Для тых, хто лічыць, што ў Брэсце гасцям няма чаго паказаць, акрамя крэпасці, прапануем шпаргалку для прагулак з акцэнтам на архітэктуру дарэвалюцыйных часоў. У складанні нам дапамагла экскурсавод Таццяна Шаўчук.
Прапануем здзейсніць своеасаблівае падарожжа ў мінулае. Заломліваць рукі і гаварыць манерным голасам не рэкамендуецца. Апавядаць пра ўсё як бы між іншым — вітаецца. Дарога — 60 хвілін. Дачакацца сваёй замовы ў кавярні — 7 хвілін. Спыніцца, каб усё разгледзець — 15 хвілін. Уражанні ад горада — неацэнныя. І няхай Брэсцкая крэпасць стане не адзіным пунктам прагулкі, а фінальным.
Стартуем з пешаходнай Савецкай.
Аптэка Грынберга (Савецкая, 101). Мадэрн

Будынак аптэкі Грынберга пабудаваны ў 1925 годзе. Гэта мадэрн — толькі намёк на калоны, паўкруглы карніз, багацце металу, лёгкія вокны, дэфармаваныя аркі. Характэрныя раслінныя матывы для дэкору. Гэты будынак ніколі не мяняў свайго прызначэння: тут заўсёды была і ёсць аптэка. Унутры ёсць музейны пакой, у які можна патрапіць, папярэдне патэлефанаваўшы кіраўніцтву аптэкі (8 0162 20-54-92).
Свята-Мікалаеўская царква (Савецкая, 10). Псеўдарускі стыль


Была пабудавана пасля пажару 1895 года замест згарэлай брацкай царквы на ахвяраванні гараджан і маракоў ціхаакіянскага флоту, у памяць аб загінулых у руска-японскай вайне. Задумвалася, што храм павінен нагадваць вялікі карабель.
Будынак адносіцца да псеўдарускага стылю, кірунку эклектыкі, характэрнага для таго часу. Будынак царквы нагадвае казачны церам — гэта зварот да рускага дойлідства. Багата дэкараваны какошнікамі і лапаткамі з філёнкамі фасад, што вельмі тыпова для псеўдарускага стылю. Характэрна, што па канонах сінія купалы з зоркамі вянчалі храмы ў гонар Багародзіцы: зоркі сімвалізавалі нараджэнне Хрыста.
Будынак мужчынскай гімназіі (Міцкевіча, 28). Цагляны стыль
З развіццём прамысловасці паўстала неабходнасць у новай архітэктуры, дзе будынкі ўзводзіліся б дастаткова хутка, тэхналагічна, але валодалі б выразнасцю. Цагляны стыль падыходзіў пад гэтыя крытэрыі. У ім камбінаваліся розныя кірункі, але часам проста выкарыстоўваліся дэкаратыўныя ўласцівасці цэглы без прывязкі да пэўнага стылю: цэгла і сама па сабе нядрэнна глядзіцца.
У цагляным стылі будаваліся не толькі грамадзянскія будынкі, але і, напрыклад, некаторыя з пабудоў чыгуначнага вакзала, частка будынка чыгуначнай бальніцы, дзіцячая паліклініка. Цагляны стыль часам называюць «прамысловай готыкай», таму што ён часта выкарыстоўваўся пры будаўніцтве заводаў. Гімназія пабудавана ў пачатку XX стагоддзя, прычым першапачаткова ў ёй было два паверхі. Трэці быў дабудаваны ў 1955–1960 гадах. Дэкаратыўныя элементы: фігурны карніз, франтоны ў выглядзе пінакляў, цыркульнае і паўцыркульнае завяршэнне аконных праёмаў і рызаліты. Цяпер тут размешчаны навучальныя кабінеты факультэтаў БрДУ.
Брэсцкі абласны псіханеўралагічны дыспансер (Савецкая, 13). Позні класіцызм

Двухпавярховы прамавугольны будынак з двухсхільным дахам. Уваход у выглядзе порціка. У познім класіцызме імкнуліся да спрашчэння формаў. Напрыклад, калі калоны, то без канелюр (канавак), усё строга і лаканічна. Абодва будынкі належалі двараніну Паўлу Ягміну.
Касцёл Узвіжання Святога Крыжа (Леніна, 34). Класіцызм

