Паганства ў культуру Беларусі было ўплецена вельмі шчыльна. Нават і сёння рэдка хто не зазірне ў люстэрка, калі забываецца на нешта і вяртаецца дамоў. Нашыя продкі скакалі цераз вогнішча, гукалі вясну, хадзілі з казой. І лялькі яны таксама рабілі, укладваючы ў іх асаблівы сэнс. Гэтыя лялькі прыносілі і шчасце, і багацце, здзяйснялі мары, а таксама аберагалі. І аб гэтым на апошняй дзіцячай «Мове Нанова» шмат каму пашчасціла даведацца ад Юлі Траццяк — выкладчыцы «Мовы Нанова» ў Баранавічах. Яна распавяла пра тое, якія лялькі-мотанкі рабілі нашыя продкі, а таксама правяла майстар-клас для дзетак па стварэнню маленькіх лялек-зайчыкаў.
Мотанкі рабілі без твару, каб ніякае зло не магло прычапіцца да іх уладальнікаў. Зайчык-на-пальчык таксама быў без твару і рабіўся для маленькіх дзетак, каб ім весела было гуляцца. Дзякуючы добраму тлумачэнню і дапамозе Юлі, ўсё слухачы курсаў зрабілі мотанку хутка і ладна. Працэс некаторым так спадабаўся, што дзеці абяцалі накруціць зайчыкаў яшчэ і дома.
Увогуле, тэма ляляек-мотанак у нашай краіне цалкам не раскрытая. Напрыклад, у паштовай тэматыцы лялька сустракаецца амаль што аднойчы. Яе выява ёсць на марцы, надруканаванай, дарэчы, зусім надаўна: у 2015 годзе. Паштоўкі, закладкі, малюнкі з выявамі лялек адсутнічаюць, альбо іх вельмі мала. На знакамітым сайце майстрых etsy.com няма ніводнай прапановы мотанкі ад беларусаў, хаця два гады таму на першай сустрэчы берасцейскіх майстрых “Бабій BUNT” некалькі лялек упрыгожвалі дрэвы. Між іншым, прапаноў такіх лялек-мотанак ад украінскіх дзяўчат і жанчын на etsy.com вельмі шмат. Відаць, тэма старадаўніх лялек яшчэ не адрадзілася ў нашай краіне, таму расповеды Юлі Траццяк былі патрэбнымі, цікавымі і своечасовымі.
Таццяна Мароз, Natatnik