У Берасце завітаў Мікіта Найдзёнаў – фронтмэн гурта HURMA, аўтар паэтычнага зборніка «Развітанцы», вядучы радыёшоў «Бульбахіт» на Мінскай хвалі і аўтар шэрагу песень розных артыстаў.

Natatnik сустрэўся з Мікітам пасля яго творчага вечара і даведаўся, навошта ён выклікаў паэтаў на батл, як зарабляе з сонграйтарства і ці можна манетызаваць паэтычны талент.

— Раскажы, што за гісторыя была, калі ты выклікаў Рыжкова, Лянкевіча і Рудака на паэтычны батл?

— Можа калі-небудзь гэта стане гістарычным анекдотам ў беларускай літаратуры. Хоць гэта не зусім пра паэзію. Проста я сам існую дзесьці паміж паэзіяй і папсой. Мне падабаецца масавая культура, і я спрабую ўвесь час іх неяк паяднаць.

Быў 2016 год, я толькі адкрыў для сябе рэп-батлы і думаў, што нешта падобнае было б добра зрабіць у беларускай літаратуры. Але з кім і з якой нагоды батліцца – пытанне. Павінна ж быць нейкая падстава, замес. Тады якраз здарылася сітуацыя з прэміяй «Дэбют» у намінацыі «Паэзія», калі нікому з шорт-ліста не далі першае месца. Клас, думаю, тое, што трэба: ёсць нагода для батла. Бо ў журы былі тры паэты, двое з якіх атрымлівалі гэтую прэмію. Я запісаў зашкварны відэазварот, дзе казаў, маўляў, учорашнія «дэбютанты» не бачаць сабе роўных з новых імёнаў. Батла не адбылося, хоць гэта быў бы класны прэцэдэнт у белліце. За Рыжкова нават Уладзімір Арлоў негалосна ўпісаўся, а Някляеў ухваліў маё мушкецёрства. Дарэчы, з Рыжковым мы ўсё ж пабатлілі на кухні ў Дашы Бялькевіч, нашай сяброўкі і паэткі.

— Ці можна займацца паэзіяй, каб зарабляць на гэтым?

— Я, напэўна, не з тых, хто марыць, каб паэзіяй зарабляць. Гэта такая некранутая частка мяне. Песенныя тэксты – гэта іншае. А вось паэзія любіць яркія жыццёвыя моманты. Мае «Развітанцы» ствараліся, калі ў мяне быў яскравы перыяд у жыцці. Трэба было проста не ленавацца і запісваць. Зараз у мяне хутчэй не паэтычны час. Ёсць каханне, драмы няма. Але ж не заўсёды павінна быць драма. Мы неяк размаўлялі з Настай Кудасавай, кажу: нешта не пішацца. «Ну і добра. Не пішацца – не пішы. Пішацца – пішы», – кажа яна. Я зараз хутчэй дапісваю, але ўжо хочацца ізноў вярнуцца і пісаць.

— Дзе любіш выступаць з вершамі, хто твае чытачы?

— Падабаюцца ўтульныя кавярні і бары, люблю, каб было прыгожа. Акурат як сёння (Мікіта выступаў у кавярні Paragraph – аўт.), калі ёсць прыгожая insta-сцяна, каб потым атрымаліся добрыя фотачкі. Мае чытачы, дакладней сказаць, чытачкі, – гэта, натуральна, дзяўчаты. Хоць сустракаюцца і пацаны, якія стрымана рэспектуюць. Большасць маіх вершаў пра каханне і ўсё такое. Хаця пра што яшчэ павінны быць вершы, калі не пра каханне? У Бітлоў таксама ў кожнай песні love love love. І ў мяне: кожны павінен упасці ў каханне!

— Дарэчы, пра песні. Ты шмат пішаш апошнім часам для іншых артыстаў. Наколькі гэта запатрабавана і прыбыткова?

— Ну, тут справа не ў колькасці. Хоць год таму я ставіў сабе мэту выдаць 50 трэкаў. Атрымалася каля 20. Але цяпер мне хочацца, каб проста нараджаліся клёвыя песні. Хоць яны і нараджаюцца зусім няпроста.

Адна частка маёй сонграйтарскай місіі – рабіць поп-музыку па-беларуску. Са мной упершыню заспявалі па-беларуску Uzari, Litesound, Nuteki, Аляксей Грос. Naviband спявалі мой беларускі пераклад песні «1944» Джамалы. Зараз гурт «Без Білета» рыхтуе кавер на Ed Sheeran у маім перакладзе.

