Рычард і Кэйсі пазнаёміліся ў Аўстраліі, а зараз жывуць у Лондане. Вандраваць яны пачалі ў 2014 годзе, і за гэты час наведалі ўжо 60 краін свету. Яны самастойныя турысты, якія спыняюцца ў танных гатэлях і любяць пешам аглядаць новы горад. Самыя цікавыя вандроўкі яны апісваюць у сваім блогу Рычард па адукацыі гісторык, асабліва яго цікавяць краіны былога СССР. У сакавіку пара некалькі дзён правяла ў Беларусі. У блогу гэтага запісу яшчэ няма, але Рычард і Кэйсі ўжо паспелі падзяліцца сваімі ўражаннямі з Natatnik.
Беларусь – гэта не тая краіна, пра якую шмат ведаюць брытанцы. Некаторыя могуць узгадаць, што англічане некалькі разоў гулялі з беларусамі ў футбол, але гэта вельмі абмежаванае ўяўленне пра Беларусь у Злучаным Каралеўстве.
Памятаючы пра гэта і ўлічваючы маю любоў да вывучэння краін былога СССР, мы ўключылі Беларусь у нашае двухтыднёвае падарожжа па Усходняй Еўропе. Аккурат паміж наведваннем Украіны і паездкай у Польшчу.
Наколькі я памятаю, толькі Беларусь і Расея патрабуюць ад жыхароў Еўразвязу звяртання па візу ў амбасаду. Гэта, канешне, галаўны боль, але не празмерна грувасткая працэдура. Яшчэ большая пакута – гэта патрабаванне афіцыйна зацверджанай рэзервацыі гатэлей, у якіх вы спыняецеся. Гэта напружвае, але неабходнасць даслаць пару лістоў у кожны гатэль праз стандартныя сайты бранірвання жылля (hotels.com ці booking.com) не можа спыніць нас ад паездкі. У якасці альтэрнатывы можна планаваць вандроўку праз турыстычную кампанію, тады ўсё гэта зробяць за вас! Тым не менш, мы з Кэйсі любім арганізоўваць усё самастойна, таму забраніравалі жытло самі.
З усімі дакументамі на руках Кэйсі пайшла ў беларускую амбасаду і запоўніла там неабходныя формы заяўкі. Праз 4 дні я вярнуўся, каб забраць нашыя візы. Дарэчы, будынак амбасады ўяўляе сабой надзвычай шыкоўнае жыллё ў прэстыжным раёне Лондана Кенсінгтон (па суседству з амбасадамі Азербайджана і Манголіі).
Мы запланавалі правесці некалькі дзён у Менску, а потым некалькі дзён у Берасці. У Менск мы прыбылі раніцай на начным цягніку з Кіева. У нас ужо ёсць досвед падарожжа ў цягніках савецкага тыпу, але гэты цягнік быў вышэйшага за папярэднія ўзроўню. Мы ехалі другім класам, з намі ў купэ былі яшчэ 2 чалавекі. Абодва дапамагалі нам з правіламі перасячэння мяжы.
Менск аказаўся такім, як я і чакаў. Шырокія праспекты, уздоўж якіх стаяць будынкі сталінскага тыпу архітэктуры. Шчыра кажучы, не вельмі ладныя, але адначасова яны ўражваюць. Мы з задавальненнем прагуляліся па гораду, пабывалі на Кастрычніцкай плошчы, плошчы Незалежнасці і плошчы Перамогі, а таксама наведалі некалькі храмаў.
На абед мы зайшлі ў кафетэрый (такі тып рэстарацый характэрны для гэтай часткі свету). Гэта так цудоўна выбіраць ежу, калі ты не можаш прачытаць меню! Гэта нават лепей, чым бачыць малюнкі страваў, якія хочаш замовіць! Я выбраў катлету па-кіеўскі, смажаную бульбу і квашаную капусту – усё было вельмі смачна.
