Калісьці Сямён Калядзіч меў у сваіх невялікіх Млынах шэраг калег-франтавікоў. Адных толькі аднагодак, перадапошняга ў прызыве 1926 года нараджэння, было чацвёра. Цяпер жа 92-гадовы дзед Сёмка — штучны тавар, і не толькі ў межах сельсавета.
Калі вы ўявілі сабе нямоглага старога – выкіньце гэты вобраз з галавы. Замест гэтага ўявіце высокага і ўсмешлівага мужчыну, які не палезе за словам у кішэню. З ім і будзем размаўляць.
Васямнаццаць мне ўжо
‒ Калі вы трапілі на вайну?
‒ На 9 жніўня павесткі далі, у сорак чацвёртым годзе, як немец адступіў. Васямнаццаць год мне было. Дваццаць шосты год атабралі асобна. Тых адправілі на фронт, а нас адправілі ў тыл, у Калужскую вобласць, горад Казельск такі быў.
‒ Навошта?
‒ Як навошта? Абучацца нібыта. Мы там пабылі верасень-месяц. Ну якое там навучанне было? Каму далі вінтоўку, каму далі аўтамат…
‒ Вучылі страляць?
‒ Адзін раз пастралялі. Толькі ўсяго. Мне далі вінтоўку, я выстраляў тры патроны, а яшчэ нехта памыліўся, і ў маю мішэнь трапіў, то ў мяне авансам атрымалася чатыры прабоіны.
Праз месяц нас абмундзіравалі былой у выкарыстанні адзежай, яшчэ і з кроўю дзе-нідзе. Б\у ж! Можа, з параненых, а можа, і забітых распраналі. Ну і кажуць лягаць спаць, але не распранацца. І праз дні тры-чатыры ноччу трывога. Пастроілі, у грузавыя вагоны пагрузілі, а куды вязуць, ніхто не ведаў. На світанку сталі людзі з’яўляцца, пытаем, пакуль стаім, што за мясцовасць. Кажуць, Літва. Трохі яшчэ праехалі, ужо навальніцу чуваць.
‒ Фронт?
‒ Так, фронт. Кіламетраў за 10-20, але грыміць ужо. Нас там, вечара дачакаўшыся, у лесе выгрузілі. Не паспелі выгрузіць – ужо нямецкі самалёт бамбіць! Паразбягаліся. Я стаў за тоўстай сасной і ўсё гляджу, дзе той самалёт. Ён з аднаго боку – я на іншы. Так кручуся вакол той сасны.
‒ Напэўна, страшна было?
‒ Першапачаткова нічога не страшна. От, проста цікава. Пацан жа яшчэ! Што ж гэта за чалавек у васемнаццаць год?! Не страшна, пакуль не параніць. Са шпіталя выйдзеш, то ўжо страшна. Мяне параніла двойчы. Адзін раз аскепкам парвала два пальцы на руцэ, і я адразу падумаў: “Дзякуй табе, госпадзі, траплю нарэшце ў шпіталь!”. Месяц пабыў у шпіталі, а пасля параніла зноў: па мне біў снайпер, крыху прамахнуўся і трапіў у плячо. Ці то я пашавяліўся, ці то ў яго палец торгнуўся.
‒ І добра было ў шпіталі?
‒ У параўнанні з фронтам, канешне! Я быў у Вільнюсе. Цёпла, у памяшканні. Дождж не ідзе, снарады не падаюць. Пабыў трохі, пасля пачалі мяне на пост ставіць. Там баяліся нацыяналістаў літоўскіх. Ноччу два разы варту абстрэльвалі. Можа, забіваць і не збіраліся, толькі бравэрыю паказаць. Літоўцы не хацелі ў СССР, хацелі самастойнасці.
Пасля шпіталя зноў забралі, ва Усходнюю Прусію, дзе цяпер Калінінградская вобласць, але з таго часу ваяваць заставалася нядоўга.
Зноў высадзілі ў лесе, ваяваць няма каму. Людзі ўсе пакалечаныя ці забітыя. У дывізіі трэба, каб было 16 тысяч, а там, можа, ёсць з дзвесце, а можа, і тых няма.
Дзе там дадому!
