Каб патрапіць у Забярэззе Пінскага раёна, трэба ехаць па трасе Ганцавічы — Лагішын і пасля вёскі Яловая галоўнае не прапусціць паварот. Зрэшты, зрабіць гэта даволі складана, бо на дарозе ёсць указальнік, а дакладней адзін адзіны знак з назвай — «ЗАБЯРЭЗЗЕ». Далей шлях вядзе праз лес, і ўжо праз пару кіламетраў стаіць вялікі драўляны крыж, якія ставілі звычайна на пачатку і напрыканцы вёскі. І калі глядзіш на дарогу, то бачыш першыя хаты гэтай вёскі.

На мапе вёска выглядае амаль ізаляванай ад навакольнага свету. Яна знаходзіцца ў своеасаблівым тупіку, акружаная лясамі. Дарога сюды вядзе толькі адна, і здаецца, што далей ужо нічога няма. Менавіта таму цяжка ўявіць, што яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму гэтыя мясціны былі значна больш ажыўленымі.

Праз лясы і балоты праходзіла вузкакалейная чыгунка, па якой рухаліся матавозы, вывозячы лес і торф і перавозячы людзей у іншыя вёскі, да сапраўднай чыгункі ў Малькавічах, а адтуль можна было трапіць у «вялікі свет» — Баранавічы. Сёння пра гэта нагадваюць толькі ўспаміны апошніх жыхароў ды ледзь прыкметныя сляды насыпу былой вузкакалейкі, якія без падказкі і не заўважыш.
Пра тое, што ў Забярэззі жыве баба Зоня, нам распавялі жыхары суседняй Яловай. Гісторыя апошняй жыхаркі нам падалася вельмі цікавай, таму мы вырашылі абавязкова заехаць і пазнаёміцца.
Першая сустрэча і знаёмства з Віктарам і бабай Зоняй
Упершыню ў Забярэззе мы трапілі яшчэ восенню. Быў ужо вечар, і вёска сустрэла нас незвычайнай цішынёй. На вуліцах не было ні душы. Адна з першых хат, якую мы сустрэлі, была падобна на мясцовы музей, але ўжо без вокнаў і дзвярэй. На самой хаце былі вывешаны відзік, вышыўка ды стары малюнак. Потым нам распавядуць і гісторыю гэтай дзіўнай хаты.

Астатнія хаты выглядалі жылымі, а дакладней так, як выглядаюць хаты так званых «дачнікаў» — людзей, якія прыязджаюць у такія дамы на лета адпачыць ці наадварот папрацаваць, заняўшыся агародамі.


Мы ўжо падумалі, што нікога не сустрэнем, але з глыбіні вёскі пачуўся брэх сабакі. Менавіта ў той бок мы і накіраваліся. Ля апошняй хаты па галоўнай вуліцы пабачылі карову, якая спакойна скубла траву. З іншага боку хаты сядзеў руды кот, а побач брахаў той самы сабака, якога мы і пачулі.


Неўзабаве з дому выйшаў мужчына. Спачатку ён глядзеў на нас з недаверам, бо не кожны дзень сюды прыязджаюць госці, ды яшчэ пад вечар. Як высветлілася, гэта быў Віктар — сын той самай бабы Зоні, пра якую нам распавялі ў Яловай.
Першыя хвіліны размовы былі асцярожнымі, бо Віктар спрабаваў зразумець, хто мы і што шукаем у Забярэззі. А калі мы расказалі пра свае вандроўкі па такіх мясцінах, размова адразу стала больш шчырай і ўжо праз дзесяць хвілін Віктар запрасіў нас у двор і ахвотна распавёў пра сваю маленькую радзіму, пра гаспадарку, паказаў розныя старыя рэчы, ўзгадаў колькі людзей жыло ў Забярэззі, і самае галоўнае, пазнаёміў нас са сваёй маці — бабай Зоняй.



— Тут раней і школа была і стадыён, праўда цяпер нават не пабачыш тое месца, бо лес вырас. А вось насып бачыце? Гэта была вузкакалейка, прычым тут, у Забярэззі, была не толькі адна чыгуначная дарога, а яшчэ некалькі тупікоў, дзе рамантавалі ці грузілі іншыя матавозы, а мая маці там чай рабіла. А вось тут стаялі баракі, дзе рамантавалі матавозы. Людзей багата было ў тыя часы. Гэта цяпер нікога.
— Што значыць чай рабіла?
— Ну, працавала там, рабіла чай для працаўнікоў чыгункі. Сама яна з Яловай, сюды замуж выйшла.
Баба Зоня далучылася да размовы аповедам пра карову, якая на самавыпасе і гуляе нават па лесе, які пачынаецца ўжо ў 200 метрах ад хлява.

