Белавежская пушча – унікальны лясны масіў, адзін з апошніх і найбуйнейшых рэшткаў першабытных лясоў Еўропы. Яна ўваходзіць у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і з’яўляецца нацыянальным паркам міжнароднага значэння. Гэты старажытны лес – сапраўдны куток некранутай прыроды, які стаў сведкам важных гістарычных падзей і застаецца адным з галоўных прыродных скарбаў Беларусі і Польшчы.
Белавежская пушча размешчана на мяжы Беларусі і Польшчы, ахопліваючы каля 1500 км², з якіх 876 км² знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. У складзе беларускай часткі знаходзіцца Нацыянальны парк «Белавежская пушча».

Назва «Белавежская пушча» мае некалькі магчымых паходжанняў, якія звязаны з гісторыяй і геаграфіяй гэтага ўнікальнага лесу. У розных крыніцах можна сустрэць некалькі версій, кожная з якіх мае свае падставы. Адна з найбольш распаўсюджаных версій звязвае назву пушчы з Белай Вежай, якая знаходзіцца ў Каменцы Брэсцкай вобласці. Другая версія паходжання назвы звязана са старажытнымі ятвягамі – заходнеславянскім і балцкім народам, які ў мінулым жыў на тэрыторыі сучаснай Беларусі, Літвы і Польшчы. У гэтай версіі назва «Белавежская пушча» можа азначаць «лес, дзе некалі жылі белыя ятвягі».Яшчэ адна версія: назва пушчы магла паходзіць ад «Белай вескі» – назвы аднаго з паселішчаў у гэтым рэгіёне.
Першыя згадкі пра Белавежскую пушчу датуюцца 983 годам. На працягу стагоддзяў гэтая тэрыторыя заставалася ахоўнай дзякуючы манархам і ўладальнікам, якія разумелі яе каштоўнасць:
— У XIV стагоддзі вялікі князь літоўскі Ягайла абвясціў пушчу запаведнай тэрыторыяй і забараніў паляванне без дазволу.
— У 1588 годзе быў прыняты Лясны статут, які яшчэ больш узмацніў ахову пушчы, забараняючы масавыя высечкі і несанкцыянаванае паляванне.
— У XIX стагоддзі пушча перайшла пад кантроль Расійскай імперыі. У 1888 годзе яе ўзяў пад асабістую ахову імператар Аляксандр III, які зрабіў яе царскім паляўнічым рэзервам. Так выглядае калонна, якую паставілі ў гонар палявання:

— Пасля Першай сусветнай вайны большая частка пушчы адышла да Польшчы. У гэты перыяд адбывалася значнае вынішчэнне зуброў і іншых жывёл.
— Пасля Другой сусветнай вайны большая частка пушчы перайшла пад кантроль Савецкага Саюза. У 1957 годзе тут быў створаны дзяржаўны запаведнік, а ў 1991 годзе Белавежская пушча атрымала статус нацыянальнага парку ўжо ў незалежнай Беларусі.
— У 1992 годзе яна была ўключана ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, што падкрэсліла яе сусветную значнасць.
Белавежская пушча адзін з самых багатых па біяразнастайнасці рэгіёнаў Еўропы. Тут захаваліся рэдкія віды раслін і звяроў, якія зніклі ў іншых частках кантынента. Пушча з’яўляецца адзіным месцам ў Еўропе, дзе жывуць зубры ў натуральных умовах.
Зубры – найбуйнейшыя сухапутныя млекакормячыя Еўропы. Яны былі цалкам вынішчаны ў 1919 годзе праз масавае паляванне падчас Першай сусветнай вайны. Дзякуючы намаганням вучоных, у 1929 годзе пачалася праграма аднаўлення зуброў. Пасля Другой сусветнай вайны Пушча ўпершыню ў гісторыі была падзелена дзяржаўнай мяжой і ўсе зубры засталіся на польскім баку.

Толькі ў 1946 годзе на беларускі бок былі перададзены 5 зуброў. Іх называлі Пуф, Пуля, Пусташ, Пурпур і Пугінал. Цікава, што і цяпер у Польшчы імёны зуброў пачынаюцца з літары «П», а ў Беларусі – з «Б».
Вядомасцю карыстаецца таксама Белавежская самагонка, так званая «Пушчанка». Яе зручна было вырабляць у лясным Нацпарку, куды цяжка трапіць. Але ў савецкія часы на самагоншчыкаў рабілі аблавы. Тады міліцыя з аўтаматаў расстрэльвала бочкі з брагай і перагонную ўстаноўку.
У 1986 годзе Тэд Цёрнер, заснавальнік канала CNN, хацеў купіць Белавежскую пушчу за 1,5 млрд $. Не прадалі. І не дарма.

Белавежская пушча – гэта больш, чым проста лес. Гэта унікальны прыродны і культурны помнік, які з’яўляецца нацыянальным гонарам Беларусі і часткай сусветнай спадчыны. Яе першабытныя лясы, рэдкія віды жывёл і раслін, старажытныя дубы і шырокія паляны – усё гэта стварае непаўторную атмасферу, якая прыцягвае людзей з усяго свету.