‒ А як вам шэнсіла на камандзіраў? Шкадавалі яны салдат крыху?
‒ Шкадаваць там не было каму. Камандзіраў бачна мала, буйнейшага начальства няма зусім. Дзесьці нейкія лейтэнанцікі з’явяцца, і то намагаюцца ўцячы ў тыл. Я раз думаў, што мяне адзін заб’е. Я з кулямётам быў, як па нас пачалі біць шрапнэллю. Гэта калі снарад разрываецца ў паветры, і ва ўсе бакі разлятаюцца шарыкі. Гэта для пяхоты бяда. Я кулямёт кінуў, дастаў рыдлёўку, акопваюся. І тут нейкі паранены ў руку лейтэнант з’яўляецца, п’яны, крычыць на мяне: “А ну наперад! Прыстрэлю, калі не пойдзеш!”. А немец тыя снарады ўсё кідае. Ну, думаю, дакладна заб’юць. Вось бы мне аўтамат узяць, і каб ён адвярнуўся. Я ж яго забіў бы! Шчыра, забіў бы! Хай бы сам ішоў наперад! Але я толькі тое падумаў, як яму ў бараду трапіў аскепак, і галаву яму развярнула. Не ведаю, што з ім было, там нейкая санітарка з’явілася. А мы пасля ў тыл адышлі. Апынуліся ў нейкім вялікім парку з будынкам, і там памясцілася ўся дывізія, дзе павінна быць 16 тысяч чалавек. І там для мяне закончылася вайна. Ноччу сказалі, што падпісалі мірную дамову. Як адкрылі пальбу, то і на перадавой такой страляніны не было.
‒ Напіліся з радасці?
‒ Усяго хапала. Зноў там не вельмі нап’ешся, бо не было чаго.
‒ Але дадому вас яшчэ не адпусцілі?
‒ Дзе там дадому! Нас спачатку пакінулі на прыбіранне хлеба. І тады аб’явілі вайну Японіі. Таксама ноччу трывога, у вагоны – і пайшлі.
‒ Завезлі ў Японію?
‒ Не, мяне не завезлі. Мой сусед быў у другой дывізіі, той трапіў. А нас завезлі пад Маскву і пакінулі на раз’ездзе. Тры дні пастаялі, на чацвёрты пацягнулі назад. У Японіі пайшло ўсё паспяхова і без нас. Таму павезлі нас па розных месцах – у арміі знойдуць куды. Прывезлі ў Велікалукскую вобласць, станцыя Пустошка. І праўда пустошка. Ніводнага дома, толькі зямлянкі. І там я ўжо служыў да 1950 года. У кастрычніку трапіў пад дэмабілізацыю.
‒ Чаму так позна?
‒ Я 1926 года, а былі ж і старэйшыя. Яны пакрыху адпускалі. Два гады адпусцяць, астатнія далей чакаюць.
‒ Вас там трымалі проста так, у той час як тут жанчыны мусілі самі ўпраўляцца?
‒ Ну а што паробіш? То нашы бабы яшчэ слава богу! Вось там, куды нас завезлі бабы: 7-8-9 плуг цягнуць, а старэнькі дзед за ручкі трымае. Так і сеялі. Вось дзе не дай божа! Паглядзіш – слёзы круціць. Думаеш: ну чым яна вінаватая?
Бандэраўцы і партызаны
‒ Колішнія прымусовыя работніцы не аднойчы расказвалі, як пасля вызвалення вайскоўцы папракалі іх у супрацы з ворагам. Вас заклікалі з былой акупаванай тэрыторыі, ці не закідвалі і вам здрадніцтва?
‒ Усё залежала ад чалавека. Калі ён не надта разумны, мог усякае сказаць. Лаялі нас і бульбашамі, і бандэраўцамі. Аднаму я і ў вуха даў за такое. Пыталі, чаму не ішлі ў партызаны. “А дзе, — кажу, — былі партызаны?”. У нас былі толькі такія, што збіралі бабскія трусы, а ў іншай вёсцы за бутэльку гарэлкі прадавалі. Што няпраўда? Так і было!
‒ Цяжка было ўлівацца ў грамадзянскае жыццё пасля дэмабілізацыі?
