Крутая сацыяльная рэклама, прыгожыя фота, багемныя івэнты – цяпер дабрачыннасць, у тым ліку зоаабарончая, выглядае так. Прынамсі ў сонечным Кіеве. Але суседскія трэнды цалкам адаптуюцца пад нашу глебу.

Украінская грамадская супольнасць перажывае часы росквіту. Людзі зразумелі, што ўплываюць на рэчаіснасць, таму з усіх бакоў нешта робяць. Гэта выклікае пэўную канкурэнцыю. Лідары ў дабрачыннасці – гэта яскравыя, адкрытыя, сучасныя ініцыятывы, якія трымаюць нос па ветры не тое што мясцовых, але агульнасусветных тэндэнцый. Natatnik даведаўся і распавядае, як добрачынныя ініцыятывы камунікуюць з шырокай аўдыторыяй, пакуль не заангажаванай у праблему настолькі, каб размаўляць з ёй на адной мове. Трэнды ўкраінскай зоаабароны мы сфармулявалі пасля размоў з:

Аляксандрам Тадарчуком, рух UAnimals

Рух пачаўся ў 2016 годзе з ініцыятывы ўласна Аляксандра і першапачаткова ставіў на мэце змаганне з выкарыстаннем жывёл у цырках. Праблему ўжо адчувала актыўная частка насельніцтва, таму рух стаў папулярным. Сёння UAnimals не абмяжоўваецца праблемай цыркаў, а выступае супраць любога выкарыстання жывёл, якое суправаджаецца іх мучэннямі. Гаворка ідзе пра дэльфінарыі і лабараторыі, зверафермы і прытравачныя станцыі, кантактныя заапаркі і нават фотапаслугі з выкарыстаннем жывёл як атрыбутаў. Рух ставіць таксама пытанне пра рэальныя пакаранні для жывадзёраў і стварэнне дзейнай сістэмы абароны правоў як хатніх, так і дзікіх жывёл.

 

Алегам Мульскім, піяр-менеджарам дабрачыннага фонду Happy Paw

 

Фонд вядзе адлік з 2012 года, калі 26-гадовая адвакатка Вольга Спектар вырашыла накіраваць частку прыбытку з асноўнага бізнэсу ў сацыяльную сферу. Адвакацкая кантора і дабрачынны фонд дагэтуль дзеляць адзін офіс, а заробкі работнікам фонда налічваюцца з бізнэсу Вольгі. Таму ўсё, што Happy Paw збірае ад людзей і арганізацый, траціцца непасрэдна на дапамогу жывёлам, сацыяльную рэкламу і адукацыйны праект “Біяэтыка”.

Трэнд №1. Мода на жывёл

Украінскія зоаабаронцы старанна прасоўваюць ідэю моды на жывёл з прытулкаў. “Не купляй – прытулі!” – тыповы слоган гэтай хвалі.

У Кіеве цяпер папулярныя праекты “Хочу собаку” і “Котоярмарок”, якія працуюць у фэйсбуку. Жывёл з розных прытулкаў прыгожа фатаграфуюць, даюць ім смешныя імёны, пішуць цікавыя гісторыі і рэкламуюць у інтэрнэце. Але руціннай працай па пошуку гаспадароў дзейнасць такіх праектаў не абмяжоўваецца. Яны праводзяць розныя афлайнавыя івэнты, на якія запрашаюць вядомых людзей. Узяць сабе бяздомную жывёліну ў такім модным кантэксце прэстыжна. Гэтым можна пасля хваліцца ў сацыяльных сетках, атрымліваць заслужаныя лайкі.

Ёсць некая колькасць людзей, гатовых ратаваць жывёл, але яна вельмі маленькая, — упэўнены Аляксандр Тадарчук. – Людзей, якія могуць узяць жывёлку з прытулка, значна больш. Проста ў іх іншая матывацыя, і размаўляць з імі трэба на зразумелай ім мове”.

