Беларусь – краіна азёр, лясоў і падобных райцэнтраў. Іх — падобных адзін да аднаго – сапраўды вялікая колькасць. Помнік Леніну, Палац Культуры, крама “Родны кут” ад мясцовага райпо. Куды б ні заехаў, апыняешся нібы ў кадрах фільма “Дзень сурка”, так і хочацца сказаць: я тут быў калісьці. Аднолькавая плітка, аднолькавыя фарбы дамоў, адноўленных ці то да дажынак, ці то да дня пісьменства. Адзінае, што вылучае сучасныя гарады, – гэта старажытныя помнікі і мясцовыя «фішкі». Нездарма ў горадзе Глыбокае ўжо некалькі год запар ладзяць свята вішні, а Моталь славіцца на ўсю краіну сваімі прысмакамі.
Такой “фішкай” славіцца і Быхаў. І нават двумя мясцовымі славутасцямі. Калі ўязджаць у Быхаў з боку Магілёва, можна адразу трапіць да замка – узвышаюцца над Дняпром астанкі некалі вялізнай рэзідэнцыі Яна Караля Хадкевіча, а потым — фамільнага гнязда роду Сапегаў. Гэты замак некалі быў горадам-крэпасцю. Дазвол на яго будаўніцтва Хадкевіч атрымаў у 1590 годзе, а ўжо ў 1628 годзе пабудова перайшла да ўласнасці Сапегаў.
У гісторыі замка былі і перабудовы, і войны. Так, горад-крэпасць перажыў вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654-1667), Вялікую Паўночную вайну (1700-1721). І, нягледзячы на гэта, яшчэ ў 1905 годзе гэта быў добры і, здаецца, моцны будынак.
Падчас ВАВ у крэпасці быў нямецкі штаб. Акрамя таго, ў замку быў і склад, і мэблевая фабрыка.
Сёння замак цалкам у заняпадзе. Першае, што кідаецца ў вочы – адрэстаўраваныя вежы і вялізнае палатно, на якім напісана, што будынак унесены ў праграму “Замкі Беларусі 2018”. Палатно вісіць, а замак і па сённяшні дзень ніяк не ахоўваецца. Унутры брудна, цёмна і небяспечна.
Акрамя замка ў Быхаве можна пабачыць цікавую сінагогу 18 стагоддзя. Партал Holiday.by уключыў яе ў топ-10 руін, якіх яшчэ не паспелі адрэстаўраваць. Будынак абарончага тыпу, а таму магутны і моцны. Таўшчыня яго сцен 1,5-2 метры. Сёння ў будынак увайсці нельга: вокны і дзверы зачынены і забіты дошкамі.
Быхаўская сінагога ўнікальна бімай – узвышэннем у цэнтры, дзе знаходзіцца спецыяльны стол для публічнага чытання скрутка Торы падчас набажэнства. Кажуць, у Беларусі засталося толькі чатыры сінагогі з бімай унутры. Дарэчы, раней у Быхаве было ажно 11 сінагог, а напрыканцы 19 стагоддзя палову насельніцтва горада складалі габрэі.
У 2013 годзе тут прайшоў Дзень беларускага пісьменства. Горад рыхтавалі да свята, як звычайна, хутка і спешна. Аднак усё ж пафарбавалі дамы, зрабілі клумбы, паклалі тратуарную плітку, а вось пра “прыемнасці для турыстаў” не паклапаціліся. Чаму, здаецца, у такім цікавым месцы ў выходны дзень не тое, што сувенір набыць нельга, нават паштоўку з выявай горада не адшукаць?
Быхаў падаўся горадам ціхім, нейкім павольным. Усяго толькі 50 кіламетраў ад Магілёва, а ён нібы замер, заціх, хаваючыся ў цяні вялікага поліса.
Таццяна Мароз
Фотаздымкі — Сяргей Шырчанка, Таццяна Сукач