Нас ужо не здзіўляе, калі беларусы пераязджаюць у іншыя краіны, ствараюць там сем’і і знаходзяць добрую працу. Часцей за ўсё яны наўрад ці вернуцца назад. Але ёсць і іншыя прыклады. Natatnik пазнаёміўся з беларуска-швейцарскай сям’ёй Сапегаў, якая жыве то ў Цюрыху, то ў Бабруйску.
Алесь нарадзіўся ў Бабруйску і да 22 год жыў у Беларусі. Атрымаў адукацыю спачатку ў мясцовым хімтэхнікуму, а пасля вучыўся на псіхолага ў Маскве. На 4 курсе перайшоў на завочнае, бо пераехаў жыць у Швейцарыю. А дыплом абараняў па тэме “Гендэрная псіхалогія”, выяўляючы адрозненні паміж жанчынамі ў Беларусі і Швейцарыі, і мужчынамі адпаведна. Размаўляе з намі па-беларуску.
Мілена нарадзілася ў Цюрыху. Яе бацька паходзіць з Італіі, а маці напалову немка. Па адукацыі яна настаўніца, выкладае ў школе замежныя мовы, матэматыку, спорт і г.д., але ўсё гэта ў старэйшых класах. Акрамя Швейцарыі паспела пажыць у Італіі і Беларусі. Размаўляе з намі па-расейску.
Знаёмства і стварэнне сям’і
Упершыню яны сустрэліся ў Беларусі ў скауцкім летніку ў 2002 годзе. Мілена ў складзе моладзевай групы рызыкнула паехаць у невядомую краіну, у якую наўрад ці трапіла б сама (улічваючы пэўныя патрабаванні для атрымання беларускай візы). А на другі дзень летніка адбылася сустрэча на дрэве.
- Были разные занятия с веревками. И мне тоже предложили попробовать. А Саша как раз сидел на дереве, и я слышала, что его называют по имени Саша. Наверху я ему сказала: “Hello, я Милена”. А он мне ответил: “А я Alex”. А я думаю, зачем говорить, что ты Алекс, если ты Саша. Я тогда еще не знала, что Саша и Александр — это одно и то же имя. У нас такого нет, – узгадвае Мілена.
Пасля цікавага часу ў летніку скауты раз’ехаліся па сваіх краінах. Падтрымліваць стасункі на адлегласці тады яшчэ было не так проста: мабільнікаў у маладых людзей не было. Таму пачыналася ўсё са звычайных папяровых лістоў. Пісаліся яны на ангельскай мове, пакуль што не вельмі дасканалай: Hello, how are you? How do you do? Потым была яшчэ адна праграма ўжо ў Швейцарыі, дзе Алесь з Міленай пабачыліся ізноў. Праз год фестываль у Празе, дзе яны ўжо вырашылі быць разам.
- Яна ездзіла да мяне даволі часта. Па-першае, яна магла сабе гэта дазволіць, і па-другое, як у настаўніцы ў яе было больш адпачынкаў. А я тады працаваў кавалём, ну што гэта былі за грошы. Для Беларусі іх было дастаткова, але каб паехаць за мяжу… Таму аднойчы я выправіўся ў Маскву, каб зарабіць там грошай і паехаць да Мілены ў Швейцарыю, – распавядае Алесь.
Вось так маладыя людзі і ездзілі адзін да аднаго, а праз 4 гады такіх сустрэч ажаніліся. І ўжо на гэтым этапе пачаліся першыя “міжнародныя” прыгоды сям’і Сапегаў. Распісаліся яны ў Швейцарыі, а вянчацца думалі ў Беларусі. Але не ўсё так проста, бо Алесь праваслаўны, а Мілена каталічка. У праваслаўным храме на Нямізе ў Менску адразу далі зразумець, што муж і жонка павінны быць аднаго веравызнання (ну і няхай, што гэта дзве галіны хрысціянства). У чырвоным касцёле патрабавалі абавязкова прайсці падрыхтоўчыя курсы (а як, калі жонка жыве ў іншай краіне?). У выніку вянчаліся маладыя ў каталіцкім храме ў Швейцарыі.
