Замест колішняй арміі сясцёр міласэрнасці на Берасцейшчыне цяпер працуе каля дзясятка патранажных медсясцёр. Наколькі гэтага дастаткова і для чаго ўвогуле патрэбна сястра міласэрнасці, разбіраецца Natatnik.
Тамара Цярэшына, сястра міласэрнасці Беларускага Чырвонага Крыжа, адзіная ў Брэсцкай вобласці ўладальніца ганаровага медаля імя Флорэнс Найцінгейл, не загараецца энтузіязмам, калі журналіст напрошваецца прайсціся з ёй па хворых. І гэта зразумела: не тая праца, каб эфектна выглядаць у прыцэле аб’ектыва, і не ў тым стане яе пацыенты, каб быць аб’ектам павышанай увагі. Але ўрэшце рэшт яна – ці лепей сказаць, яны ‒ пагаджаюцца.
Мы стаім перад пад’ездам шматпавярховіка ў спальным раёне Берасця і звонім у дамафон. Адчыняюць хутка, чым Тамара Цярэшына відавочна здзіўленая. Яе пацыентка Ала Васілеўна перасоўваецца па кватэры з дапамогай хадункоў і да дамафона зазвычай ідзе доўга. Раптоўнага вылечвання ад рассеянага склерозу, канешне, не адбылося – проста нам адкрыла госця.
У акуратным пакоі, дзе на прысутнасць цяжка хворага паказвае запасная пара хадункоў, мы чакаем, пакуль гаспадыня прыйдзе да нас з кухні. Ідзе яна доўга, па дарозе выбачаючыся, што прымушае чакаць. А Тамара запэўнівае: гэта і так цуд, што пацыентка рухаецца. У канцы мінулага года, калі ўчастковы тэрапеўт паліклінікі папрасіла Чырвоны Крыж узяць пад апеку новую хворую, тая не хадзіла зусім. Тады сястры міласэрнасці трэба было наведваць Алу Васілеўну штодзень – рабіць неабходныя медыцынскія і гігіенічныя працэдуры. Цяперашні стан жанчыны сястра міласэрнасці характарызуе фразай: “Дык дзверы ўжо зачыняем!” Гэта значыць, што пацыентка вярнулася з таго цяжкага стану, калі ўваходныя дзверы не замыкаліся, бо сама гаспадыня адчыніць іх не магла. Але перыядычнае наведванне патранажнай медсястры ўсё роўна неабходнае.
У чым яе праца?
На стале ў Алы Васілеўны – газеты, на вокладцы якіх ад рукі падпісана “в квартиру”, і ноўтбук, які таксама выкарыстоўваецца для наталення інфармацыйнага голаду. У куце пакоя бязгучна працуе тэлевізар. А ў нашыйнай сумачцы – два тэлефоны. На дамашні якраз нехта тэлефануе, і жанчына просіць ператэлефанавць праз гадзінку. Хвілін пятнаццаць таму з намі развіталася госця, што адкрывала дзверы.
Адзінокія людзі – не абавязкова тыя, да каго ніхто не зазірае месяцамі. Яны могуць быць аточаны калегамі, сябрамі і знаёмымі. Але перад тварам сур’ёзных хвароб, якія прыкоўваюць іх да ложка ці проста замыкаюць у кватэры, выключную важнасць для іх набывае знешняя дапамога. Калі прыбраць у кватэры можа сацыяльны работнік, то “доступ да цела” хворага чалавека маюць толькі ўчастковыя тэрапеўты і, калі пашансуе, сёстры міласэрнасці.
‒ Участковы лекар прыходзіць, — распавядае Ала Васілеўна, умасціўшыся на ложку пасля доўгага міжпакаёвага пераходу. – Найчасцей, калі я яе клічу, але і яна сама актыўна наведваецца. Сястра ўчастковая зазірае. Але ў кожнага свая праца. Не можа ўчастковы лекар сядзець у мяне паўтары гадзіны. Яна прыйшла, пацікавілася здароўем, памерала ціск, выпісала рэцэпт і пайшла. Усё астатняе… смешна з яе пытаць нават. Таму я лічу, што такая служба (сясцёр міласэрнасці. – аўт.) павінна быць, і яна павінна быць больш шырока прадстаўленай. Адзінокіх людзей шмат. Я па сваіх сяброўках гляджу: і адну пажадана забяспечыць, і другую пажадана забяспечыць. А забяспечаная пакуль я адна.
