Сёння ў сеціве ўжо нецяжка адшукаць і замовіць сабе цішотку ці кашулю з арнаментам. Беларусы называюць гэтае сучаснае адзенне “вышыванкамі”. Але далёка не ўсе бела-чырвоныя ўзоры менавіта вышыты ніткамі, як калісь рабілі нашы продкі. Natatnik выпраўляецца ў Маларыту ў госці да Антона Талашкі, які на вышывальнай машыне стварае модныя прыгожыя рэчы.

«Аўтэнтычнае можа быць сучасным» – пад такім слоганам працуе суполка Антона “Мой родны кут”. І хоць сам майстар прызнаецца, што рукамі крыжыкі вышываць не ўмее, затое будаваць арнаменты і рабіць іх на вышывальнай машыне ў яго атрымліваецца паспяхова. Суполка “Мой родны кут” пачала дзейнічаць год таму, і зараз у Антона можна замовіць майкі і світшоты з любым беларускім арнаментам.

Спачатку ён працаваў дома на матулінай машыне, а сёння сустракае нас ужо ва ўласнай майстэрні. Адкрылася яна толькі тыдзень таму, майстар яшчэ абжываецца, але праца ўжо ідзе поўным ходам. На парозе гаспадар просіць нас зняць абутак і запрашае спачатку пачаставацца кітайскай гарбатай. Мы неяк адразу раслабляемся ад такой гасціннасці, і інтэрвью пераўтвараецца ў цёплую сяброўскую размову.

— Антон, пра цябе зараз столькі пішуць у СМІ, што цябе, напэўна, уся Маларыта ведае!

Нейкага гонару ад таго, што пра мяне зараз пішуць, я не маю. Я вельмі просты чалавек, навошта хадзіць і нос задзіраць. У мяне вунь нават планшэт з’явіўся толькі з той нагоды, што трэба ўвесь час быць на сувязі. І ў кантакце толькі год таму завёў акаунт. Дагэтуль мне і так добра жылося. Проста трэба рабіць тое, што ты любіш.

IMG_9621-2

Антон вельмі ўзрушаны, бо літаральна раніцай гэтага ж дня вярнуўся з Менску – перадаваў футболкі з вышыўкай (Антон не называе іх “вышыванкамі”) для баскетбольнай каманды “Цмокі-Мінск”. На бліжэйшым матчы яны будуць у гэтых футболках на размінцы.

— Нічога сабе, якія ў цябе важныя кліенты! Цяжка было з імі дамовіцца?

Ды не, з мэнэджэрам “Цмокаў” мы спісаліся ў сацсетках і хутка дамовіліся. Толькі часу на выкананне было мала, таму я, амаль засынаючы, за 16 гадзін зрабіў 17 футболак. Учора яшчэ размаўляў з мэнэджэрам футбольнай каманды “Крумкачы”, для іх буду рабіць белыя футболкі з чорнай вышыўкай. Яшчэ ў планах дамовіцца з берасцейскай камандай па гандболу БГК імя Мешкова.

Усе гэтыя дамоўленасці выконваюцца бясплатна, бо зараз Антон рэалізоўвае ініцыятыву ў рамках праекта «Садзейніцтва развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь» пры фінансавай падтрымцы ЕЗ і ПРААН. Берасцейскі мясцовы фонд рэгіянальнага развіцця ў 2015 годзе падаў на конкурс праектаў ініцыятыву «Аўтэнтычнае можа быць сучасным» і выйграў. Сам Антон кажа, што ён проста выканаўца, але гэтая фінансавая падтрымка дапаможа яму развіць сваю дзейнасць.

IMG_9635-2

— А як гэты фонд пра цябе даведаўся?

Спачатку пра мяне напісаў у мясцовай газеце Мікалай Навумчык, потым гэта пайшло на tut, потым на virtualbrest… Тады фонд прапанаваў мне стварыць вось такі праект. Агулам было каля 700 удзельнікаў з нашай краіны. Заяўку падалі яшчэ летам, таму я ўжо нават і забыўся пра гэта. А ў лістападзе даведаўся, што праект выйграў.

Аказалася, што памяшканне, дзе пасялілася майстэрня, арэндуецца ўжо ў рамках праекта. За праектныя грошы набыты таксама новая вышывальная машына, кампутар, пяльцы і неабходныя матэрыялы. На працоўным месцы раскладзены спецыяльныя іголкі, вялікія скруткі рознакаляровых нітак, нажніцы і кавалкі тканіны для спробы розных тэхнік і ўзораў. Для ўтульнасці Антон дадаў у інтэр’ер некалькі аўтэнтычных рушнікоў і лялькі беларуса і беларусачкі, зробленыя маці. А калі тут з’явяцца яшчэ манекены ў маларыцкім строі і выстава ўласных работ, майстэрня сапраўды стане родным кутом.

