Хадзіць у госці можна на святы ці з нагоды пакупкі новай канапы. Можна хадзіць у госці, калі вельмі сумна альбо трэба затэсціць на кімсьці новы пірог. А можна пайсці ў госці, каб паглядзець, хто як жыве. Вы заўважалі, што прастора, у якой жыве чалавек, паступова малюе ягоны партрэт? Значыць, знаёмства з домам – гэта і ёсць знаёмства з чалавекам.
Сёння я трапіла ў госці да гарадскога пчаляра. Пётр Попчанка жыве ў Старых Задворцах, а зараз гэта ўжо не вёска, а раён горада. На сваім зямельным надзеле ён трымае не толькі ката Паштэта і сабак Пальму і Батона, але і пчол. Знаёмства з пчоламі мне падавалася небяспечным, але гаспадар запэўніў, што пчолы ў яго добрыя. Галоўнае — не надзяваць чорнае і чырвонае, не станавіцца аккурат насупраць уваходу ў вулей і не размахваць рукамі.
Пётр «вар’яцее» на пчалярства ўжо трэці год. Але ў першае лета мёду не было, бо запозна набыў пчол, у другое як дылетант ён сабраў толькі 5 кг, а ўраджай гэтага году мы пачынаем збіраць зараз.
Сярод фруктовых дрэваў стаяць каляровыя домікі. Усяго вулляў пяць, але яны падзелены быццам бы на 2 кварталы. У адным жывуць некусучыя пчолы англійскай пароды Бакфаст, у другім – менш спакойная нямецкая парода Краінка. Для мяне яны аднолькава насцярожана гудуць і не збіраюцца дзеля нас адрывацца ад сваёй важнай справы – збору мёду. Але пчаляр тлумачыць, што вельмі важна ставіць вуллі не шчыльна, каб пчолы не пераблыталі свае хаткі. Бо калі ў вулей заляціць “чужая” пчала, яе там заб’юць. Хоць і ёсць такія пчолы-рабаўніцы, якія паспяхова крадуць мёд з суседніх вулляў.
У асноўным усе вуллі Пятра пластыкавыя, толькі адзін драўляны. І справа тут не ў кошце ці экалогіі, проста яны лягчэйшыя і больш мабільныя. Пры жаданні такія вуллі можна перавозіць з гораду бліжэй да палёў з разнастайнымі раслінамі. Таксама зручна, што корпус разбіраецца на секцыі, якія можна мяняць паміж сабой.
Пчаляр здымае верхнюю крышку вулля, у гэтай секцыі пчол няма, затое ёсць рамкі з назбіраным мёдам.
“Гэты корпус стаяў унізе, і пчолы збіралі туды мёд. Потым я падняў яго наверх, а іншы з пустымі рамкамі паставіў уніз. А паміж дзвюма секцыямі стаіць такая прылада, якая перашкаджае пчолам падняцца ўверх. Так мне лягчэй адбіраць у пчол рамкі з мёдам, бо не трэба іх адганяць”, — тлумацычь Пётр.
Рамка з сотамі, якую адбудавалі пчолы, называецца суш. З самага пачатку ставіцца толькі вашчына – пласт з воску. Працавітыя казуркі ядуць мёд, пераапрацоўваюць яго, вылучаюць воск і вакол вашчыны будуюць соты. Гэта і ёсць першы этап пчалінай працы.
На тых рамках, што мы бачым зараз, скапіўся мёд, які пчолы назбіралі за вясну. Квітнелі яблыні, вішні, чарэшні, потым духмяная акацыя — з усіх гэтых прыродных крыніц пчолы збіралі пылок і неслі яго ў свае хаткі. Некалькі рамак гаспадар прывёз з вёскі, дзе побач у збожжы квітнела поле валошак. Гэтыя смакі мы пазней павінны адчуць у свежым мядку.
“Падчас збору мёду пчолы могуць адлятаць на адлегласць да 5 км! Але гэта не вельмі прадуктыўна для іх. Напрыклад, пчала набрала мёду з нейкай далёкай кветкі і вяртаецца. У той час, пакуль яна ляціць, яна гэты мёд спажывае як паліва. Таму лічыцца, што 2 км – гэта аптымальна. Але тут вакол мяне ў радыусе двух кіламетраў няма палёў – толькі лес і сады”, — распавядае аматар пчол.
Я і не ведала, што мёд можна рабіць не толькі з кветак. Аказваецца, пчолы ўмеюць збіраць кропелькі соку, якія вылучаюць расліны і нават хвойныя дрэвы. Такі мёд называюць падзевы.
