Са з’яўленнем у сучасным свеце розных гаджэтаў вартасць сапраўдных кнiг для многiх згубiлася. Не кожны гатовы аддаць грошы за тое, што можна без асаблівых праблем знайсці ў Інтэрнэце бясплатна. Але разам з тым бібліятэка была і застаецца душой любога дома. Гэта тое, што раскажа пра яе ўладальнікаў нашмат больш, чым падаецца на першы погляд. Natatnik запускае новую рубрыку — «Кніжныя паліцы». Мы будзем знаёміць вас з цікавымі бібліятэкамі берасцейцаў.
У гэты раз Natatnik наведаўся ў госці да Вольгі Крусь – трэнера нефармальнай адукацыі, заснавальніка праекта Бацькі.by.
– Мы літаральна толькі пераехалі, таму кніг у нас не многа. Трэба сказаць, што бібліятэка ў нас сямейная, кніг у пяць, а то і ў дзесяць разоў больш за тое, што тут ёсць. Іх пачыналі збіраць яшчэ мае дзядуля з бабуляй у савецкія часы. Тады было многа выдатных серый, але больш куплялі дзеля калекцыянавання. Мой бацька, здаецца, нарадзіўся гуманітарыем. Ён шмат чытаў і кніжкі купляў ужо свядома. Так пачалася эра, калі кнігі сталі культам у сям’і.
З папінай калекцыі ёсць адна кніжка – “Жывапісная Расія”, рэпрынт. Насамрэч, гэта тыя часы, калі Беларусь уваходзіла ў склад Расійскай імперыі, таму ў кнізе выдатнае даследаванне Беларусі, беларусаў, нашых асаблівасцей. Для тых, хто цікавіцца этнаграфіяй, – супер. Менавіта дзякуючы папе ў свой час я пачала цікавіцца гісторыяй. Нягледзячы на тое, што ў мяне нібыта акадэмічная адукацыя, мяне больш захапляе краязнаўства. Перыядычна перачытываю Ермаловіча, хаця ведаю, што некаторыя факты і не факты зусім.
Кнігу “Спадчына Беларусі. Скарбы” мне падарылі. Гэта быў нейкі конкурс, я нават дрэнна памятаю, які. Я была вельмі ўражана, таму што доўга шукала гэтую кнігу. Я чула, што было выданне, але не ўяўляла, дзе набыць. У мяне была ідэя падарыць яе сябрам са Швейцарыі. Абышла ўсе кнігарні – так і не знайшла па сённяшні дзень.
Мы з мужам шмат вандруем, таму ў нас вельмі многа кніг з падарожжаў. Стабільна прывозім хаця б адну кнігу, звычайна па жывапісу ці па дызайну і архітэктуры.
Насамрэч, Арсэ – адзін з самых класных музеяў для тых, хто разбіраецца. Трэба ехаць амаль на тыдзень і завісаць там. Выдатны музей.
Апошняе наша ўражанне было звязана з мерапрыемствам “Let’s party for art” у Мюнхене. Гэта пінакатэка мадэрна, якая спецыялізуецца на сучасным мастацтве. Вельмі ўражваючая экспазіцыя. Паглядзелі, да некаторых экспанатаў нават дакрануліся.
Што тычыцца мастацкай літаратуры, мы прытрымліваемся мінімалізму. Звычайна бярэм кнігі ў бацькоў альбо ў бібліятэцы. Адзінае выключэнне – гэта Адам Міцкевіч, Уладзімір Караткевіч, Адам Глобус.
Апошняя кніжка, якую прывёз мой муж з Менска, – гэта менавіта Адам Глобус “Гісторыі”. Яна для тых, хто любіць Менск, любіць вандраваць па ім. У ёй сабраны розныя гарадскія байкі. Такія неверагодныя, што здаецца, быццам бы гэтая кніжка напісана пад уздеяннем нейкіх псіхатропаў. Гэта рэальна смешна, весела і класна.
Нам з мужам ужо амаль па 30 гадоў, а ўсё роўна “Каласы пад сярпом тваім” Караткевіча – адна з любімых кніжак. З дзяцінства, да слёз.
Аднак дзіцячая літаратура – наша асноўная тэма зараз. Гэтую калекцыю мы пачалі збіраць нават да таго, як ажаніліся. Мы адбіраем кніжкі па некалькім крытэрыям, яны вельмі простыя. Першы – гэта беларуская мова, хаця ёсць кніжкі на нямецкай і ангельскай мовах. Другі крытэрый – якасныя ілюстрацыі, таму што трэба выхоўваць эстэтычны густ. Выключэнні бываюць, калі я купляю інтэлектуальна карысную кніжку.
Вось, напрыклад, “Свята для сэрца” мясцовага краязнаўцы Анатоля Бензярука. Кніжка выдатная. Яна для больш дарослага дзіцячага ўзросту. Мы плануем яе выкарыстоўваць, калі пачнем адукоўваць сына Адама з пункту гледжання таго, што ён павінен ведаць: мясцовыя традыцыі, абрады, гісторыю края.
