Доктар гістарычных навук Ігар Шаўчук распавёў Natatnik аб тым, навошта стварылі Беларускую народную рэспубліку і ў чым заслуга таго перыяду захавання беларусаў, як этнасу. 

 – Чаму стварылі БНР?

– Ідэя незалежнасці была не новай. Яна прысутнічала ў паўстаннях 1830-1831, 1863-1864 гадоў на тэрыторыі Польшчы, Літвы і Беларусі. Уласна беларуская – асабліва падчас апошняга. Элементы гэтай ідэі можна ўбачыць у прапанове Вацлава Ластоўскага стварыць канфедэрацыю ВКЛ, якая мела развіццё да 1917 годзе. Першая сусветная вайна паслужыла пэўным каталізатарам разнастайных сацыяльных і нацыянальных працэсаў. Не забываем на трохгадовую лінію фронту на тэрыторыі Беларусі, больш мільёна ўцекачоў у Расею і яшчэ далей, а ў адваротны бок масавае перамяшчэнне людзей з Расіі ў Беларусь для забеспячэння фронту. Усё гэта мела непасрэдны ўплыў на далейшыя падзеі.

Гістарычныя ўяўленні нашага насельніцтва фарміруюцца без ведання нават элементарных фактаў пра той час ды і не толькі пра той. Таму пытанне БНР увогуле застаецца па-за нашай свядомасцю. Але дастаткова проста пагартаць газеты хаця б канца 1917 года – “Беларускі шлях”, “Беларуская рада”, “Дзянніца”, “Вольная Беларусь”, “Гоман” і іншыя. Яны выразна перадаюць настроі таго часу праз кароткія нататкі, даручэнні дэлегатам Усебеларускага з’езду (адбыўся ў снежні 1917 года, папярэднічаў стварэнню БНР – заўв. аўт.), рэзалюцыі бежанскіх арганізацый. Быў выбух нацыянальнага самаўсведамлення і нацыянальна-дзяржаўнага мыслення. Гэта пацвярджае праца з’езда, камісіі, якія там стварылі, іх прапановы.

Гоман

Недарэчна казаць пра купку людзей, адарваных ад народа, якія пры нечай дапамозе спрабавалі вырашыць лёс Беларусі. На з’ездзе прысутнічала 1872 дэлегата, з якіх 1167 мелі права рашаючага голасу. Усебеларускі з’езд стаў унікальнай з’явай не толькі на постімперскім абсягу. Нездарма сённяшні кіраўнік дзяржавы зазначаў, што з’езд паказаў каштоўнасці, важныя і цяпер.

– Навошта быў патрэбен Усебеларускі з’езд? Ці ў Расійскай імперыі было некамфортна?

– Верагодна, некамфортна: калі масы патрабавалі новых формаў кіравання і арганізацыі жыцця беларусаў, значыць, тыя кіраванне і арганізацыя, якія існавалі, іх не задавальнялі. Не падабалася, як вырашаюць сацыяльныя і эканамічныя пытанні, не даспадобы было стаўленне да карэннага этнасу, занядбанне гэтага пытання ў складзе імперыі.

Да пачатку працы з’язду існавалі дамоўленасці паміж новым урадам Расіі і беларускімі арганізацыямі, перадусім Беларускім абласным камітэтам і Вялікай беларускай радай аб прызнанні з’ездаўскіх рашэнняў. З’езд адбыўся ў Мінску пры асабістай згодзе Леніна і Сталіна. Там быў створаны Усебеларускі Савет сялянскіх, салдацкіх, рабочых дэпутатаў як часовы орган кіравання краем. Ён не агучваў патрабаванні незалежнасці, прызнаваў савецкую ўладу ў Петраградзе і не прызнаваў Аблвыкамзах (Абласны выканаўчы камітэт саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту – заўв. аўт.).

Далейшыя падзеі паказалі, што новы расійскі ўлад не збіраецца ўсур’ёз разглядаць гэтыя рашэнні. Аднак, бальшавікі Заходняга фронту (прадстаўнікі Аблвыкамзаху) ўсё роўна з’езд разагналі, яны не хацелі дзяліць ні з кім уладу. Прыярытэтнымі былі дачыненні з немцамі. 3 сакавіка 1918 года падпісалі Брэсцкі мір. У гэтай канфігурацыі нельга забывацца на адну з асноўных ідэй бальшавікоў – сусветнай рэвалюцыі. На практыцы адбывалася толькі “гульня ў нацыянальнасці”. Выканаўчы камітэт Рады з’езду першай устаўной граматай 21 лютага 1918 года сфармаваў Народны сакратарыят як часовы выканаўча-распарадчы орган. 9 сакавіка Выканаўчы камітэт Рады з’езду прыняў другую ўстаўную грамату. У ёй гучалі асноўныя прынцыпы дзяржаўнага ўладкавання, адмянялася прыватная ўласнасць на нетры, лясы, зямлю, абвяшчалі васьмігадзінны працоўны дзень. Выканаўчы камітэт станавіўся Радай БНР. Новая дзяржава стваралася як сацыялістычная.

