Гэты чалавек займае важнае месца ў гісторыі навукі і культуры адразу чатырох краін Беларусі, Чылі, Польшчы і Літвы. А UNESCO назвала ў яго гонар 2002 год. Распавядаем пра Ігната Дамейку — навукоўца, геолага, мінералога, географа, этнографа і педагога.
Ігнат Іпалітавіч Дамейка нарадзіўся ў маёнтку Мядзвядка, што знаходзілася ў Наваградскім павеце Гарадзенскай губерні (цяпер Карэліцкі раён Гарадзенскай вобласці). Ён паходзіў са шляхецкага роду герба «Дамейка».

Пачатковую адукацыю ён атрымаў у піярскай школе ў Шчучыне. У 1816 годзе паступіў у Віленскі ўніверсітэт, дзе быў самым маладым у той перыяд студэнтам. Ён быў вучнем выбітных прафесараў, такіх як Пётр Славінскі і Яўхім Лелявель, якія аказалі значны ўплыў на яго навуковы і светапоглядны рост. Неўзабаве атрымаў ступень магістра. У 1820 годзе далучыўся да тайнага таварыства філаматаў. Гэта таварыства аматараў навук: маладыя людзі збіраліся і абмяркоўвалі розныя пытанні, у тым ліку і па гісторыі. Туды ўваходзілі юнакі 1795-1802 гадоў нараджэння і Ігнат Дамейка быў самым маладым з іх. У філаматы ўваходзілі Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ян Чачот і іншыя вядомыя ўраджэнцы Беларусі.
Потым гэтае таварыства філаматаў трансфармавалася ў таварыства філарэтаў. Філарэты былі ўжо не такімі бяскрыўднымі. Яны не проста абмяркоўвалі навуковыя праблемы, а выступалі ў тым ліку за адмену прыгоннага права. Аляксандр І загадаў закрыць усе таемныя таварыствы ва ўніверсітэтах. Філаматаў пачалі арыштоўваць.
У 1823 годзе ён быў арыштаваны разам з іншымі ўдзельнікамі таварыства, але, дзякуючы сувязям, хутка вызвалены. У адрозненне ад іншых філаматаў яго адправілі на 6 гадоў жыць пад наглядам паліцыі ў маёнтку свайго дзядзькі. За ім асабліва ніхто не сачыў. Да Ігната прыязджалі госці, ён перапісваўся. Падчас Лістападаўскага паўстання 1830-1831 гадоў Дамейка далучыўся да паўстанцаў, змагаючыся супраць расійскага панавання. Пасля паразы паўстання ён быў вымушаны эміграваць у Прусію, а пазней у Францыю, дзе працягнуў сваю адукацыю.
Дамейка паступіў у знакамітую Горную школу ў Парыжы, дзе вывучаў мінералогію, геалогію і хімію. Ён працаваў пад кіраўніцтвам вядомых французскіх навукоўцаў, што дапамагло яму стаць спецыялістам у галіне горных навук. Пасля заканчэння навучання ён атрымаў прапанову ад урада Чылі і выправіўся ў гэтую краіну, якая стала для яго другой радзімай.

У 1838 годзе Ігнат Дамейка прыбыў у Чылі, дзе распачаў выкладчыцкую і навуковую працу. Ён быў прызначаны прафесарам Ліцэя Ла-Серэны, дзе выкладаў хімію, фізіку і мінералогію. Адначасова ён займаўся даследаваннямі карысных выкапняў Чылі, што мела велізарнае значэнне для развіцця эканомікі краіны.
Як геолаг, даследаваў нетры краіны і знайшоў некалькі радовішчаў медзі, золата, срэбра. Дамейка здагадаўся, як здабываць салетру і як яе выкарыстоўваць. Ён падарожнічаў на поўдзень Чылі, дзе пазнаёміўся з араўканамі — індзейскім племем, якое 300 гадоў змагалася з канкістадорамі, і так і не скарылася іспанцам. Дамейку гэтыя людзі ўразілі настолькі, што ён напісаў пра іх кнігу.

Дамейка ўдзельнічаў у шматлікіх экспедыцыях, падчас якіх даследаваў геалагічны склад Чылі, адкрыў некалькі невядомых раней мінералаў і апісаў асаблівасці мясцовага клімату. Дзякуючы яго працы, Чылі атрымала найкаштоўнейшую навуковую інфармацыю аб сваіх прыродных рэсурсах.
У 1846 годзе Дамейка стаў прафесарам Універсітэта Чылі, а пазней быў прызначаны яго рэктарам. Падчас яго кіравання ўніверсітэт ператварыўся ў адзін з лепшых адукацыйных і навуковых цэнтраў Лацінскай Амерыкі. Ён рэфармаваў сістэму адукацыі Чылі, уключыўшы ў праграмы вывучэнне прыродазнаўчых навук і тэхнічнай адукацыі. Яго намаганні садзейнічалі развіццю навуковага патэнцыялу краіны. Увёў у Чылі метрычную сістэму мер і вагі. Сабраў і апісаў мноства раней невядомых навуцы мінералаў, раслін, закамянеласцяў і метэарытаў.

Першым пачаў картаграфаванне і раянаванне геаграфічных і геамарфалагічных з’яў, склаў геалагічную карту Чылі. Заснаваў метэаралагічную службу ў Санцьяга-дэ-Чылі. Адшукаў у гарах крыніцы чыстай вады. Правёў адтуль у Санцьяга вадаправод, поўнасцю вырашыўшы праблему водазабеспячэння горада.
У 1884-м годзе Ігнат Дамейка захацеў пабываць на радзіме. Падарожжа, у якое ён адправіўся разам з сынамі, заняло чатыры гады. З сабой Ігнацій вёз у падарунак Віленскаму ўніверсітэту мінералы, сабраныя ў Андах. Пасля шматлікіх сустрэч з сябрамі юнацтва ў Еўропе, прыехаў у Беларусь. Выйшаў на чыгуначнай станцыі Гарадзея. Праехаў па ўсіх мясцінах свайго дзяцінства. У 1888-м годзе ён сабраўся ў зваротны шлях. Па дарозе цяжка захварэў і праз год памёр. На яго пахаванні прэзідэнт Чылі аб’явіў Ігната Дамейку нацыянальным героем.
Імем Ігната Дамейкі ў Чылі названы горад, порт, вуліцы ў гарадах, некалькі школ, вулканічная града ў Андах. У Санцьяга яму ўсталяваны помнікі. У гонар яго названы астэроід, некаторыя расліны, малюск і мінералы. Працы Дамейкі працягваюць перавыдавацца. У Беларусі яго імем названы вуліцы ў Гародні, Наваградку, Лідзе, Карэлічах. З’явіўся музей і абеліск на месцы радавога маёнтка Мядзведка.

Ігнацы Дамейка — выбітны вучоны, чый унёсак у геалогію, мінералогію, этнаграфію і адукацыю цяжка пераацаніць. Ён быў чалавекам, які жыў навукай і аддана працаваў дзеля агульнага дабрабыту. Дзякуючы яго дзейнасці, Чылі стала адной з вядучых краін у сферы геалагічных даследаванняў, а Беларусь можа ганарыцца сваім знакамітым земляком, чыя спадчына жыве і сёння.
