21 студзеня ў Берасце завіталі аўтаркі блога пра Беларусь і беларусаў «Гэта Беларусь, дзетка!”. Маша Чаракова і Марта Чарнова прэзентавалі кнігу, якая атрымалася ў выніку накаплення матэрыялу, а таксама распавялі, з чаго ўсё пачыналася.
Марта і Маша пазнаёміліся 2 гады таму праз інтэрнэт. Дзяўчынак злучыла агульнае жаданне паказаць усяму свету, што такое Беларусь і чым адметны яе жыхары. А таксама ў іх былі падобныя жыццёвыя шляхі.
Маша нарадзілася ў Беларусі, але потым з бацькамі пераехала ў Галандыю. Калі яна скончыла ўніверсітэт, то вырашыла прыехаць папрацаваць на радзіму. І аказалася, што тут столькі цікавага і незразумелага для іншаземца. Ужо на шляху з аэрапорту Машу здзівіў знак “Кантроль ДАІ” (GAI control). Яна не ведала гэтай абрэвіатуры і падумала, што гэта значыць “Гей-кантроль”. А навошта за імі назіраць і кантраляваць? Таксама Маша не зразумела, чаму большасць беларусаў размаўляе на рускай мове. “Я вырашыла, што гэта будзе мая місія: расказаць, што гэта за краіна і якія людзі тут жывуць.”
Марта таксама нарадзілася ў Беларусі, але ў 11-гадовым узросце з’ехала ў ЗША. Пасля школы яна вярнулася ў Беларусь, чаму яе сябры былі вельмі здзіўлены. “Там мне было цяжка прыжыцца, а Беларусь падавалася нечым такім родным. Можа, я і глядзела тады на яе праз ружовыя акуляры, але душэўнасць людзей для мяне была найбольш важнай.” У ЗША Марта таксама сутыкнулася з праблемай, што людзі не ведаюць, дзе знаходзіцца Беларусь. Прыходзілася па-рознаму тлумачыць, нават маляваць мапу. У выніку Марта стварыла мапу цікавостак Менска Awesome Minsk map.
Праз гэтую мапу Маша і пазнаёмілася з Мартай. У Машы за гэты час накапілася шмат розных назіранняў пра Беларусь, якія яна запісвала, пакуль жыла тут. Марта ў сваю чаргу малявала пад кожную тэму смешныя ілюстрацыі. Так нарадзіўся блог “Гэта Беларусь, дзетка!”. Калі чытаеш пра прыбіральню з дзіркай у падлозе ці пра чаргу ў паліклініцы, то нічога акрамя выразу “Гэта Беларусь, дзетка!” у галаву і не прыходзіць.
Неяк Маша запытала ў Марты: “А ты заўважала, што летам адключаюць гарачую ваду на 2 тыдні? Гэта нармальна?” Так і нарадзілася новая тэма. Коміксы трапна адлюстроўваць розныя бытавыя сітуацыі, якіх мы папросту не заўважаем, бо даўно (як сапраўдныя беларусы) звыкліся з імі. Галоўныя гераіні кожнага малюнку – самі аўтаркі Маша і Марта.
Кніга была надрукавана ў кастрычніку 2015 года. Пакуль яна прадаецца толькі ў Беларусі, але яе часта замаўляюць беларусы, якія жывуць за мяжой. Зараз кніга на беларускай і ангельскай мовах, але ўжо паступілі прапановы зрабіць пераклады на рускую і кітайскую мовы.
Далей дзяўчынкі плануюць не толькі радаваць чытачоў новымі тэмамі, але і распрацаваць кнігу-гід па Беларусі, якая б прадавалася па ўсім свеце, а потым ладзіць і цікавыя туры ў нашу краіну. Ёсць ідэя напісаць сучасную казку для дзяцей і зрабіць тэматычныя размалёўкі. Галоўнае, каб ніхто больш не сумняваўся, што існуе такая краіна Беларусь і ў ёй жывуць вясёлыя і гасцінныя беларусы!
Аўтар: Воля Малафеечава
Natatnik
Коміксы з www.etobelarusdetka.com