Патрапіць у заснежаны Амшын – гэта ўсё адно, што перанесціся на 50-60 гадоў назад. У самым лесе, сярод высокіх елак, схавалася некалькі хат. Ні час, ні гістарычныя падзеі не змянілі хаду жыцця тут; людзі жывуць сваімі клопатамі, якія звязаныя з лесам, то цераз ельнік за два кіламетры трэба прайсці да крамы ў суседнюю вёску, то назбіраць ягад і грыбоў. Аўталаўка ў Амшын не даязджае, але вяскоўцаў, падаецца, гэта не хвалюе: «Колькі там ісці да той крамы?». Яны расказалі Natatnik.by, як мясцоваму жыхару ў калгасе далі даведку «аднаасобнік», чаму хутар многа гадоў «заціскалі», не дазвалялі праводзіць электрычнасць, вырошчваць клубніцы і чым Амшын жыве цяпер. 

Дабрацца да хутара Лунінецкага раёна – асобная забава. Калі ты не тутэйшы, машыну даводзіцца некалькі разоў спыняць, звяраць маршрут з картай. Найбліжэйшая вялікая вёска ад Амшына – Бродніца. Выехаўшы з яе, пачынаеш блукаць па прасёлкавых і лясных дарогах. Паказальнікаў няма, на снезе толькі сляды дзікіх жывёл, а наперадзе – прыгожы густы лес. У нейкае імгненне здаецца, што згубіўся, прыкмет жыцця няма, але праз кіламетры два сустракаюцца першыя хаты. Нежылыя, з пахіленым плотам, у адным двары стаіць калодзежны журавель, у другім – пограб пад тоўстым слоем снегу. За белай занавескай драўлянага дома ўяўляецца выява мясцовага побыту: печ, стол, лаўкі. Але варта зазірнуць у акно – і за ім усё жыццё хутара, які памірае: не патрэбны нікому стары партфель на стале, разбітае шкло на рамцы з чорна-белымі партрэтамі, вялікая беласнежная печка, якая пачынае развальвацца…

Але Амшын памятае і іншыя часы, калі ў кожным доме раслі па 4-5 дзяцей, у некаторых – па 10, сям’я высаджвала велізарныя сады ля хаты, да вечара знікала на гародзе. Цяпер тут засталося шэсць чалавек, і за аповедам пра хутар нас адпраўляюць да бабы Надзі: «Калі не сустрэнецеся з ёй, лічыце, дарма прыехалі». 

Даведка:

Амшын – 18 кіламетраў да Лунінца. Паводле звестак мясцовых, на хутары пасля вайны было 44 дамы. Электрычнасць у Амшыне з’явілася толькі ў 1978 годзе. Крамы ніколі не было, аўталаўка за ўсю гісторыю хутара сюды не даязджала. Цяпер тут жыве шэсць чалавек. 

Пераезд у вялікую вёску не адбыўся: дом пацягнулі адмысловымі санямі, і яны разваліліся 

У Амшыне амаль усе носяць прозвішча Дубін, а сусед – гэта найбліжэйшая хата, да якой трэба ісці гурбамі праз поле метраў сто-дзвесце або прыгожай лясной дарогай… Так яшчэ далей. Дом 82-гадовай Надзеі Дубіны побач з хатай, у якой ніхто не жыве. Нас сустракае шэры кот, з сянец выходзіць Уладзімір Паўлавіч, сын Надзеі Мацвееўны. Запрашае ў госці, але просіць не здымаць маці: яна ляжыць у ложку. На стале стаяць дранікі, каля ложка жанчыны – табурэтка, абсыпаная лекамі.   

 – Я жыву на хутарах с 1959 года. Гэта зараз так усё пазаростала, што нічога не відно, – голас у Надзеі Дубінай слабы, але чуе яна выдатна, часам нават знаходзіць у сабе сілы ўсміхнуцца. 

Маці і сын успамінаюць «залатыя часы» хутара з пяшчотай і тугой. Тое, чым жыў Амшын, скончылася і больш ніколі не вернецца. Яны – апошнія жыхары сапраўднага палескага хутара. 

 – Амшын быў больш, чым Бродніца і Дварэц (суседнія вёскі – Заўв.) разам узятыя, а потым была дадзена каманда Хрушчова: «Хутары прыбраць» (канец 60-х гадоў мінулага стагоддзя – Заўв). Нам жа да 1978 года не дазвалялі праводзіць святло. Людзей было шмат, усе скінуліся грашыма, купілі стаўпы і самі правялі электрычнасць. Потым ужо далі дабро, электрасеткі паставілі побач трансфарматар, зрабілі нармальнае святло. Я ўжо ў школу хадзіў, калі з’явілася электрычнасць, а так былі газавыя лямпы, – расказвае 50-гадовы Уладзімір Паўлавіч, які працуе вартаўніком у найбліжэйшай гаспадарцы. 