Happy Paw таксама займаецца фарміраваннем моды на жывёл, але крыху ў шарэйшым кантэксце. Яны прапагандуюць ідэю, што дамашняга ўлюбёнца, асабліва сабаку, можна браць з сабой усюды, а не абмяжоўваць узаемнае правядзенне часу адным выгулам. З сабакам можна займацца спортам, хадзіць у краму, на выставы і нават у рэстаран. Кропкі грамхарчу ўжо цяпер ловяць тэндэнцыі і пачынаюць пакрысе ляпіць на дзверы налепкі pets friendly.

Вядома, што пры гэтым прыходзіцца пераадольваць стэрэатыпнае супраціўленне. “Ёсць такое ў нас уражанне – гэта, напэўна, яшчэ адгалоскі савеччыны, — разважае Алег Мульскі, — што калі нешта дазволіць – гэта адразу пачнецца масава. Нібыта калі дазволіць заходзіць з сабакам у супермаркеты, то заўтра туды прыйдзе 300 чалавек – і ўсе з жывёламі. Не будзе такога. Але калі адзін чалавек прыходзіць – гэта абсурд, што ён павінен пакінуць сабаку ў машыне. У ЗША за гэта штраф можна атрымаць”.

Публічныя мерапрыемствы ў Кіеве становяцца ўсё больш дружалюбнымі да жывёл. Фота са старонкі Happy Paw у фэйсбуку

Трэнд №2. Не злоўжываць шокавым кантэнтам

Гэта якраз тое, што робяць многія беларускія валанцёры. Аказваецца, не толькі яны: “Мы шмат узаемадзейнічаем з іншымі арганізацыямі. Украіна грашыць тым, што, калі трэба сабраць на нешта грошы, кагосьці выратаваць, гэта адразу такі ўдар у твар: дзіця памірае, шчаня ўсыпяць, калі ты не прыйдзеш і цягам трох гадзін не забярэш яго. Гэта мае два вялікія мінусы. Па-першае, кароткатэрміновы эфект. Адзін раз чалавек на гэта павядзецца, пасля не. Па-другое, чалавек імкнецца аддаліцца ад усяго негатыўнага. Ён проста сыдзе з вашай старонкі і не будзе звяртаць увагу на такую інфармацыю”, — кажа Аляксандр Тадарчук.

“Гэта зноў гісторыя пра прапагандаванне, — заўважае ў сваю чаргу другі прафесійны піярнік Алег Мульскі. — Добрыя думкі, ідэі павінны быць цікавымі не толькі сваім зместам, а таксама і формай. Назва нашага фонда (“Шчаслівая лапа” ў перакладзе) шмат гаворыць пра новую форму камунікацыі з людзьмі. Мы не давім на шкадаванне, не выкладаем здымкаў жывёл з няшчаснымі вочкамі і перабітымі лапамі. Мы кажам, што дабрачыннасць можа быць з усмешкай! Гэтая пазіцыя фанавасці палягае на тым, што чалавек павінен атрымліваць задавальненне, а не адкупацца грашыма ад нейкай праблемы”.

Трэнд не адпалохваць, а прыцягваць прыгожай упакоўкай прасочваецца ў прагрэсіўным украінскім зоаруху ва ўсім: ад пастоў у сацыяльных сетках да сацыяльнай рэкламы. Фатограф-анімаліст з’яўляецца неад’емнай часткай дабрачыннай каманды, а вырашэнне канкрэтнай праблемы – няхай гэта будзе ўладкаванне беспрытульных жывёл, рамонт прытулка або будаўніцтва пляцоўкі для выгула ў спальным раёне – пачынаецца з піяр-плана.

Гэта зусім не значыць, благачынныя фонды перасталі звяртаць увагу на жорсткую рэчаіснасць. Сабакі з перабітымі лапамі, якія згадваў Алег, нікуды не знікаюць, і ім усё гэтак жа дапамагаюць. Якраз прыгожая сацыяльная рэклама і дазваляе збіраць на гэта сродкі.