Ала Васілеўна, як чалавек адзінокі, найбольш цэніць, што сястра міласэрнасці зазвычай нікуды не спяшаецца, у яе няма доўгага спісу пацыентаў, якіх трэба наведаць за дзень, а таму з ёй можна не толькі абмеркаваць актуальны стан здароўя, але і проста пагаварыць. Тобок атрымаць пэўную псіхалагічную дапамогу.
Замест арміі – адзінкі
Акрамя Алы Васілеўны, у Тамары Цярэшынай – медсястры міласэрнасці на 0,5 стаўкі гарадской ячэйкі Чырвонага Крыжа – яшчэ чатыры цяжкія хворыя. Усе адзінокія, ніхто не выходзіць з хаты. Самота і страта мабільнасці – самыя частыя крытэры, па якіх тэрытарыяльная паліклініка заклікае на дапамогу грамадскую арганізацыю. Другая справа, наколькі Чырвоны крыж ў стане адгукнуцца на гэты кліч. У Берасці ўсяго дзве сястры міласэрнасці – і гэта лічыцца, што гораду пашчасціла. На ўсю Брэсцкую вобласць іх 12 – з улікам, што некаторыя працуюць не на поўную стаўку. Чаму паслуга, якую, па меркаванні хворых, трэба пашыраць, прадстаўлена гэтак слаба?
Распавядае старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Ларыса Варанко:
‒ Служба сясцёр міласэрнасці – наш асобны кірунак дзейнасці, які мае багатую гісторыю. Некалі Брэст меў вялікую армію сясцёр міласэрнасці: у 80-х гадах па вобласці было больш за 100 ставак. Але тады заробак мядсёстрам плаціла дзяржава. Уся дзейнасць Чырвонага Крыжа для насельніцтва бясплатная, але сёстры міласэрнасці атрымліваюць мінімальны заробак. Ну гэта я яго так называю. Ён не зусім мінімальны, але ніжэйшы, чым атрымліваюць мядсёстры ў медыцынскіх установах, нягледзячы на тое, што нашы сёстры працуюць з вельмі цяжкім кантынгентам. Гэта людзі, якія не могуць сябе абслужыць, людзі з цяжкімі захворваннямі – такімі, як туберкулёз, ВІЧ-інфекцыя, анкалагічныя захворванні; людзі, якія маюць нейкія псіхічныя захворванні, але няма супрацьпаказанняў, каб абслугоўвала медсястра. Акрамя таго, што нашы сёстры аказваюць медыцынскія, яны аказваюць жа і сацыяльна-побытавыя паслугі.
І вось калі заробак плаціла дзяржава, у нас было больш за 100 медсясцёр. Цяпер яны ўтрымліваюцца толькі з сяброўскіх унёскаў і ахвяраванняў, і мы іх фактычна ўсіх страцілі. Засталося 12 чалавек. Прычым за свае грошы Чырвоны Крыж утрымлівае 6 медсясцёр, астатнія працуюць у межах дзяржаўнай сацыяльнай замовы.
Тамара Цярэшына – адна з шасці медсясцёр, заробак якой забяспечвае сам Чырвоны Крыж. Такое сабе могуць дазволіць выключна вялікія гарады, дзе ў арганізацыі больш сябраў. Некаторыя раёны – напрыклад, Кобрынскі – ідуць на такую раскошу таксама. Але найчасцей раённая арганізацыя не ў стане плаціць заробак штатнаму работніку. У такім выпадку цяжкахворым самотным людзям на той тэрыторыі няма на каго разлічваць. Праўда, сёстры міласэрнасці ёсць яшчэ пры некаторых рэлігійных суполках, але іх дапамога ў першую чаргу духоўная ці псіхалагічная, а не медыка-сацыяльная.
Плячо дзяржавы
Каб неяк вырашыць праблему дэфіцыту медыка-сацыяльных паслуг для людзей, якія маюць у гэтым вострую неабходнасць, была ўведзена дзяржаўная сацыяльная замова, якую згадала Ларыса Варанко.
