Хадзіць у госці можна на святы ці з нагоды пакупкі новай канапы. Можна хадзіць у госці, калі вельмі сумна альбо трэба затэсціць на кімсьці новы пірог. А можна пайсці ў госці, каб паглядзець, хто, як жыве. Вы заўважалі, што прастора, у якой жыве чалавек, паступова малюе ягоны партрэт? Значыць, знаёмства з домам – гэта і ёсць знаёмства з чалавекам.

Сёння я трапіла ў госці да калекцыянера. Сяргей Грынь працуе ў сферы гандлю, ягоная жонка Алеся – настаўніца. У свой дом сям’я з трыма дзецьмі пераехала ў 2007 годзе. Спачатку гэта была невялічкая драўляная хатка, у дамавой кнізе пазначаная, як пабудова да 1917 года. Але з цягам часу змяніўся не толькі знешні выгляд дома, але і яго начынне.

Гаспадар нават не адразу вядзе мяне ў хату, тут і на вуліцы ёсць, што паказаць. На заднім двары зроблены куток для адпачынку. Але калі ўважліва прыглядзецца да агароджы, то бачна, што цаглінкі не ўсе аднолькавыя! На адных выбіты літары, на іншых – нейкія незразумелыя знакі. Хіба гэта ўсё з аднаго гораду?

IMG_7483

Сяргей з ахвотай распавядае пра сваё нядаўняе захапленне: “Надвор’е сёлета было такое спякотнае, рэчкі павысыхалі… Я пабачыў, што людзі знаходзяць розныя цікавыя цаглінкі. Вырашыў і я пабегаць ўздоўж Мухаўца… Самая старая цэгла, якую я адшукаў, адносіцца да 14 стагоддзя. Гэта цэгла-пальчатка*, знойдзеная ў правым рукаве Мухаўца ў раёне былой Брыгіцкай турмы.”

Даведка: *цэгла-пальчатка атрымала сваю назву з-за спецыфікі яе вытворчасці: па незастыўшай гліне майстар праводзіў пальцамі, ствараючы прадольныя канаўкі. Такая цэгла мела лепшую шчэпку.

IMG_7447

За лета гліняная калекцыя Сяргея папоўнілася цэглай з габрэйскімі зоркамі, з назвамі еўрапейскіх цагельняў, са штампамі Брэсцкай крэпасці, а таксама цаглінкамі з адбіткамі лап сабакі, ката ці, можа, ваўка і куніцы. Цяпер Сяргей ужо не можа спакойна праходзіць побач з разбуранымі пабудовамі: пачынае прыглядацца да магчымых новых экспанатаў.

Каб вызначыць дату цэглы, я звяртаюся да археолагаў. Яны мне скідваюць спасылкі на навуковыя працы, дзе пазначаны памеры цагліны і да якога стагоддзя яна адносіцца. Вось з Мухаўца выцягнуў цагліну з адбіткам рукі чалавека, пакуль не ведаю, што гэта такое. Прычым у ім дзірка наскрозь, можа быць, як груз яго выкарыстоўвалі. Такіх я адшукаў 4 штукі, і ўсе былі ў формах драўляных. Але адбітак рукі быў толькі на адной”, – загадкава кажа Сяргей.

IMG_7454

Пераходзім у хату. Адразу ў вочы кідаюцца нетыповыя прадметы інтэр’еру і шмат-шмат розных палічак, падставак, на якіх пасяліліся розныя рэчы. Вось тут згрупаваліся дзіўнай формы бутэлечкі – магчыма, пачатак новай калекцыі. Вось стаяць два вялікія драўляныя куфары – яны рыхтуюцца да размалёўкі. Фартэпіяна ўвогуле выглядае так, быццам бы яго толькі што перавезлі з сярэднявечнага палацу.

IMG_7525

Сяргей кажа, што ўсе суседзі і знаёмыя ведаюць пра яго цягу да старых рэчаў, таму часта нешта аддаюць яму, каб не выкідаць. “Вось сусед не ведаў, куды шафу падзеці, запытаў мяне: “Людовік 14-ты патрэбны?” – смяецца калекцыянер.

