У лютым 1940 года па заяве старшай піянерважатай Антаніны Літвінавай быў арыштаваны Андрэй Казіміравіч Цыпрынскі, вучань сёмага класа школы № 21, 1925 года нараджэння, які жыў у Брэс­це, на вуліцы Кілінскага, дом 7.

Вучні міжваеннага перыяду

«Вораг народа», «здраднік», «данос» — гэтыя словы пачалі ўваходзіць у жыццё жыхароў Заходняй Беларусі амаль адразу пасля верасня 1939-га. Пра лёсы людзей, якія трапілі пад рухавік рэпрэсій, няшмат звестак можна знайсці і ў архівах, тым больш, што пасля пачатку 1990-х іх зноў зачынілі. Зінаіда Дудзюк збірала матэрыялы ў сярэдзіне 1990-х гадоў у тым архіве, куды цяпер дзверы шчыльна зачыненыя і нікога не пускаюць.

Пры гэтым Зінаіду папярэдзілі, што матэрыялы нельга выкарыстоўваць у дакументальных творах, пакуль не пройдзе тэрмін захоўвання тайны. Гэты тэрмін скончыўся. Прапануем вам першы з нарысаў.

Кожны з жыхароў Брэста па-свойму любіць горад, ведае яго сцішана-прасветлым раніцай, стомлена-заклапочаным увечары, яскрава-асветленым у святы. Мы звыкаем да добрых перамен і радуемся ім. Аднак у горадзе засталося шмат даваенных будынкаў, толькі падчас рамонту ці рэканструкцыі раптам праяўляецца нейкі надпіс на польскай мове. Занятым будзённымі турботамі, нам няма калі задумацца, якія людзі жылі да нас, што думалі і перажывалі. Яны сышлі, сплылі з вірлівай плынню часу, і толькі ў нейкім таемным архіве іншы раз можна сустрэць звесткі пра іх. Тое-сёе мне ўдалося адшукаць, таму і хачу падзяліцца з чытачамі некаторымі сціплымі звесткамі.

Верасень 1939 года прынёс у Брэст вялікія перамены. Пасля таго, як адшумеў парад нямецкага і савецкага войска на галоўнай плошчы і вуліцы горада, усталявалася ўлада рабочых і сялян. Праўда, увасаблялі яе людзі, накіраваныя сюды Масквою.

Пачалася бязлітасная «зачыстка» Брэста і ваколіц, праводзілася нацыяналізацыя прадпрыемстваў, крамаў, гатэляў. Чыноўнікаў, служачых, уладальнікаў маёмасці і зямлі вывозілі ў Сібір на перавыхаванне. Але ў горадзе заставалася шмат звычайных людзей, якім таксама новыя парадкі не падабаліся. Адны трывалі, іншыя думалі, якім чынам памяняць месца жыхарства, а задзірыстая моладзь імкнулася дабіцца справядлівасці. Новая ўлада таксама не драмала і вышуквала ўсялякія магчымыя варожыя элементы.

За сухімі словамі пратаколаў і паказанняў, якія трапляліся ў архіве, — людзі: здраднікі і патрыёты; ахвяры і каты. Вось як гэтыя.

12 лютага 1940 года па заяве старшай піянерважатай Літвінавай быў арыштаваны Андрэй Казіміравіч Цыпрынскі, вучань сёмага класа школы № 21, 1925 года нараджэння, які жыў у Брэс­це, на вуліцы Кілінскага, дом 7. Ягоная маці Марыя Станіславаўна, 32-гадовая хатняя гаспадыня, мела яшчэ і сямігадовага сына Яцэка, бацька — афіцэр Войска Польскага — памёр у 1936 годзе. У сям’і жыў брат маці — 30-гадовы Мечыслаў Шаманскі і бабуля Шаманская (50 гадоў).

Пятнаццацігадовага Андрэя абшукалі і знайшлі пры ім фінскі нож, фотаапарат «Кодак», план горада Брэста і каляндар. На допыце запатрабавалі наз­ваць сяброў. Хлопец пералічыў некалькі аднакласнікаў: Бражынскі, Брудовіч, Гашэўскі, Жук… Пацікавіліся, ці ведае Усевалада Казлоўскага, сына ўладальніка фотаатэлье. Андрэй адказаў, што знаёмы з гэтым хлопцам, бо ў 1939 годзе разам былі ў харцэрскім летніку.

Пачалося следства. Найперш выклікалі даць паказанні заяўніцу — старшую піянерважатую школы № 21 Літвінаву Антаніну Іванаўну, 1915 года нараджэння, украінку, сялянку-бяднячку. Антаніна была замужам. Яе муж — Ветраў Яўген Яфімавіч, вайсковец, меў адукацыю восем класаў. Быў камсамольцам з 1931 года. Літвінава заявіла, што вучні Цыпрынскі, Бартушык, Радзевіч і іншыя ўсяляк стараліся зрываць палітычна-масавыя мерапрыемствы ў класе, якія яна праводзіла. У адну з нядзель зусім кінулі школу, а хатняя работніца Цыпрынскіх казала, што Андрэй і іншыя збіраліся ісці за Буг, а перад гэтым абяцалі парэзаць яе на кавалкі. Яны нібы мелі вінтоўку, ручныя гранаты і патроны, якія яна сама бачыла. Паводзіны сям’і выглядалі вельмі падазронымі, асабліва пасля арышту Андрэя.