Сямейны герб
Наконт кроўнай сувязі са знакамітым беларускім родам Сапегі пакуль што не вызначыліся, але свой сямейны герб яны таксама маюць. Выява герба прысутнічае ў шлюбных пярсцёнках, а таксама на сямейнай пячатцы, якая ставіцца на канверты.
Алесь паказвае малюнак на тэлефоне і тлумачыць нам, чаму герб выглядае менавіта так:
- Мы хацелі, каб кожны сімвал нешта азначаў для нашай сям’і. Ён чырвона-белы, швейцарскі крыж і калюмны – старажытныя сімвалы абедзвюх краін. Дрэва – гэта сімвал нашага знаёмства і ўвогуле сям’і. Скауцкая лілія – зразумела, элемент нашага знаёмства. Яна ж абрана за галоўны сімвал. Шлем тут не ваенны, а грамадскі, бо мы не вайскоўцы. Ну і канешне, сямейны дэвіз: “Удача ўсміхаецца смелым”.
Жыццё ў Швейцарыі
Сумеснае жыццё Сапегаў пачалося ў Швейцарыі. Першыя два гады муж і жонка размаўлялі паміж сабой па-ангельску. І толькі калі нарадзілася дачка Ніна, Алесь усё ж такі вырашыў вучыць нямецкую мову і размаўляць на ёй. З-за адсутнасці пастаяннай працы вольнага часу было дастаткова для таго, каб самастойна займацца па кнігах, а практыкі і дома хапала.
- Першыя два гады мне зусім не падабалася Швейцарыя, я проста лез на сцены. Сяброў няма, бацькоў няма, іншы менталітэт і культура. Мне дапамагалі толькі спорт і мова. А раней жа не было ні Viber, ні Skype, у Беларусі людзі з антэнкамі хадзілі! Гэта зараз можна на самалёце і за 20 еўра паляцець, а раней, каб у адзін бок злятаць, трэба было 600 еўра заплаціць. Мажлівасць лётаць была толькі раз на год, – зараз ужо з усмешкай прыгадвае Алесь.
Адразу адшукаць добрую працу беларусу за мяжой амаль немагчыма. Калі ты малады спецыяліст з беларускім дыпломам, без досьведу працы, не валодаеш мясцовай мовай, то можаш разлічваць толькі на нейкія падпрацоўкі. Алесь таксама спачатку дапамагаў фермеру будаваць кароўнік. Пасля працаваў у клінінгавай кампаніі. Але крок за крокам змяняў свае месцы працы да лепшага. Поспех пачаўся тады, калі беларус трапіў на практыку ў кампанію, дзе яго калегамі былі ўжо не замежнікі, а самі швейцарцы. Адначасова з ростам кар’еры пайшоў да гары і ўзровень валодання швейцарскай мовай.
Пошук беларусаў у Швейцарыі
Пакуль Алесь наладжваў сваё жыццё ў Швейцарыі, яго не пакідала думка, што тут жывуць і іншыя беларусы, трэба іх адшукаць і аб’яднацца:
- Спачатку я ведаў толькі Сяргея Сіроткіна, але ён жыў у Базэлі, а мы ў Цюрыху. Мы сустракаліся ўсяго 2 разы на год. Я ж хацеў адшукаць іншых беларусаў. Але гэта здавалася амаль немагчымым. Бо беларусы не жадаюць выдзяляцца як беларусы, яны ў асноўным хаваюцца. Яны хочуць паказаць, што мы таксама еўрапейцы, калі мы жывем у Швейцарыі.