20 лютага 1918 года сфармаваўся першы ўрад БНР
Першы ўрад БНР

Да разгону з’езда і Брэсцкага міру дамінавала пытанне пра аўтаномію ў складзе Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублікі. Падзеі, якія я ўзгадаў, мяняюць сітуацыю. 25 сакавіка Народны сакратарыят абвясціў незалежнасць БНР.

Яшчэ раз звярну ўвагу, што ўтваренне БНР было не спантанным рашэннем, не толькі ў Мінску купка людзей займалася фантазіямі. БНР – вынік масавага ўздыму нацыянальнага самаўсведамлення беларусаў менавіта ў гэты час.

– Чаму не прызналі незалежнасць БНР?

– Навошта? Па-першае, Беларусь з другой трэці 19 стагоддзя успрымалася як этнаграфічная частка “вялікаросаў”. Па-другое, у бальшавікоў была ідэя сусветнай рэвалюцыі і падпарадкаванне іншых дзеянняў гэтай стратэгічнай мэце. Прызнанне працэсаў стварэння дзяржавы не працавала на дасягненне гэтых мэтаў. Не знайшоў урад БНР падтрымкі і ў Германіі – на пасланыя ў Берлін тры граматы БНР рэйхсканцлер паведаміў Народнаму сакратарыяту, што Берлін разглядае Беларусь як частку Савецкай Расіі, што, згодна Брэсцкаму дагавору, Германія не магла без урада Леніна прызнаць зноў беларускую дзяржаву. Аднак нямецкая адміністрацыя не перашкаджала дзейнасці Рады.

Мапа БНР

– Якія важныя рэчы зрабілі падчас існавання БНР?

– Цалкам БНР як дзяржава не функцыянавала, таму, канешне, у канкрэтных галінах реалізавалі небагата. Але людзі звярталіся да ўладаў БНР па розных пытаннях. Нярэдка жыхары Беларусі скардзіліся на нямецкую акупацыйную уладу. Калектыўныя лісты прыходзілі ад сялян з Менскага, Барысаўскага, Вілейскага паветаў. Часта звярталіся ў органы ўлады БНР, каб атрымаць дакументы для выезду за мяжу альбо для вяртання на радзіму.

Важна іншае – беларусы зрабілі заяўку на тое, каб стаць палітычнай нацыяй у той час, калі такія палітычныя нацыя ствараліся. Можна паглядзець на прыклады Літвы, Польшчы, Чэхіі, Украіны і іншых краін. Усе ішлі ў гэтым рэчышчы, але геапалітычныя абставіны склаліся так, што ў адрозненні ад гэтых краін у нас падтрымкі не было ніадкуль. Зусім. Толькі супрацьстаянне. Але падзеі 1918 года далі штуршок для афармлення палітычнай нацыі і заканамерным вынікам стала стварэнне БССР. На мой погляд, гэта вялікі здабытак таго часу.

– Навошта нам адзначаць стварэнне БНР? Ці сённяшняя Беларусь не іншая краіна?

– Я заўсёды на лекцыях пытаюся ў студэнтаў, ці памятаюць яны сябе ў тры гады, у пяць, у шэсць. І ці можам мы пазнаць у сёняшнім чалавеке таго, якім ён быў у тры гады? Гэты іншы чалавек, але гэта і адзін чалавек. Так і тут, у чым жа супярэчнасць. ВКЛ было яшчэ даўней за БНР, але гэта наша гісторыя, мы яе прызнаем. Грамадства мяняецца, мова мяняецца, формы дзяржаўнасці мяняюцца. Некаторыя знікаюць. Мы не зніклі як этнас, як палітычная нацыя, суб’ект міжнародных дачыненняў, і ў гэтым ёсць заслуга таго перыяду. Дзейнасць БНР прымусіла стварыць БССР. Як мы можам вырваць той перыяд і сказаць, што гэта іншая дзяржава. Так, па форме іншая, але ж карані яе там. І ў тым, што мы тут сядзім і гэтым пытаннем цікавімся, карані таксама ў тым часе.

Ілюстрацыі: Радыё Свабода, свабоднае сеціва

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

 
 
Подписаться
Уведомление о
guest
0 Комментарий
Inline Feedbacks
View all comments