Яшчэ пчолам патрэбна вада. У Старых Задворцах ёсць возера, але калі вадаёма побач няма, то можна паставіць каля вулляў вядро з вадой. У спякотнае лета пчолы нават робяць кандыцыянер у сваім жытле: набіраюць ваду, прыносяць яе ў вулей і развешваюць у соты, яна выпароўваецца, і такім чынам паніжаецца тэмпература ўнутры доміка.
Бачна, што пчолы ўжо пачалі запячатваць каморкі з мёдам вечкамі (па-пчалярску гэта называецца брушоўка). Гэта і ёсць знак для пчаляра, што мёд спелы і гатовы перайсці ў рукі чалавека. Пётр нясе рамкі ў хату, дзе нас чакае наступны этап – падрыхтоўка рамак для адпампоўкі мёду.
Трэба пазбавіцца вечак, якія перакрываюць доступ да самага салодкага. Пётр робіць гэта звычайным відэльцам. Але пры жаданні ў спецыялізаванай краме можна набыць прылады для ўсіх этапаў загатоўкі мёду. Посуд таксама выкарыстоўваецца адмыслова з неіржавейкі, тады ён не ўступае ў рэакцыю з мёдам, і гэта бяспечна для здароўя.
“Тое, што я здымаю, называецца забрус, гэта таксама можна есці. У пчалярстве нічога не павінна марнавацца, калі не хочаш есці забрус сам — аддай яго пчолам. Яны зноў перапрацуюць усё ў соты”, — па-гаспадарску заўважае пчаляр.
Пакуль я гіпнатызавана назіраю за працэсам адкупорвання сонечна-жоўтага рэчыва, Пётр працягвае распавядаць цікавыя факты пра жыццё пчол:
“Адна пчала жыве максімум адзін месяц улетку. А вось пчолы, якія нарадзіліся ўвосень, то бок не ўдзельнічалі ў зборы мёду, і арганізм у іх не зношаны, могуць перазімаваць і вясной папрацаваць яшчэ. Толькі пчаламатка жыве да 5 гадоў. Кожны дзень яна адкладае каля 1500 яек. Гэта значыць, што кожны дзень з’яўляецца столькі ж маладых асоб. Але і шмат у той жа час памірае.”
Цяжка паверыць, але адзін вулей можа змясціць да 50 000 пчол! А калі ім становіцца цесна ў вуліку, то пачыцаецца працэс раення — падзяленне сям’і на дзве часткі. Адна частка вылятае, другая застаецца. Каб пчолы не паляцелі шукаць сабе новы дом, а засталіся працаваць тут, пчаляры звычайна па вясне самі падзяляюць сям’ю і рыхтуюць для яе новы вулей. Але бывае і так, што нехта можа пераманіць вашых пчол. Іншы пчаляр ставіць пусты вулей з рамкамі, ды яшчэ і націрае іх праполісам для паху – гэта вабік для новых пчол.
Увогуле пчолы збіраюць мёд для сябе, а не для чалавека. Раней, калі вулляў не было, пчолы проста жылі ў дуплах дрэваў. Калі яны цалкам запаўнялі яго мёдам, то пакідалі гэтае месца і шукалі новае. А людзям магло пашчасціць спілаваць дрэва поўнае мёду. То бок якое б вялікае ні было дупло, пчолы будуць працаваць,пакуль цалкам не запоўняць яго мёдам.
Працэс збору мёду працягваецца, пакуль квітнеюць расліны. Пчолы збіраюць – чалавек забірае. І так да восені. Нават у верасні яшчэ квітнее сумнік, жоўтыя кветачкі якога можна ўбачыць і на могілках, і ў палях. Свой мёд пчолы могуць есці зімой, каб пратрымацца да наступнага перыяду квітнення. Але пчаляры лічаць, што лепей апошні мёд таксама забраць, а пчол пакарміць цукровым сіропам. Маўляў, сіроп прасцей пераварыцца, і пчолам не прыйдзецца вылятаць на холад.
“Некаторыя лічаць, што пчолы баяцца холаду, і на зіму вуллі трэба уцяпляць. Але гэта памылкова. Пчолы баяцца толькі вільгаці. Калі ўнутры вулля будзе вільготна, то яны памруць, а калі будзе суха і нават -15 градусаў, нічога з імі не будзе. Таму самае галоўнае – гэта каб у вуллі была добрая вентыляцыя”, — заўважае пчаляр.
