў таму

У 1929 годзе мясцовыя жыхары, капаючы зямлю для гаспадарчых патрэб, натыкнуліся на дзіўныя велізарныя косткі. На месца прыбыў археолаг Юльян Попель і неўзабаве Беларусь абляцела навіна: тут знойдзена самая старажытная стаянка чалавека ў Беларусі. Пазней стаянкай займаліся іншыя археолагі, у тым ліку Канстанцін Палікарповіч, які на тэрыторыі Беларусі і ў Бранскай вобласці адкрыў і вывучаў палеалітычныя (Бердыж, Елісеевічы, Падлужжа, Юдзінава, Юравічы) і мезалітычныя (Журавель, Крыжы) стаянкі, помнікі неаліту і бронзы (Крывіна, Стрэліца).

Раскопкі палеалітычнай стаянкі Бердыж. 1928 год. Сядзяць (злева направа) Канстанцін Палікарповіч, Сяргей Дубінскі, Іна Рытар, стаяць Аляксандр Каваленя, Аляксандр Ляўданскі. Музей гісторыі НАН Беларусі

Гэта быў верхні палеаліт (каля 26 тыс. гадоў таму). Клімат тады нагадваў сучасную тундру. Краманьёнцы выбралі гэтае месца невыпадкова: высокі бераг дазваляў бачыць набліжэнне статкаў жывёл, а рака была крыніцай жыцця. Сёння на месцы раскопак створаны ўнікальны музей. Калі спусціцца ў павільён, то ўбачыце рэканструкцыю жылля тых самых краманьёнцаў, а калі падняцца, то з вышыні можна пабачыць Мазыр. У мясцовай школе ў працоўны час можна напрасіцца і паглядзець тыя самыя косткі, якія выкапалі на пачатку 20 стагоддзя.

Ад караля Жыгімонта да роду Аскеркаў

Але Юравічы — гэта не толькі маманты. Гэта яшчэ і багатая гісторыя Вялікага Княства Літоўскага. Афіцыйны адлік пісьмовай гісторыі мястэчка пачынаецца з 1510 года. Менавіта тады кароль Жыгімонт I Стары сваім прывілеем перадаў Юравічы ў валоданне Багдану Сербіну, набліжанаму да двара шляхціцу.

Назва мястэчка, верагодна, паходзіць ад імя Юрый (Юр) — папулярнага ў тыя часы. На працягу стагоддзяў уладальнікі мяняліся, але сапраўдны лёсавызначальны момант настаў у XVII стагоддзі, калі землі перайшлі да магутнага роду Аскеркаў. Менавіта Сцяпан Аскерка, чалавек набожны і дальнабачны, вырашыў ператварыць правінцыйнае мястэчка ў духоўны цэнтр. Ён запрасіў сюды ордэн езуітаў — інтэлектуальную эліту таго часу. Так пачаўся «залаты век» Юравічаў.

Калі падняць галаву ад археалагічнага музея на гару позірк упіраецца ў велічныя муры, якія нагадваюць сярэднявечны замак. Гэта Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі і калегіум езуітаў.

Будаўніцтва вялося з размахам з 1726 па 1746 год. Гэта быў не проста храм, а сапраўдны адукацыйны горад у стылі «віленскага барока» — пышнага, узнёслага, тэатральнага. Храм мае дзве вежы, якія відаць за дзясяткі кіламетраў. Комплекс абнесены магутнай цаглянай сцяной з вежамі і байніцамі. Гэта напамін пра неспакойныя часы — кляштар павінен быў вытрымаць аблогу. Тут дзейнічаў калегіум, дзе выкладалі рыторыку, паэтыку, мовы. Была свая бібліятэка і нават школьны тэатр. Сюды прыязджалі вучыцца дзеці шляхты з усяго Палесся.

Сёння, пасля стагоддзяў заняпаду і разбурэнняў, тут дзейнічае праваслаўны Свята-Раство-Багародзічны мужчынскі манастыр. Сцены паступова аднаўляюцца, вяртаючы былое хараство.

Цуд Маці Божай Юравіцкай

Сэрцам кляштара заўсёды быў цудадзейны абраз. Існуе вельмі прыгожая легенда пра яго з’яўленне. У XVII стагоддзі малады езуіт Марцін Тыроўскі ехаў з місіяй па Палессі, вязучы з сабой абраз Маці Божай. Калі ён праязджаў праз Юравічы, коні раптам сталі як укапаныя пасярод дарогі. Ні ўгаворы, ні пуга не дапамагалі. Манах зразумеў: гэта знак. Багародзіца сама выбрала сабе дом на гэтай гары.

Чуткі пра цудатворны абраз выклікаў пілігрымкі ў Юравічы. Людзі ехалі і ішлі пехатою — простыя і шляхта, пабожныя і цікаўныя, каб аддзячыць за дабро, а ў смутку знайсці суцяшэнне. Адзін летапісец адзначаў, што часам цяжка было адрозніць звычайны дзень ад святочнага — так багата было народу ў святыні.

Абраз праславіўся шматлікімі ацаленнямі. Слава пра яго ішла далёка за межы Палесся. На жаль, у XIX стагоддзі езуіты, пакідаючы Юравічы, забралі арыгінал з сабой у Кракаў (дзе ён знаходзіцца і цяпер у касцёле Св. Барбары). Аднак у Юравічах застаўся спіс (копія), які таксама лічыцца цудадзейным і аднолькава шануецца і праваслаўнымі, і католікамі.

Міфы падзямелляў і Праклён Евы

Старажытныя сцены заўсёды нараджаюць таямніцы. Існуюць дзве легенды Юравічаў. Першая легенда пра падземны ход, якіх поўна на нашых землях. Мясцовыя жыхары вераць, што пад манастыром пачынаецца падземны ход, які вядзе пад ракой Прыпяць ажно да Мазыра (а гэта каля 20 км). Казалі, што ход быў такім шырокім, што па ім маглі праехаць карэта ці воз. Археолагі сапраўды знаходзілі разгалінаваныя падзямеллі пад кляштарам, але, хутчэй за ўсё, яны мелі гаспадарчае і абарончае значэнне, а не вялі ў суседні горад. Цяпер можна папрасіць манаха і ён пакажа, дзе пачынаецца падземны ход. Нам пашчасціла і мы прагуляліся па ім.

Існуе і другая, больш рамантычная, але страшная легенда — «Праклён Евы». Мясцовая прыгажуня Ева закахалася ў манаха і, зразумела, гэта было забароненае каханне. Паводле падання, каб пакараць грэшнікаў, узгорак раскрыўся і паглынуў іх. Старыя людзі кажуць, што ўзгорак «жывы» і ўвесь час павольна спаўзае, спрабуючы скінуць храм у Прыпяць, як напамін пра той даўні грэх

Natatnik

Подписаться
Уведомление о
guest
0 комментариев
старее
новее большинство голосов
Inline Feedbacks
View all comments