«Забірайце ўсё, што бачыце ў доме» – напісалі нам паўгады таму з акаўнту @lubeckaja_lavanda. Менавіта так пачалося наша знаёмства з Вольгай Трубач, якая даследуе ўнікальную традыцыю беларускага народнага мастацтва – малюнкі на шкле ці… відзікі. Такі малюнак Вольга ўбачыла на нашых здымках з экспедыцыі па паміраючым вёскам Беларусі. 

Малюнак на шкле ў беларускай традыцыі – гэта каштоўнасці ўзроўню маляваных дываноў Алены Кіш і Язэпа Драздовіча. Такімі малюнкамі і дыванамі аздаблялі хаты ў вёсках у першай палове мінулага стагоддзя. Па-навуковаму гэтыя творы называюцца сімулякрамі, бо не адпавядаюць усім крытэрыям высокага мастацтва. Але на свой час малюнкі на шкле лічылася шэдэўрамі.

Традыцыя малюнку на шкле паходзіць з Заходняй Еўропы – Румыніі, Чэхіі, Польшчы, Украіны. У Румыніі ёсць музей сакральнага жывапісу, дзе прадстаўлена амаль 600 напісаных на шкле малюнкаў. 

Адкуль пайшла назва «відзікі» – дакладна невядома. Свой першы відзік Вольга знайшла ў вёсцы Любкі, дзе яна жыве. Раней Вольга не сустракала такіх малюнкаў і вырашыла спытаць у мясцовых жыхароў, ці ведаюць яны нешта пра гэтыя карціны. «Гэта ж відзікі!», – адказалі ёй. Пазней, калі Вольга рабіла даследванне, яна чула, што людзі называюць «відзікамі» і распісаныя дываны. На яе думку, слова паходзіць ад польскага widok, што перакладаецца як пейзаж.

Калі на Беларусі з’явіліся першыя малюнкі на шкле?

Першы свой экспанат Вольга знайшла ў закінутай хаце ў Любках. Гэта была выява паненкі з голубам, а фон карціны быў выраблены з фольгі. Вольга адшукала сваякоў колішніх гаспадароў гэтай хаты і папрасіла забраць «паненку» да сябе. Тэма малюнкаў на шкле настолькі зацікавіла Вольгу, што яна паступіла ў магістратуру і напісала навуковую працу «Беларускі народны традыцыйны роспіс на шкле ў пачатку – сярэдзіне XX стагоддзя».

Калекцыя Волі
Калекцыя Волі

Падчас даследавання Вольга знайшла напісаныя на шкле іконы, якія датаваліся сярэдзінай 19 стагоддзя. Гэта былі выявы Божай Маці, Ісуса, Маці Божай Вострабрамскай. Судзячы па ўсім, сюжэты для такіх малюнккаў мастакі таго часу бралі з рэальных ікон, якія бачылі ў цэрквах.

Малюнкамі на шкле займаліся прагрэсіўныя людзі свайго часу. Яны разумелі, чым цікавяцца людзі і што яны гатовыя купляць. Напрыклад, у Бераставіцкім раёне Гродзенскай вобласці знойдзена ікона на шкле, намаляваная па матывах фігуры Езуса Журботнага з касцёлу ў вёсцы Рось. Езус Журботны лічыўся цудатворнай фігурай, да якой маліцца прыходзілі вернікі падчас пілігрымак. Мастакі, ведаючы гэта, пісалі іконы на шкле па вобразе Езуса Журботнага і прадавалі іх пілігрымам. Адна з такіх іконаў цяпер знаходзіцца ў Варшаўскім музеі, а ў яе апісанні пазначана «куплена падчас адпусту ў Росі».

Беларускі мастацтвазнаўца і этнолаг Яўген Сахута падчас сваіх экспедыцыяў знайшоў аўтараў «відзікаў»: А. Макоўчык і В. Жуковіч з вёскі Спорава ў Бярозаўскім раёне, В. Юрашэвіч з Драгічанскага раёну і Л. Доўгер з Іванаўскага раёну. У вёсцы Даманава вядомае імя Васіля Калініна, які маляваў відзікі да 1980-х. Даследаваннем творчасці мастака заняліся школьнікі, а натхніў іх на гэта настаўнік з мясцовай школы.

