У якім супермаркеце можна набыць экалагічны мыйны сродак? У якім нам не навяжуць дадатковых пластыкавых мяшэчкаў? Дзе ёсць гатовыя стравы без мяса і рыбы? Natatnik пачынае серыю тэматычных абходаў па берасцейскіх супермаркетах. 

У першым аглядзе нас цікавіць, наколькі супермаркет экалагічна пазітыўны і ці бярэ ў разлік людзей, што не ядуць мяса. Дзеля гэтага паглядзім асартымент страў уласнай кухні і прыгледземся, ці пазначаюць недзе безмясныя стравы асобнай маркіроўкай. Экапазітыўнасць будзем вывучаць наступным чынам. Па-першае, пашукаем на паліцах хімічны сродак, на ўпакоўцы якога будзе заяўлена высокая адпаведнасць экалагічным стандартам. Няхай гэтым сродкам будзе кандыцыянер для бялізны. Па-другое, ля вітрыны з аднаразовым посудам упэўнімся, што сярод рознакаляровага пластыка з нумарам 5, які не паддаецца перапрацоўцы, ёсць тавар з паперы. Па-трэцяе, прыгледзімся да бясплатных мяшэчкаў: з якога яны матэрыялу, ці абавязкова пакаваць у іх штучныя тавары (напрыклад, фрукты) і ці не дапакоўваюць у іх нешта ўжо на касе, без папярэдняга запыту ў пакупніка. Ну і развітваючыся з супермаркетам, азірнемся ў пошуку кантэйнераў для адпрацаваных батарэек і энергазберагальных лямп.

А цяпер рушым!

Алмі, вул. Маскоўская, 328

Пачнем з кухні, таму ідзем адразу на другі паверх. Мінаем вінтрыну з мяснымі і рыбнымі вырабамі і падыходзім да салатаў. На этыкетках няма пазнак пра вегетарыянскія стравы, таму прыходзіцца пільна разглядаць кожны кантэйнер і ўважліва чытаць склад. Плюс супермаркету, што склад распісаны падрабязна.

Мы налічваем чатыры салаты (вінегрэт, два капусныя салаты і карэйская морква), бачым бульбу фры і дранікі. Сярод некалькіх гатункаў гатовай піцы няма без мяса ніводнай, затое ёсць ажно тры віды піражкоў (з капустай і грыбамі, бульбай і грыбамі, згушчаным малаком) і чызбургер. Такім чынам, вегетарыянец усё-такі зможа знайсці ў “Алмі” тое-сёе з гатовага, хоць адразу ў вочы яно яму не кінецца.

А вось з навакольным асяроддзем супермаркет не вельмі сябруе. Экалагічнага паласкальніка тут не знаходзіцца, хоць аддзел з побытавай хіміяй у гэтай краме досыць вялікі. Аднаразовы посуд таксама толькі пластыкавы. Папяровыя кубачкі знаходзім толькі на вітрыне з розным начыннем да святкавання дзіцячых дзён народзінаў. Гэта не лічыцца, тым больш гляньце на кошт. З такіх дарагіх аднаразовых кубачкаў піць можна толькі раз у год.

Обзор супермаркетов Брест

Мяшэчкі тут звычайныя, небіяраскладальныя, але класці ў іх вагавы тавар неабавязкова – наш адзін банан узважылі проста на касе. А вось два сыркі ў пластыкавы пакет паклалі, не спытаўшыся. Камплімент супермаркету: тут шырокі асартымент кандытарскіх вырабаў і нават круп на вагу. Так што калі падчас тыдня без пластыка ў вас закончыўся рыс, вы ведаеце куды ісці.

І ў гэтым супермаркеце ёсць кантэйнеры і для лямп, і для батарэек. Яркія і ў бачным месцы.

Обзор супермаркетов Брест

Санта, вул. Савецкая, 34

Супермаркет меншы па плошчы, але ўвесь патрэбны нам тавар усё роўна ёсць. Ёсць і вітрына з гатовымі стравамі. Вегетарыянскае вока парадуецца грэцкаму салату ў кампаніі з капусным, ёсць запечаная і бульба фры, а таксама дранікі з мяккім сырам. На этыкетках няма падрабязнага складу і спецыяльнай маркіроўкі для вегетарыянцаў, таму сумненні трэба развейваць у прадаўца.

Пакеты зноў звычайныя, але, як і ў “Алмі”, вагі ёсць на касе, таму класці ў іх тавар ці не, застаецца свабодным выбарам пакупніка. Посуд толькі пластыкавы і экалагічнага памякчальніка зноў няма. Не адшукалі мы і адмысловых кантэйнераў для адпрацаваных тавараў, затое два сыркі на касе ў мяшэчак нам не запакавалі. Па факце мы выйшлі з крамы без аніякага пластыку. Але нягодныя батарэйкі і лямпы, каб яны былі, насілі б з сабой далей.

