Dandy Bus – першая бясплатная цырульня на колах у Беларусі. Тур па 12-ці беларускіх гарадах пачаўся 1-га ліпеня з горада Браслава. У мінулыя выходныя аўтобус-цырульня завітаў да берасцейцаў з вялікай камандай цырульнікаў, шоу, музыкай і сюрпрызамі. Dandy Bus спыніўся на 2 дні каля кінатэатра “Беларусь” на вуліцы Савецкай.

Natatnik паглыбіўся ў працоўную атмасферу прафесійнай каманды цырульнікаў.

З самага пачатку каманда жадала максімальна ахапіць усю Беларусь. Асноўнымі кропкамі прыпынкаў былі адабраны абласныя гарады і ўлюбёныя мястэчкі самой каманды. У выніку атрымалася: ў абласны горад – на 2 дні, у раённы – на 1 дзень. У працэсе адбору гарадоў каманда адразу ўзгадняла праект з мясцовымі уладамі. Нестандартны праект успрымалі са здзіўленнем і пытаннем: навошта вы гэта робіце? “У нас ёсць ідэя, яна нам падабаецца і мы жадаем яе рэалізаваць”, — чуў адказ выканкам. З берасцейскім выканкамам пытанняў не было. Аддзел гандлю адэкватна адрэагаваў на праект і дазволіў працаваць. Але такія лёгкія ўзгадненні былі не паўсюль. У Віцебску прыйшоў прадстаўнік санітарна-эпідэміялагічнай службы і папрасіў паказаць, як цырульнікі працуюць з кліентамі. Каманда праекту разумее, што мясцовые ўлады і іх аддзелы выконваюць сваю працу, і спрабуе дамовіцца.

Асноўныя героі Dandy Bus Tour.

Сталая каманда, якая выехала з Менску, налічвае 12 чалавек:

  1. 5 цырульнікаў, у тым ліку галоўны арганізатар Dandy Bus – Андрэй Пратапопаў.
  2. 2 адміністратары: каардынатар кліентаў і жыццядзейнасці каманды.
  3. 1 кіраўнік усяго тура – Надзея Людчык, якая вырашае, дзе ўзяць грошы, што рабіць, калі прыйдзе міліцыя!
  4. Dj Danny Todd і 2 вядоўцы музычнага шоу.
  5. 2 кіроўцы аўтобуса.
  6. 1 аператар, які здымае серыял пра праект.
  7. І канешне прома-персанал спонсараў праекту – BURN (энэргетычны напой) і BELITA (беларуская касметыка). Дзякуючы ім праца цырульнікаў бясплатная.

Ужо на прыпынках у гарадах адначасова збіраецца каманда з 15-ці чалавек.

Як працуе Dandy Bus?

Па-першае, Dandy Bus Tour – гэта сацыяльны праект. Цырульнікі працуюць бясплатна з усімі пластамі насельніцтва. Перад тым, як пачаць працу з кліентам, майстар улічвае ўсе пажаданні.

Па-другое, у кожным горадзе да каманды далучаецца мясцовы цырульнік, які мае шанс паказаць сябе і навучыцца новаму ў прафесійнай каманды цырульнікаў. У Берасці гэта быў Аляксандр Панасюк. 12 год у цырульным майстэрстве. Спецыяліст па hair tattoo, суддзя сусветнага ўзроўня. Працуе ў берасцейскай цырульні  “Super Hi-Fi”.

Dandy Bus. Берасцейскі цырульнік Аляксандр Панасюк
Берасцейскі цырульнік Аляксандр Панасюк

Па-трэцяе, Dandy Bus пачынае працу а 11-й гадзіне і зачыняе свае дзверы ў 21-00. Гэта 11-часовы працоўны дзень. Напрыклад, Андрэй Пратапопаў за час прымаў 5 кліентаў. (Звычайны цырульнік за гадзіну абслугоўвае 1-2 кліентаў – Natatnik).

Калі хочаш зрабіць бясплатную прычоску, трэба зарэгістравацца на сайце Dandy.Land. За першы дзень у Берасці каманда пастрыгла 30 чалавек па запісы і 6-7 чалавек з жывой чаргі. На другі дзень, калі Natatnik прыйшоў да каманды, ужо 15 чалавек з жывой чаргі пастрыг Андрэй Пратапопаў за 2,5 гадзіны.

Андрэй Пратапопаў - ідэя Dandy Bus
Андрэй Пратапопаў. За гадзіну стрыжэ 5 чалавек.

Беларусы дзякуюць за працу па-рознаму:

У Берасці дзяўчына падаравала торт. У Рагачове цырульнік атрымаў згушчонку. У Гомелі быў кавун. З Бабруйска – зефір. У Пінску бабуля вырашыла накарміць бульбай з салам. Вось пінскі гарсвятло адмовіўся браць плату з каманды за электрычнасць. Падзякавалі, што палову гораду пастрыглі. – распавядае Надзея Людчык.

Напрыканцы тура засталіся Гродна (19-20 ліпеня) і Ліда (21 ліпеня). Каманда распавядае, што яны ўжо вельмі стаміліся. Паўсюль розныя людзі, энэргетыка розная, але ўсё ж такі пазітыва, дабразычлівых адносін болей, чым негатыўнага.

Чакаем заканчэння тура і абяцаны серыял!

Наталія Гарайкіна, фота: Вася Брух, Natatnik

Подписаться
Уведомление о
guest
0 комментариев
Inline Feedbacks
View all comments