У Беларусі ёсць паміраючыя вёскі. Гэта не навіна і не ўнікальная толькі для нашай краіны сітуацыя - пра бесперспектыўныя вёскі кажуць нават у паспяховых швейцарскіх Альпах. Можна будаваць тэорыі наконт таго, чаму так адбываецца, як вырашыць гэтую праблему і праблема гэта ўвогуле. Нам жа важна зафіксаваць гэты момант. У новым праекце Natatnik - гісторыі апошніх жыхароў паміраючых вёсак, якія любяць сваю малую радзіму, як само жыццё, галасы надзеі ад тых, хто ўсё ж мяняе горад на глыбінку і карцінкі з месцаў, якія яшчэ нядаўна для кагосьці мелі значэнне.
Апошні рэпартаж серыі мы прысвяцілі вёсцы Стойлы Пружанскага раёна – натхняльны ўзор уваскрасення і адраджэння пасля заняпаду
Вёска Стойлы знаходзіцца на ўскрайку Белавежскай пушчы. На пясчаных сцежках тут час ад часу можна пабачыць ваўчыны ці нават рысіны след – дзікія жывёлы прызвычаіліся тут пачувацца гаспадарамі. Іх суседзі – Ларыса і Аляксандр Быцко, адзіныя жыхары вёскі Стойлы: бадзёрыя, прыгожыя, адданыя роднаму краю людзі, якіх цягне ў вёску. У 2012 годзе яны купілі ў Стойлах хату, у 2014 пачалі працаваць, як аграсядзіба, а ў 2016 арганізавалі асветніцка-культурны цэнтр. У Стойлах яны жывуць не пастаянна – больш у Брэсце, але каранавірус усё часцей гоніць іх у вёску. Супругі не супраціўляюцца. Тым больш, Ларыса тут афіцыйна зарэгістравана.
– Дзякуючы мне ў Стойлах зімой чысцяць ад снега дарогу і сюды можа заяжджаць аўталаўка, - усміхаючыся, распавядае пра перавагі статуса зарэгістраванага жыхара вёскі жанчына.

Яшчэ 150 гадоў таму Стойлы былі давойлі жывой, развітой вёскай з амал што 200-мі жыхарамі. У сярэдзіне мінулага веку тут ужо было 46 двароў. Да нашых дзён захавалася каля 12 хат у лепшым або горшым стане.

Ад 2008 года тут жыў толькі адзін Мікола Тарасюк. Вяскоўцу балела душа за тое, што родныя Стойлы апусцелі, што старыя дамы стаяць кінутыя, а двары захапілі сліўкі – без гаспадарскага дагляду вёска пачала зарастаць бур'яном. Памяць пра месца, дзе нарадзіўся і правёў усё жыццё, а таксама пра жыхароў Стойлаў Мікола Тарасюк пакінуў у выглядзе драўлянага народа, які сам сабе стварыў. Так народны майстар называў уласнаручна выразаныя скульптуры, якія паказваюць быт селяніна. Цяпер яны захоўваюцца ў музеі побач з яго хатай. Хтосьці скажа, што гэта звычайнае наіўнае народнае мастацтва, але ў гэтых фігурках адлюстраванае ўсё жыццё: нараджэнне, вяселле і каханне, цяжкая праца на зямлі, палітыкі, якія не чуюць людзей, і ўрэшце рэшт смерць і пахаванне.
«Ён быў прыродны шоўмэн»

Мікола Тарасюк, апошні жыхар Стойлаў, памёр у студзені 2015 года, але застаўся genius loci - геніем месца, які нябачна апякуецца вёскай.

– Мікола Тарасюк – прадукт гэтай вёскі. Грубаватае слова, але ўся ягоная творчасць пабудаваная на тым, што ён тут нарадзіўся і пражыў тут усё сваё жыццё,і памёр у гэтай вёсцы. Як расказваць пра Тарасюка асобна ад вёскі? Такога не можа быць, – кажа Ларыса Быцко. – Увесь час мы думаем пра Тарасюка. Калі нешта робім, то нам здаецца, што ён нават неяк намі кіруе з неба. Напрыклад, мы ніколі не збіраліся гуляцца ў лялькі (маецца на ўвазе батлейка – Аўт.). А раптам пачалі! Стварылі свой нейкі народ, пачалі рабіць спектакль за спектаклем. І нам гэта страшна падабаецца! Мы думаем, што гэтым кіруе Тарасюк. Менавіта ён вельмі баяўся, што ягоная вёска загіне ў гэтых карчах, у гэтых слывках. І за свой музей таксама перажываў. Калі я прыяжджала да яго незадоўга да яго смерці, ён абапіраўся мне на плячо і казаў: «Ларыско, шчо мні робыты? Спалю! Спалю – і ныкому».
Ларыса Быцко пераканала майстра пашкадаваць ягоны драўляны народ. Яна па працы займаецца народнымі промысламі, этнаграфіяй, народным мастацтвам, і яе намаганнямі пра Міколу Тарасюка загаварылі. Пра таленавітага карэннага жыхара Стойлаў знялі некалькі фільмаў, да яго ў госці пачалі ездзіць замежнікі. Едуць і цяпер. Побач са сцежкай, якая вядзе да хаты майстра, стаіць драўляны помнік Міколу Тарасюку. Шчуплы самотны стары сядзіць на лаўцы і быццам бы чакае хоць каго-небудзь.