Тады Алесь настойліва пачаў прабіваць “шлях для швейцарскіх беларусаў”. Ён патэлефанаваў у амбасаду Беларусі ў Берне, спадзяючыся, што існуе нейкая супольнасць, да якой можна далучыцца. Такой не было, таму Алесь Сапега і Сяргей Сіроткін вырашылі самі яе і арганізаваць. На першае паседжанне беларускай дыяспары прыйшло 15 чалавек, быў зацверджаны статут. Зараз дзейнасць вядзецца даволі актыўна: ладзяцца канцэрты беларускіх музыкаў, святкуюцца традыцыйныя для беларусаў святы (Гуканне вясны, Купалле, Каляды) і інш. Цікава, што на гэтыя мерапраемствы сталі прыходзіць змешаныя беларуска-швейцарскія сем’і, а таксама літоўцы, рускія і ўкраінцы, якія жывуць там.
- Праз нашу дыяспару мы таксама пазнаёміліся з Лявонам Вольскім. Швейцарцы запрасілі яго на нейкі музычны форум, а так як Лявон размаўляе па-беларуску, нас папрасілі дапамагчы з перакладам. А потым ужо ён прыехаў да нас з канцэртам. Для швейцарцаў на канцэрце словы песень пішуцца швейцарскімі літарамі, яны іх чытаюць і падпяваюць. Яны добра ведаюць песні “Простыя словы”, “Тры чарапахі” і інш., – з гонарам тлумачыць Алесь.
Год жыцця ў Беларусі
Пасля 9 гадоў жыцця ў Цюрыху беларуска-швейцарская сям’я вырашыла пажыць год у Бабруйску. Дагэтуль Мілена некалькі разоў наведвала Бабруйск і Менск. А ў сваё першае падарожжа на роварах па маршруту Менск-Нарач маладыя накіраваліся аккурат з вясельнай вечарыны, пакінуўшы гасцей на тамаду. Нават у якасці падарункаў на вяселле Алесь з Міленай прасілі ровары, намёт і спальнікі замест традыцыйных пральных машын, прасаў і імбрыкаў.
Кожны год Сапегі прыязджалі ў Беларусь да бацькоў Алеся, а таксама павандраваць. Але адна справа быць тут госцем ці турыстам, і зусім іншая – жыць.
Для Мілены Беларусь стала прыкладам краіны, дзе ў параўнанні са Швейцарыяй можна жыць у больш простых умовах і пры гэтым адчуваць сябе шчаслівым. Хоць і цяжка адразу звыкнуць да таго, што зімой у тралейбусах халодна, а на шыбах з’яўляюцца прыгожыя лядовыя ўзоры. А калі перадаеш у транспарце грошы на талон праз незнаёмых людзей, то назад да цябе разам з талонам вяртаецца і рэшта!
Увогуле з грамадскім транспартам для замежніка ў Беларусі складана. Мілена распавядае, што ў Швейцарыі, напрыклад, вельмі добра наладжаны чыгуначны рух. Цягнікі ходзяць часта, няма такога, як у Беларусі “ой, спазніліся, а наступны цягнік праз 4 гадзіны”. Вы набываеце квіток, які дзейнічае цягам сутак і распаўсюджваецца на ўсе віды транспарту ў пэўным рэгіёне (усе – гэта нават карабель!).
Геаграфія Беларусі таксама адрозніваецца, пры чым не толькі адсутнасцю гор.
— В самом Цюрихе живет около 400 тысяч человек, он небольшой. Но как только выезжаешь за город, сразу идут деревни, деревни… Там не чувствуешь, как здесь, например, есть город Минск, а за ним поле. И деревня в Швейцарии – это как маленький город, это не такая деревня, как тут, — з усмешкай заўважае Мілена.
Але самае цяжкае выпрабаванне, як аказалася, жыць у Беларусі з маленькімі дзецьмі. У гэтым пытанні для Мілены было шмат нязвыклых момантаў:
— Например, во время дождя на улице много грязи, приезжаешь с коляской домой – всё в песке. В лифте и на лестнице тоже грязно. Очень сложно с коляской, когда ступеньки. Одной рукой надо открывать и держать дверь, трудно садиться в транспорт. Зато в автобусе, когда я была беременна, мне всегда уступали место, в Швейцарии такого уже нет. Но некоторые недовольно посматривали на меня, что я с тремя детьми еду, и некрасиво всё комментировали.
