Не ўсё абавязкова разумець. Часам трэба проста прыняць. Прыняць, што гаворка ў “Пінскай шляхце” ідзе пра шляхту альпенскую – ад вёскі Альпень, што ў Столінскім раёне. Для ўважлівых чытачоў у гэтым няма адкрыцця, бо аўтар з гэтага і пачынае свой твор: “Рэч адбываецца ў ваколіцы О… паміж балотаў, у глушы Пінскага павета”. Тагачасная Ольпень з часам ператварылася ў Альпень з націскам на другі склад і адышла пад юрысдыкцыю Столінскага раёна.

Каб мы назвалі Альпень вёскай яшчэ стагоддзе таму, нам з вамі добра б начысцілі твар: вёска – для мужыкоў, а шляхта жыве ў ваколіцах і засценках – што тут няяснага? Але пралетарска-калгасны перыяд гісторыі крыху ўлагодзіў нораў шляхцюкоў, і на вёску цяпер ніхто не пакрыўдзіцца.

Тым не менш пра сваё шляхецтва альпенцы добра памятаюць. Ведаюць і каму абавязаныя літаратурнаму ўвекавечанню свайго паходжання. Нават 99-гадовы ветэран Васіль Лемяшэўскі не абыходзіць згадкі пра Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Далёкі ад літаратуры з тэатрам, стары альпенец, напэўна, і лекцыю пра класіка прачытаў бы, але пасля сцверджання “мы – пінская шляхта” толькі махае рукой: “Ну вы ж карэспандэнт, самі ўсё добра ведаеце”.

Музей у Альпені
Васіль Лемяшэўскі і Іван Ляшкевіч – таксама са шляхты

На такой вось глебе пачуцця ўласнага гонару і годнасці ў Альпені год таму паўстаў грамадскі краязнаўчы музей. Кіруе тут яшчэ адзін патомны шляхціц Іван Ляшкевіч, па сумяшчальніцтве – шматгадовы даследнік мясцовай гісторыі, збіральнік дыялектных выразаў і былы настаўнік гісторыі. Рэчы ў музей збіралі ўсёй вёскай, падышоўшы да гэтай справы не менш адказна, чым паўтара стагоддзя таму да доказаў свайго радавітага паходжання. Атрымалася сапраўды годна. Некаторыя экспанаты дэманструюць, што Альпень і праўда адрозніваецца ад звычайнай сялянскай вёскі, некаторыя ставяць гэта пад сумненне.

Экспанат №1. Шляхецкая радаслоўная

Гэты дакумент, копія справы аб прыналежнасці да дваранскага роду, нагадвае пра “Пінскую шляхту” найбольш. І прозвішча тут, як у аднаго з герояў – Цюхай-Ліпскі, і ўвогуле такія дакументы дэманструюць, як важна было ўшчэнт збяднелай шляхце хоць на паперы заставацца людзьмі са становішчам. Гэта мела і сацыяльнае, і фінансавае значэнне, паколькі хоць бедны, але шляхцюк быў сам сабе гаспадаром, вызваляўся ад сялянскіх падаткаў і павіннасцей.

Васіль Лемяшэўскі, які нарадзіўся ў 1919 годзе, яшчэ добра памятае выразны сацыяльны падзел паміж ваколічнай шляхтай і сялянствам. Нават танцы ў межах адной вёсцы ладзіліся асобна для адных і другіх. Сам Васіль жаніўся ўжо пасля вайны, таму мог дазволіць сабе выбіраць жонку выключна па сімпатыях, а не сацыяльным становішчы. Хоць зрабіў усё роўна шляхетны выбар – ажаніўся з настаўніцай.

Экспанат № 2. Гліняная свістулька

Яна ляжыць на паліцы побач з самымі старажытнымі экспанатамі – крамянымі прыладамі працы і наканечнікамі для стрэл. Нават негісторыку зразумела, што прадметам не адна тысяча год. “Альпенцы знайшлі ўсё гэта проста сярод агародаў? – Так, проста сярод агародаў”, — адказвае Іван Ляшкевіч і паказвае на гліняны свісцёлік: “Вось яго знайшоў на агародзе мой стрыечны брат. Свісцёліку не менш за дзвесце год, але ён і дагэтуль свісціць, дзеці любяць”.

