Калі коратка, то гэта татальнае расчараванне ў жыцці праз татальны заняпад беларушчыны. Магу спрагназаваць вельмі маленькія паказчыкі на карысць беларускай мовы. І нават не таму, што людзі трапілі ў пастку і паддаліся на правакацыйныя некарэктныя пытанні. Проста вынікі развяжуць рукі беларусафобам.
Калі падрабязна, то атрымалася неяк так. Вельмі песімістычна, але…
1. Значна менш беларускай мовы будзе ў грамадскім транспарце. Так уж склалася, што абвесткі і навігацыя ў большасці выпадкаў зроблены па-беларуску. Ці на дзвюх мовах. Цяпер у чыноўнікаў і адказных асоб будзе на што спасылацца, калі раптам яны вырашаць выпіліць беларускую мову. Дарэчы, ім могуць дазволіць адказваць не на мове афіцыйнага звароту, а на зразумела якой мове. Беларусізацыя Беларускай чыгункі, да змагання за якую прыклаў руку і ваш пакорны слуга, спыніцца.
2. Значна менш беларускай мовы будзе на вуліцах і дарогах. Дарожныя знакі, на якіх размяшчаецца інфармацыя пра геаграфічныя аб’екты (напрыклад, «Пачатак населенага пункта», «Паказальнік напрамкаў»), у 85% выпадкаў беларускамоўныя. Цяпер ніхто не будзе перашкаджаць пісаць «Брест», а не «Брэст». А кустарныя самаробныя шыльдачкі на 85% і зараз рускамоўныя.
3. Забудзецца беларуская лацінка. Тое, за што я апошні час змагаюся мацней за ўсё. На жаль, ванітнае напісанне накшталт Troitskoye predmest’ye / prospekt Pobeditelei могуць замацаваць афіцыйна. Ва ўсялякім выпадку на адзінае правільнае напісанне накшталт Trajeckaje pradmiescie / praspiekt Pieramožcaŭ заб’юць хрэн. І так зараз цяжка з чыноўнікамі змагацца, а будзе зусім немагчыма.
4. Знізіцца інтарэс бізнесу да беларускай мовы. Калі шчыра, то мы і так зараз не разбэшчаныя беларускамоўным сэрвісам і рэкламай, а хутка не ўбачым і гэтага.
5. Літаратура і мастацтва (+журналістыка). Незалежна ад перапісу, доля беларускага кантэнту зніжаецца (паводле адчуванняў) Расчараваўшыся ў яго выніках, яшчэ менш аўтараў будуць жадаць тварыць па-беларуску.
6. Пытанне аб двухмоўнай заканатворчасці назаўсёды знікне з парадку дня. Яшчэ цяжэй будзе знайсці арганізацыю з беларускамоўным справаводствам. Беларускамоўныя пячаткі ў пашпарт зарастуць пылам. А вашыя заявы ў абслугоўваючыя арганізацыі, аформленыя па-беларуску, паляцяць у сметніцу, бо «ў нас дзве дзяржаўныя мовы».
7. Яшчэ менш беларускіх школ. Яшчэ менш беларускіх класаў. Сведкі свята 17 верасня кажуць, што польская акупацыя часткі Беларусі 1921-1939 нясла жудасныя наступствы для беларускай культуры і школы. Так, цяжка не пагадзіцца. Цяжка не пагадзіцца і з тым, што тыя ж адмоўныя працэсы ідуць і зараз. Але па ўсёй краіне. А дзяржаўны беларускамоўны ўніверсітэт нават сніцца ўжо не будзе.
8. Нягледзячы на аб’ектыўныя паказчыкі, якія сведчаць аб штогадовым зніжэнні інтарэсаў Беларусі да саюзу з Расіяй, маргіналы і мамкіны палітолагі (і не дай бог людзі дзяржаўныя) 100% будуць спасылацца на паказчык рускамоўнага насельніцтва, агітуючы за інтэграцыю з РФ, якую я ў труне бачыў. Быццам бы руская мова належыць адной Расіі.
9. Застануцца ўсялякія фармальнасці накшталт патрабавання да чыноўнікаў валодаць дзвюма мовамі і шматлікія «гарантыі», якія як не выконваліся, так і не будуць выконвацца.