Што малявалі на шкле беларусы?

Мастацтвазнаўцы фіксуюць, што частка малюнкаў на шкле мае кічавую тэндэнцыю. Гэта значыць, што аўтары відзікаў рабілі копію на копію, ці выкарыстоўвалі трафарэт пры стварэнні малюнку.

Пісаць на шкле не такі проста занятак, як можа падацца. Мастак малюе на адваротным баку шкла, таму сюжэт бачыць люстэркава перагорнутым. Іконы пісалі звычайна больш дасведчаныя майстры, паколькі ў гэтым жанры важна было прытрымлівацца канонаў.

У наіўным роспісы мастакі часта адыходзілі ад канонаў і выкарыстоўвалі трафарэты. Контур малявалі чорнай тушу пры дапамозе пяра, затым рабілі заліўку алейнай фарбай або лакам. А фон часам рабілі з фольгі, што надавала малюнку аб’ём і каларыт.

Некаторыя мастакі ў якасці трафарэту выкарыстоўвалі схемы для вышыўкі, але прыўносілі ў творы і сваё аўтарскае бачанне. Гэта прасочваецца, напрыклад, у работах Галены Васілеўскай з Палесся. Папулярнымі сюжэтамі малюнкаў на шкле былі коцікі ў кошыку, жанчыны і галубы. Астатнія маляваліся звычайна парай, а падарыць такі «відзік» маглі маладым на вяселле. Часам такія карціны выкарыстоўваліся з больш практычнага боку – у якасці рамкі для фотаздымкаў.

Кошты на малюнак на шкле вельмі адрозніваліся. З аднаго боку, відзікі мянялі на косткі і анучы ў рызнікаў. Аднак работы дасведчаных народных мастакоў прадавалі звычайна за досыць вялікія грошы. Далёка не кожная хата на вёсцы магла сабе дазволіць такое ўпрыгожанне ў інтэр’ер.

Дзе можна знайсці відзікі цяпер?

Малюнкі на шкле ў адрозненні ад дываноў Кіш і Драздовіча не прызнаныя гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Сказаць дакладна колькі захавалася такіх малюнкаў – немагчыма. Ды і не шмат хто ведае пра такі від мастацтва і ягоную каштоўнасць для беларускай спадчыны. Часам відзікі проста ляжаць на гарышчах у закінутых хатах.

Калекцыі малюнкаў на шкле ёсць у фондах музею народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах, у Вілейскім краязнаўчым музеі і ў музеі-запаведніку ў Заслаўі. На вялікіх выставах рэспубліканскага ўзроўню, адзначае наша суразмоўца, відзікі выстаўляліся толькі ў 2010 і 2011 гадах. Цяпер такія экспанаты выстаўляюцца рэдка. Пэўна, з-за недахопу інфармацыі і невялікую папулярнасць гэтага віду мастацтва сярод насельніцтва.

Аднак знайсці малюнкі на шкле можна не толькі ў вясковых хатах ці музеях. Сустракаюцца відзікі і на «Куфары». Мастачка Вольга Пранкевіч адмыслова шукае на інтэрнэт-пляцоўцы такія творы для сваёй калекцыі. Што цікава, з кожным годам «відзікі» на Куфары прадаюцца за ўсё большыя грошы.

Замовіць відзік магчыма і ў сучасных мастакоў. На дадзены момант у традыцыі роспісу на шкле працуюць два народныя майстры – Вольга Пілецкая і Марыя Кулецкая.

Калі вы знайшлі «відзік», пастарайцеся сфатаграфаваць яго і зафіксаваць вёску і раён знаходкі. Гэта інфармацыя дапаможа такім даследчыкам як Вольга Трубач. У будучыні Вольга плануе зрабіць каталог і выстаўляць такія творы народнага мастацтва ў адмысловым пакоі ў Любках. Калі вы гатовыя аддаць свой відзік у дар – скантактуйцеся з Вольгай праз сацыяльныя сеткі: Відзікі Арт ці Любэцкая лаванда

Natatnik

Подписаться
Уведомление о
guest
0 комментариев
Inline Feedbacks
View all comments