Я пачынаю разглядаць цікавыя званочкі на паліцах. Бывае, нехта збірае талеркі ці кубкі з выявамі розных гарадоў, дзе пабываў. Але тут званочкі не толькі сувенірныя. Сяргей прызнаецца, што найбольш цікава яму здабываць антыкварныя варыянты. Некаторыя трапляюць у дом ад знаёмых, іншыя ён набывае на аўкцыёнах. Зараз у калекцыі ўжо каля 80 экспанатаў. Гаспадар умоўна падзяляе іх на сувенірныя, паддужныя (тыя, што вешаліся пад дугой у каня), царкоўныя, аўтарскія (вырабы рамескнікаў) і бразготкі (маленькія званочкі з каменьчыкам унутры, якія вешаліся на людзей).

IMG_7493

 

IMG_7489

Падстаўкі для калекцый часта робяцца з дапамогай жонкі, ідэі знаходжу ў часопісах ці ў інтэрнэце. Бывае зайду ў краму, нешта спадабаецца, яно можа зроблена для іншай мэты, а я бачу, як гэта можна выкарыстаць у маім доме”, – тлумачыць Сяргей.

IMG_7508

 

IMG_7513

Усе рэчы неяк самі сабой пачынаюць ствараць калекцыі. Вось адшукаў Сяргей стары ключ, калі разбіралі старую хату, ды павесіў яго на сцяну. А потым да яго ў кампанію яшчэ ключыкі падцягнуліся – вось ужо і кампазіцыя. Але ключы, па словах Сяргея, збіраць цяжка, бо яны амаль усе стандартныя. Іншыя справа – замкі. “Вось знаёмы ехаў з вёсцы, і ў бабулі на хляве быў прыгожы стары замок. Ён бабулі набыў новы, а гэты забраў і мне прывёз”.

IMG_7501

Але галоўнае захапленне Сяргея Грыня – гэта ўсё ж такі нумізматыка. Манеты ён збірае з 2003 года. Зараз калекцыя налічвае ўжо больш за 200 штук, але некаторыя з іх пакуль застаюцца неідэнтыфікаванымі. Манета, якой пашчасціла трапіць у альбом калекцыянера, ляжыць у асобнай кішэні ў спецыяльным футляры. Звесткі пра яе захоўваюцца ў адмысловым каталогу, а здымак з аверса і рэверса – у кампутарнай базе Сяргея.

IMG_7548

Першай да мяне патрапіла манета-барацінка* “з Пагоняй”, мне гэта стала цікава. Я пайшоў у клуб каленкцыянераў, каб ідэнтыфікаваць, што гэта за манетка. І тады я пабачыў, што ў гэтым клубе мала беларусаў. Перакупшчыкі ў асноўным працуюць альбо на Польшчу, альбо на Расею.  Беларусі яны нават і не бачаць. І мне, як кажа адзін вядомы кінагерой, “за державу стало обидно”, і я вырашыў заняць гэтую нішу”, — узгадвае Сяргей, з чаго ўсё пачыналася.

Даведка: *манета-барацінка — народная назва, якая пайшла ад імя Ціта Лівія Бараціні (трымальніка манетных двароў). Па-іншаму манеты называлі шэляд альбо солід.

baracinka

*фота берасцейскай барацінкі з калекцыі Сяргея.

Самая старая манета – рымскі дынар 145 года – была знойдзена на рацэ Лясной недалёка ад в. Клейнікі. Я прыглядаюся да яе і не магу ўявіць, што вось гэтая манета праляжала ў зямлі больш за тысячу гадоў, а зараз я трымаю яе ў руках!

Тут ёсць экзатычныя для нас манеты перыяду Арабскага халіфату, іранскія, татарскія… Ёсць разменныя манеты – кавалкі, якімі разлічваліся за дробны тавар. Усё гэта сведчыць аб тым, што людзі з гэтых далёкіх краін гандлявалі з мясцовымі жыхарамі. Праз Берасце заўсёды праходзілі важныя гандлёвыя шляхі, вось і асядалі тут розныя грошы.