Еўраопт, вул. Камсамольская, 8

Галодны вегетарыянец, тут табе рабіць няма чаго. З гатовых безмясных прадуктаў толькі тушаная капуста з грыбамі, няма нават салатаў. Але нейкую дыскрымінацыю ў гэтым разглядаць не варта: проста асартымент страваў уласнай кухні ў гэтай канкрэтнай краме сам па сабе небагаты. Дарэмна, улічваючы, што крама знаходзіцца побач з вакзалам і галоднымі транзітнымі пасажырамі.

Обзор супермаркетов Брест

Затое ў “Еўраопце” шыкоўны як для звычайнага супермаркета выбар кандыцыянераў для бялізны. Ажно шэсць найменняў. Праўда, сярод іх ніводнага з пазнакай пра хоць якую экалагічнасць. Аднаразовы посуд таксама толькі пластыкавы.

А вось з мяшэчкамі тут цікава. Яны не біяраскладальныя, але затое маюць добра бачную маркіроўку віда пластыка, што таксама мае значэнне для людзей, якія жывуць з аглядкай на навакольнае асяроддзе. Літары HDPE азначаюць, што гэты пластык лёгка перапрацоўваецца. Ну раптам вы пра гэта ўспомніце, парываючыся кінуць нягодны пакунак у звычайнае смецце.

Обзор супермаркетов Брест

З адным персікам і двума сыркамі ідзем на касу. Як і ў папярэдніх двух крамах, фрукт без праблем узважваюць, абыходзімся без мяшэчка. Не кладуць у пластык і сыркі.

Кантэйнер для батарэек стаіць у шэрагу са скрынямі для ахвяраванняў, выпрошвае сваё. А вось кантэйнера для лямп няма.

Мікс, вул. 28 Ліпеня, 37А

Чым скарае “Мікс” адразу, дык гэта колькасцю салатаў. Мы налічылі ажно восем (!) безмясных і бязрыбных прапаноў. Праўда, на гэтым, ды яшчэ запечанай і смажанай бульбе, вегетарыянскія стравы і заканчваюцца. Супермаркет прадае яшчэ і сушы, але чыста гароднінных сярод іх няма.

Обзор супермаркетов Брест

Вітрына з аднаразовым посудам прыемна здзіўляе выбарам папяровых кубачкаў: ёсць большыя і меншыя, розных колераў. Калі б тут былі яшчэ і папяровыя талеркі, хаця б для дэсертаў, арганізатарам семінараў дакладна не прыйшлося б выпрошваць посуд для кава-паўз па кавярнях.

Фасавальныя мяшэчкі звычайныя, але з пазнакай, што яны перапрацоўваюцца. У аддзеле з побытавай хіміяй бачым розныя эка-сродкі, але менавіта кандыцыянера сярод іх няма. Наладзіць дома пранне ўсё ніяк не атрымліваецца.

Мінаем касу зноў без навязаных пакункаў: ні сыркі, ні фрукт у іх не паклалі. Засталося пашукаць спецыяльныя кантэйнеры. Для энергазберагальных лямп кантэйнер не знаходзім, затое ёсць ажно два для адпрацаваных батарэек.

Карона,  вул. Сяброўская 99А

У пятым па ліку супермаркеце сітуацыя з вегетарыянскімі стравамі ў аддзеле гатовай прадукцыі такая ж, як і ва ўсіх папярэдніх – выбар небагаты (адзін від піражкоў і дранікі), асаблівай маркіроўкі няма. Адно што дранікі з грыбамі маюць кідкую налепку “посныя”. Посная страва – самы хардкорны від вегетарыянскай, бо ў ёй няма нават малочных ды яйкавых прадуктаў. Любы вегетарыянец аўтаматычна прытарможвае перад такімі таварамі. А цяпер увага, рытарычнае пытанне: што перашкаджае крамам абазначаць посны і вегетарыянскі тавар увесь час, а не чатыры разы на год?

Зноў знаходзім папяровыя кубачкі і – нарэшце! – кандыцыянер з маркерам “эка-фрэндлі”.

Обзор супермаркетов Брест

Мяшэчкі звычайныя паліэтыленавыя, але не навязваюцца. На касе ёсць вагі, таму фрукты можна прынесці проста ў руках, калі іх няшмат.

Кантэйнер ёсць толькі для батарэек.

Martinn, вул. Аэрадромная, 20

У аддзел з гатовай прадукцыяй у гэтым супермаркеце трэба прайсці праз шэрагі фруктаў (бярэм персік), цукерак і пячэння на вагу. Мяшэчкі прапануюцца звычайныя.

