Калі мы падарожнічаем у іншыя краіны, нам цікава пабачыць не толькі знакавыя гістарычныя месцы і незвычайныя архітэктурныя шэдэўры, але таксама адчуць мясцовы каларыт. Пакаштаваць тутэйшыя стравы, даведацца пра народныя традыцыі і пачуць мясцовую мову.
Турысты, якія прыязджаюць у Беларусь, шукаюць тое самае пра нас беларусаў. Шмат хто расчароўваецца, што не чуе беларускай мовы на вуліцах. Вось чаму падчас сваёй экскурсіі па горадзе я імкнуся паказаць месцы, дзе выкарыстоўваецца наша мова.
1. Помнік 1000-годдзя
![Памятник 100-летия, Брест](https://natatnik.by/wp-content/uploads/2017/07/2-3.jpg)
Стаіць у самым цэнтры Берасця на пешаходнай вуліцы, ніхто не абміне. На ім можна прачытаць кароткую гісторыю горада па-беларуску. З беларускімі турыстамі чытаем разам, так яны раптам усведамляюць, што не забыліся на родную мову. Замежным турыстам чытаю сама легенду пра паходжанне Берасця, каб яны пачулі мілагучнасць нашай мовы. Зрэшты, палякі і ўкраінцы радуюцца, што яны ўсё разумеюць.
2. Вершы на сценах
![](https://natatnik.by/wp-content/uploads/2020/03/1-4.jpg)
Дзякуючы кампаніі Дзяніса Рабчука і АРР «Дзедзіч», нядаўна ў Берасці з’явіліся аб’екты, якія таксама можна выкарыстоўваць экскурсаводам. Вершы беларускіх паэтаў (Багдановіч, Бураўкін, Мацяш) размясціліся на сценах дамоў у цэнтры горада. Можна спыніцца і пачытаць з турыстамі. Мінакі, калі бачаць групу людзей, згуртаваных каля нейкага месца, таксама звяртаюць увагу, што ж там такое напісана.
У планах яшчэ 17 новых вершаў, стварэнне якіх вы таксама можаце падтрымаць!
3. Знак «Берасцейская Біблія«
![Брэсцкая біблія](https://natatnik.by/wp-content/uploads/2020/03/1-5.jpg)
У 2017 годзе каля абласной бібліятэкі ім. Горкага усталявалі знак «Брэсцкая Біблія 1563». Не зважаючы на тое, што сама Біблія была напісана па-польску, гэты аб’ект вяртае нас у часы, калі беларуская мова была дзяржаўнай у ВКЛ, а Берасце было адным з найбуйнешых гарадоў княства, дзе з’явілася першая друкарня.
Арыгінальная кніга 16 стагоддзя вярнулася на радзіму падчас святкавання 1000-годдзя Брэста і зараз знаходзіцца ў музеі гісторыі горада.
4. Мазаікі на заводах
![Бытовой комплекс №3 - "Процветание", Брест, мозаика](https://natatnik.by/wp-content/uploads/2018/11/BFA_6722.jpg)
Не сакрэт, што некаторыя турысты цікавяцца савецкай спадчынай Беларусі. Такім гасцям варта паказаць буйныя мазаікі на фасадах будынкаў электрамеханічнага завода па вул. Маскоўскай. Адзін з трох сюжэтаў адлюстроўвае беларускую культуру часоў СССР. Пакуль турысты будуць захапляцца мастацкім складнікам мазаік, яны дадаткова паслухаюць пра Скарыну, Купалу і Коласа, Каліноўскага і Багушэвіча, які дарэчы заклікаў нас «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі».
5. Стрыт-арт на Янкі Купалы
![Янка Купала](https://natatnik.by/wp-content/uploads/2017/06/IMG_4466.jpg)
Цікавай была ініцыятыва са стрыт-артам «партрэт паэта і цытата з ягонага верша». Максіма Багдановіча на вул. Маякоўскага, на жаль, ужо не стала, а Янка Купала са сваім «Не шукай ты шчасця долі на чужым далёкім полі» дагэтуль застаецца актуальным. Малявала на беларускую тэму дызайнерка Ганна Яцкевіч.
6. Грунвальд у парку
![Грунвальд, Парк культуры и отдыха Брест](https://natatnik.by/wp-content/uploads/2020/03/img_1904.jpg)
У парк культуры і адпачынку падчас экскурсіі мы не завітваем, але я рэкамендую турыстам гэтае месца для вольнага часу (у цёплы перыяд). Можа, вы таксама звярталі ўвагу на драўляныя скульптуры ўздоўж сцежак. Яны звязаныя з беларускімі народнымі казкамі. Але ёсць тут і кампазіцыя з некалькіх фігур, прысвечаная Грунвальдскай бітве з рыцарамі-крыжакамі ў 1410 годзе.
7. Мова на Набярэжнай
![Лаўкі на Набярэжнай А1](https://natatnik.by/wp-content/uploads/2020/03/photo_2020-03-16_16-32-01.jpg)
Пасля рэканструкцыі Набярэжная ў Берасці стала выглядаць больш прывабнай як для мясцовых, так і для турыстаў. Тут можна здзейсніць водны шпацыр на цеплаходзе, кацеры ці катамаране, можна паразглядаць фігуркі на сонечным гадзінніку. Ёсць дзіцячая пляцоўка і кавярні. Я лічу, што гэта будзе добрым месцам для новага арт-аб’екту «Мова», які з’явіцца ў красавіку. Гэта арт-інсталяцыя з’яўляецца часткай новага праекта кампаніі А1 і ініцыятывы «Веліч роднай мовы». Спадзяюся, прысеўшы на такую лаўку з набора родных літар, кожны ўзгадае некалькі словаў па-беларуску.
Хацелася б, каб такіх натхняльных беларускамоўных аб’ектаў у Берасці станавілася болей. А там глядзіш – і пачуем беларускую мову на вуліцах, і турысты ўжо без сумневаў будуць разумець, што знаходзяцца зараз у краіне Беларусь.
![](https://natatnik.by/wp-content/static/social-banners/telegram.png)