Пабудаваны ў 1856 годзе. Тут назіраецца строгасць ліній, падзел фасада пілястрамі на тры часткі па вертыкалі, а па гарызанталі ідуць прафіляваныя карнізы. Завершаны фасад дзвюма вежачкамі і атыкавай сценкай. Такія храмы больш характэрныя для беларускай архітэктуры. У канцы XIX стагоддзя ішло развіццё нацыянальнага руху і зварот да нацыянальнай архітэктуры.
Польскі перыяд
Пасля Першай сусветнай вайны Брэст быў вельмі моцна разбураны: рускае камандаванне пры адступленні ўжыло тактыку выпаленай зямлі. Паводле Рыжскага міру 1921 года Заходняя Беларусь адышла польскай дзяржаве, Брэст стаў называцца Брэст-над-Бугам. Польскі ўрад стаў аднаўляць горад. 29 жніўня 1921 урачыста быў закладзены першы камень калоніі перасяленцаў, калоніі Нарутовіча. Гарадская ўлада абвясціла пра пачатак аднаўлення Брэста-над-Бугам. Да таго часу моцна скарацілася колькасць жыхароў, але з цягам часу сюды вярнуліся бежанцы, і неўзабаве тут пражывалі ўжо каля 30 тысяч чалавек. Востра паўстала жыллёвае пытанне. Польскія ўлады праектуюць некалькі калоній для сваіх спецыялістаў, перасяленцаў з Польшчы: калоніі Нарутовіча (сучасная вуліца Леванеўскага), «Схраніска» (раён ГАБК) і калонія «Тартак» (сучасныя вуліцы Веры Харужай і Вароўскага). Польскі ўрад пачаў будаваць адміністрацыйныя будынкі: Народны банк (цяперашняе Галоўнае ўпраўленне Нацыянальнага банка РБ па Брэсцкай вобласці), Палескае ваяводства (цяперашні Аблвыканкам), бальніцы, тэатр, лёгкаатлетычны манеж. Забудоўвалася буферная зона паміж Крэпасцю і старым горадам. Асвойваліся незабудаваныя тэрыторыі.
Дамінавала эклектыка з перавагай неакласіцызму, што заўважна па будынку Народнага банка (Леніна, 9). Каменны высокі цокаль, характэрны для неакласіцызму; па вуглавой частцы мы бачым і класічныя матывы, і матывы, якія адносяцца да эпохі Адраджэння, напрыклад, ратонды; тут жа ёсць калоны з іанічным ордарам, фігурныя сандрыкі з кранштэйнамі, авальныя нішы, якія навоштасьці зафарбавалі.

Побач будынак Палескага ваяводства (Леніна, 11), дзе зусім іншая гісторыя. Гэты будынак 1938 года адносіцца да стылю «манументалізм». Ствараўся ён у перыяд тэндэнцый да таталітарызму. Манументалізм адсылае нас да егіпецкіх пірамід, да ціску дзяржавы над чалавекам. Цяпер тут размешчаны аблвыканкам.

На змену эклектыцы прыходзіць ар-нуво, ён жа — мадэрн. Лічыцца, што гэта адзін з апошніх вялікіх архітэктурных стыляў. Будынак суда (Леванеўскага, 1) пабудаваны менавіта ў гэтым стылі, для якога характэрныя вялікая вышыннасць самога будынка, вышыня вокнаў, зварот да прыродных формаў, а значыць, і пэўнай асіметрыі. Над уваходам у гэты будынак мы бачым грэчаскі меандр.

