У нас прынята лаяць усё беларускае: і сыры нашы ўсе на адзін густ — адрозніваюцца толькі памерам дзірак, і адзенне беларускіх вытворцаў пашытыя яшчэ па савецкіх лякалах, і ў архітэктуры «хто ў лес, хто па дровы». Але кожны знойдзе ў роднай краіне для сябе той куток, які хоць і будзе неідэальным, але будзе нагадваць пра прыемныя моманты жыцця.
Сёння Natatnik адпраўляецца на шпацыр з Ірынай Лаўроўскай — архітэктарам, доктарам урбаністыкі, а ў мінулым выкладчыцай Брэсцкага дзяржаўнага універсітэту ім. Пушкіна – па цагляным Берасці.
Пачаць наш шпацыр па Берасцю Ірына прапануе з чыгункі, таму што залічае яе да галоўнага горадатворчага фактару ХІХ стагоддзя. Чыгунка паспрыяла таму, каб Кобрынскі фарштад крэпасці пераўтварыўся ў паўнавартасны горад, які прырастаў суадноснай інфраструктурай.
«Я хацела б сканцэнтравацца на тым, што мне найбольш блізка – на архітэктуры. Адразу скажу, што ўсе аб’екты, якія я пакажу, лічу не толькі годнымі, але абавязковымі для ўключэння ў турыстычныя маршруты па горадзе, нараўне з крэпасцю.
Чыгунка
Чыгунка, якая пачала функцыянаваць у другой палове ХІХ ст., дала старт развіццю перш за ўсё прамысловай архітэктуры горада. Вядома, яна забяспечывала груза- і пасажырапаток, як ён пашыраўся, так павялічылася патрэба ў працоўных руках, дадатковай інфраструктуры: жылля, адміністрацыі, збудаванняў публічнай значнасці і гэтак далей…»
Першым аб’ектам, па курсу нашага шпацыру – галоўны офіс берасцейскага аддзялення «Беларускай чыгункі».
«Паглядзіце на яго архітэктуру: выразны сілуэт будынку, які заўважальны здалёк, сфармаваны коштам даволі выразных франтонаў, акцэнтаваных круглым вакном, па контуру шчыт аздоблены разным пасам. Разнастайныя прыёмы рашэння вокнаў, чырвоны колер цэглы надае будынку стылёвае адзінства з іншымі пабудовамі таго часу».
Бацькі Ірыны працавалі на чыгунцы. Таму шмат асабістых успамінаў звязана з гэтым месцам.
«Тата, які быў вельмі здольным чалавекам працаваў у ДК чыгуначнікаў мастацкім кіраўніком, не ведаю дакладна, з якога года, але ў 1957, пад час фестывалю моладзі і студэнтаў у Маскве, ён працаваў і днём і ноччу сустракаючы міжнародныя дэлегацыі на вакзале. Памятаю, як на канцэртах майму тату акампанаваў на акардэоне маладзенькі вучань берасцейскай музычнай школы і быў гэта будучы кампазітар — Эдуард Ханок».
Здарылася таксама смешная сітуацыя са старэйшай сястрой Ірыны — Люсяй, тады ўжо піянеркай, якая вельмі адказна ставілася да свайго новага, толькі што атрыманага гальштука. Быў гэта лёгкі, шаўковы, чырвонага колеру кавал тканіны, прывезены ажно з Масквы. Аднаго дня, апавядае Ірына, тата ўзяў сястру сустракаць французскую дэлегацыю. Калі яны вярнуліся дадому, сястра была заплаканая і наўзрыд апавядала пра сваю крыўду: такі шыкоўны савецкі гальштук, “гадкія людзі” замянілі на неякі сіне-бела-чырвоны … лахманок.
Чыгуначны шпіталь
Збудаваны для чыгуначнікаў на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў, пасля І сусветнай вайны чыгуначны шпіталь быў адноўлены і перайменаваны ў 1922 годзе на гонар каралевы Габрыэлы Баварскай, якая фінансавала і ўрачыста адкрыла шпіталь пасля аднаўлення. У гэтым шпіталі перад І сусветнай вайной працаваў Іван Цвікевіч — бацька Аляксадра Цвікевіча (1888-1937) — старшыні Рады міністраў БНР, юрыста і навукоўца, тут нарадзіўся ягоны малодшы брат — Іван (1891-1938), доктар па адукацыі, перакладчык на беларускую мову падручнікаў і аўтар аднаго з першых нарысаў пра Кастуся Каліноўскага.
