16 лютага ў Берасці адбылася першая прэзентацыя новай кнігі Віктара Марціновіча «Родина. Марк Шагал в Витебске». Жадаючых паслухаць аўтара не змясціла невялікае памяшканне, людзі стаялі нават у калідоры.
Пасля прэзентацыі Віктар Марціновіч падпісаў некалькі дзясяткаў кніг і распавёў, чаму прэзентацыя адбылася ў Берасці і колькі часу і сіл ён вытраціў на такое сур’ёзнае даследванне.
Наколькі цяжэй далася Вам дакументальная кніжка за раманы?
«Вельмі-вельмі цяжка пісаць дакументальныя творы. Пісалася яна пятнаццаць гадоў фактычна, збіраліся дакументы. Калі ў пазамінулым годзе ў Берасці, дарэчы, я вырашыў яе напісаць, сабраць у манаграфію, у кніжку, я нават не верыў, што ў мяне атрымаецца, таму што ў таком вось нон-фікшэне кожнае тваё сцверджанне павінна сканчацца цытатай. Матэрыялу было вельмі шмат, але я проста быў няўпэўнены ў тым, ці здолею яго апрацаваць і выкласці ў кнігу. Здаецца, атрымалася, таму што водгукі атрымліваю вельмі пазітыўныя, але я вельмі стаміўся. І, дарэчы, лекцыі па шляхах гэтай кнігі — гэта таксама вельмі стамляльная забава, таму што ты размаўляеш не пра свой выдуманы свет, а пра біяграфію дакладнага чалавека ці ў гэтым выніку біяграфію Матыса, Пікаса, Сезана, у якіх нельга рабіць памылак — гэта вельмі складана. Таму было сёння складана, але я задаволены».
Яшчэ ёсць планы па біяграфічнай кнізе?
«Не. Зараз я сканцэнтраваны падрыхтоўкай мастацкага рамана «Возера радасці», які ў красавіку-траўні выйдзе, таму ўсё маё жыццё кружляе вакол «Возера радасці». Няма часу проста ні на што іншае і сіл, і энэргіі няма. Таму можа так стацца, што гэта будзе апошняя немастацкая кніжка, якую я напісаў».
Ці будзе «Родина» выдадзена на беларускай мове?
«На жаль, у мяне няма прапаноў па перакладзе і выданні яе яшчэ і на беларускай мове. Мне здаецца, што пасля таго, як яна выйдзе ў НЛА (выдавецтва «Новое Литературное обозрение», рэд.), у буйным расейскім выдавецтве, усе, хто цікавіцца Шагалам, пра яго прачытаюць на рускай мове. А беларускамоўную такую кніжку было б вельмі добра мець, таму што яна б працавала па абеларушванню Шагала не толькі ў сэнсе складу матэрялу, аднак і ў сэнсе мовы. Аднак пакуль што ў мяне прапаноў няма, і звяртацца да маіх беларускамоўных выдаўцоў па выданні і перакладу яшчэ і гэтай кніжкі з майго боку будзе нахабствам. Я вельмі ўдзячны кампаніі «Будзьма беларусамі» за тое, што яна запрасіла мяне ў Берасце, дала магчымасць выступіць у Берасці. Дай Бог, каб яшчэ некалькі сустрэч такога кшталту было, таму што я вельмі заняты. Хаця мне вельмі падабаецца выступаць у абласных цэнтрах, але на гэтым, мабыць, беларусізацыя гэтай кніжкі скончыцца, на жаль».
Хлябец Максім, Natatnik