Крамы ў Амшынне не было ніколі, ды і аўталаўка за ўсю гісторыю хутара ні разу сюды не даехала: «Она пакудава нам не нада». Падаецца, у мясцовых гэтае пытанне выклікае здзіўленне. Ім да найбліжэйшай крамы – два кіламетры. Для вясковага жыхара гэта не адлегласць. Пытаемся, ці заўсёды на хутары дамы стаялі адзін ад аднаго так далёка.

 – Побач з намі было тры дамы, там жылі тры браты, – Уладзімір Дубін паказвае рукой на акно, за якім поле і лес. – Дзе сусед Саша, таксама тры дамы стаялі. Сваякі сяліліся разам, так было прынята. 

Дома Надзеі Мацвееўны таксама не павінна было быць. Калі жыхарам хутара сказалі пераязджаць у вёску Дварэц, хату пачалі цягнуць адмысловымі санямі, але тыя не вытрымалі і разваліліся. Так сям’я Дубіных засталася ў лясах. 

 – Не шкадуеце, што не пераехалі? 

 – Не, хто ж думаў, што Амшын такім будзе. Тут столькі людзей было! Як пойдуць у магазін у Бараўцы па снезе, дык такая сцежка станавілася, што дзеці па ей у школу шлі, – не без гонару расказвае Надзея Мацвееўна.

Як згадвае яе сын Уладзімір, толькі з аднаго хутара ў адзін клас хадзілі па восем чалавек. 

«Разам з мужам былі столярамі. Рабілі вазы, вокны, дзверы«

У часе расповедаў аб мінулым жыцці нечакана даведваемся: Надзея Мацвееўна – сталяр трэцяга разраду. Такая ж прафесія была і ў яе мужа. 

 – Як мой хазяін забалеў, дык пайшоў к прэдседацелю калхоза, каб далі работу. А той і кажа: «Вунь табе напарніца – жонка. Бяры яе і працуй». Дык мы ўдваіх усё рабілі: вазы, вокны, дзверы. Усё, што у хаце ёсць, – паказвае на столь Надзея Мацвееўна. Яе стаж сталяра – больш за 10 гадоў. Дагэтуль была паляводам, «палола буракі».

У 70-х гадах Амшын стаў пусцець. Школьнікі вырасталі, з’язджалі з хутара і не вярталіся. Старыя паміралі. 

– Хутары сталі заціскаць, прымушалі перасяляцца ў вёску. Гэта ж цяпер такое пайшло – бяры ды працуй. Вось у мяне гектар зямлі, а раней было 20-30 сотак. Сады тады аралі, каб толькі клубніцаў не было. Бач ты, так людзі ўзбагачаліся, – кажа Уладзімір Паўлавіч і дзеліцца сямейнай гісторыяй. – Мой дзед першым пайшоў уступаць у калгас і першы з яго выйшаў. Як расказваў бацька, тады ж сена нельга было касіць. Употай накосяць, схаваюць на гарышча, каб не забралі. Пасля вайны калгас быў вельмі бедным, касілі так: дзесяць стагоў калгасу, адзін – сабе. 

Паводле слоў Уладзіміра Паўлавіча, ён дагэтуль захоўвае дакумент аб тым, што дзед быў «аднаасобнікам». Просім паказаць. Мужчына адкрывае шафу, дастае пажоўклую хустку, завязаную на моцны вузел, і пачынае перабіраць. Чэкавыя кніжкі, пасведчанне аб шлюбе і дакумент, які мы доўга круцім у руках… Фіялетавымі чарніламі выведзена пасведчанне аб нараджэнні 1 лютага 1891 года Дубіна Сямёна Фёдаравіча, выдадзена яно ў 1968 годзе. Нажаль, у гэтым вузельчыку не знайшлося даведкі дзеда аб выхадзе з калгасу: «Трэба доўга шукаць, яна дакладна дзесьці тут». 

«Я тут мала жыву, 10 гадоў«

Паводле пакінутых у хаце рэчаў, як пазл, можна сабраць выяву, чым жыла сям’я, якія планы мела і як праходзілі яе дні. Сядзіба былога настаўніка Рыгора Дубіны зарасла елкамі і кустамі так, што знайсці няпроста. Яшчэ напярэдадні паездкі ўнук Андрэй дазволіў Natatnik.by зайсці ў хату: замка на дзвярах няма, а ўнутры – маленькі закінуты музей палескага хутара 70-80-х гадоў. У сенцах стаяць каўшы, куфар, на сцяне ў шэраг вісіць адзенне – целагрэйкі, кашулі, курткі. Падаецца, вось зараз выйдзе гаспадар з дома, накіне целагрэйку і пойдзе «даваць свінням». Калі не ведаць, што Амшын многа гадоў жыў без электрычнасці, прылада над сталом на кухні выглядае крыху дзівоснай. На драціне падвешана фанера, з боку яна нагадвае кармушку для птушак. Насамрэч гэта своеасаблівая падстаўка для свечак і лучыны. Запаліў – і можа сядзець за сталом пры святле.