Спрабую: сапраўды свісціць. Зграбная і прыгожая рэч, якую цяжка ўявіць сярод цацак сялянскіх дзяцей. Што да гліны, то ў Альпені гэты матэрыял ніколі не быў у дэфіцыце. Пры Польшчы і Саветах тут нават працаваў цагельны завод.

Экспанат №3. Мухалоўка

Больш вытанчаны варыянт сучаснай клейкай стужкі. На дно гэтай празрыстай колбы налівалася прывабная для мух салодкая вадкасць. Праз адтуліну ў дне насякомыя запаўзалі ўнутр, а выбрацца на свабоду ўжо не маглі. Бачылі такія хітрасці ў сялянскіх хатах сваіх бабуль? Калі так, праверце сямейны радавод: можа, і вы патомны шляхціц або шляхцянка.

Экспанат №4. Шафа з жыдоўскімі каранямі

Па ўспамінах старых альпенцаў, да вайны тут было каля 15 жыдоўскіх хат. Той трымаў цагляны завод, той лаўку, другі шыў боты ці вопратку. Быў сярод мясцовых габрэяў і майстар па мэблі, яго рукам, па словах нашага экскурсавода Івана Ляшкевіча, і належыць гэты выраблены ў 1922 годзе сервант. Праз дваццаць год пасля вырабу майстар загіне ў гета, а сервант застанецца старэць разам з хатай, якой быў прызначаны. Хата састарэла першай, а сервант выцягнулі з руінаў дзеля новага, экспанатнага жыцця.

Акрамя яго, пра жыдоўскі перыяд Альпені нагадваюць дзве хаты ў цэнтры вёскі. Дзве апошнія з тых паўтара дзясятка дамоў-сірот, якія ў 1942-м у адзін момант страцілі гаспадароў.

Экспанат №5. “Цікеткі”

У часы, калі ўсе саслоўі параўняліся, у Альпені, як і ў суседнім Давід-Гарадку, гандлявалі насеннем кветак. Цяперашнія агародніцы, выбіраючы, чым аздобіць панадворак, пільна ўглядаюцца ў фотаздымкі на папяровых пачках. А як было прадаваць насенне ў дапрынтараўскую эпоху? Правільна, маляваць кветкі ўласнаручна. “Вясну”, тобок сезон актыўных продажаў, нельга было ўявіць без такіх драўляных дошчачак, “цікетак”. “Цётка клала на стол торбачку з насеннем, туды ставіла такую карцінку, і людзі падыходзілі ды куплялі”, — тлумачыць Іван.

Мернай лыжкай, яшчэ адным экспанатам музея, адмяралі насенне. Дзеля кветкавага гандлю ездзілі па ўсім СССР. Здымак са стэнду дакументуе бізнэс трып у Барнауле. А даязджалі нават да Уладзівастока.

Цяпер замест кветак альпенцы ахвотней вырошчаюць моркву, цыбулю, чырвоныя буракі. Іх не трэба весці ў Барнаул, перакупы прыедуць самі.

Нешляхетны экспанат. Працоўныя жорны

Нават у часы Дуніна-Марцінкевіча ваколічная шляхта мала адрознівалася знешне і побытава ад сялян, а да сярэдзіны мінулага стагоддзя адрозненні яшчэ больш стушаваліся. Таму ў экспазіцыі музея шмат прадметаў, характэрных звычайнай вясковай хаце. Напрыклад, гэтыя жорны. Мы звярнулі на іх увагу, бо часта ў музеях дэманструюць адно каменныя часткі прылады, а тут можна пабачыць, як гэта цалкам выглядала і нават як працавала. Іван Ляшкевіч спецыяльна трымае ў музеі крыху зерня, каб школьнікі маглі паспрабаваць намалоць мукі.

Музей у Альпені

Грамадскі краязнаўчы музей кватаруе ў Альпенскім доме культуры. Захочаце наведаць – проста набярыце нумар, размешчаны на дзвярах музея.

Фота аўтаркі

Подписаться
Уведомление о
guest
1 Комментарий
старее
новее большинство голосов
Inline Feedbacks
View all comments
Polikarp
Polikarp
6 лет назад

Юрась Лешкевич очень подробно изучил генеалогию Лешкевичей из Альпеня. Вот тут подробности, если кому интересно:
http://leszkiewicz.narod.ru/simple_rus.html