Снежань – самы цёмны месяц года. Дадаць сюды адсутнасць снегу, і, здаецца, ноч пачынаецца ўжо а 5 гадзіне вечара. Усё нічога ў будні, а вось як цікава каратаць вечары выходных дзён? Адказ ёсць: трэба збірацца разам і супольна ствараць калядную прыгажосць! Так вырашыла берасцейская журналістка Іна Хоміч, якая яшчэ ў лістападзе арганізавала першую сустрэчу аматараў рукадзелля.

рукадзелле

Заходзіш у кватэру Іны, і першае, што цябе сустракае – гэта неверагодны пах. Кожны раз іншы. Аднойчы гэта быў водар апельсінаў і цынамону, другі раз гасцей чакаў прыемны пах пірагоў.

Другім сустракае гук. Гук добрых, крыху пад народнае, песень. І толькі пасля паказваецца гаспадыня, вітае нас з цёплай усмешкай і запрашае на вячоркі.

У гасціным пакоі шумна. Аматары ўпрыгожыць кватэру святочнымі гірляндамі і вянкамі аб нечым гутараць і смяюцца. Па калідоры лётае гарэза-кот. Цёпла і ўтульна, як і падабае быць на такіх сустрэчах.

Вячоркі

Ладзіць перадсвяточныя сусрэчы Іна вырашыла на манер ранейшых вячорак, якімі бавілі зімовыя вечары нашыя бабулі. У вёсцы не трэба было асаблівага запрашэння: людзі заходзілі адзін да аднаго проста так. Сапраўды, нават на лецішчы не складае аніякіх цяжкасцяў перайсці вузенькую дарожку, адчыніць рыпучую браму суседкі і, паклікаўшы: “Гэй, гаспадыня, дзе ты там?!”, застацца на двары замест запланаванай хвілінкі на добрую гадзіну, а то і на дзве.

Запрашаць дзяўчат на вячоркі Іна вырашыла менавіта па суботах, бо ладзіць сустрэчы штовечар у сённяшніх рэаліях вельмі цяжка, а адпачыць у добрай кампаніі раз на тыдзень – чаму б і не? Тэмы для сустрэч Іна шукае сама, кіруючыся сваімі жаданнямі. Так, дзяўчаты рабілі святочныя гірлянды, шылі елачкі, плялі кошыкі з паперы і калядныя вянкі, аздобленныя шышкамі, стужкамі і пацеркамі.

Вячоркі

Рабіць тое, што намечана на вячоркі, цалкам не абавязкова. Удзельнікі спакойна могуць займацца сваімі ўлюблёнымі справамі ці проста назіраць. Але глядзець на прыгажосць, якая ствараецца рукамі майстрыц, і сядзець безудзельна на канапе проста немажліва, так і хочацца тварыць разам з усімі. А пакуль адно ды другое, чуеш, як свісціць імбрык. Іна спяшаецца ў невялікую кухню, адкуль хутка прыносіць духмяныя пірагі. Вечар у прыемнай кампаніі за справамі, гарбатай і размовамі пралятае так хутка, што неўзабаве ноч грукае ў шыбы і надыходзіць час развітвацца да наступнай суботы.

Вячоркі Вячоркі

Дарэчы, на гэтыя выходныя Іна плануе правесці апошнюю сусрэчу адыходзячага года.

Фота: аўтара і Іны Хоміч

 
 
Подписаться
Уведомление о
guest
0 комментариев
Inline Feedbacks
View all comments