IMG_7553

Каб не губляць час на вызначэнне даты вырабу манеты, калекцыянер наладзіў сувязі з зацікаўленымі навукоўцамі. Ён дазваляе ім выкарыстоўваць здымкі сваіх знаходак, а яны ў адказ дзеляцца з ім інфармацыяй: у які перыяд такія манеты хадзілі, хто тады княжыў у краіне і г.д.

Вось нядаўна патрапіла манетка расейская, якая называецца “чэшуя”. Іх тады выраблялі з срэбранага дроту. Яны не ўмелі біць такія, як у нас, круглыя. Я прачытаў, што падчас 13-гадовай вайны, расейскія салдаты скардзіліся, што ў нас нельга было купіць правізію. Бо мясцовыя не хацелі за такія грошы нічога прадаваць. Таму расейцы перараблялі еўрапейскія манеты — рабілі контрмаркіроўку”, — прыводзіць прыклад Сяргей.

IMG_7563

Асноўныя радзелы нумізматычнага альбома прысвечаны манетам Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Ёсць тут і медныя, і срэбныя ўзоры з выявамі розных князёў ды каралёў. Але самымі каштоўнымі для ўласніка застаюцца родныя берасцейскія барацінкі, што біліся ў нашым горадзе ў 1665-1666 гады.

“Гэты былі першыя манеты – прататып нашых грошай. Яны не адпавядалі сваёй вартасці, як раней вага срэбра, на іх стаяла толькі ўмоўная лічба. Барацінкі біліся ў трох манетных дварах: Берасце, Коўна, Вільня. Форма і вага ў іх былі аднолькавыя, а самі выявы ўжо крыху адрозніваліся. Звычайна гэта быў патрэт караля з аднаго боку і герб Пагоня з адваротнага, а таксама манаграма ад уладальніка манетнага двара”, — з захапленнем распавядае Сяргей.

IMG_7558

Прыгадаўшы, дадае яшчэ адзін важны факт: “Была адмысловая камісія па барацінках. Калі было дрэнна відаць выяву, то манету адкладалі асобна, а потым перабівалі. Ёсць у мяне такія, дзе аверс з рэверсам нават паблытаны: з галавы караля тырчыць, напрыклад, крыло. Але, нягледзячы на нікчэмны кошт барацінак, іх усё роўна падраблялі, хоць чалавека за гэта маглі пазбавіць рукі і нават жыцця!”

Я гартаю альбом далей і паглыбляюся ў гістарычны перыяд пасля падзелу Рэчы Паспалітай. Потым ідуць манеты акупацыйнага перыяду Першай і Другой сусветнай вайны, якія адмыслова біліся для нашай тэрыторыі. Напрыканцы ўжо больш менш знаёмыя воку савецкія капейкі. Усе гэтыя манеты былі знойдзены паблізу Берасця. Якая ж у нас тут багатая зямля!

IMG_7561

Дом Сяргея Грыня ўжо зараз нагадвае музей са сваімі тэматычнымі кутамі, але ён, вядома, марыць пра асобнае памяшканне для сваіх калекцый. З усмешкай кажа, што магчыма і гараж для гэтага прыстасуе. Але галоўнае, што ўсё гэта робіцца не з камерцыйнымі мэтамі, а для душы. Бо на маё пытанне “навошта вы шукаеце і збіраеце старыя рэчы” Сяргей адказаў так:

Я займаюся гэтым, па-першае, таму, што мне гэта цікава, такім чынам я вывучаю гісторыю нашай краіны, значныя гістарычныя падзеі (паўстанні), а па-другое, старыя манеты застаюцца тут, а не зыходзяць у Польшчу ці Расею. Вядома, што некаторыя рэчы ў Расеі ці Польшчы таксама маюць дачыненне да нашай гсіторыі, але мне важна, каб тое, што знойдзена тут, тут і заставалася.”

Аўтар: Воля Малафеечава

Фота: Васіль Брух

 
 
Подписаться
Уведомление о
guest
1 Комментарий
старее
новее большинство голосов
Inline Feedbacks
View all comments
trackback

[…] и увлечениях. Ольга Малафеечева уже «погостила» у коллекционера Сергея Грыня и пчеловода Петра […]