Але сёння я ўжо хачу зрабіць перапынак. Песні ў мяне вымагаюць шмат высілкаў, пошукаў, працы над словам. Каб песня стала радыёхітом, я кручу тэкст да таго моманту, пакуль ён стане у маім разуменні ідэальным: усе словы на сваіх месцах, без шаблонаў, штампаў. За два гады шчыльнага сонграйтарства для іншых артыстаў я амаль забыўся: а што ў мяне за музыка, для каго я спяваю?

Баюся пераўтварыцца ў машыну па напісанні песень. Хачу працаваць не тады, калі папрасілі: «Мікіта, напішы песню», а калі натхняюся альбо артыстамі, альбо самім жыццём, і проста пісаць тыя песні, якія не магу заспяваць сам. Я плённа папрацаваў з песнямі і атрымліваю аўтарскія, на якія, збольшага, можна жыць.

— Якія твае самыя ўдалыя песні?

— Мне вельмі падабаецца песня Nuteki «Так кахаць», дзе я пісаў тэкст.

Яшчэ вельмі люблю кавер на Эрас Рамазоцці і Шэр у выкананні Дзімы Нікановіча і Олі Сацюк.

Падабаюцца тэксты, якія я напісаў для песень Uzari.

— А HURMA будзе жыць? Што зараз з гуртом?

— Ды нічога, усё добра. Проста ў адзін момант я перастаў клікаць хлопцаў на рэпетыцыі. Наш басіст зараз прадае басуху, гітарыст не адказвае на паведамленні…

— Але ўсё добра?

— Мне падаецца, что мы дасягнулі лепшага, што маглі. І зараз трэба рабіць новы праект. Але я ўсё роўна пішу песні ў ахурменскім стылі. Можа зраблю рэбрэндынг. Я сумую па сцэне, сумую выдумляць для сябе, для сваіх слухачоў. Калі мы з гуртом здымалі кліпы, ладзілі канцэрты, у гэтыя дні я адчуваў сябе больш жывым чалавекам. Гэта эйфарыя і феерыя. Разумею музыкантаў, якія без гэтага не могуць. Мне патрэбна, каб мяне слухалі, каб людзі таксама аддавалі сваю энергію і эмоцыі пад уздзеяннем маёй творчасці. Такі ўзаемаабмен.

— Ад чаго яшчэ табе добра?

— Мяне натхняюць чужыя людзі. У мяне ёсць квота на знаёмства з незнаёмцамі. Падабаецца быць адному. Добра сябе адчуваю, калі іду сам у тэатр, кіно. Люблю бываць адзін з чужымі людзьмі. Пагаварыць, нават не пытаючы імя чалавека.

Зараз у мяне вольны графік, калі хачу прачнуцца – тады прачынаюся, куды хачу пайсці – туды іду. Толькі па нядзелях эфір радыё – адзінае месца, дзе я павінен быць абавязкова. У астатнім графік будую, як хачу. І толькі зараз я зразумеў, як гэта: ніхто над табой не стаіць, у шыю не гоніць – рабі сам. Стаў прачынацца раніцай, ісці на турнікі рабіць зарадку. Такім чынам зараджаю сябе добрым настроем і энергіяй на цэлы дзень.

— Праз дзесяць год Мікіта Найдзёнаў – хто?

— Спадзяюся, гэта будзе прыстойны чалавек, але і крыху непрыстойны. Каб былі дзеці ўжо, сям’я. Хачу пажыць у іншай краіне, пабываць у Амерыцы абавязкова. Выдаць некалькі альбомаў і зборнікаў вершаў. Каб бацькі жывыя былі. І хочацца зрабіць штосьці рэальна крутое. Ёсць людзі, якія вакол сябе ствараюць нешта, я гэта называю падзеяй. Хочацца стварыць падзею, а можа і не адну.

Каго з беларускіх паэтаў пачытаць?
Парады ад Мікіты Найдзёнава

Віталь Рыжкоў
Наста Кудасава
Віктар Жыбуль
Вальжына Морт
Уладзімір Някляеў
Антон Рудак

Мікіта Найдзёнаў, Никита Найдёнов

Фота Дзяніса Трацюка

Подписаться
Уведомление о
guest
0 комментариев
Inline Feedbacks
View all comments