Цяжарнасць
У той год жыцця ў Беларусі Мілена была цяжарная чацвёртым дзіцёнкам. Магчыма, Сапегі і планавалі, каб ён нарадзіўся ў Беларусі, але пасля сутыкнення з нашымі дактарамі яны перадумалі. Мілена добра памятае свае паходы ў беларускую паліклініку, калі ў чарзе жанчыны падсмейваліся, што яна прыйшла разам з мужам, а доктарка з грубасцю кідала свае пытанні, лічачы, што Мілена не вельмі разумны чалавек, таму што дрэнна размаўляе па-руску.
- Через 10 минут они чувствуют, что с моим русским что-то не так, — смяецца швейцарка. А далей пачынаецца прасвятленне:
- Фамилия? – Сапега. — Имя? – Милена. — Отчество? – Нет. — Отчества нет? Как это может быть? (шчырае беларускае здзіўленне). Так вы вообще не из Беларуси? А откуда вы? – Из Швейцарии. — Ааа, из Швейцарии.
І вось на гэтым этапе прачынаецца цікавасць да чалавека і хутчэй за ўсё пытанне “навошта яна ў Беларусь прыехала”, ну а потым і ветлівае стаўленне як да жанчыны-пацыента. У параўнанні са Швейцарыяй гэта, канешне, вельмі некарэктныя адносіны з боку медыцынскага персаналу.
Чацвёртая цяжарнасць – справа сур’ёзная, таму недзіўна, што Мілена хацела пайсці на прыём разам з мужам, а раптам яна нешта не так зразумее на рускай мове. Але аказалася, што мужчыне уваход у кабінеты раддома строга забаронены! Алеся не пусцілі ў кабінет УЗІ, але вынаходлівыя Сапегі знайшлі спосаб.
- Мы решили притвориться, что я на русском не разговариваю, и мне нужен переводчик. Они говорили мне лечь на кушетку, а я стояла, как будто не понимаю. Они уже не знали, что делать, пытались показывать, но при этом начинали громче и громче говорить. Наверное, они думали, что чем громче говорят, тем лучше я их пойму. А Саше на коридоре все было слышно, и он смеялся.
У выніку Алеся ўсё ж такі запрасілі да лекара. А паразмаўляць сапраўды было важна: жанчыне 35 год, у яе ўжо было 2 кесаравых — тут як мінімум патрэбны дадатковыя аналізы і абследаванне. А некаторыя дактары на прыёме звыкла запытвалі сваё “жалобы есть?”, а калі няма – вось табе штампік у картку і ідзі.
За месяц да родаў Мілена паляцела ў Швейцарыю, і там нарадзіўся Леон.
Выхаванне дзяцей
Зараз сям’я Сапегаў выхоўвае чацвёра дзяцей: Ніна (7 гадоў), Марк (5), Ларс (2,5) і Леон (8 месяцаў). Дзеці чуюць у Швейцарыі і Беларусі розныя мовы, таму ўжо растуць паліглотамі.
- Я говорю с ними на швейцарском, Саша — на беларуском, с одной бабушкой они говорят на русском, с другой — на немецком. Для них человек – это язык. Если они услышали, что ты говоришь на беларуском, они так и запомнят, и не будут обращаться к тебе на швейцарском, — тлумачыць Мілена.
Затое калі яны гуляюць на дзіцячай пляцоўцы ў Швейцарыі, яны любяць хітрыць: пачынаюць паміж сабой размаўляць па-руску, каб іншыя дзеці іх не разумелі. Алесь узгадвае такі выпадак, калі выхавацелька ў садку сказала Ніне: “Размаўляйце на іншай мове, бо мы вас не разумеем”. А Ніна адказала: “А вы і не павінны нас разумець”.