Трэнд №3. Сучасныя фарматы

Моду не сфарміруеш, калі не камунікаваць з аўдаторыяй на мове, якую яна распазнае як актуальную. Алег Мульскі сярод самых паспяховых і гучных івэнтаў фонда Happy Paw называе такія:

Дабрачынныя забегі з сабакамі. Вясёлы спосаб сумясціць прыемнае з карысным. Кожны ўдзельнік рэгіструецца, і плата аўтаматычна залічваецца на дабрачынны рахунак. За тры забегі фонд Happy Paw назбіраў грошы на пляцоўку для выгула сабак у Кіеве. Акрамя сваіх забегаў фонд удзельнічае і ў агульных дабрачынных марафонах. На такіх мерапрыемствах удзельнікі пры рэгістрацыі проста могуць вырашаць, якой менавіта ініцыятыве ці арганізацыі яны пералічваюць сваю плату за ўдзел.

Дабрачынная выстава-продаж Art To Help. Багемнае мерапрыемства з жывой музыкай і дэкламацыяй вершаў, дзе прадаюцца фотакарціны публічных персон Кіева, знятых разам з іх дамашнімі ўлюбёнцамі. Гэтакі галівудскі спосаб збіраць грошы на добрыя справы.

Удзел у шоў Comic Con Ukraine. Грандыёзнае мерапрыемства для аматараў поп-культуры. На каміконах праходзяць усялякія смешныя дэфіле, калі людзі пераапранаюцца ў любімых герояў фільмаў, коміксаў, відэагульняў. Фонд Happy Paw арганізаваў такое дэфіле для сабак, пад назвай Dog Cosplay Contest. Івэнт у сацыяльных сетках пачынаўся са слоў: “Якщо ви не знаєте, хто такий Дедпул, Чубака та Капітан Америка, відійдіть, будь ласка, від моніторів. Усі інші, навіть якщо у вас чотири лапи та пухнастий хвіст, увага!”

Трэнд №4. Дамагацца змен, а не чакаць, калі яны ўпадуць з неба

Гэтая мэта тычыцца ўсяго сучаснага грамадскага сектару ва Украіне, і ў сферы змагання за правы жывёл яна не менш відавочна. Гэта ўжо, праўда, крыху іншы ўзровень – хутчэй для валанцёраў, чым аўдыторыі, густы якой мы толькі што граматна фарміравалі.

Добры прыклад — рух UAnimals, які існуе толькі два гады, а ўжо можа паказаць доўгі спіс таго, што ўдалося змяніць. Галоўныя поспехі ініцыятывы – забарона на выкарыстанне жывёл у перасоўных цырках, забарона дэльфінарыяў без доступу марской вады (пакуль больш на паперы, але раней і на паперы не было), лакальныя забароны на цыркі з жывёламі. Рух пастаянна праводзіць вулічныя акцыі, ініцыюе петыцыі, якія маюць хоць бы той поспех, што палітыкі прыслухоўваюцца да грамадскай думкі і прасоўваюць змены, каб заслужыць пэўную лаяльнасць актыўнай часткі электарата. Напрыклад, у Барыспалі (прыгарад Кіева) ад анонса пра цыркавое шоў з жывёламі да поўнай забароны на такія мерапрыемствы прайшоў усяго тыдзень. Актыўная моладзь пабачыла абвесткі, выйшла з плакатамі на вуліцу, адзін з палітыкаў падняў пытанне на чарговай мясцовай радзе, і рада прагаласавала на карысць зоаабаронцаў.