Наступнай паказанні павінна была даваць служка Цыпрынскіх. Батурына Людміла Іванаўна, 1912 года нараджэння, адукацыя — шэсць класаў, ураджэнка Масквы, якая прыехала ў Брэст у 1939 годзе, зрабіла такія сведчанні: «Сям’я Цыпрынскіх пры мне варожа выказвалася пра СССР, распускала хлуслівыя чуткі і ўзводзіла паклёп на Чырвоную Армію і савецкіх грамадзян. Яны закапалі зялёную скрынку з патронамі за хлявом, пра што я сказала Літвінавай Антаніне Іванаўне і яе мужу Ветраву, якія таксама жывуць у доме №7. Я прасіла іх паведаміць у НКУС».

20 лютага 1940 года ў кампетэнтныя органы паступіў чарговы рапарт, у якім паведамлялася: «Мы жывём на вул. Кілінскага, 7, у гаспадыні Цыпрынскай Марыі Станіславаўны… Уся сям’я варожа ставіцца да Савецкай улады. Па словах хатняй работніцы Батурынай, пасля высылкі леснікоў і асаднікаў Цыпрынскія схавалі патроны, а Мечыслаў двойчы нелегальна хадзіў за мяжу. Гаспадыня заявіла: «Няхай яго (сына) лепш заб’юць на мяжы, чым я аддам яго служыць у Чырвоную Армію». Андрэй казаў, калі палякі прыйдуць да ўлады, дык ён будзе сячы рускіх кацапаў. Уся сям’я па вечарах па радыё слухае замежныя перадачы. Пасля таго, як арыштавалі Андрэя, Цыпрынская хадзіла ў НКУС, дзе ёй сказалі, што сына яе забралі праз Літвінаву Антаніну, якая на яго падала матэрыял. Цыпрынскія вырашылі ўцякаць за мяжу, але спярша адпомсціць усім, хто жыве на кватэры». Пад рапартам стаялі подпісы Івашкова і Ветрава.

Сям’я Цыпрынскіх, пазбаўленая сродкаў да існавання, выжывала тым, што трымала кватарантаў, а яшчэ Мечыслаў Шаманскі нелегальна хадзіў праз мяжу, купляў у Варшаве рэчы і прадаваў іх на рынку ў Брэсце. На гэтыя грошы яны ўтрымлівалі служанку Батурыну, якая і стала прычынаю іхніх няшчасцяў. Безумоўна, Мечыслаў Шаманскі таксама атрымаў належнае як варожы і шкодны элемент.

Расследаванне справы Андрэя Цыпрынскага цягнулася доўга. З абвінаваўчага заключэння вынікае:

«Произведённое по делу следствие установило, что Ципринский является участником контрреволюционной молодёжной повстанческой организации, существующей в Бресте, ставящей своей целью путём вооружённого восстания свергнуть Советскую власть на территории западных областей Белорусской и Украинской ССР и восстановления фашистской Польши. Имея ненависть к Советской власти, Ципринский будучи учеником 21-й школы г. Бреста, срывал политические мероприятия, проводимые в школе, вынашивал террористические намерения в отношении партийно-советского актива. В контрреволюционных целях пытался совершить нелегальный переход границы из СССР в Германию».

7 мая Андрэй Цыпрынскі вымушаны быў прызнацца, што з’яўляецца удзельнікам контррэвалюцыйнай арганізацыі, куды быў завербаваны ў лістападзе 1939 года Генрыхам Лагузінскім. У той жа час Лагузінскі заявіў, што не мог завербаваць Андрэя, бо быў тады ўжо арыштаваны. З-за гэтай супярэчнасці справа двойчы вярталася на дадатковае расследаванне.

Нарэшце 12 верасня 1940 года ў Мінску адбыўся суд, выпіска з пратакола №148167 па справе №57860 загадвала:

«Цыпрынскага Андрэя Казіміравіча за ўдзел у антысавецкай паўстанцкай арганізацыі заключыць у папраўча-працоўную калонію тэрмінам на 5 гадоў, лічыць тэрмін з 17 лютага 1940 года».

У папцы па гэтай справе на асобнай старонцы змешчана даведка аб рэабілітацыі, якая сведчыць:

«Цыпрынскі Андрэй Казіміравіч падпадае пад дзейнасць артыкула №1 Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15.01.1989 года аб дадатковых мерах па аднаўленні справядлівасці ў адносінах да ахвяр рэпрэсій, якія мелі месца ў 30–40-х і пачатку 50-х гадоў».

Невядома, ці дачакаўся Андрэй Казіміравіч Цыпрынскі рэабілітацыі, ці выжыў падлетак на цяжкай паднявольнай працы, дзе мала хто з дарослых вытрымліваў. Калі ж выжыў, дык цяпер яму дзевяноста. Выдатны ўзрост, але мала каму шчасціць дачакацца такога юбілею.

Безумоўна, Андрэй Цыпрынскі быў ні ў чым не вінаваты, калі не браць пад увагу нездаволенасць новай уладай, але такіх, як ён, было шмат. Іншыя маладыя людзі з-за юначай адкрытасці, упартасці і самаўпэўненасці і не спрабавалі хаваць сваіх варожых адносін да новай улады. Але пра гэтых наіўных патрыётаў — наступным разам.

Подписаться
Уведомление о
guest
0 комментариев
Inline Feedbacks
View all comments