Палац Умястоўскіх — архітэктурны двайнік польскай каралеўскай рэзідэнцыі. Едзеш сабе такі па Іўеўскім раёне, і раптам перад табой паўстае Варшава XVIII стагоддзя. І гэта не міраж, а Жамыслаўль — месца, дзе амбіцыі шляхты ператварылі вёску ў копію каралеўскай рэзідэнцыі. Распавядзем пра ўзлёт і заняпад «Беларускіх Лазенак».

Графскі капрыз: Як усё пачыналася
Гісторыя гэтага месца пачалася задоўга да з’яўлення палаца, але свой бляск Жамыслаўль (першапачаткова маёнтак называўся Кандрацішкі) набыў дзякуючы роду Умястоўскіх. У 1805 годзе Якуб Умястоўскі купіў гэты маёнтак. Аднак сапраўдны архітэктурны пераварот здзейсніў яго сын — Казімір Умястоўскі і яго жонка Юзэфа. Падарожнічаючы па Еўропе і бываючы ў Варшаве, яны былі настолькі зачараваныя летняй рэзідэнцыяй апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага — знакамітым палацам у парку Лазенкі, — што вырашылі збудаваць сабе такі самы. Гэта не было проста «натхненнем». Умястоўскія заказалі дакладную, з невялікімі адрозненнямі, копію каралеўскага палаца. Будаўніцтва пачалося ў 1863 годзе і завяршылася да 1877 года. Палац у Жамыслаўлі сваім аб’ёмам, маштабам атрымаўся нават большы за лазенкаўскі.
Палац у Жамыслаўлі — эталон класіцызму. Калі паставіць побач фатаграфіі варшаўскіх Лазенак і сядзібы Умястоўскіх, знайсці адрозненні будзе няпроста.

- Строгія лініі, манументальныя порцікі, упрыгожаныя калонамі. Дах вянчае квадратная надбудова (бельведэр) са скульптурамі і назіральнай пляцоўкай, адкуль адкрываўся від на парк. Як і арыгінал у Варшаве, палац Умястоўскіх павінен быў адлюстроўвацца ў вадзе. Сядзіба стаіць на беразе ракі Гаўя, дзе спецыяльна стварылі сістэму сажалак. Палац нібы лунаў над вадой, ствараючы эфект палаца на востраве. Унутры панавала не меншая раскоша: мазаічныя паркетныя падлогі, мармуровыя каміны, французская мэбля і велізарныя крыштальныя люстры. Цяпер ад былой раскошы засталося няшмат, але таксама ўражвае. Напрыклад, плітка перад уваходам сусветнавядомай фірмы Villeroy & Boch.



Залаты век і «Добрая пані»
Росквіт Жамыслаўля прыпаў на канец XIX стагоддзя. Сын Казіміра, граф Уладзіслаў Умястоўскі, і яго жонка Яніна ператварылі сядзібу ў цэнтр свецкага жыцця — тут ладзілі балі, прыёмы і інтэлектуальныя вечары. А таксама гаспадары займаліся перадавой агракультурай. Тут раслі: амерыканскае высовае жыта з поўным коласам, авёс, канюшына, лубін, сырадэля, гарох, розныя сарты бульбы і іншае. Ствараліся таксама доследныя палеткі, на якіх выпрабоўваліся новыя разнавіднасці раслінаў.
Легенды (і факты) сцвярджаюць, што Яніна Умястоўская была душой гэтага месца. Пасля смерці мужа яна ўзяла кіраванне ў свае рукі.

Існуе павер’е, што Умястоўскія настолькі любілі прыроду, што парк вакол палаца быў высаджаны такім чынам, каб з вышыні птушынага палёту дрэвы ўтваралі ініцыялы ўладальнікаў. Сёння праверыць гэта складана — стары парк моцна зарос, але рамантычны флёр гэтай гісторыі жывы да гэтага часу.

Таксама мясцовыя жыхары распавядаюць пра «падземны ход», які нібыта злучаў палац з вінакурняй ці нават вёў на другі бераг ракі, але пацверджанняў гэтаму пакуль не знойдзена.
Лёс палаца ў XX стагоддзі трагічны і тыповы для беларускіх сядзіб. У Першую сусветную вайну немцы зладзілі тут курорт для сваіх салдат. Частка інтэр’ераў была вывезена. Апошняя ўладальніца, Яніна Умястоўская, пакінула маёнтак перад прыходам савецкай улады ў 1939 годзе. Жыццё ж Яніны Умястоўскай скончылася ў Рыме ў 1941 годзе. Паводле даследчыцы Яланты Шыркайце, яшчэ ў 1930-х гг. папа рымскі Бенедыкт XV надаў Яніне Умястоўскай тытул маркізы.
Усё, што было ва Умястоўскай, яна пакінула ў спадчыну польскай дыяспары ў Рыме — не толькі грошы, але і карціны, бібліятэку. Была толькі адна ўмова: усё гэта павінна было стаць асновай фонду дапамогі таленавітым беларусам і палякам імя Умястоўскай. І ў 1944 г. Фонд Яніны Зоф’і Умястоўскай быў заснаваны і дзейнічае да нашых дзён.
У Савецкі час у палацы размяшчалася праўленне калгаса, пошта, клуб і бібліятэка. Гэта ўратавала будынак ад поўнага разбурэння, але пацярпелі інтэр’еры.
Самая чорная старонка — пажар у 2012 годзе. Закінуты будынак загарэўся (верагодна, па неасцярожнасці турыстаў ці мясцовых жыхароў). Агонь знішчыў дах і перакрыцці, пакінуўшы толькі велічныя сцены. На другі паверх цяпер заходзіць небяспечна.


Сёння палац Умястоўскіх — гэта пакуль яшчэ маляўнічыя руіны, якія ўсё яшчэ захоўваюць веліч былой задумы. Нягледзячы на гэта, сюды варта прыехаць. Мясцовыя гіды з задавальненнем распавядуць больш гісторый з гэтага месца.
Што ж захавалася? Дзве афіцыны (флігелі) па баках палаца (у іх жывуць людзі!), старадаўняя лядоўня, свіран (амбар) і спіртзавод (бровар), які да гэтага часу выглядае як маленькая крэпасць з бутавага каменя.

- Тут вельмі ціха. Шпацыруючы па алеях зарослага парку, сярод 150-гадовых ліп, лёгка ўявіць, як тут калісьці гучала музыка і шалясцелі сукенкі дам. Таксама вельмі прыгожа прагуляцца ўздоўж ракі і атрымаць асалоду ад наваколля. У апошнія гады ў сядзібы з’явіўся прыватны ўладальнік, які пачаў кансервацыйныя працы. Дах часткова аднавілі, каб спыніць разбурэнне сцен. Гэта дае надзею, што «Беларускія Лазенкі» не знікнуць канчаткова.
Natatnik