— Антон, але ж гэта тваё не асноўнае месца працы. Хто ты насамрэч па прафесіі?

Мая спецыяльнасць – інжынер-энергетык. Я скончыў тэхнічны ўніверсітэт у Гомелі. Зараз працую па размеркаванню ў Маларыцкім ліцэі выкладчыкам электратэхнікі. Я і ў праектах інжынерных разбіраюся добра, але гэта такая абмежаваная праца: робіш нешта адно з 8 да 17 і ўсё. А выкладчыкам мне нескладана быць, затое маю час займацца творчасцю.

— Дык тваё захапленне арнаментамі пачалося яшчэ ў студэнцкія гады?

Так, я захапіўся гэтай справай на 5 курсе, калі пісаў дыплом. Пачынаў я на хатняй швейна-вышывальнай машыне. Разабраўся з праграмным забяспечаннем, паглядзеў, што можна не толькі гладдзю, але і крыжыкам на ёй вышываць. Першыя некалькі футболак мы сапсавалі… А потым панеслася: у Маларыце я будаваў малюнкі крыжыкам і пакідаў маці, сам ехаў назад у Гомель вучыцца, а маці вышывала на машынцы. А калі я скончыў універсітэт і вярнуўся сюды, маці мяне ўсяму навучыла — і пайшла справа. Як узгадаю, як я першы раз апранаў гэтыя пяльцы…

IMG_9618-2

Антон з прыемнай усмешкай узгадвае пра той час, калі ўсё пачыналася. Потым падлівае ў гліняныя кубачкі гарбаты, і мы працягваем размову пра беларускія сымбалі. У руках майстар трымае кнігу “Беларускі народны касцюм”, менавіта з яе і нараджаліся першыя ідэі малюнкаў для вышывання. Антон доўгі час карыстаўся электронным варынтам, і толькі сёння прывез з Менску вялікую багатую на ілюстрацыі кнігу.

— Антон, ты казаў, што ніводны ўзор на тваіх футболках не паўтараецца. Гэта ж якая вялікая ў цябе павінна быць база малюнкаў! Адкуль столькі набраць можна?

Зараз я пабудаваў ужо каля 200 арнаментаў са старажытных кашуль. Першыя трапілі ў калекцыю з Маларыцкага дома творчасці. Потым я праехаўся па некалькіх музеях: музей старажытнай беларускай гісторыі ў Менску, музей стараверства і беларускіх традыцый у Ветцы і Гомельскі філіял веткаўскага музея. Цяпер уся флэшка забіта здымкамі арнаментаў! У адным толькі Веткаўскім музеі я пабачыў 40 народных строяў з розных рэгіёнаў Беларусі. Таму наперадзе ў мяне столькі працы, што я нават не ведаю, калі гэтым займацца …

Але ў голасе Антона не чуваць нават і кроплі стомленнасці, здаецца, ён гатовы рабіць і рабіць. Ён з захапленнем гартае старонкі кнігі і тлумачыць нам сэнс розных сымбаляў, чаму яны вышываліся на жаночых ці мужчынскіх кашулях. Потым прыгадвае пра свае эксперыменты з колерам, хапае планшэт, каб паказаць, як прыгожа выглядае белая вышыўка на белай цішотцы. А вось чырвоным па чорнаму вышываць – гэта, аказваецца, па-украінску, а не па-беларуску. Здаецца, тэорыю мы зразумелі, а цяпер хочацца паглядзець, як жа гэта робіцца.“Ну што, пачынаем рабіць?” — падскоквае Антон і ідзе да кампутара.

IMG_9598-2

Спачатку трэба выбраць узор. У спецыяльнай праграме малюнак кладзецца на сетку квадрацікаў і выглядае, як схема для вышывання. Потым майстар скідвае выбраны файл на флэшку і пераходзіць да машыны. Мы ў гэты час, як зацікаўленыя вучні, назіраем за працэсам.