– Нядаўна прыяжджалі да нас госці з дзецьмі, і адна дзяўчынка села на калені да драўлянага Тарасюка і так абняла яго, прытулілася. І я падумала: «О, напэўна, дзед з неба глядзіць і радуецца». А мы з Сашам прыходзім часта да Тарасюка і глядзім разам з ім на зоры, – усміхаецца Ларыса Быцко.

На цэнтральнай плошчы Стойлаў – менавіта так называецца гэтае месца – стаіць высокі драўляны крыж, на якім ёсць абрыс хаткі Тарасюка.
– Мы да ягонага дня народзінаў – 8 мая 2014 – паставілі гэты крыж. Зрабіў яго знакаміты рэзчык па дрэве Уладзімір Чыквін. На гэтым крыжы ёсць Тарасюк, ягоная хата і вёска, а таксама прозвішчы людзей, якія тут жылі, каб захаваць пра іх памяць. І ўявіце. Калі мы гэты крыж паставілі, Мікола Тарасюк падыйшоў, абхапіў яго – і заплакаў, – успамінае Аляксандр Быцко.

Але не толькі сентыментальныя моманты, звязаныя з народным майстрам, ўспамінаюцца жыхарам Стойлаў. Аляксандр паспеў навучыцца ў Тарасюка жыццёвай мудрасці і ацаніць ягонае пачуццё гумару.

– Ён быў прыродны шоўмэн. Такім трэба нарадзіцца! Калі бачыў чалавека, ён ажываў, адразу маладзеў на 20 гадоў. Сем год ён жыў самотна, таму кожны чалавек, якога ён сустракаў, быў для яго каштошнасцю. Ён заўсёды распавядаў нейкія гісторыі, і ў мяне ад смеха шчокі балелі. Кажу: «Мікалай Васільевіч, хопіць, больш не магу!» Такі Тарасюк быў... Памятаю, летам прыйшоў да яго з раніцы. Думаю, пагляджу, што ён там робіць. А ён косіць свой двор. Кажу: «Давайце дапамагу!» А ён: «А ты колы йідэш дохаты?» – «Заўтра». Ён кінуў касу, пабег у хату... «Давай! Заходь». Ён вельмі быў гасцінны чалавек. Гляджу – выносіць з хаты гарэлку, хлеб, алюмініевую гнутую талерку з рыбай... Сала падрэзаў. «Мікалай Васільевіч, я з раніцы не пью!» – «Давай, ты не ведаеш сельской жизни». У выніку а восьмай гадзіне раніцы я прыйшоў дамоў – а жонка мяне не пазнае. «Ты адкуль?» – «Ад Тарасюка», кажу. Карацей, так я знаёміўся з сельскім жыццём. На ўсё жыццё ўспамін! – Аляксандр і Ларыса пераглядаюцца і гучна смяюцца.
Цяпер супругі мараць назваць цэнтральную вуліцу Стойлаў імём Тарасюка.

– Цяпер яна не мае назвы. Проста дамы: нумар такі, нумар сякі. А па гэтай дарозе Тарасюка неслі ў апошні шлях – ад ягонага хутара да крыжа, – дадае Ларыса Быцко.

«Людзі адразу думаюць пра свае карані»

Ад часу, калі Ларыса і Аляксандр Быцко прыехалі ў Стойлы, вёска моцна змянілася.