Нарэшце ўсе рамкі апрацаваныя, і цяпер мы пераходзім у суседні пакой, дзе стаіць вялікая жалезная бочка. Гэты апарат завецца медагонка. Яна дасталася Пятру ад іншага пчаляра. Нягледзячы на свой “савецкі” ўзрост працуе медагонка на поўную сілу, і Пётр пакуль не збіраецца мяняць яе на сучасную, з электрычным рухавіком. Рамкі ўстаўляюцца вертыкальна ў бочку, і Пётр пачынае круціць ручку. Агрыгат скрыпіць ад працы, а па сценках разлятаюцца пырскі мёду. Гэта ідзе працэс віравання.
Гэта самы доўгі і складаны этап здабывання мёду для чалавека. Але калі ўсе 15 рамак сталі пустымі, а медагонка напоўнілася, мы адкрылі кранік – і густы залацісты мёд моцным струменем лінуў у вядро. Дробныя прымешкі затрымліваліся ў сіце, а далей цякла празрыстая ліпкая вадкасць, якую хацелася хутчэй пасмакаваць.
Першае вядро хутка напоўнілася, на стале сваёй чаргі ўжо чакалі 30 шкляных слоікаў. Пачынаем працэс разліву мядка па загатаваных пасудзінах аб’ёмам 450 мл. Далей упрыгожваем слоікі фірмовай налепкай і крышачкай – і вось свежы прадукт гатовы да рэалізацыі.
Перад тым як пачаць “салодкую”дэгустацыю, мы вяртаем рамкі назад у вуллі. Хай пакуль пчолы працуюць над новай партыяй мёду. На гэты раз ужо спатрэбяцца пальчаткі, маска і дымакур. Пчолы баяцца дыму і не будуць перашкаджаюць рабіць перастаноўкі ў іх доміку.
“Насамрэч пчолы не збіраюцца цябе кусаць, бо яны таксама разумеюць, што гэта іх першы і апошні ўкус. Спачатку пчала будзе доўга лётаць вакол цябе, каб даць зразумець, што ты ёй не падабаешся. Адзін з сакрэтаў, як спадабацца пчолам, гэта расцерці ў руках лісткі мялісы,ім падабаецца гэты пах, і яны не будуць нападаць”, — дадае Пётр.
Праца зроблена – цяпер можна і паесці. Але каштаваць мёд мы будзем з рознымі прадуктамі: сала, салёны агурок, яблык, сыр і свежавыпечаны хлеб. Сэнс у тым, каб быў кантраст смаку: салодкі і салёны ці салодкі і кіслы. А з мяккім хлебам, зразумела, што і так вельмі смачна. Мая персанальная шкала смаку атрымалася такой: сала – сыр – яблык – агурок.
Пётр пачаў займацца пчалярствам усяго 3 гады таму. Спачатку чытаў спецыяльную літаратуру, нешта падглядаў у інтэрнэце, спрабаваў і атрымліваў свой досьвед. А потым сам стварыў беларускамоўны сайт пра пчол і пчалярства і зараз развівае кантакты ў сацыяльных сетках пад назвай “Добрыя пчолы”. Але на гэтым не спыняецца ягоная “пчолазалежнасць”. У планах – пачаць весці відэаблог пра сваю дзейнасць, а таксама зрабіць сотавы мёд і зварыць медавуху.
“Мне падабаецца назіраць за пчоламі. Мне цікавы іхні парадак жыцця. Заўсёды, як вяртаюся з працы, першым чынам бягу паглядзець, як там мае пчолы. А калі адвёз пару вулляў у вёску да бабулі, нават хваляваўся, як яны там без мяне. Я займаюся гэтым не дзеля мёду ці грошай, добра, калі гэта акупіцца праз гадоў 50! Проста ёсць у іх нешта такое, што прываблівае. А праца з пчоламі вельмі супакойвае і канцэнтруе».
Вольга Малафеечава, фота: Максім Хлябец, Natatnik
Так спадабаўся артыкул, што мы пачалі збіраць мёд з падвоенай хуткасцю!
давайце-давайце, першая партыя мёда даядаецца ўжо)
[…] Падрабязны працэс, як здабываўся гэты вясновы мёд, можна паглядзець і пачытаць у прыгожым артыкуле «У госці да пчаляра«. […]
[…] С начала года Natatnik «напрашивается» в гости к интересным людям, чтобы рассказать об их хобби и увлечениях. Ольга Малафеечева уже «погостила» у коллекционера Сергея Грыня и пчеловода Петра Попченко. […]