Алесь лічыць, што ў дзяцей, як і ў дарослых, ёсць канкурэнцыя паміж сабой:
— Я б сказаў, што нашы дзеці на ўзровень вышэйшыя за дзяцей такога ж узросту ў Беларусі, бо яны больш бачылі. Яны больш ведаюць спраў на кухні, на вуліцы, у самалёце, проста вакол сябе. Іх кругагляд куды шырэй. Калі трэба, яны хутка зарыентуюцца, змогуць запытаць нешта. Але я ўпэўнены, што такія дзеці ёсць і ў Беларусі. Калі яны не сядзяць дома, займаюцца нечым, вандруюць, тады яны больш моцныя і канкурэнтаздольныя.
Праца ў Беларусі
Так як Мілена па адукацыі настаўніца, цягам года жыцця ў Беларусі яна хацела атрымаць досьвед працы ў беларускай школе. Яна магла выкладаць нямецкую ці французскую мовы. І ў бабруйскай школе спачатку вельмі ўзрадаваліся, што будзе такі настаўнік. Але калі Сапегі прыйшлі на размову ў школу, то пачулі: «ой, вы знаете, нужна же аккредитация от Министерства образования. Нужно делать перевод и заверять ее швейцарский диплом и т.д. А это занимает 3-4 месяца. И надо заплатить около 6 млн. за всю эту процедуру.”
Пры гэтым заробак прапанавалі ў памеры 2,5 млн. Атрымліваецца, што спачатку трэба было пачакаць 3 месяцы, потым 3 месяцы адпрацоўваць свае выдаткі. На жаль, ідэя са школай хутка памерла. Але такога знаўцу замежных моваў з задавальненнем прынялі ў менскую школу “Стрымлайн”. Графік быў вельмі зручны для Мілены: раз на тыдзень працуеш, і застаецца вольны час і на дзяцей, і на любімы балет.
Пераехаць у Беларусь?
Зараз сям’я Сапегаў зноў жыве ў Швейцарыі, у Бабруйск час ад часу яны прыязджаюць у госці. Наколькі вялікая верагоднасць, што яны пераедуць сюды на зусім, невядома, бо старэйшая дачка Ніна ў гэтым годзе ўжо пайшла ў школу. А хутка і іншыя дзеткі падрастуць. Але, зразумела, што прычыны памяняць Швейцарыю на Беларусь не толькі ў гэтым.
- Усё ж такі шматдзетнай сям’і тут цяжка жыць. На тым узроўні, калі ты можаш не проста жыць, а атрымліваць асалоду ад жыцця. Каб беларус мог тут жыць і адчуваць сябе чалавекам, яму трэба атрымоўваць мільёнаў 30, — разважае Алесь.
Ён лічыць, што ў Беларусі няма перспектыў для добрай кар’еры. Бо часцей за ўсё праца, якая можа прыносіць грошы, не задавальняе цябе. І наадварот, бывае, што праца табе вельмі падабаецца, але зарабляеш на ёй «капейкі». Калі ты ўладкоўваешся на працу ў Швейцарыі, галоўную ролю адыгрывае твой досьвед у працы і кваліфікацыя. Ты прапануеш сваё партфоліа, каб пацвердзіць свае словы ў рэзюме. Канкурэнцыя вялікая, таму калі ты прафесіянал — у цябе няма праблем з працай.
- Пасля жыцця за мяжой стаўленне да сябе самога становіцца куды вышэй. Ты сябе больш паважаеш і больш патрабуеш ад сябе самога. А ў Беларусі пакуль ты знаходзішся ў сістэме, ты не можаш нічога змяніць. Гэта і ў фінансавым плане, і ў палітычным, і ў сацыяльным. Заўсёды ёсць нейкія бар’еры, якія проста нелагічныя. Іх трэба скасаваць або змяніць. Шкада, але беларусы проста звыкліся з гэтым, быццам бы ўсё гэта нармальна.
Канешне, Алесь клапоціцца і пра сваю жонку-небеларуску:
- Мілена адчувае сябе не зусім упэўнена ў гэтай краіне. Ніколі не ведаеш, хто цябе тут абароніць, калі нешта здарыцца. Недавер заўсёды ёсць: і да суда, і да міліцыянтаў… І гэта прыносіць шмат неўпэўненасці ў гэтай краіне.