Аляксандр Тадарчук робіць, канешне, агаворку, што ўкраінцы прывыклі хадзіць на акцыі, таму руху не праблема сабраць на іх людзей. Да таго ж усе ўсведамляюць, што без ціску грамадскай думкі чыноўнікі проста не будуць нічога рабіць. Напрыклад, закон Украіны ўжо прадугледжвае турэмную адказнасць для жывадзёраў, але на справе яны адкупаюцца дробным штрафам ці ўвогуле пазбягаюць пакарання. Менавіта таму цяпер, калі ў Кіеве судзяць буйнога догхантэра Аляксея Святагора, колькасць чатырохлапых ахвяр якога вымяраецца тысячамі, без акцыі пад сценамі суда не праходзіць ні адзін працэс. Толькі так актывісты спадзяюцца прымусіць суд даць злачынцу адэкватнае яго ўчынкам пакаранне.

Сацыяльная рэклама руху UAnimals у фэйсбуку

Каб у беларусаў перастала дзёргацца вока ад згадкі пра вулічныя акцыі пратэсту, скажам, што адстойванне змен не абмяжоўваецца імі. Ва Украіне яшчэ, напрыклад, папулярна звяртацца да лідараў меркаванняў, зорак, якія б публічна агучылі пэўны меседж. У абарону жывёл часта выступае пераможца “Еўрабачання” Джамала, публічныя заявы робіць Святаслаў Вакарчук з “Океан Ельзі”. На грамадскую думку рэагуюць не толькі палітыкі, але і бізнэс. Уласнікі прыватных цыркаў ужо разумеюць, што шоў з жывёламі хутка не будзе прыносіць ім нічога, акрамя фінансавых і рэпутацыйных страт, таму скарачаюць такія праграмы.

Трэнд №5. Пачынаць з дзяцей

Прыкладна 50% дзейнасці стылёвага, моднага, маладзёжнага, як вы зразумелі, фонда Happy Paw – гэта адукацыйная дзейнасць для дзяцей. У арганізацыі працуюць штатныя лектары, якія праводзяць заняткі па біяэтыцы ў школах і дзіцячых садках. Яны склалі метадычку, якой карыстаюцца і школьныя настаўнікі. Уся інфармацыя падаецца ў цікавай і адпаведнай узросту форме, да таго ж дзеці далучаюцца і да дабрачынных акцый, наведваюць прытулкі для бяздомных жывёл.

Адзін са слайдаў прэзентацыі для школьнікаў у межах “Урока дабрыні”

Зусім нядаўна прайшоў ініцыяваны фондам Усеўкраінскі урок дабрыні, паводле якога Happy Paw збіраецца рэгістраваць нацыяльнальны рэкорд. У адзін дзень адбылося больш за 10 000 урокаў у 1200 школах, нават па самых грубых ацэнках ахоп аўдыторыі атрымаўся больш за 200 тысяч дзяцей. Без зацікаўленых настаўнікаў гэта было б немагчыма. Чым жа іх удалося прыцягнуць, улічваючы, што такая дзейнасць яўна дадаткова не аплочваецца? Алег Мульскі адказвае: “Гэта згубны стэрэатып – думаць, што ў людзей няма жадання нешта рабіць. Так насамрэч адбываецца, калі яны не бачаць выніку. Вось тады іх другі раз падняць і праўда вельмі цяжка. Да нас жа толькі далучаюцца, а не адыходзяць. Ёсць настаўнікі, якія выпусцілі 11 клас, бяруць новы 5 і зноў пачынаюць з намі ўсю гэтую гісторыю. Бо бачаць, што дзяцей чапляе”.

Фонд робіць такі акцэнт на адукацыі, бо перакананы, што праблема беспрытульных жывёл можна быць вырашана на ўсе 100% чыста прафілактычнымі захадамі.

Гэты сацыяльны ролік ва Украіне круцілі перад дзіцячымі паказамі

Як бачыце, украінскі дабрачынны рух поўніцца аптымізмам. Можа, таму і робіць такія крутыя рэчы?

Ілюстрацыі прадастаўлены ініцыятывамі

Подписаться
Уведомление о
guest
1 Комментарий
старее
новее большинство голосов
Inline Feedbacks
View all comments
Kate Gorik
Kate Gorik
6 лет назад

Надо брать на вооружение! ))) Спасибо за направление мысли.