З чыгуначным шпіталем звязаныя і сямейныя ўспаміны нашай гераіні: тут нарадзілася і памерла малодшая сястра Ірыны і доўгія гады лячылася і памерла яе маці. Ірына добра памятае, як выглядала гэтая тэрыторыя ў 50 -70 гады ХХ ст. Шпіталь нагадваў курорт: аднапавярховыя драўляныя карпусы літаральна танулі ў зелені парку з дэкаратыўнымі дрэвамі.
На жаль, аналізуе Ірына, на тэрыторыі сучаснага шпіталя, можна заўважыць адсутнасць гармоніі. Хутчэй тут пануе дэпрэсіўная атмасфера, няма дрэў і зелені, а ёсць камень, плітка, гаспадарчыя пабудовы. Для чалавека месца не засталося.
Ірына крытыкуе таксама спосаб кансервацыі галоўнага корпусу, ад якога пакінулі толькі цагляную частку, а драўляную папросту зруйнавалі. «Так мы страцілі магчымасць рэпрэзентацыі публічнай архітэктуры гораду змяшанага тыпу, якая была даволі эканамічнай і суадносна папулярнай. Такі падыход можна параўнаць з нядбайным гаспадаром, які атрымаўшы ў спадчыну старажытны пярсцёнак, выкалупвае з яго і выкідвае дарагія камяні, а тое, што засталося, аддае ў пераплаўку, каб прыдбаць некалькі грамаў срэбра«, – кажа Ірына. А тым часам будынак 1899 года.
Дэпо 19 стагоддзя
Далей мы накіраваліся да «Эксклюзіўнага будынку», якому Ірына надае вялікую ўвагу. «Гэта будынак дэпо збудаваны напрыканцы ХІХ стагоддзя, па такому ж прынцыпу, што і дэпо «Раундхаўз» у Лондане, «Ратонда» ў Люксембургу ці «Круглыя дэпо» ў Маскве. У нас яны захаваліся, што мяне цешыць, у першасным выглядзе, практычна некранутым перабудовамі і прыстасаваннямі. Толькі бы не прычыніцца да прыцягнення ўвагі псеўдаінвестараў», — заўважае наш гід.
«Ужо з канца ХІХ ст. такога кшталту будынкі не будаваліся, бо не было магчымасці пашырэння. Вось дзе варта было б зрабіць «музей паравозаў», бо менавіта сюды цягнікі ўваходзілі на абслугоўванне.
Можам налічыць 8 заездаў, то бок 8 паравозаў маглі абслугоўвацца адначасова. На жаль, не захавалася разваротная пляцоўка, з дапамогаю якой можна было б разгарнуць атракцыйную дэманстрацыю, каб паказаць карыстальнікам сучасных гаджэтаў, як гэта адбывалася. Лічу, што яшчэ не позна паразважаць над магчымасцю прыстасавання гэтага ансамблю для гандлёвых ці публічных функцый. Галоўнае: мысліць стратэгічна. Бо раён, ў якім месціцца гэты будынак, таксама досыць дэпрэсіўны, патрабуе рэгенерацыі, развіцця і новых магчымасцяў».
«А вось паглядзіце яшчэ на гэта! – звяртае маю ўвагу на драўляна-цагляны будынак суразмоўца. – Гэты стыль называецца «ў дрэва мураваны», нагадвае старажытныя пабудовы Берасця. Думаю, можа дадаць гэтаму месцу крэатыву. Было б жаданне і фантазія».
Стары корпус універсітэту ім. Пушкіна
У гэтым будынку наша суразмоўца працавала 10 гадоў. Тут працаваў яе дзядуля — Тур Павел Васільевіч. З цеплынёй Ірына ўспамінае як у сярэдзіне 50-х пры універсітэце працаваў імправізаваны «заапарк»: «Дзядуля час ад часу браў нас з сабою, і я памятаю, што там былі папугаі, іншыя птушкі, але найбольшую ўвагу прыцягвала сапраўдная малпа. Мне здавалася, што была яна агромністая, але ж гэта ўражанне з вышыні майго метровага росту. Насамрэч гэта была універсітэцкая лабараторыя, у якой не было дастаткова ўмоў для ўтрымання малпы і як ведаю, яна не пражыла доўга».
Ірына звяртае ўвагу, што напрыканцы ХІХ стагоддзя цаглянае будаўніцтва ў крэпасці скончылася, а рынак цэглы значна зменшыўся і, як не раз бывала ў гісторыі, выбухнуў пажар. Спачатку адзін, пазней другі. Тады і было прынята саламонава рашэнне больш не ўзводзіць у цэнтры драўляных будынкаў, а будаваць выключна з цэглы.