Кулінарыя можа пахваліцца марынаванымі грыбамі і двума салатамі, карэйскай морквай і квашанай капустай – больш з немяснога няма нічога.

У скрыні з аднаразовым посудам затое ёсць папяровыя кубачкі, прычым па добрым кошце, 55 капеек за пяць штук. Экалагічны кандыцыянер знаходзім таксама, але заўважыць яго на самай ніжняй паліцы было складана, у вочы больш кідаліся вернэлі ды леноры з вышэйшых паліц.

Обзор супермаркетов Брест

Увагу затое прыцягнула туалетная эка-папера па суседстве. Як ні круцілі ўпакоўку, не зразумелі, чаму яна эка, але на слова паверылі.

На касе чарговы раз абышлося без лішніх пакункаў, і кантэйнер для адпрацаваных батарэек у гэтым супермаркеце ёсць. Стаіць на падваконні, калі раптам вы шукалі і не заўважылі.

Green, вул. Гаўрылава, 16

Гэты супермаркет мы пакінулі на закуску, мяркуючы, што крама з такой назвай не павінна расчараваць пакупніка з нашымі запытамі. У прынцыпе так і апынулася. Green – першы і пакуль адзіны рытэйлар, які прапануе біяраскладальныя мяшэчкі для фасавання. Крама, праўда, крытыкавалася, што без мяшэчка, надзейна залепленага клейкай стужкай або сцікерам з коштам, у ёй нельга купіць нават адзін лімон. Правіла грунтавалася на прафілактыцы крадзяжоў і падмены, паколькі канкрэтна ў гэтым супермаркеце не было кантрольных вагаў на касах.

Няма іх і цяпер, так што мы маральна падрыхтаваліся, што наша нектарынка будзе апранутая ў той самы біяраскладальны пакет. Але дзяўчына на вагах нечакана запытала: “Вам пакунак патрэбны?” і, пачуўшы адмоўны адказ, наклеіла сцікер прама на фрукт. Або гэта звычайная выпадковасць, або адміністрацыя крамы рэагуе на грамадскую крытыку – пахвалім яе за гэта. Каб закрыць тэму з пакункамі, зазначым, што на касе мяшэчак для сыркоў таксама не навязвалі. Гэта добра, бо паводле эколагаў, найлепшая ўпакоўка – гэта ўсё-такі адсутнасць упакойкі, а біяраскладальныя пакункі – толькі кампраміс між зручнасцю і клопатам за навакольнае асяроддзе.

Обзор супермаркетов Брест

Упершыню за ўвесь наш абход у супермаркеце бачым і спецыяльны стэнд з эка-хіміяй. З яго на нас пазіраюць кандыцыянеры ажно трох гандлёвых марак: нямецкія Frosch i Meine Liebe, расійскі Garden. Ёсць нават эка-кандыцыянеры асобна для дзіцячай бялізны.

У сеткі ёсць уласны брэнд “Месное известное”, варты згадкі ў экааглядзе. Прадукты, што прадаюцца пад гэтым брэндам, як правіла, з беларускіх фермерскіх гаспадарак, у тым ліку арганічных. Ферментаваныя зёлкавыя гарбаты, грэчка, гародніна, мяса, алеі. Як і заўсёды ў выпадку з арганічнымі прадуктамі, каштуе “Месное известное” даражэй, чым звычайны тавар таго ж асартыменту.

Обзор супермаркетов Брест

А вось папяровага аднаразовага посуду ў гэтым супермаркеце няма. Няма і адмысловай маркіроўкі для вегетарыянцаў у кулінарным аддзеле. З гатовага на момант нашага візіту можна набыць два віды салодкіх блінчыкаў з начынкай, запечаную бульбу, пяць розных салатаў (склад не пазначаны, трэба ўдакладняць), тварожныя біточкі і запяканкі. У супермаркеце можна замовіць піцу і сушы, але ў меню няма безмясных і бязрыбных варыянтаў. Гэта зразумець цяжка. Ад таго, што сушы з авакада або піца з шампіньёнамі будуць пазначаны ў меню, інгрэдыенты не сапсуюцца, крама нічога не губляе, нават калі гэтыя стравы будуць замаўляць раз на месяц. А вегетарыянцам будзе, што ў вас купіць.

Ну а кантэйнеры што для лямп, што для батарэек у Green ёсць. Прычым выкідаць можна і акумулятары таксама, не толькі аднаразовыя батарэйкі.

Што атрымалася

Обзор супермаркетов Бреста экология и вегетарианство

Фота аўтаркі

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

 
 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о