Рухайся далей па вуліцы Леванеўскага, але памятай, што ты павінен вакольнымі шляхамі прывесці сваіх таварышаў да будынка тэатра, дакладней, да прасторы паміж ім і лёгкаатлетычным манежам.
Будынкі для польскіх спецыялістаў, якія перасяляліся ў Брэст, праектаваў варшаўскі архітэктар Юльян Лісецкі. У гэтай калоніі Нарутовіча, пабудаванай у так званым нарадовым стылі, спалучаліся матывы класікі, эпохі Адраджэння і барока. Дамінавала канцэпцыя горада-сада, таму каля кожнага дома быў сад, за якім уладальнік дома быў абавязаны сачыць. Дамы валодалі ўсімі выгодамі, што існавалі на той час: ацяпленне, каналізацыя, вадаправод. Больш, вядома, класічных рыс — калоны, порцік, прамавугольны франтон. Пры гэтым ёсць фігурны франтон і круглыя вокны, якія адносяцца да барока. Драўляныя дамы Юльян Лісецкі праектаваў у закапанскім стылі: другі паверх упоперак першага, нацыянальная польская архітэктура пераклікаецца з гарадскім будаўніцтвам. Самы яркі прадстаўнік — «дом з ільвом».

Яшчэ адзін папулярны стыль — стрымлайн: дамы, якія нагадваюць карабель. Для яго характэрныя мяккія абцякальныя формы, якія паўтараюць кроплю вады; гарызантальныя лініі, якія надаюць дынаміку; вуглавыя вокны. Архітэктары былі свайго роду летуценнікамі.

Былое афіцэрскае казіно «Агніска» (Леванеўскага, 7), якое было хутчэй клубам, а не казіно. Пазней тут была савецкая пракуратура, а цяпер гэты будынак належыць мясцоваму футбольнаму клубу «Дынама-Брэст». Будынак адносіцца да класікі.

Для будынкаў у нарадовым стылі аўтарства Юльяна Лісецкага характэрна спалучэнне прысадзістага верху будынка і высокага даху, пажадана з мудрагелістай канфігурацыяй, што адсылае да барока. Ёсць матывы эпохі Адраджэння — паслядоўны шэраг арак. Драўляныя дамы будаваліся ў закапанскім стылі: фігурны дах, разьбяныя элементы на калонах. Таблічкі з ільвамі для нумарацыі дамоў прыдумаў мастак Вацлаў Гусарскі.
Будынак гасцініцы «Эрмітаж» (Чкалава, 7) пабудовы архітэктара Чайкоўскага з’яўляецца свайго роду сучаснай рэплікай стылю Юльяна Лісецкага. Дэталёва былі вывучаны чарцяжы Лісецкага, і стыль быў пераняты выдатна, дух шляхецкасці перадаць удалося.

Манеж (Леніна, 23)