Ёсць адрозненні паміж дзвюма краінамі і на прыкладзе сям’і. Бацькі ў Беларусі гатовыя аддаць усё, каб толькі дапамагчы свайму дзіцяці. У Швейцарыі ўсё інакш: табе споўнілася 18 год – ты ўжо дарослы, жыві сам — прыходзь у госці.
- В 18 лет уже получается жить отдельно. Есть диплом, хорошая профессия, хорошая работа, и зарплата хорошая есть – на жизнь хватает. И тут я бы не стала надрываться на работе за 2 млн. Если вы хотите, чтобы я хорошо работала, то и платите мне за это. Люди любят свою работу, потому что зарплата хорошая. В Швейцарии хорошо работают врачи и полиция, потому что у них ровно: работа и зарплата. И конкуренция выше, и законы не такие непонятные, — дадае Мілена.
Пасля жыцця ў Швейцарыі Алесь зрабіў вынік, што беларусы па тэмпу жыцця спазняюцца на год 50, прычым ва ўсіх накірунках. А калі казаць пра сталых людзей, то на ўсе 150! Асабліва калі ўзгадаць дзядуль і бабуль у вёсках.
- Напрыклад, бацька Мілены можа лёгка працаваць у інтэрнэце, у яго лэптоп з адбіткам пальца, нейкія свае прылады і гаджэты. Ён ведае, што такое wi—fi, 4G, як карыстацца What’s App i Skype. Яму 75. Ён гуляе ў тэніс, катаецца на ровары, робіць віно і алей. А возьмем чалавека ў Беларусі, няхай нават са сталіцы, якому 75 год. Паміж імі натуральна прорва! І яны ніколі не зблізяцца, бо швейцарцы будуць ісці далей, а ў нашай краіне людзі так і застануцца на месцы.
Напрыканцы нашай доўгай размовы мы, вядома, падыходзім да праблемы таго, што шмат беларусаў пакідаюць сваю радзіму ў пошуках лепшага жыцця і самарэалізацыі. Беларус Алесь думае пра гэта так:
Беларусы з’язджаюць за мяжу, таму што яны думаюць, што за мяжой лепш. І гэта памылкова. Таму што ўсе беларусы ведаюць пра замежжа толькі тое, што яны бачаць у тэлевізіі, альбо калісьці бачылі як турысты. Наведаўшы Беларусь, турысты таксама скажуць пра чыстыя вуліцы, добрых людзей і прыгожую прыроду. А вось як тут жыць, пра гэта ведаюць толькі тыя, хто тут жыве.
Плюсы і мінусы жыцця ў Швейцарыі і Беларусі можна лічыць аб’ектыўнымі, бо разважалі пра гэта швейцарка і беларус, якія паспелі пажыць і там, і там. Але як сумясціць жаданне жыць у роднай краіне і жаданне жыць годным чалавекам і расціць такіх жа годных дзяцей?
Вольга Малафеечава, фота: Максім Хлябец, Natatnik
А што значыць: вяртаецца і рэшта? У Ш. не вяртаецца? Хаця там, мажліва, набываць талон трэба адразу…
Артыкул неверагодна цікавы: Воля і Максім — дзякуй!
Яе здзівіла, што грошы гуляюць па руках, але рэшта цалкам вяртаецца да ўладара талона!
У Швейцарыі ты набываеш квіток ў аўтамаце, але не ведаю, ці выдае ён рэшту))
Дзякуй за падзяку 🙂
Няўжо яна думала, што ў нас шмат крадуць?..
Напэўна, гэта дзіўна — перадаваць свае грошы на талон праз незнаёмых людзей. У Польшчы я нават не думаю пра гэта, а іду сама да кіроўцы набываць.
Але крадуць і ў нас…
Зразумела, што кали замежник прыязжае у чужую краину, ён будзе пильным. У Милены были выпадки, кали грошы у Беларуси скрали…
Як непрыемна 🙁
Усе аутаматы выдаюць рэшту. Па мне, дык прасцей плациць карткай
[…] Беларуска-швейцарская сям’я Сапегаў: пра жыццё тут і т… […]