Жыццёвы шлях многіх вядомых дзеячаў Галівуду пачынаўся на беларускай зямлі. Адна з найбольш яркіх асоб — Луіс Барт Маер. Маер стаяў ля вытокаў стварэння знакамітай галівудскай кінастудыі «Метра-Голдвін-Маер»(MGM). Ён удастоены зорак на галівудскай і канадскай алеях славы, а таксама ганаровага «Оскара». Па версіі часопіса Time, ён адзін са 100 самых уплывовых людзей XX стагоддзя. Але самую вялікую памяць аб сабе Луіс Барт Майер пакінуў як кіраўнік і адзін з заснавальнікаў Амерыканскай Акадэміі кінематаграфічных мастацтваў і навук, якая штогод прысуджае галоўную кінапрэмію «Оскар». Распавядаем пра гэтага ўраджэнца беларускай зямлі.
Нарадзіўся Луіс Барт Маер (сапраўднае імя Лазар Мэір) у Менску ў 1884 (або 1885) годзе. Некаторыя даследчыкі выказваюць меркаванне аб тым, што яго сям’я да эміграцыі ў Амерыку жыла ў мястэчку Дымер недалёка ад Кіева. Аднак большасць прызнае яго беларускія карані. Сам Маер пазней назваў афіцыйнай датай свайго нараджэння 4 ліпеня 1884 года, каб супасці з Днём незалежнасці ЗША, хаця дакументальных пацвярджэнняў няма. Яго сям’я жыла ў складаных умовах, і маці прымала галоўнае рашэнне аб пераездзе ў Амерыку, шукаючы лепшага жыцця. Як і многія яўрэйскія сем’і таго часу, Маеры сутыкаліся з пераследам і антысемітызмам, што падштурхнула іх да эміграцыі.
Сям’я Маера пераехала спачатку ў Нью-Брансуік, а пазней у Сэнт-Джон, канадскую правінцыю Нью-Брансуік. Тут Лазар наведваў школу, але неўзабаве кінуў навучанне, каб дапамагчы сям’і. Ён працаваў на цяжкіх фізічных работах, уключаючы збор і перапрацоўку металу, што дапамагло яму зразумець прынцыпы прадпрымальніцтва. Юнак заўсёды марыў пра большае і імкнуўся знайсці новыя магчымасці. Ужо ў маладосці ён пачаў цікавіцца кіно, якое на той момант толькі пачынала развівацца.

У 1907 годзе Луіс Маер набыў кінатэатр у Хаверхіле, штат Масачусэтс, і ператварыў яго ў паспяховае прадпрыемства. Ён паставіў перад сабой мэту – прапанаваць наведвальнікам толькі якасныя і маральна прымальныя фільмы. Такі падыход зрабіў яго кінапрадпрымальніцкую дзейнасць адной з самых паспяховых у рэгіёне. Маер стварыў уласную кінатэатральную сетку і ў 1916 годзе заснаваў уласную кінакампанію – Louis B. Mayer Pictures. Гэта быў яго першы крок да сусветнай славы.
Луіс Маер быў не першым заваёўнікам Галівуду, але самым паспяховым. У 1918 годзе ён заснаваў тут сваю кінастудыю Louis B. Mayer Pictures, а ў 1924 годзе адбылося гістарычнае аб’яднанне кінакампаній Metro Pictures, Goldwyn Pictures і Louis B. Mayer Pictures, якое прывяло да нараджэння адной з самых магутных студый Галівуда – Metro-Goldwyn-Mayer (MGM). Маер стаў яе фактычным кіраўніком, а яго ўплыў у кінаіндустрыі значна ўзрос. Да таго часу ён ужо змяніў сваё імя на зручнейшае для ЗША — Луіс Барт Майер.

Луіс Барт Маер стаў адным з першых кінапрадзюсараў, хто распрацаваў ідэю «зорнай сістэмы» – пошуку і развіцця таленавітых акцёраў, якія маглі стаць сусветнымі зоркамі. Ён зрабіў MGM галоўнай студыяй Галівуда, а яе актораў культавымі постацямі амерыканскага кіно. Уплыў Маера ў кіно быў каласальным, і MGM заставалася лідэрам пракату на працягу многіх гадоў. На кожны фільм кінастудыя траціла, у сярэднім, на $150 тыс. больш, чым любая іншая, але, пры гэтым, яе прыбыткі раслі. Нават у часы Вялікай дэпрэсіі студыя была прыбытковай і выплачвала дывідэнды ўладальнікам.
У 1927 годзе Кіраўнік MGM арганізаваў у гатэлі «Амбасадор» афіцыйны банкет для 36 уплывовых прадстаўнікоў кінабізнесу і на ім абвясціў аб сваім рашэнні стварыць кінаакадэмію — а ўсіх прысутных назваў «сузаснавальнікамі». Ідэя ўручаць узнагароды прадстаўнікам кінаіндустрыі («Оскар»), якія найбольш вызначыліся, таксама належала ўраджэнцу Менска.

Перад Другой сусветнай вайной кінематограф карыстаўся вялікай папулярнасцю, а Луіс Майер меў вельмі вялікі ўплыў у грамадстве, але дапусціў некакалькі памылак, пасля якіх у хуткім часе быў вымушаны пакінуць кампанію. Адной з фатальных памылак стаў выпуск фільма «Тры таварыша», знятага па рамане Эрыха Марыі Рэмарка.

У ЗША доўгі час нейтральна ставіліся да нацысцкага рэжыму ў Германіі, ужо падчас вайны быў праведзены плебісцыт, на якім 86% амерыканцаў выказалася супраць уступлення ЗША ў вайну: «еўрапейцы на сваім кантыненце павінны разабрацца самастойна». Больш за тое, у нацысцкага рэжыму было магутнае лобі ва ўрадзе ЗША, бо дамінантным этнасам, на аснове якога стваралася амерыканская нацыя, былі немцы. Выпуск антынацысцкага фільма разыходзіўся з ідэяй нейтралітэту ЗША і пазіцыі Луіса Маера пахіснуліся.

Пасля Другой сусветнай вайны ўплыў Маера пачаў змяншацца. У 1951 годзе ён быў вымушаны пакінуць MGM. Яго сыход азначаў канец «залатога стагоддзя» студыі. Памёр Луіс Барт Маер 29 кастрычніка 1957 года, пакінуўшы пасля сябе велізарную спадчыну ў сусветным кінематографе. Яго імя назаўсёды ўпісана ў гісторыю Галівуда, а яго ўплыў на кінаіндустрыю застаецца актуальным і сёння.
У 2009 годзе кінастудыя Metro-Goldwyn-Mayer прайшла праз працэдуру банкруцтва, сума даўгоў складала $3,8 млрд, а ў 2022 годзе была набыта кампаніяй Amazon за $8,5 млрд.
У Мінску на вуліцы Валадарскага знаходзілася харальная сінагога, якую ў свой час наведвалі бацькі Луіса Маера. Будынак сінагогі захаваўся.

У 1923 годзе сінагога была канфіскавана пад працоўны клуб, а потым перабудавана і прыстасавана пад будынак Дзяржаўнага Рускага драматычнага тэатра ім. А.М.Горкага, а цяпер там Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М.Горкага.