Дарэчы, з майго дзяцінства ў нашай бібліятэцы ёсць яшчэ казкі. Вось, напрыклад, Шарль Пэро, беларускія народныя казкі.
Мы плануем выхаваць Адама экалагічна адукаваным, таму набылі гэтую кнігу ў Германіі. Яна вельмі падабаецца нашаму сыну. Крута, што не трэба нічога распавядаць, ён усё разумее. Мне здаецца, калі такая маленькая лёгкая кніжка будзе ў кожнай хаце, ужо будзе прасцей.
Віммельбух – яшчэ адна класная штука з Германіі.
“Сем цудаў Беларусі” – выдатная кніжка. Тут адпаведныя ілюстрацыі і вельмі лёгка напісана пра розных міфалагічных персанажаў, у тым ліку пра язычніцкі пантэон. У нас сям’я праваслаўная, але мы ўсе роўна памятаем і шануем паганскія традыцыі.
Усім мамам раю набыць серыю кніг пра Маму Му. Я бачыла іх ва ўсіх краінах, у каторых была. Мама Му паўсюль. Таксама класная кніга з вершамі – “Запішыце мяне ў мядзведзі”. Яе можна чытаць, як толькі нарадзілася дзіця. Вершы вучацца за адзін раз і вельмі падабаюцца дзеткам.
У нас шмат шведскіх кніг. Мне вельмі падабаецца, што зараз шведская літаратура перекладаецца на беларускую мову. У гэтых кнігах зразумелая і вельмі простая дзіцячая графіка, а таксама класныя тэксты з даволі шырокімі каштоўнасцямі. Гэта вельмі важна. Мы спадзяемся, што Адасік будзе адэкватна ставіцца да людзей розных нацыянальнасцей і падрастаць касмапалітам.
“Дыктатар” – суперкніжка, таксама шведская. Яна рэальна пра нашага сына. Кніга пачынаецца з таго, што маленькі дыктатар апранае піжамку, сікае на дыбачках, таму што не дацягваецца да ўнітаза, і не дае сябе цалаваць: нельга проста так узяць і пацалаваць дыктатара. Кніга не толькі пра дзяцей. Усе маленькія дзеткі вырастаюць, і калі ім рогі не ламаць у некаторы час, то будзе дрэнна.
Трэба адзначыць, што ў нас амаль немагчыма здабыць дзіцячыя кнігі на беларускай мове. Я лічу нават, што гэта дзяржаўная праблема. Назавіце краіну, дзе складана знайсці неабходную літаратуру для дзяцей на роднай мове. У краме няма ніводнай беларускамоўнай кніжкі на картоне, толькі на самай дрэннай паперы. Таму што попыту няма. Мне вельмі не падабаецца гэтая сітуація. Дзякуй богу, што зараз ёсць шмат сучасных выдавецтваў, такіх як “Логвінаў”, напрыклад. Вось яны выдаюць добрую дзіцячую літаратуру.
У мяне ёсць яшчэ адна вельмі класная кніжка – “Романсъ”. Яе напісаў Уладзімір Серафімаў, лідар культавага гурта “Садъ”. Гэтая кніжка зусім не абавязковая для прачытання, але калі ёсць жаданне, думаю, будзе цікава.
Адзінае з мастацкай літаратуры, што я набыла за мяжой, – кніжка Джаан Роулінг. Ёсць такі стэрэатып, што абавязкова патрэбна набыць нешта з Гары Потэра на ангельскай мове. Я вырашыла не быць, як ўсе, і купіла «The Tales of Beedle the Bard» («Казкі Барда Бідля»). Набыла яе ў краме, якая знаходзіцца менавіта каля платформы 9 ¾.
На рускай мове мы таксама чытаем. Увогуле я лічу, што руская культура дала вельмі шмат добрай літаратуры, нельга адмаўляць яе. Мы вельмі любім Лермантава, для мяне гэта лепшы паэт. Булгакаў, Чэхаў – тыя аўтары, якіх трэба чытаць усім. Тая ж Святлана Алексіевіч піша на рускай мове. Яе кнігі абавязкова павінны чытаць усе беларусы, мне здаецца. У мяне яе кніжкі толькі ў электронным варыянце, але я вельмі хачу набыць і папяровыя.
На жаль, сесці і прачытаць добры раман, які патрабуе ўвагі, канцэнтрацыі, ніякай магчымасці з дзецьмі няма. Таму пакуль мы чытаем апавяданні. Менавіта з-за гэтага і Адам Глобус стаў актуальным. У мяне ёсць пяць хвілін вольнага часу – прачытала апавяданне, асэнсавала і мне класна і карысна. Безумоўна, абавязкова трэба вяртацца да больш складанай літаратуры, таму што я ўжо заўважаю, як пачынаю думаць кароткімі фразамі.