Акрамя Менску мы яшчэ пабывалі ў замках Міра і Нясвіжа, якія з’яўляюцца нацыянальнай каштоўнасцю Беларусі. Аўтобус, абед, гід — усё было арганізавана цягам дня. Што ж было не так? Па шчырасці, усё было так, і мы загадзя ведалі пра невялікую праблему гэтага добрага дня – наш гід вёў экскурсію па-руску! У адпаведны час мы селі ў аўтобус разам з іншымі 20 турыстамі, якія ў адрозненні ад нас мелі перавагу, бо яны размаўлялі на рускай мове! Але ўсё ж такі і гід, і астатнія пасажыры перакладалі нам самыя важныя моманты на ангельскую мову (час адпраўлення аўтобуса, пытанні наконт абеду і г.д.). Усе былі ветлівымі, а самі славутасці прыгожымі, я сапраўды рэкамендую наведаць гэтыя замкі!
Наступным пунктам нашай кароткай вандроўкі ўглыб Усходняй Еўропы быў горад Берасце. Ён знаходзіцца на паўднёвым захадзе Беларусі на мяжы з Польшчай. Берасце – маленькі гарадок з адпаведнымі яму добрымі людзьмі, прыгожымі будынкамі і шырокім выбарам месцаў для харчавання! Пасля 5 гадзін у цягніку мы вабілі час, прагульваючыся па вечаровым горадзе. Мы з задавальненнем частаваліся смачнымі сасіскамі з беконам і агароднінай, запіваючы ўсё гэта беларускім півам, у адным з элітарных бараў на галоўнай пешаходнай вуліцы Берасця.
У наступны дзень мы запланавалі ранішні візіт у Брэсцкую крэпасць, а потым тур у Белавежскую пушчу. Крэпасць, з яе ўражлівымі велічнымі савецкімі скульптурамі і казармамі 19 стагоддзя, заслугоўвае асобнага візіту ў Берасце.
Белавежская пушча знаходзіцца ў 60 км ад горада. Праз гэты лес праходзіць мяжа паміж Беларуссю і Польшчай. Сам лес служыць домам для многіх млекакормячых Еўропы, у тым ліку, мядзведзя, аленя і вельмі мілага (хоць крыху і нязграбнага) зубра. Варта сказаць, што мы не пабачылі нікога з іх у самім лесе, але мы змаглі паглядзець на зуброў і іншых жывёл у заапарку ў турыстычнай зоне.
Дзень, праведзены ў Белавежскай пушчы, быў надзвычай прыемным. Разам з намі быў цудоўны гід Вольга. Яна вельмі прыязная і дасведчаная, больш за тое, яна вельмі ганарыцца сваёй краінай і мае магчымасць дзяліцца сваімі пачуццямі і ведамі падчас экскурсій. Я быў вельмі рады, што стаў яе першым турыстам з Англіі. Спадзяюся, я пакінуў годнае ўражанне пра англічан!
Увечары, дзякуючы парадам Вольгі, мы трапілі ў рэстарацыю нацыянальнай беларускай кухні. Тут мы пакаштавалі дранікі з мясам і клёцкі. Пасля вячэры мы назіралі мясцовую традыцыю – запальванне газавых вулічных ліхтароў уручную. У гатэль трэба было вяртацца непозна, бо на наступны дзень нас чакаў ранішні цягнік у Варшаву!
Ад усяго сэрца я раю наведаць Беларусь тым, хто хоча пабываць у постсавецкай краіне Усходняй Еўропы, пра якую мала ведаюць турысты. Тут цудоўныя людзі, прыгожая архітэктура і прырода. Не гледзячы ні на што, нам з Кэйсі тут сапраўды спадабалася!
Фота аўтара
Пераклад з ангельскай мовы Вольгі Малафеечавай, Natatnik
Супер! Як жа цікава было чытаць! А дзе гэта нацыянальная наша кухня? У якім кафэ?
Думаю, што ў «Свакі» хадзілі
Так, харчэўня «Сваякі». Увогуле ў нас іх усяго два. Яшчэ «У возера» у парку, але там вельмі дорага…