Дадзены стыль называюць брэсцкім канструктывізмам, хоць гэта і вельмі спрэчная назва. Канструктывізм узнік у Савецкай Расіі, у 1925 годзе быў прадстаўлены на выставе ў Парыжы. Даволі ўтылітарны кірунак, функцыянальны, спрошчаны. Канструктывізм на Захадзе называўся функцыяналізм. Яркім прадстаўніком канструктывізму ў Польшчы быў Юзаф Баранскі, які тварыў у Брэсце. У сваіх праектах ён не быў абмежаваны з боку ўлад. Для канструктывізму характэрныя пяць прынцыпаў, якія сфармуляваў Ле Карбюзье: свабодны план, свабодны фасад, дом на ножках, плоскі дах, стужачныя вокны. Усё гэта можна ўбачыць на прыкладзе будынка Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы. Лёгкаатлетычны манеж можна з нацяжкай (ёсць элементы ўпрыгожвання) аднесці да канструктывізму.
Вуліца Савецкіх пагранічнікаў. Ампір
Тут можна ўбачыць ампір, які прыйшоў на змену строгаму класіцызму. Ён зарадзіўся ў часы Напалеона ў Францыі з мэтай прадэманстраваць веліч напалеонаўскай імперыі. А тут мы бачым рускі ампір: ён мякчэйшы, больш рамантычны. Класічная рустоўка тут ідзе ўжо не на два паверхі, а на адзін. За кошт гэтага дасягаецца лёгкасць, а раслінныя матывы ў абрамленні вокнаў змякчаюць карціну.
Для ампіру была характэрная ордарная сістэма, выявы львоў, егіпецкія матывы. У тую пару ўжо не прымянялася даслоўнае прытрымліванне пэўнага стылю: напрыклад, вароты тут у стылі мадэрн, пра што кажуць раслінныя матывы.
Галоўпаштамт (Машэрава, 32). Класіцызм
Пасля будаўніцтва крэпасці ў 1836 годзе Брэст быў перанесены на 2 кіламетры на ўсход. Пабудовы, у асноўным, групаваліся на Кобрынскім фарштаце (прадмесці). Планіроўка для вуліц была абраная рэгулярная, на манер Пецярбурга. Калі ў Пецярбургу вуліцы сыходзяцца да Неўскага праспекта, то ў нас яны сыходзяцца да вуліцы Гогаля. Вуліцы прамыя, паралельныя і ўзаемна перпендыкулярныя, утвараюць прамавугольныя і трапецападобныя кварталы. Гэта сістэма планіроўкі стылю класіцызм, які быў характэрны для губернскага горада Расійскай імперыі сярэдзіны XIX стагоддзя. Класіцызм — гэта рэгулярнасць, паўтаральнасць элементаў, як у памерах і прапорцыях, так і ў знешніх дэталях, напрыклад, у абліччы фасадаў. Таксама для класіцызму характэрная прамалінейнасць і лаканічнасць. Да канца XIX стагоддзя гэты стыль пачынае стамляць: адчуваецца казёншчына, вока стамляецца ад элементаў, якія бесперапынна паўтараюцца.
Пошта і паштовы завулак — тыповы ўзор губернскай забудовы ў Расійскай імперыі сярэдзіны XIX стагоддзя. Для яго характэрныя прамыя геаметрычныя формы, дэкарыраванне фасада лапаткамі з рустоўкай, прафіляваныя карнізы, уваход у выглядзе партала. Адзначым, што будынкі тады ў Брэсце будаваліся двух-трохпавярховыя з-за блізкасці крэпасці. Вышэй будаваць было забаронена.
Многія будынкі тады будаваліся драўлянымі. У дарэвалюцыйным Брэсце каля паловы вуліц можна было назваць брукаванымі. Часта здараліся пажары. Асвятленне горада ў той перыяд — гэта газавыя ліхтары. Не было водаправода і каналізацыі. Ваду бралі, у асноўным, з Мухаўца. Да канца XIX стагоддзя было толькі каля пяці калодзежаў з вадой, прыдатнай для піцця.
Пасля разбуральных пажараў канца XIX — пачатку XX стагоддзяў усё часцей будавалі ў камені. Дамы, вядома, адрозніваліся. Тыя будынкі дарэвалюцыйнага перыяду, што можна ўбачыць на вуліцы Карла Маркса ці на плошчы Свабоды, адносяцца да параднай забудовы. А ўжо далей сустракаліся збудаванні больш сціплыя. Прычым часам фасад дома і тое, што можна было бачыць у двары, адрозніваліся кардынальна.
Свята-Сімяонаўскі храм (К. Маркса, 84). Руска-візантыйскі стыль

Пабудаваны ў 1865 годзе ў руска-візантыйскім стылі. Расійскі ўрад імкнуўся ўмацавацца на землях Заходняй Беларусі, асабліва пасля нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830 года. Добрай была ідэя пераемнасці праваслаўнай царквы ад Візантыі, зварот да візантыйскіх традыцый. Вельмі цікавая тут купальная сістэма — шатровае завяршэнне змяшчаецца не на круглае ў сячэнні (як у эпоху Адраджэння) аснаванне, а на аснаванне, у сячэнні шматграннае. Характэрная рыса візантыйскага стылю — гэта перасячэнне граннай паверхні з купалам. Пры гэтым тут дадаецца элемент рускай культуры — какошнікі ў якасці абрамлення, ліштвы над аконнымі праёмамі ў выглядзе какошнікаў і філянговы парапет. У канцы XIX стагоддзя ў Расійскай імперыі ўзнік інтарэс да нацыянальнай спадчыны, да рускага дойлідства, і руска-візантыйскі стыль, кірунак эклектыкі, змог злучыць дзве спадчыны. Стомленыя ад класіцызму жыхары Расійскай імперыі звярнуліся ў даўніну і заняліся «цытаваннем» сваёй і чужой спадчыны.
Natatnik





Спасибо! Очень интересно! Так всегда. И еще!!!