Леў Самойлавіч Бакст, сапраўднае імя якога Лейб-Хаім Іцкавіч Розенберг, нарадзіўся ў 1866 годзе ў Гародні. Хоць яго жыццё і творчасць звязаны з Пецярбургам, Парыжам і іншымі цэнтрамі мастацтва, яго раннія гады прайшлі на беларускай зямлі, што паўплывала на фармаванне яго асобы і стылю. Распавядаем пра жыццё гэтага таленавітага мастака.

Сям’я Бакста была яўрэйскага паходжання і адносілася да дастаткова адукаваных і інтэлектуальных колаў. З дзяцінства Леў праяўляў цікавасць да мастацтва, і, нягледзячы на жаданне бацькоў бачыць яго ў іншай прафесіі, ён настаяў на сваім шляху мастака. Бакст атрымаў адукацыю ў Імператарскай акадэміі мастацтваў у Пецярбургу, куды пераехалі бацькі з-за камерцыйных прычын. Аднак класічныя акадэмічныя нормы хутка сталі для яго цеснымі, і ён пачаў шукаць уласны стыль і кінуў акадэмію. У гэты перыяд ён актыўна наведваў Еўропу, бываў і ў Францыі, дзе натхняўся работамі імпрэсіяністаў і сімвалістаў.

На першай сваёй выставе ў 1889 годзе Леў узяў псеўданім Бакст, існуе як мінімум тры версіі яго паходжання. Па ўспамінах Аляксандра Бенуа, «Леў даў даволі блытанае тлумачэнне — быццам ён абраў такі псеўданім у памяць свайго сваяка, ці то дзядзькі, ці то дзеда». Пляменніца Бакста Марыя Клячка сцвярджала, што Бакстэр, а не Розенберг, — дзявочае прозвішча маці. Трэцяя версія ад даследчыцы І. Пружан апавядае, што прозвішча Бакстэр насіла бабуля па матчынай лініі.

У пачатку 1900-х Леў Бакст працягваў займацца станкавым жывапісам і графікай, выкарыстоўваючы вопыт розных мастацкіх напрамкаў. Ствараў партрэты сучасных, сюжэтныя карціны, пейзажы і дэкаратыўныя панно. У 1908 годзе пад уражаннем ад падарожжа па Грэцыі напісаў цыкл пейзажаў і адну са сваіх самых вядомых карцін – «Старажытны жах» («Terror Antiquus»).

У 1906–1909 гадах Леў Бакст выкладаў у прыватнай мастацкай школе-студыі Елізаветы Званцавай у Санкт-Пецярбургу, адным з яго вучняў быў Марк Шагал. А ў 1910 годзе пасяліўся ў Парыжы, дзе яго і напаткаў найбольшы поспех, які звязаны з так званымі «Рускімі сезонамі» — гастролямі рускіх артыстаў у Парыжы, арганізаванымі Сяргеем Дзягілевым. Бакст стаў адным з галоўных мастакоў «Рускага балета», дзе стварыў знакамітыя дэкарацыі і касцюмы для балетных пастановак.

Пры ўдзеле Бакста былі ажыццёўлены пастаноўкі балетаў: «Клеапатра» (1909, тэатр Шатле), «Шэхеразада» (1910, Гранд-опера), «Жар-птушка» (1910, Гранд-опера), «Нарцыс» (1911, Монтэ Карла, Казіно), «Дафніс і Хлоя» (1912, тэатр Шатле), «Сіні Бог» (1912, тэатр Шатле), «Легенда аб Іосіфе» (1914, Гранд-опера), «Жартаўніцы» (1917, Рым, тэатр Канстанцы) і іншыя. Яго стыль быў надзвычай яскравым, поўным экзотыкі, багатых арнаментаў і дынамічных формаў.

Эскіз балетнага гарнітура да балету Жар Птушка, 1910
Эскіз гарнітура для Іды Рубінштэйн, балет Алена Спартанская, 1912

Сцэнаграфічныя рашэнні Льва Бакста адыгралі вялікую ролю ў развіцці тэатральнага мастацтва, паўплывалі на моду і дызайн XX стагоддзя. Многія мадэльеры, такія як Пол Пуарэ, выкарыстоўвалі яго ідэі, натхняючыся багатымі арнаментамі, этнічнымі матывамі і смелымі каляровымі рашэннямі. Сцэнаграфічныя працы Бакста вызначаліся неверагоднай раскошай, спалучэннем усходніх і заходніх традыцый, што стала своеасаблівай візітоўкай яго стылю. Касцюмы і дэкарацыі зрабілі рэвалюцыю ў тэатральным мастацтве, што дазволіла «Рускаму балету» Дзягілева стаць сусветным феноменам.

Леў Бакст — гэта мастак сусветнага ўзроўню, які нарадзіўся ў Беларусі і прынёс велізарны ўклад у развіццё мастацтва XX стагоддзя. Яго творчасць з’яўляецца ўнікальным спалучэннем мадэрну, сімвалізму і нацыянальных матываў. У Беларусі ўсё больш увагі надаецца вяртанню спадчыны Бакста ў нацыянальны кантэкст. Яго імя становіцца больш вядомым, ладзяцца выстаўкі, прысвечаныя яго творчасці. Даследчыкі і мастацтвазнаўцы звяртаюць увагу на яго ўплыў на сусветнае мастацтва і на важнасць захавання яго спадчыны.

У 2013 годзе калекцыя Белгазпрамбанка папоўнілася «Эскізам касцюма Жар-птушкі» Льва Бакста, набытым на аўкцыёне «Крысціс». Гэтая праца стала адным з нешматлікіх твораў мастака, вернутых на яго радзіму — у Беларусь.

А ў 2014 годзе Белгазпрамбанк набыў у прыватнага калекцыянера альбом «Творы Льва Бакста для балета «Спячая прыгажуня» (1922). Акрамя гэтага, некалькі твораў тыражнай графікі Бакста знаходзяцца ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея.

Natatnik

Подписаться
Уведомление о
guest
0 комментариев
старее
новее большинство голосов
Inline Feedbacks
View all comments