– Зазаз у нас няма запушчаных хат, туды прыяжджаюць даглядаць дзеці, унукі. Мы сталі імпульсам да таго, каб людзі вярнуліся. Гэта вялікае шчасце, што ты можаш прыехаць у дом свайго дзядулі! Гэта проста супер! Калі мы сюды прыехалі ў 2012 годзе, тут усё было ў бур'яне. Але гледзячы, як мы развіваемся, астатнія таксама пачалі штосьці рабіць, выкарчоўваць дзікія слівы. Цяпер наша вёска досыць прыгожая. Нядаўна мы прывозілі да нас у госці бабулек, то яны сказалі: «Дывысь-дывысь, якіе тые Стулы! Я нэ познала! Як хорошэ выглядають!», – цытуе ўражаных пенсіянерак гаспадыня аграсядзібы.
Шпацыраваць па Стойлах сапраўды прыемна. Тут відаць, што падладзілі плот, тут падфарбавалі фасад. Побач з цэнтальнай плошчай хтосьці ставіць несуразмерна вялікі драўляны зруб. Ён выглядае як іншароднае цела сярод аўтэнтычнай архітэктуры Стойлаў, яле ўсё ж гэта прыкмета таго, што вёска жыве.

– Вось тут у нас па-суседству дом 1917 года, самы стары дом у Стойлах. Сюды пачаў ездзіць хлопец з Пружанаў, даглядаць дзедаву хату. Яна яшчэ пакрытая гонтам! Увогуле нашыя ўсе хаты пакрытыя гонтам, а наверх пазней ужо клалі шыфер. Калісьці мы з мужам марылі адкрыць у Стойлах вытворчасць гонта і пакрыць ім усе хаты ў вёсцы! Гучыць як фантастыка, але ж мы не збіраемся, як Ілан Маск, ляцець у космас – усяго толькі хаты накрыць гонтам, каб паказаць, як гэта раней было, – усміхаецца адзіная жыхарка Стойлаў.
На словах патлумачыць, чым прывабліваюць Стойлы, цяжка. І няхай гэта гучыць банальна і можа нават вульгарна, але тут асаблівая атмасфера.

– Звычайна людзі, якія прыяжджаюць да нас у вёску, глядзяць: у нас тут хаты не такія ўжо каб зусім неверагоднай прыгажосці, лес... І думаюць: навошта я сюды прыехаў? Я ім на гэта кажу: вы так ужо не дзівіцеся, у нас тут нічога неверагоднагя няма. Але за час, якія людзі тут праводзяць, яны разумеюць, чаму мы сюды пераехалі, – запэўнівае Ларыса Быцко.

Аграсядзіба «Стулы» узяла сабе за слоган такі выраз: «Дакраніся да каранёў». Ім гаспадары і кіруюцца. Аляксандр і Ларыса паставілі некалькі батлеечных спектакляў, праводзяць майстар-класы па народных промыслах, ладзяць канцэрты, запрашаюць на плэнэры ў Стойлы мастакоў...
– На самой справе, ў нас не было мэты адрадзіць вёску. Не адрадзіць. Але зрабіць кропку, дзе людзі б маглі падумаць пра сваі карані, паслухаць песні, паглядзець на майстроў... – пералічвае Аляксандр.

– Мне здаецца, мы папалі ў самую кропку, у самае сэрца. Кожны адразу думае пра свае карані. Людзі ад'язджаюць ад нас іншымі. Дзеці часам кажуць: «Я поеду к бабушке в субботу, полезу к ней в сервант, я видела у неё там есть альбомы, и мы посмотрим фотографии», – прыводзіць прыклад Ларыса. – Дакрануцца да сваіх каранёў – гэта найважнейшае. Толькі так чалавек можа рухацца далей.

Гаспадары далі прыклад, як можна дакрануцца да каранёў літаральна: перавезлі на аграсядзібу старую хату з Шарашова, мястэчка ў Пружанскім раёне.

– Гэта была неверагодная авантура! Яго збіраліся знішчыць. А цяпер у нас там хостэл-музей. Яшчэ не дарабілі да канца, але мы далі новае жыццё старому дому, і вельмі шчаслівыя ад гэтага. Усё ж-такі старыя драўляныя дамы – гэта каштоўнасць для Беларусі, мне падаецца, – кажа Ларыса Быцко.
А што да своеасаблівай атмасферы ў Стойлах, Аляксандр успамінае пра музыкантаў з Амерыкі, якія прыехалі сюды ў творчы адпачынак. Пра іх гаспадары кажуць, што амерыканцы тут былі, «як у космасе».

– Памятаю, мы гралі «Цара Ірада» (класічны батлеечны спектакль – Аўт.) Тады адзін з музыкаў, Брэд, сядзеў у нас наверсе у альтанцы, - узгадваючы пра гэты момант, Аляксандр раптам робіць паўзу, і крыху саромееца праступіўшых на вачах слёз. – Ён натуральна плакаў! Вельмі прачуўся.
«Батлейка мне прыснілася»

Гаспадары запрашаюць нас у альтанку – светлае, прасторнае памяшканне, упрыгожанае выцінанкамі, традыцыйнымі саламянымі павукамі пад столлю, пейзажамі Стойлаў... У цэнтры памяшкання стаіць батлейка. Традыцыйны беларускі лялечны тэатр ажывае кожны раз, калі на аграсядзібу прыяжджаюць госці. І хоць гаспадары сціпла заўважаюць, маўляў, мы не прафесійныя акторы, спектаклі выглядаюць, як сапраўдная містэрыя – аж займае дух.