Замест звычайнага абраза ў куце – карціна з фольгі ярка-рудай дзяўчыны. У доме, напэўна, гэта самая незвычайная рэч. Праходзім далей і трапляем «у бальшую хату». На лаўцы пад тоўстым пластом пылу і пажоўклых рэчаў ляжаць старонкі розных дакументаў: членская кааператыўная кніжка 1958 года, страхавое пасведчанне на карову 1978 года, абавязацельства 1973 года выканаць датэрмінова чарговую пяцігодку, а таксама прадаць дзяржаве 280 кг малака і 5 кг бульбы. Расклад урокаў на беларускай мове выклікае ўсмешку: увесь тыдзень – адно суцэльнае «праца, фізіка, чарчэнне». Гэта не школьніка, а настаўніка Рыгора Андрэеевіча. Гэтыя прадметы ён выкладаў ў школе ў Бараўцах, яго жонка была дырэктаркай.  

 – У Амшыне было столькі дзяцей! На лета Рыгор Андрэевіч даваў нам сетку, мячыкі, і мы гулялі, – згадвае школьныя гады Уладзімір Паўлавіч. У тыя часы валейбольная пляцоўка было побач з яго домам.

Пакрытай снегам сцежкай ідзём на іншы канец хутара. Бацькоўская хата Васіля Малевіча прыхілілася да высокага лесу. Пра жыццё сённяшняе мужчына гаварыць не хоча: «Я тут мала жыву, 10 гадоў. Нармальна тут, прывык». Забавы – тэлевізар, інтэрнэт ёсць, але, як запэўнівае Васіль, ён яму не трэба. У гаспадарцы ў яго парася, куры, індакачкі і сабака. Крыху разгаварыўшыся, жыхар Амшына распавядае пра сваё дзяцінства, праведзенае тут.  

 – Андрэевіч быў маім настаўнікам, яго жонка вяла «чалавек і біялогію». Пасля школы я паехаў адсюль, нядаўна вярнуўся.  

«Дом на хутары не прадамо. Гэта гістарычная памяць«

Зімовым днём на хутары – харошая цішыня. Яе парушае толькі гук пілы дзесьці далёка ў лесе і брэх сабак, якія тут у кожнай хаце. Аляксандр, які прыехаў з Лунінца пратапіць бабуліну хату, паводле слядоў шын нашага аўто адразу вылічыў: тут не мясцовыя. У Амшыне ўсе адзін у аднаго навідавоку, нават калі не жывуць тут, то ведаюць, у каго якая машына, якія сляды пакідае на дарозе.  

– Так. Вы былі за канавай, у Казаноў, – адразу ж дакладвае Аляксандр наш шлях па Амшыне. – Думаю, хто тут без мяне ездзіць? 

Яшчэ пяць гадоў таму ў гэтай драўлянай хаце было жыццё: маці Аляксандра вярнулася на малую радзіму, трымала карову, гусей, курэй і хадзіла без палачкі. Калі стала слабейшай, дзеці забралі да сябе ў горад. Часамі яе прывозяць у родны Амшын, ды і сам Аляксандр сюды заязджае ўвесь час: за хатай патрэбны нагляд. 

 – Ён пабудаваны ў 1961 годзе, а дагэтуль дзед з бабуляй таксама жылі ў Амшыне, толькі ў гэтай хатцы, – мужчына паказвае на невялікі дом проста ў сябе ў двары. – Ужо калі дзед ажаніўся, пачаў будаваць побач новы дом, пакрысе ўладкоўвацца. Памятаю, яны трымалі дзве каровы, і я ім штолета дапамагаў па гаспадарцы. На хутары было людна і шумна, у мяне вельмі добрыя ўспаміны з дзяцінства, праведзенага тут. 

Да гэтага часу кожную вясну тут высаджваюць агарод, каб улетку не было сумна, ды і «свая цыбуля і картошка» з градкі значна больш карысныя. Аляксандр пытаецца, ці заўважылі мы каля дома яблыневы сад, яго некалі высадзіў ягоны дзед. Дастае з кішэні тэлефон і пачынае шукаць старыя здымкі, як прыгожа ўвесну пачыналі квітнець дрэвы.

– Глядзіце, якія! Часам нават сабе на застаўку стаўлю, – з гонарам і цеплынёй расказвае мужчына. – Цяпер сад застыў, але мы яго не закідваем, хоць ён і стары, даглядаем. Дзядуля з бабуляй пасадзілі 35 саджанцаў, уяўляеце, а потым на кожнае дрэва насілі па два літры вады, каб яно прыжылося. І так кожны дзень! Як можна пасля гэтага сад не захаваць? Гэта непавага да продкаў. І дом прадаваць не будзем, трэба захаваць гістарычную памяць. На гэтым двары было сем дзяцей. Ведаеце, колькі ўнукаў? Многа! Каб усе маглі прыехаць у любы момант і сабрацца, сям’я вырашыла пакінуць дом. І мы цэнім гэтую магчымасць быць у Амшыне. 

Natatnik

Подписаться
Уведомление о
guest
0 комментариев
Inline Feedbacks
View all comments