‒ Выглядае гэта так. Раён аб’яўляе конкурс на аказанне паслуг па доглядзе. Мы падаем заяўку і часта аказваемся адзінымі ўдзельнікамі конкурса. Кожны год сітуацыя мяняецца. Напрыклад, Кобрынскі раён летась аб’яўляў конкурс, сёлета – не. Відаць, няма неабходнасці. Хоць хачу сказаць, што неабходнасць у такіх паслугах ёсць у кожным раёне, — запэўнівае старшыня абласной арганізацыі.
Калі заяўка задавальняецца, Чырвоны Крыж падпісвае дамову з мясцовым выканаўчым камітэтам і наймае медсястру на тэрмін, абумоўлены дамовай. Атрымліваецца, што грамадская арганізацыя фактычна вярнулася да колішняга вопыту, калі заробак сёстрам плаціла дзяржава.
‒ Для нас гэта выйсце. Няхай заробкі ў сясцёр невялікія. А падаткі? Другі заробак, як я кажу. Гэта ж усё трэба заплаціць з тых грошай, што мы збярэм з людзей! Патрацім усе грошы ў раёне ці горадзе, каб утрымліваць сястру, якая акажа дапамогу 8 чалавекам? Мы не можам на гэта пайсці.
Але…
Пры ўсёй прывабнасці для ўсіх бакоў дзяржаўная замова на сацыяльныя паслугі працуе пакуль далёка не ідэальна. Раёны ці не аб’яўляюць конкурсы на паслугі па доглядзе за хворымі, або аб’яўляюць іх на такіх умовах, што нават дабрачыннай арганізацыі цяжка на іх пагадзіцца. Напрыклад, часам прапануюцца дамовы ўсяго на тры месяцы.
‒ У нас была такая сітуацыя ў Ляхавічах, — расказвае Ларыса Варанко. – Там год працавалі дзве сястры. Дамова скончылася, мы іх звольнілі. У красавіку аб’яўляюць новы конкурс. Але мядсёстры ўжо не пагаджаюцца: “Колькі мы папрацуем? І вы нас зноў звольніце?”Нам бы хацелася, каб да нас прыходзілі сёстры і каб мы маглі навучыць іх свайму кірунку дзейнасці – менавіта медыка-сацыяльнай дапамозе. Траціць грошы, каб навучыць чалавека, а праз нейкі час яго звольніць – я лічу, што гэта няправільна.
Заканадаўства дазваляе выканаўчым уладам заключаць дамовы на паслугі на тэрмін да пяці год, але на Берасцейшчыне такіх прэцэдэнтаў яшчэ не было. Як правіла, гаворка ідзе пра адзін год працы сястры міласэрнасці.
‒ Я лічу, каб у кожным раёне па дзяржзамове працавалі 3-4 медсястры, было б добра ўсім. У нас шмат людзей самотных, старых, якія не могуць пакінуць свой дом. Сысці са свайго дома кожнаму цяжка, а старому яшчэ цяжэй. І сродкі, якія трацяцца на медсястру і нейкія расходныя матэрыялы, — несувымерныя з выдаткамі на ўтрыманне гэтых людзей у дзяржаўных установах: дамах для інвалідаў, дамах-інтэрнатах.
Патранажная медсястра, яна ж сястра міласэрнасці – фактычна адзіная магчымасць самотна хворым застацца ў родных сценах.
Яшчэ варыянты?
Ларыса Варанко бачыць дзяржаўную сацыяльную замову пакуль найлепшай магчымасцю захаваць і занава паставіць на ногі службу сясцёр міласэрнасці. Але пакуль дзяржава марудна думае і неахвотна дэлегуе свае абавязкі трэцяму сектару, а людзей, каму дапамога па доглядзе патрэбна ўжо тут і зараз, менш не становіцца. Таму грамадская арганізацыя не перастае шукаць іншыя крыніцы фінансавання службы. Гэта і правераныя часам, але невялікія сяброўскія ўнёскі, і перыядычныя спонсарскія праграмы, і перспектыўны цяпер краўдфандынг.
У прыватнасці, у дадзены момант Чырвон Крыж збірае грошы на гадавую працу патранажнай службы на платформе “Імёны”. Брэсцкая вобласць падала на народнае фінансаванне Пружанскі і Драгічынскі раён, дзе сёння сясцёр міласэрнасці няма зусім. Перайдзіце па спасылцы – магчыма, вам захочацца зрабіць свой унёсак у важную справу.
Іна Хоміч, фота аўтаркі