– Калі памёр Тарасюк, я ўсё думала: як пра яго цяпер распавядаць? І вось наш спектакль «Прытулак памяці» мне прысніўся. Мне прыснілася, што ягоны драўляны люд – гэта нашая беларуская батлейка. Так нарадзілася ідэя, што трэба зрабіць спектакль і дэманстраваць яго абавязкова ў той клуні, якая нам дасталася ад гаспадароў. Каб людзі акунуліся у атмасферу маладосці, юнацтва ці ўвогуле сельскага жыцця. Але мне сказалі: «Ларыса, вы не зробіце батлейку пра Тарасюка, пакуль не зробіце «Цара Ірада». І мы спачатку зрабілі класічную батлейку. Так сталі гуляць у лялькі – і захапіліся гэтым, – распавядае Ларыса.
– Здзіўляе, як шмат людзей гатовыя нам дапамагчы. Цікавых, мудрых, таленатвітых людзей! У падрыхтоўцы батлейкі «Цар Ірад» удзельнічала пяць народных майстрой Рэспублікі Беларусь, уявіце! Гэта натхняе. Ты адчуваеш, што робіш штосьці не пустое, а такое, што павінна застацца, што ў людзях выкліча добрыя думкі як мінімум. Усё, што тут зроблена – не толькі нашымі рукамі, але і рукамі аднадумцаў, – дадае Аляксандр.

Але часам, прызнаецца гаспадыня, яна пераймаецца, сумняецца – ці не надта актыўную дзейнасць яны распачалі ў глухой вёсці, ці трэба гэта камусьці?

– Я час ад часу думаю: Божачкі мой Божа, мы ўкладаем грошы ў месца сярод лесу, лепш бы дапамагалі сваім дзецям! Але як толькі зробіш нешта натхняльнае, што зрабіла кагосьці шчаслівым... Мы можам паказваць Беларусь. Да пандэміі да нас ехала шмат замежнікаў з розных краін, і яны адркывалі для сябе Беларусь, а нам было прыемна, што мы адкрываем Беларусь для ніх.
- Стойлы жывуць, але падобных, ужо закінутых вёсак яшчэ даволі шмат. Мы бачылі такія ў Драгічынскім, Кобрынскім, Бярозаўскім, Івацэвічскім раёнах... Але так і не знайшлі адказу: чаму вёскі паміраюць, і ці можна гэта спыніць...

– Гэта такая праблема, якую ні я, Ларыса Быцко, ні мой муж – Аляксандр Быцко, не вырашым. Мне здаецца, гэта агульначалавечая тэндэнцыя. Старыя людзі паміраюць, моладзь выязджае. Няма працы, няма школы, магазіна – нічога. І шчасце тым вёскам, куды вяртаюцца дзеці, або нехта купляе дамы. У нас многа сяброў, якія пакуплялі сабе хутары і хаты на вёсках і туды едуць... – разважае Ларыса.

– З аднаго боку вёска гіне, а з другога ў людзей з'яўляецца цікаўнасць вярнуцца да каранёў. Людзі паглядзелі, як гэта робіцца ў свеце, як робяць іншыя, ды нават мы. Хтосьці разумее, што жыць на сваёй зямлі, у сваім родным кутку – гэта вялікая каштоўнасць. Часам пытаюцца: ёсць тут дамы, якія прадаюцца? Адказваю: няма, – усміхаецца гаспадар.

– Пра што вашыя мары?

– Я хачу пабудаваць тут вялікую тэрасу і пасадзіць тут сімфанічны аркестр. Каб ён граў для нашай мясцовай супольнасці ў лесе – ласей, аленяў, ваўкоў – класічную музыку. А госці, якія прыедуць да нас, каб сядзелі ў крэслах з келіхамі віна на такіх вялікіх ножках, і таксама слухалі музыку. Каб ззялі зоры, стаяў месяц. Такая мая мара. І між іншым, мне здаецца, яна можа стаць рэальнасцю. Я такога яшчэ нідзе не бачыла – класічная музыка ў закінутай вёсцы... – летуценна закідае галаву Ларыса і ўсміхаецца мужу. – Якая ў нас перспектыва?

– Светлая! – упэўнена адпавядае Аляксандр.

– Як чоловік сказаў, так і будзе, – смяецца Ларыса.
Подписаться
Уведомление о
guest
0 комментариев
Inline Feedbacks
View all comments