Віктар Марціновіч прыехаў у Берасце, каб паразважаць, чаму ж беларусы не шануюць сваіх герояў на прыкладзе Марка Шагала. Раздаў з дзясятак аўтографаў, двойчы ўсміхнуўся і з’ехаў. Natatnik ён пакінуў невялікі аповед пра сваю манаграфію, апісанне беларуса, які чытае яго кнігі, некалькі кампліментаў Берасцю ды сваю стому.
Кніга пра Марка Шагала дакументальная ці ўсё ж мастацкая, і калі яе ўжо можна будзе пачытаць?
— Зараз у Вільні друкуецца кніжка “Радзіма. Марк Шагал у Віцебску”. Гэтая кніжка з’яўляецца навуковай манаграфіяй, якая напісана на падставе маёй доктарскай, якая была абаронена ў 2008 годзе ў Віленскай акадэміі мастацтваў. Гэта навуковае даследванне. Менавіта праз гэта яна не будзе шырока прадавацца пакуль што ў крамах. Кніжка, нягледзячы на свой безымацыйны навуковы характар, даволі сумная, таму што гэта кніжка пра тое, як вельмі дзіўны, вельмі цудоўны прадстаўнік беларускай культуры гэтай самай беларускай культуры адрынаўся. Усё, што ён спрабаваў рабіць у Віцебску ў перыяд з 1918 па 1920, літаральна кожнае яго пачынанне, сканчалася правалам. Вось пра гэта і будзе кніжка. І дакументальны яе характар, здаецца, не прыўмяншае той эмацыйнай бездані, якая паўстае ў любога чытача пасля чытання гэтага тэксту.
А кніжка будзе выдавацца на якіх мовах?
— Кніжка друкуецца ў гэтыя дні на расейскай мове, не на беларускай. Што тычыцца продажу правоў на пераклады, пакуль што ўсё толькі пачынаецца, я не ведаю, на якіх іншых замежных мовах яна выйдзе. Мае мастацкія творы ў Нямеччыне, напрыклад, усе, што я напісаў, прададзены, і рэлізы распісаны да 2017 года. Але гэта мастацтва. Тут мы маем манаграфію, і лёс можа быць іншым. Ён можа быць больш паспяховым, а можа быць менш паспяховым. Нон-фікшн, дарэчы, даволі добра прадаецца апошнім часам.
А з мастацкага вы што-небудзь пішаце? Калі чакаць ад Вас кніжку?
— Увесну наступнага года ці напрыканцы зімы выйдзе мой новы раман. Я думаю, што ён вас здзівіць. Я вельмі моцна ўклаўся ў гэты раман. Ён зноўку будзе непадобны на ўсё папярэднее. “Мова” непадобная на “Сфагнум”, “Сфагнум” непадобны на “Параною”. “Сфагнум” смешны, “Мова” дзіўная, “Параноя” страшная. Вось гэты твор будзе зусім іншы па настроі. Гэта, дарэчы, будзе не фантастычны твор. Гэта будзе твор пра жыццё ў Беларусі і спробу выжыць у Беларусі ў гэтыя апошнія дзесяцігоддзі.
А Вы можаце апісаць свайго звычайнага чытача, беларуса? Як ён выглядае?
— Мяркуючы па тых людзях, якія прыходзяць на імпрэзы, збольшага гэта маладыя людзі. Вы ведаеце, праблема ў тым, што ў кожнага твора свой чытач, і ў гэтым мая праблема. Таму што чытач, які смяяўся са “Сфагнуму”, які часаў рэпу, бачучы мацюкі ў “Сфагнуме” і бачучы гэтых герояў са “Сфагнуму”, відавочна не падыходзіць для “Мовы”. “Мова” – гэта зусім пра іншых людзей, з іншымі героямі. “Параноя” – гэта зусім іншая гісторыя, чым “Сфагнум”. І там кожную з гэтых кніжак чытала нейкая асобная аудыторыя. І ў гэтым сэнсе мой пяты раман, які выйдзе неўзабаве, выйдзе ў наступным годзе, ён зноўку рызыкуе папасці ў неспадзяванку, таму што тыя людзі, якім падабалася “Мова”, могуць яго ці то неўпадабаць, ці ўпадабаць. Усё залежыць ад ступені эмацыйнай рухомасці. Калі вы эмацыйны чалавек, гэты твор вас проста перакруціць.
Скажыце, Вы яшчэ не стаміліся?
— Стаміўся. Ну стома – гэта ж такая суб’ектыўная рэч. Я вельмі стаміўся, але жыццё вельмі кароткае. Адпачну пасля смерці. Стаміўся ўжо, канечне, вельмі. Мне на наступным тыдні ехаць на два тыдні ў Вільню, пасля яшчэ некуды, пасля яшчэ … Крыху задзёўбвае жыць на колах, аднак гэта адзіны шлях застацца чалавекам, адзіны шлях застацца беларусам.
Можа менавіта таму, што Вы заўсёды за мяжой, Вам вельмі цікава ездзіць па беларускіх вёсках? Можа адпачываеце нават, калі слухаеце беларусаў?
— Проста большы кантраст. Паміж Вільняй, Мінскам, Венай і Берлінам кантраста ўжо амаль што няма. То бок у Менску не так шмат чорнаскурых, як у Берліне, аднак усё астатняе – якасць кавы, размовы ў кавярні – прыкладна аднолькавае. А вось ты прыязджаеш у Лунінец ці ў Пінск, у Мазыр ці ў Пружаны, і там усё зусім па-іншаму. Там вельмі чыстыя людзі, вельмі сапраўдныя. Яны меней медыятызаваныя, меней утаропленыя ў Фэйсбук, нейкія сапраўдныя. Я наконт Берасця не ведаю, таму што я тут правёў адну ноч у мінулым годзе і некалькі гадзін у гэтым годзе. Таму мне цяжка судзіць. Аднак гэта вельмі крута ездзіць у гарады як мага далей ад Мінска, асабліва пасля Вільні, Вены, Берліна.
Дык можа ўжо ёсць нейкі маленькі любімы горад у Беларусі?
— Мне вельмі падабаецца Гародня, але гэта не маленькі горад. Мне вельмі падабаецца Савецкая вуліца ў Берасці, таму што яна вельмі падобная на Гародню па настрою. Наогул Берасце мне падабаецца тым, што ёсць несуразмернасць масштабаў таго горада, у якім жывуць берасцейцы, і таго манументу Егіпецкіх памераў, які стаіць побач, у гэтым парку савецкім. Гэта проста несумерныя рэчы. Ты калі гуляеш сярод гэтай галавы, сярод гэтых муроў, асабліва ўначы. Я вось меў вопыт такі метафізічны баддзянняў да дзвюх гадзін ночы. Ты адчуваеш фізічна проста такую энергетыку, там такая моц закладзена. Гэта помнік саюзнага масштабу. Берасце – нават не сталіца, і вось несупадзенне энергіяў невялічкага прымежнага горада, культурнага, заходняга, тым не менш, невялічкага, і такіх маштабаў савецкіх, страшэнных і прыгожых. Яно вельмі торкае, вельмі. Гэта проста як у Гізу з’ездзіць, на піраміды паглядзець.