Сямейнае афлайнавае ток-шоў “Дзяцінства па-беларуску: кім мы будзем, калі вырасцем?” зладзілі 1 красавіка ў Берасці. Госці мерапрыемства разам з берасцейскімі бацькамі абмеркавалі праблемы выхавання і адукацыі маленькіх беларусаў менавіта ў беларускіх традыцыях і паспрабавалі адшукаць шляхі паляпшэння сітуацыі.

Сустрэча адбылася ў кавярні New York Coffee, дзе не так даўно праходзіў Дзень роднай мовы. Удзельнікаў было небагата: 20 чалавек разам з дзеткамі. Пакуль дарослыя размаўлялі пра сур’ёзныя справы, дзецям было дзе пагуляць. Кампаніі за суседнімі столікамі і гучная музыка ўсё ж такі перашкаджалі размове (нават мікрафоны не выратавалі).

Асноўнымі спікерамі ток-шоў выступілі Таццяна Малашчанка і яе 12-гадовая дачка Ядвіга з Баранавічаў, стваральніцы праекта “Забаўлянкі для Янкі” Святлана Чакушка і Ганна Архіпенка, а таксама настаўніца пачатковых класаў і вядоўца курсаў “Мова Нанова дзяцям” Аляксандра Грынь. У залі сабраліся бацькі з рознымі моўнымі гісторыямі. Як уласціва для Берасця, адзін бацька ў сям’і размаўляе па-руску, другі – па-беларуску, а дзіця ўвогуле можа навучацца ў польскамоўным класе. Але ўсе прысутныя выступалі за адну ідэю – стварэнне беларускамоўнага асяроддзя, у якім нашы дзеці маглі б адчуваць сябе добра.

Асноўным падмуркам выхавання беларусаў аднагалосна называліся два складнікі: мова і гісторыя. Госці дзяліліся ўласным досведам, як самі ў юнацтве прыйшлі да ўсведамлення таго, што гісторыя Беларусі пачынаецца не з 1917 года (як ім казалі ў школе), а значна раней, і як важна ведаць сваю родную мову і размаўляць на ёй.

Ядвіга выказвалася на адным узроўні з дарослымі і закінула ў залю цікавае рытарычнае пытанне: “Чаму мы павінны вывучаць мову і гісторыю нашых суседзяў, а яны нашу – не?”. Дзяўчынка навучаецца ў адзіным у Баранавічах беларускамоўным класе, і ёй нават падабаецца, што яна адрозніваецца ад іншых сваёй беларускай мовай.

Не толькі бацькі, але і настаўнікі прызнаюцца, што сёння вельмі цяжка адшукаць якасныя адукацыйныя матэрыялы на беларускай мове. Таму вельмі важным пытаннем гэтай сустрэчы было “Якімі спосабамі магчыма стварыць беларускае асяроддзе для дзіцяці?” Сумесным абмеркаваннем вырашылі, што неабходна:

  • глядзець мульцікі, чытаць казкі і слухаць аўдыёкнігі на беларускай мове;
  • размаўляць у сям’і па-беларуску;
  • хадзіць у госці да іншых беларускамоўных сем’яў і ладзіць разам традыцыйныя святы;
  • рабіць яшчэ дзетак, каб старэйшыя былі прыкладам для малодшых)

Кнігі

Падсумаваннем размовы стаў выраз “любіце сваё і паважайце чужое”, што ў выніку і зробіць нас усіх сапраўднымі беларусамі. Бо беларускасць, яна ж заразная: нават у карагод на гульню “Явар” далучылася жанчына з суседняга рускамоўнага століка. Таму наперадзе толькі добрае і беларускае.

Воля Малафеечава, фота Максім Хлябец, Natatnik 

Подписаться
Уведомление о
guest
0 комментариев
Inline Feedbacks
View all comments