У народнай культуры беларусаў вобраз ваўкалака займае асаблівае месца, аб’ядноўваючы міфічныя і рэлігійныя ўяўленні, культурныя традыцыі і назіранні за навакольным светам. Ваўкалак успрымаецца як істота, што балансуе паміж светам людзей і светам жывёл, нясучы ў сабе адзнакі абодвух. Гэты феномен мае глыбокія карані і знаходзіць адлюстраванне ў паданнях, казках і абрадах, якія цяпер захоўваюцца толькі ў кнігах і ва ўзгадках.
Ператварэнне: сакральнасць і рытуалы
Паводле беларускіх паданняў, ператварэнне чалавека ў ваўкалака магло адбывацца як па яго ўласнай волі, так і з-за ўплыву магутнага чараўніка або выпадковых акалічнасцяў. Напрыклад, для добраахвотнага ператварэння выкарыстоўвалі спецыяльныя рытуалы. Чалавек павінен быў перакульвацца праз уторкнутыя ў зямлю нажы, колькасць якіх магла складаць ад аднаго да дванаццаці. Часам для гэтага выкарыстоўвалі асінавы пень, які не быў асвечаны пасля высечкі дрэва. Асаблівая ўвага надавалася сакральнасці рытуалу: калі парадак размяшчэння прадметаў парушаўся, вяртанне да чалавечага выгляду станавілася немагчымым. Страшна, праўда?

Адначасова чараўнікі маглі ператварыць у ваўкалака або нават цэлую групу людзей з дапамогай закляццяў. У паданнях згадваюцца выпадкі, калі вяселле з 12 удзельнікаў магло быць зачаравана праз гарошыну, узятую са струка з 12 зернямі або спецыяльную нітку, працягнутую праз дарогу. Звычайныя людзі таксама маглі трапіць пад закляцце, выпадкова ступіўшы на зачараванае месца.

Паводзіны ваўкалака
Ваўкалакі значна адрозніваюцца ад звычайных ваўкоў. Яны захоўваюць чалавечыя рысы паводзінаў і часта выяўляюць жалобу праз своеасаблівы працяглы вой. Ваўкалак можа выць у бок сваёй вёскі або на ўсход сонца, нібы молячыся. На раніцу яны мыюцца, водзячы мордай па роснай траве, а ў веснавы час нават капаюцца ў зямлі, нагадваючы чалавека за работай.
Ваўкалакі трымаюцца бліжэй да жытла людзей, не нападаюць на іх і не спажываюць сырога мяса або падлу. Яны аддаюць перавагу рэшткам людской ежы, косткам ці нават кавалкам скураной вупражы. У народзе таксама лічылася, што ваўкалак захоўвае здольнасць думаць і перажываць як чалавек, таму яго пакуты выклікалі спачуванне. Ваўкалак можа загінуць ад кулі паляўнічага, тады на ім могуць выявіцца рэшткі вопраткі, крыжык, пярсцёнак ці іншыя знакі яго чалавечай прыроды. Калі мінаецца тэрмін чараў, Ваўкалак становіцца чалавекам.
Спосабы вызвалення
Народныя традыцыі прапануюць некалькі спосабаў дапамагчы ваўкалаку вярнуць чалавечае аблічча. Сярод іх — накідванне пояса, выкарыстанне велікоднага абруса або парванне ільняной ніткі, пад якой ваўкалак прабег (можна толькі ўяўляць, як Ваўкалака прымушалі прабегчы пад ніткай). У выпадку, калі чараўнік ператварыў удзельнікаў вяселля ў ваўкалакаў, іх можна было выратаваць, зайграўшы вясельную мелодыю, якая гучала падчас зачаравання.
Сімвалізм і стаўленне народа
Беларуская традыцыя ставіцца да ваўкалакаў дваіста: з аднаго боку, яны ўспрымаюцца як пакутнікі, вартыя літасці, з другога — як істоты, звязаныя з магічным светам, што выклікае павагу і асцярожнасць. Такое стаўленне можа тлумачыцца назіраннямі за састарэлымі або аслабленымі ваўкамі, якія цягнуліся да чалавечага жытла ў пошуках ежы. Таксама існуе шмат успамінаў пра сустрэчы з ваўкамі, калі чалавек і воўк мірна разыходзяцца.
Паданняў пра людзей, што нараджаюцца са здольнасцю ператварэння ў ваўка і такімі застаюцца да смерці, у беларусаў не зафіксавана.
Ваўкалак у кантэксце славянскай міфалогіі
Уяўленні пра ваўкалакаў шырока распаўсюджаныя сярод славянскіх народаў. Беларускія паданні ўвасабляюць тыповыя рысы гэтага вобраза, але ў той жа час маюць свае асаблівасці. У беларускіх народных творах чалавек можа ператварацца не толькі ў ваўка, але і ў іншых жывёл, птушак, насякомых або нават неадушаўлёныя прадметы. Такія ператварэнні часта сустракаюцца ў казках і баладах, адлюстроўваючы багаты свет уяўленняў нашых продкаў.

Міф пра ваўкалака з’яўляецца неад’емнай часткай беларускай культуры, якая адлюстроўвае асаблівасці светаўспрымання і жыццёвага ладу народа. Ён нагадвае пра моц сувязі чалавека з прыродай і пра складанасць межаў паміж светамі. Нягледзячы на містычны характар вобраза, стаўленне да ваўкалакаў у традыцыі сведчыць пра чалавечнасць і гатоўнасць дапамагчы нават тым, хто апынуўся па-за межамі звычайнага жыцця.
Natatnik