‒ Цяжка. Вось гэта правільнае пытанне, толькі несвоечасова зададзенае. Пра гэта тады трэба было пытаць. Ну вось што, людзі папрыходзілі, а дзе працаваць? Я прашу ў сельсавеце: дайце даведку, я хачу ў Брэст. А дудкі! Мусіў застацца тут.
Цукеркі ветэранам
Перад святамі Сямён Калядзіч заўсёды адчувае да сябе павышаную ўвагу з боку грамадскасці. Прыходзяць прадстаўнікі мясцовай улады, сяльгасгаспадаркі, школы. А вось медыкі наведваюцца без прывязкі да святочнага календара – ці то зрабіць які укол, ці то прывезці бясплатных лекаў па замове ганаровага пацыента. Тройчы ветэран вайны ляжаў у спецыяльным шпіталі ў Бараўлянах, але там яму спадабалася менш, чым у раённай бальніцы ў Каменцы.
З ветэранскіх бонусаў Сямён Васілевіч называе яшчэ бясплатны праезд у прыгарадных аўтобусах. І дадае:
‒ Але ўжо знайшліся нажніцы, што абразаюць. Раней былі льготы 50%. Скажам, на дровы, на газ, яшчэ нешта. А цяпер толькі 25% ільгота.
На гадавіны перамогі гады са тры былы франтавік не ходзіць па стане здароўя, раней жа рэгулярна ўдзельнічаў у афіцыйных святкаваннях: “чаму не з’ездзіць, калі адвязуць і прывязуць?”.
Дарэчы, пра святкаванні.
‒ Помніце, як раней святкавалі Дзень перамогі?
‒ Першапачаткова яго зусім не святкавалі. Вось, Дзень перамогі – і ўсё па ўсім. Самі [ветэраны – аўт.] збяруцца, дзе па сто грам вып’юць, і ўсё. А цяперанька, здаецца, усё па-чалавечы робяць. Напрыклад, як у калгасе робяць. Завязуць, правядуць мітынг, пасля пасадзяць за стол. Выпілі, закусілі, адзін аднаго пабачылі. А пару год вазілі ў Брэст, то мне не спадабалася. Завязуць у крэпасць, там пасядзіш. Прыедзе сакратар абкома [старшыня аблвыканкама, па ўсёй верагоднасці – аўт.], зробіць сваё выступленне – і пайшлі. Цяпер нас зусім мала, пазаставаліся наймалодшыя. Па Відамлянскім сельсавеце чалавекі 3-4. У вялікіх гарадах засталося крыху афіцэраў, якім здароўе дазволіла жыць. Усё-такі афіцэр – гэта не той салдат, ён пасля вайны фізічна не працаваў, лячыўся. А нам яшчэ год не закончыцца, нясуць 60 рублёў, каб пасля пуцёўкі не патрабавалі. Як хлопчыку якому: на табе цукерак, толькі не плач. Так і тут.
‒ А вы згодныя з назіраннямі, што на мітынгах ветэранаў усё большае?
‒ Правільна людзі заўважаюць. Але вось у Афганістане былі нашы людзі, у іншых кропках, куды іх вызначыць? Ён такі самы ветэран. Яго гэтаксама прывезлі ў чужую краіну, ён гэтаксама застаўся. Ці не застаўся.
З Сямёнам Калядзічам гаварыць пра вайну надзвычай лёгка. Яна для яго не святая карова, да апісання якой трэба старанна падбіраць словы. Гэта нешта будзённае, руціннае, і – чамусьці – непазбежнае. Калі я расказвала ветэрану навіны з дарог (у кіламетрах дзесяці ад яго вёскі кладуць асфальт), дзед сказаў “Ну і на выпадак вайны спатрэбіцца”, і гэта прагучала як агульнавядомы факт.
А калі падумаць, як іначай, калі не як да непазбежнасці, будуць ставіцца да вайны людзі, ад якіх ніколі нічога не залежала? “Рабілі, як атрымлівалася. Мусіш падпарадкоўвацца ўладзе. Старыя людзі казалі, што кожная ўлада дадзена Богам. Што народ заслужыў, тое ім і паслана”.
Зздымкі аўтаркі
Словы героя перакладзены на літаратурную мову з дыялекту