Штогод фэст экскурсаводаў збірае сотні людзей па ўсёй Беларусі, каб даць магчымасць тутэйшым жыхарам (а не турыстам) дакрануцца да сваёй гісторыі. Бясплатныя экскурсіі ладзяцца не толькі ў Менску і абласных цэнтрах, але і ў маленькіх гарадах нашай краіны, дзе звычайна захавалася яшчэ больш даўніны. Сёлета фэст экскурсаводаў праходзіў 23-24 красавіка, было заяўлена больш за 150 экскурсій. Нават папярэдняя рэгістрацыя паказала, што людзей будзе шмат.

У Берасці самымі папулярнымі экскурсіямі сталі «Габрэйская гісторыя ў памяці Берасця» і «Загадкі Трышынскіх могілак». На іх прыйшло каля 50 чалавек. Велаэкскурсія абяцала таксама быць масавай, але надвор’е крыху спужала людзей.

Дзень 1.

Даты правядзення фэста супалі з габрэйскім святам Песах, таму Яўхім Басін правёў сваю экскурсію ў пятніцу 22 красавіка. На невялікім кавалку Плошчы свабоды, як аказалася, стаяць дамы-сведкі не толькі гістарычных пераваротаў у жыцці нашага горада, але і лёсаў людзей (пераважна габрэяў), якія сталі закладнікамі гэтага часу.

Прадстаўнік Заходне-Палескага рэгіянальнага аддзялення АПБ Юры Янкевіч навучыў нас заўважаць прыроду, якая жыве побач з чалавекам. Падчас экскурсіі было зафіксавана 20 відаў птушак, сярод якіх і два чырвонакніжніка: вялікі грыцук і зялёны дзяцел.

Навінкай сёлетняга фэсту стаў квэст па Брэсцкай крэпасці, які арганізавала Алена Каховіч. Каманды павінны былі расшыфраваць загаданае месца, а потым выканаць нейкае заданне, звязанае менавіта з гісторыяй старадаўняга Берасця. Усе заданні размешчаны на платформе shukaj.by. Калі вы не трапілі на квэст, то можаце зарэгістравацца і самастойна прайсці яго ў крэпасці.

Дзень 2.

У другі дзень надвор’е не вельмі спрыяла пешаходным экскурсіям. Але нягледзячы на гэта, на Трышынскіх могілках сабралося шмат зацікаўленых. Расчараваннем для многіх стала адсутнасць заяўленага ў праграме экскурсавода — Мікалая Ўласюка. Замест яго кароткую прагулку па тэрыторыі старажытных могілак Берасця правёў аматар тэмы Міхаіл Дацэнка.

Экскурсія па цэнтру горада таксама выклікала шмат увагі з боку берасцейцаў. Акрамя квэсту гэта была адзіная экскурсія на беларускай мове. Таццяна Шаўчук пазнаёміла прысутных з архітэктурай Берасця 19-пачатку 20 стагоддзяў.

А вось на экскурсію на роварах даехалі толькі 3 чалавекі. Дождж як раз сціх, таму маршрут цалкам быў ахоплены. Роварысты разам з Таццянай Мярчук праехаліся па скверах і парках горада і даведаліся пра гісторыю гэтых мясцін і ўсталяваных там помнікаў.

Фэст экскурсаводаў яшчэ раз паказаў, што людзі цікавяцца гісторыяй свайго месца. І часцей за ўсё мала яе ведаюць, бо на павярхні ляжаць толькі  інтэрнэт-крыніцы. Шмат чаго хаваецца ў архівах і недаследаванных пакуль дакументах. Таму дзякуй экскурсаводам, якія прапанавалі такія розныя і цікавыя маршруты, за магчымасць дакрануцца да мінулага.

Вольга Малафеечава, Natatnik

Фота аўтара і Зміцера Пылыпіва

Подписаться
Уведомление о
guest
0 комментариев
Inline Feedbacks
View all comments