«Паглядзіце на гэты будынак 1901 года. Першая ў горадзе гімназія, якой надалі імя цэсарэвіча Аляксея, пазней насіла імя Траўгута. Архітэктура класічная для навучальнай установы, а вось дэкаратыўнасць вырашэння фасаду надае яму рысы эклектыкі. Тут бачым пэўную дэкларацыю архітэктуры, стасаванай у Расейскай імперыі — «псеўдарускі стыль». У той жа час, яна вельмі цікавая. Архітэктар свядома надае разнастайныя формы звыклым і па сутнасці аднолькавым дэталям: паглядзіце на гэтыя маляўнічыя пілястры, абрамленні, выступы, нішы, на спосаб як вырашаецца пераход ад адной плоскасці сцяны да другой. Цэнтральная частка называецца партальнай, безумоўна, больш разбудаваная, больш дэкаратыўная і прыгожая. Не магу не заўважыць, што кожная цаглінка мае манаграму АR – гэта ініцыялы Арона Рабіновіча, на заводзе якога была выпушчана цэгла. І трэба заўважыць, пакуль што толькі на гэтым будынку можна знайсці такі знак».
Ірына згадвае, што ў розныя часы ў гэтым будынку навучалася і працавала шмат знакамітых людзей. У тым ліку і браты Цвікевічы.
Меркавана, дом Арона Рабіновіча, вул. Куйбышава
Працягвая тэму з Аронам Рабіновічам, накіроўваемся да цаглянага прыгожага дому па вуліцы Куйбышава.
«Гэтаму дому 100 год. Паглядзіце, якія тут балконы, аконнае абрамленне. Прычым, на першым паверсе – аздоблены адным спосабам, на другім — іншым. Цагляная архітэктура – грунтоўная, магутная. Напачатку 90-х ў Берасце прыехала са Злучаных Штатаў унучка Арона Рабіновіча, гэта яна падказала расшыфроўку манаграмы на цэгле корпусу універсітэта. А каля гэтага будынку яна раптам сказала: “Менавіта такім прадзед апісваў свой дом”. Шчыра казаць, я не маю ўпэўненасці ў тым, што Арон Рабіновіч тут жыў. Па некаторых дадзеных ён з’ехаў у Штаты яшчэ да пажару, а будаўніцтва гэтага дому датуецца 1917 годам, што таксама дзіўна. Трэба больш грунтоўна разбірацца ў гэтым этапе гісторыі будаўніцтва гораду. Матэрыялы па будынках гэтага перыяду знаходзяцца ў Гарадзенскім архіве. Я не дабралася да грунтоўнага даследавання збораў гэтага архіву».
Будынак на вул. Карла Маркса д. 11
Гэты будынак пабудаваны ў тым жа стылі, што папярэднія: жоўтая цэгла, тое ж дэкаратыўнае аздабленне.
«У гэтым будынку, кажуць, была рэзідэнцыя адной з дыпламатачных місій падчас перамоў адносна Брэсцкага міра. Зараз гэта жылы дом. Дарэчы, тут можна заўважыць такія пазы на фасадзе, што кажа пра планаваную прыбудову, якая не была рэалізавана. Яны рабіліся для таго, каб можна было звязаць пазнейшую прыбудову з існуючым будынкам. Калі казаць пра ўнутраную планіроўку кватэр, яны добрага маштабу для жыцця: высокія столі, светлыя пакоі. Чаму ведаю: у 80-х хацела змяніць сваю кватэру на большую, але наш варыянт жыхарам не падышоў. Што праўда, знайшла не горшую, але ўжо з іншай гістарычнай эпохі».
Замест высновы
«Чаму мне захацелася пазнаёміць Нататнік з цагляным Берасцем?
Я лічу, што мы недастаткова ўсведамляем каштоўнасць таго, што маем. Калі трошку падняцца над звычкаю руйнаваць-прадаваць, можна было б намінаваць цагляную забудову ХІХ — пач. ХХ стагоддзя Берасця на ўключэнне ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА і атрымаць падтрымку. І гэта можа стаць дадатковай магчымасцю развіцця гораду. Калі ж мы страцім гэтыя будынкі, а гэта ў нас робіцца адным узмахам рукі, – мы страцім магчымасць свайго развіцця, развіцця турызму, а таксама памяць для будучых пакаленняў».
Фота: Юрый Макарчук
Дзякуй, Вiкторыя, за цікавую размову з вельмі кампетэнтнай ў старадаўніх архітэктурных справах Брэста суразмоўніцай. Спадзяюся. што ў бліжэйшыя пяцьдзесят гадоў па вул. Кіжаватава нешта са старадаўнімі будынкамі зменіцца ў лепшы бок.
Фантастическая статья! Спасибо огромное за вдохновение!!!
Первый снимок не является офисом станции Брест-Центральный:это главный офис Брестского отделения БЖД.
Спасибо, поправим.