— І не баіцеся, што ваўкі загрызуць?
— А чого боятыся? Я з гэтым нічого нэ зроблю. Алэ вона ў мэнэ розумна.
Далей мы напрасіліся паглядзець хату і там пабачылі сапраўдную прыгажосць! Паўсюль віселі вышыўкі і карціны. Апынулася, што ўсё сама рабіла баба Зоня. Яна з задавальненнем нам паказала нават тое, што было схавана ў шафе.
— У мэнэ його много, любкі, ой-ёй. Але ж у мэнэ дочкі нэма, коб була дзеўчына… А воны на мул понэсуть всэ крычаць, — са шкадаванне пра свае вышыўкі распавядае баба Зоня.
Хутка сцямнела і час быў развітвацца, але мы паабяцалі, што яшчэ заедзем. Так і адбылося, але ўжо па вясне. На вуліцы Віктар нам распавёў пра хату з малюнкамі, якую мы першай пабачылі ў вёсцы. Дом купілі пара, якая пазней развялася, а сам зруб не паспелі прывесці ў парадак, хаця планы былі на нешта грандыёзнае. Так яна і стаіць цяпер музейным экспанатам на ўездзе ў знікаючае Забярэззе.

«А мы думалі, што гэта могуць быць ашуканцы!»
Нам пашчасціла, што засталі Віктара і бабу Зоню на месцы, бо зімой яна хварэла і нават ляжала ў бальніцы. Сын увесь гэты час даглядаў за гаспадаркай.
— Добра, што тут інтэрнэт выдатны, сядзеў вечарамі глядзеў ютуб, так бы і не ведаю, што рабіў бы адзін у вёсцы, — смяецца Віктар, запрашая на двор.
Ён узгадаў, што восенню да апошняга думаў, што мы былі нейкія ашуканцы, якія ездзяць па вёсках і падманваюць людзей. А вось калі мы цяпер прыехалі, то ўпэўніўся, што дарма так думаў. Так што сустрэлі нас цёпла, як сяброў.
Бабу Зоню мы пабачылі на вуліцы, яна перабірала кішкі свінні. Напярэдадні святаў быў забіты кабанчык каб потым зрабіць сальцісон ці кравянку.
— Кроў сюды буду заліваць ды на бляшку! Потом дам родні. Родня е, тому кусочек одрыжу, тому кусочек, самы поямо трошкі. Ды й усё!
Мы паразмаўлялі пра жыццё бабы Зоні ў Забярэззі. Яна распавяла, што жыла бы дзік, і не хадзіла ні на якія дыскатэкі. Сяброў і сябровак таксама не мела. Бацька нікуды не пускаў і працы дома заўсёды хапала. А потым выйшла замуж і таксама праца і дом былі галоўнымі. З мужам пазнаёмілася тут жа, на вузкакалейцы, куды ездзіла з Яловай на працу.
— Шо я робіла? Шпалы носілі на плечах, колейку клалі. Рэльсы зрывалі лапою ды носілі ў вагон грузілі. Мотовозы каждый дэнь ездзілі.

Зараблялі ў вёсцы сярод лясоў і балот грыбамі і ягадамі. Раней мяшкамі насілі з леса і здавалі. Віктар паказвае нам фотаздымкі на сваім тэлефоне — поўныя кашы грыбоў.
— Быў год, калі журавінамі было засцелена вакол хаты, столькі назбіралі. Садзіўся ў машыну і вазіў у Мінск на продаж. У той сезон каля пяці тысяч даляраў змаглі зарабіць. Маці таксама дапамагала, часам магла назбіраць мех ягад і недзе пад дрэвам пакінуць, я потым хадзіў і насіў іх дадому.
У вёсцы ўжо шмат гадоў нікога няма. Суседка адна была, але і яе забралі да сябе дзеці. А раней магла да яе ў госці завітаць паразмаўляць. Цяпер — пуста, баба Зоня тут адна некалькі гадоў. Суседзі з’яўляюцца толькі летам.
Нарэшце, перамыўшы кішкі, баба Зоня крыкнула сыну, каб запрашаў нас у хату на свежыну. З задавальненнем ідзем.

Баба Зоня распавяла, што хаце ўжо больш за 50 гадоў, а вось калі толькі прыыйшла сюды, то жылі ў свякрухі.
— Цяжко було, любкі мое. Цяпер хаты лягчэй робіць, а тоды лесу не давалі, да не було тых тракторув! Божэ, да конем якім сунеш, да тымі колкамі, да саньмі… оооой-ёёй…, да пілорамы няма, вазілі ў Церабынь.


- — А ў горад да сына хацелі б пераехаць?
— Не хочу, любчык, покуль на ногах. А далей не дай Бог опаду? То як жэ ж я буду, а трэба в туалет, то трэба будзе ійті. А воны на мяне нападаюць «Ході, ході». А я в тым городі не могу, там тыя люді ідуть і ідуть і ідуть, а машыны ідуть і ідуть. Там шум, гул. Помру дык не пойду нікуды з хаты. Ніхто ж угледзець...
На развітанне падзякавалі бабе Зоне і Віктару за гасціннасць, размовы і за тое, што паказала свае вышытыя скарбы.
— Вот і спасібо, што вы заяджаеце! Заедзеце, то поговорымо трохі, поболбочу, трохі веселей.
— То мы яшчэ летам заедзем і пагаворымо, — адказваю, і ўсе разам усміхаемся.
Natatnik