Акрамя тэхнікі трэба падрыхтаваць і футболку. На падлозе гэта рабіць зручней. Важна замацаваць роўна пяльцы, напярэдадні падклаўшы пад іх аркуш спецыяльнай паперы для тканіны — стабілізатар. Потым перанесці і ўставіць пяльцы ў пазы машыны. Выбіраем колер ніткі, запраўляем яе. Тут ёсць маленькі экран, на якім бачна, як выглядае наш малюнак. Маленькая чырвоная кропка свеціць на тканіну у тым месцы, адкуль пачнецца вышыўка. Усё гатова – запускаем!

IMG_9779-2

— Дык машына і сама шыць можа, напэўна. Ці трэба сачыць за ёй, нешта папраўляць?

Машыну без нагляду пакідаць не трэба, а то я вось так рабіў майку сяброўцы, апрануў пяльцы, паставіў і пайшоў, і машына два бакі сшыла паміж сабой, цяпер вось малюнак у рамцы вісіць на сцяне (смяецца Антон). Адысці, канешне, можна, але не на гадзіну. Увогуле самыя цяжкія памеры для вышыўкі – гэта XS і XL, заўжды небяспека, што тканіна паедзе і малюнак крывы атрымаецца. Для баскетбалістаў вельмі цяжка было рабіць майкі памерам XXL I XXXL!

Машына працуе шпарка, на экране адлюстроўваецца кропкай рух іголкі, а на белай тканіне, быццам татуіроўка на скуры, пачынае ажываць узор. Назіранне за працэсам проста гіпнатызуе. Калі раптам якая памылка, працу машыны можна спыніць, нажніцамі становішча акуратна выпраўляецца, і зноў запускаецца рухавік. Першая футболка гатовая, замяняем блакітную нітку на чырвоную і пачынаем другі ўзор. Дзіўна, як вытворца яшчэ зрок не згубіў з такой працай.

— А ўсё ж такі як ты лічыш, вось гэтае адзенне з беларускай сімволікай – гэта больш мода ці вяртанне да сваіх каранёў?

Зараз ужо шмат фірм вырабляюць адзенне з аўтэнтычнымі элементамі. Амаль усе яны разлічаны на масавую вытворчасць. Калі ў іх вялізныя працоўныя машыны, яны не будуць сядзець і будаваць крыжыкам асобныя ўзоры. А я раблю вось так, бо мне гэта цікава, і ніхто ж не зробіць замест мяне. Мы ўжо згубілі дакладны сэнс кожнага сымбалю. Таму калі нехта кажа, што ведае дакладнае значэнне таго ці іншага арнаменту, то гэта хлусня. Галоўнае, што гэта ў нас засталося. Зараз, канешне, гэтыя ўзоры набылі папулярнасць дзякуючы і модзе таксама. Але я лічу, што калі чалавек разумее, што ён носіць, то гэта добра, а калі проста набываць Пагоню на хвалі моды, як і ўсе, то навошта так рабіць.

IMG_9789-2

У Антона наперадзе шмат планаў: зрабіць модны паказ народных строяў у Гомелі, працягваць удзел у беларускіх выставах і імпрэзах са сваёй прадукцыяй, пакрыху выязджаць за мяжу і дэманстраваць там сваю “аўтэнтычную сучаснасць”. А яшчэ вышываць у такой тэхніцы не толькі старажытныя арнаменты, але і штурмавіка з “Зорных войнаў”, напрыклад.

Час у казачнай майстэрні бяжыць хутка. Пакуль мы гутарылі, машына засумавала без чалавечай увагі, і ў адным месцы сшыла два кавалкі тканіны. Але гаспадар хутка заўважыў гэта, вярнуўся да машыны і прадэманстраваў нам працу над памылкамі, пра якую казаў раней. Некалькі хвілінаў шчыльнай увагі – і машына зноў вяртаецца да працы з таго крыжыка, дзе скончыла.

Напрыканцы толькі трэба падрэзаць некалькі нітак і адарваць па краях непатрэбную паперу. Кожную футболку Антон з пяшчотай складвае і кладзе ў пакуначак. Цяпер мы ведаем, што не ўсё так проста, як выглядае на здымках. З такімі падарункамі ад такога натхняльнага чалавека мы вяртаемся ў Берасце толькі з адной думкай: кожны павінен рабіць тое, што яму падабаецца.

Лічбы вышыўкі: даўжыня крыжыка — 1,8 мм, хуткасць машыны — 600 сцяжкоў за гадзіну, час выканання адной майкі — 1 гадзіна, поле вышыўкі — 200 на 200 мм, колькасць сцяжкоў да 35 000.

Аўтар: Вольга Малафеечава, фота: Максім Хлябец, Natatnik

Подписаться
Уведомление о
guest
0 комментариев
Inline Feedbacks
View all comments